Дольчэ віта. Мой першы пчалярскі сезон

Лістапад 2019. Першы год са сваім мёдам. Пачаў пасеку вясной. Рыхтаваўся ўвесь папярэдні год. Збіраў грошы, ездзіў на ўрокі да іншых пчаляроў па розных кутках Беларусі, чытаў кнігі, набываў усе абсталяванне, прыйшлося (!) набыць бусік для перавозкі вулікаў. Карацей на практыцы засвоіў новую прафесію - пчаляр. 

Усё па парадку...

Усталёўка

Напачатку траўня перавёз 7 пчол-пакетаў з вёскі Лютня Мсціслаўскага раёна ў Уздзенскі раён. 350 кіламетраў у траўні днём - гэта выпрабаванне. Тэмпература паўзла ў верх. Але справіўся. З гэтага пачалася БЖ_БЖ пасека…

Чаму так далёка? Таму, што людзей натхняюць людзі, і не важна, дзе яны важна, што яны ёсць, і яны сталі злучнікам паміж ідэяй і практыкай. Неверагодна? Магчыма! Мяне вельмі натхніў пчаляр Яўген Грудзінін з Мсціслаўскага раёна. Гэткія моманты застаюцца ў памяці.

Пчолы давезены і пачынаю іх размяшчаць у вуліках. 

Першы рой

- Міхась, Прывет! У цябе рой на дрэве, - кажа сусед і яшчэ нешта наўздагон, але мой позірк завісае на клубе, што павіс на ствале старой слівы.

Чэрвень - гэта час раенняў, натуральнага размнажэння пчолаў, калі з адной сям’і з’яўляецца некалькі. Больш старая сям’я пчол пакідае дом у пошуках шчасця (новага дома). Дарэчы ў людзей інакш. Часта маладыя пакідаюць хату бацькоў. 

Пад рукой быў толькі вулік, які падстаўляю пад дрэва страсаю рой у корпус, накрываю крышкай-дахам і нейкай анучай ад сонечных прамянёў. Пакідаю яго да вечара стаяць на месцы.

На фота паілкі для пчол. Так ім таксама трэба вада, чыстая і нават трохі падсоленая

На фота запраўляю дымар

Рамкі з мёдам

Самае прыемнае і неверагоднае было выймаць першыя рамкі поўныя мёду. Так, напачатку гэта была проста вашчына, зараз рамка, дзе больш за 2 кілаграмы свежага мёду. Ух-ты. Усё магчыма.

Тут ужо фінальны забор. Рухі больш спакойныя, за плячыма палова сезоных прац:

Атрымалася паўдзельнічаць у экаярмарцы:

Качоўка. Мешкуці

У гэтым годзе хаця колькасць сем’яў даволі сціплая (12), я паспрабаваў качоўку* на выяздны тачок** у вёску Мешкуці.

*Качоўка - гэта камандыроўка пчолаў са сваімі домікамі ў іншае месца для мэтаў пчаляра.

**Тачок - гэта па асобная пасека, дзе пчаляр спадзяецца сабраць адмысловы сорт мёда, або большы ўраджай, чым на асноўнай пасецы. 

Камандыроўка кранулася толькі 2х вулляў. Але для першага разу, вырашыў, што дастаткова, каб праверыць, што з гэтага атрымаецца.

Насамрэч з-за двух і нават 5 вулляў, гэта даволі дарагое задавальненне атрымліваецца. Таму што тачок трэба наведаць мінімум 3 разы: калі прыязджаеш, калі вывозіш і пасярэдзіне, каб можна было праверыць агульную дынаміку. Па факту атрымалася больш. Тым больш дыстанцыя да Мешкуцяў ад асноўнай пасекі больш за 70 км. 

На наступны год думаю: ці варты камандыроўкі наогул, і як далёка?

фота

БЖ_БЖ. Чаму смарт?

Разам з першым мёдам, узнікае ідэя, стварыць гісторыю вакол пчалярскага пачынання. На ўпакоўцы сот з’яўляецца лагатып Бж-Бж Пчолка. Тлумачу цікаўным чаму: сматр-пасека (?) і на каленцы (?). Узровень першы: смарт таму, што пчолы вельмі разумныя істоты. Уровень другі: таму што хачу стварыць разумныя і гуманныя адносіны з прыродай у гэтай справе. Яшчэ ёсць іншыя гісторыі, але гэта пазней.

У той жа час з’яўляецца канал і дамен, дзе можна сачыць за пчаляркімі актыўнасцямі. Сачыце. Будуць лайкі, буду больш распавядаць і паказваць, што ды як раблю)

Нарэшце зімой выдаткую (?!) час, каб запусціць старонку з магчымасцю падпісак на будучы ўраджай і навіны пасекі. Скрэсцім пальцы.

На фота Святлана - мая сяброўка і памочніца на пасецы, шмат відэа зроблена ёй, таксама яна распрацавала лагатып.

Кусаюць ці жаляць?

У пчалярскім асяродку існуе “праверка”, дзе пчаляр, а дзе аматар-тыярэтык. Пчолы не кусаюць, а жаляць.

Гэты год назіраў уласную рэакцыю на пчол. Напачатку месца жалення раздувалася моцна. Часалася да знямогі. Бліжэй да жніўня арганізм звыкся з рэгулярнымі дозамі яду, рэакцыя зменшылася і стала хутка прападаць (на другі дзень). Адчуў сябе мочным. Духам канешне. Выснова: чалавек звыкаецца і можа (вы)жыць у небяспечным асяродку. 

У сярэднім было 3-4 жалення за дзень працы на пасецы. Максімум каля 20 за раз. Часам, здаралася, выходзіў сухім з вады. Для гэтага трэба добрае цёплае надвор’е і без ветру. Рэдкасць. Таму працаваў часта ad hoc. Вядома максімальна акуратна і балансуючы паміж частымі і кароткімі летнімі дажджамі. =)

Насамрэч жаленні, даюць добры кантакт з прыродай. Гэта такі індыкатар разумення, як дастаецца мёд. Ёсць інтарэсы іншага боку - пчол. Іх трэба паважаць.

Суседзі

Тут атрымалася 50 на 50. Палова суседзяў прыязна паставілася да майго пачынання палова запанікавала і пачало пісаць скаргі праўленню дачнага кааператыва.

Цікава, што ў асноўным дачнікі, якія супраць, ніяк не ўзгадваюць плён, які прыносяць пчолы і для іх агарода і сада, і наогул, экасістэмы дачнага кааператыва.

Сыйшліся на тым, каб перасунуць вульлі на тры метры ў глыб участка. Шчыра, гэта больш псіхалагіснае дзеянне, бо для пчол тры метры - не дыстанцыя. Але зраблю. Далей буду рэгістраваць пасеку ў ветэрэнарнай службе і пасля глядзець ці можна прыжыцца людзям і прыродзе побач) Або трэба стварыць стырыльныя ўмовы, як у шпіталі і валіць на дзікія палешуцкія даліны рэкаў)

Замена матак

Матка - гэта асноўная пчала ў пчалінай супольнасці. Калі усё харашо з маткай, вельмі верагодна, што пчаліная сям’я будзе квітнець таксама. Таму пераймацца здароўем матак і іх якасцю - адна з асноўных задач пчаляра. Заменай матак я пераймаўся ўсю другую палову лета. Ёсць вынікі.

Самае першая замена пачала турбаваць пасля першага раення (пачатак чэрвеня). Як не шукаў матку ў вуліку, знайсці не атрымлівалася. Нерваваўся. Бо сям’я трутоўка - гэта жахі кожнага пчаляра. Вырашыў перастрахавацца і набыў новую. Але на наступны раз усё ж знайшоў маладую матку ў вуліку і вырашыў зрабіць першы адводак. Дарэчы, шуканне маткі - гэта вялікі чэлэндж і для бывалых пчаляроў, нават калі матка мечана.

Адводак - гэта стварэнне новай сям’і штучным чынам. З бацькоўскай сям’і забіраецца некалькі рамак з маладняком і кормам у новы вулей. Пасля падсаджваецца матка. На сёння гэта асноўны спосаб павелічэння памера пасекі.

Наступная замена была ў канцы ліпеня. Я з ёй намучаўся. Бо ізалятары не адразу лезлі ў некаторыя карпусы. Але самае галоўнае стаялі яшчэ надстаўкі з мёдам і прыйшлося ўсё гэта дабро падымаць-апускаць-падымаць-ставіць тройчы: пры заборы маткі, пры падсадцы новай і пры выпуску ў сяі’ю. Ах, яшчэ адзін, пры праверцы ці прыжылася матка і выкідванні клетачкі з гнязда. Карацей, сплашны стрэс і для сябе, і для пчол.

Думаю пра аптымізацыю і дакладна ўсю гэту кухню рабіць ў канцы жніўня, каб зменшыць колькасць рухаў і паўэрліфцінга. 

Заважу, што паўэрліфтынг - гэта спадарожная справа на ўсю пчалярскую кар’еру. Падымаць, цягаць прыходзіцца пастаянна. Гэта такі дзэн, калі падыходзіш, каб адчыніць вулік і разумееш, што трэба схадзіць за нейкім інвентаром яшчэ. Як працуеш, таксама ўзнікаюць моманты, калі няма патрэбнага інвентара і прыходзіцца вяртацца зноз і зноў. Гэтыя хадзілкі туды-сюды добра так выматваюць. Пад канец дня знясілены еду да хаты. Зараз я ў думах, як колькасць рухаў зменшыць у наступны годзе.

Вынік маткавай гісторыі. З 11 матак за лета 2019 атрымалася падсадзіць 9. Гэта някепска для першага раза. Будзем замацоўваць вынік у наступным годзе. 

Буся “Пчолка”, або чаму яшчэ навучыўся...

Я заядлы раварыст. І зімой, і летам. І у дождж, і спакоту і сцюдзеняя ветры  па Мінску. Ровар.

Пчалярства прымусіла мяне сесці за аўто. Так, вазіць рэчы за горадам: інвентар, самі вуллі, прастасаванні. Таму тут я змяніў ролю і прымераў сябе ў якасці кіроўцы фургончыка. 

З бусікам, як вы магчыма здагадаліся, яго імя “Пчолка”, па пчалярскіх справах пабываў, і на ўсходзе Беларусі (Мсціслаў), і ў заходзінім Палессі (Іванава), і ў Валожынскім краі на тачку.

У суме наматаў каля 4000 км. Прыйлося ездзіць, у туман, па начах, асабліва ў сезон, калі працы на пасецы было вельмі шмат. Гэта і выматала, і дала лэвэлап на ваджэнне не толькі за горадам, але і па Мінску. Але паездкі па горадзе - гэта вылікі стрэс, і я мару ровар больш.

Вынік у лічбах

За сезон 2019.

  • Мёд: каля 140-150 кілаграм (14-15 кг з вуліка). Вядома нешта пойдзе чалавеку, нешта зноў пчолам вясной. Калі ім трэба будзе. 
  • Пярга: 1.3 кг. 
  • Праполіс: 600 грамм.
  • Воск: каля 5 кг пераплаўлена, на адбудаванай сушы (сотах) каля 20 кілаграм не менш (тут на ускідку кажу).

Ацэнка. Іншыя кажуць някепска, але ўсё пакажа практыка праз 2-3 гады. Калі можна будзе параўнаць перазімавалыя сем’і на поўную моц. Гэты год усё ж быў больш стартам.

Кляшчы-шкоднікі

Самае цікавае, што калі цыплят (ураджай) па восені лічаць, пчол - па вясне. Самы складаны перыяд, гэта зімоўка. Чаму складаная зімоўка? Не таму, што холадна, а таму што, па-першае, працягла вільготна. Па-другое, гэта кляшчы (іх назва, Варроа), якія паслабляюць пчол перад пачаткам зімоўкі. Падслабленне - гэта стрэсы для пчол, залішняе ўзбуджэнне, і, наогул, пастаянная барацьба з паразітам. Усё гэта можа прывесці да сумных вынікаў.

Насамрэч еўрапескія пчолы бяссільны перад гэтым кляшчом. Чаму? Экалогія і падыходы да вядзення сельскай гаспадаркі. Гэта праблема сусветнага маштабу. Для развіцця пчол патрэбна ўмяшанне пчаляра, і ўсё залежыць ад роўнасці-крывасці яго-яе рук і вясной, і летам, і, асабліва, восенню.

Каб пчолы былі здаровыя, трэба праводзіць павелічэнне іх імунітэту і ствараць у той жа час невыносныя ўмовы для кляшча. У тут усё патрабуе сістэмнасці і паступальнай працы. У гэтым годзе рабіў, як мог. Таму вясной будзе перапіс насельніства вулляў. Скрыжуем пальцы.

Я прыхільнік натуральных лекаў. Таму зараз пачынаю начытку, як супрацьстаяць кляшчу Варроа натуральнымі сродкамі. Гэта будзе гісторыя.

Новы сезон. Бізнес ці хоббі?

Безумоўна бліжэйшыя гады пчалярства для мяне - гэта хобіі. За мінулы і гэты год я інвеставаў у пчалярскае хобі больш за 14к беларускіх рублёў. Гэта з улікам набыцця і рамонта бусіка “Пчолкі”, усяго пчалярскага абсталявання і паліва на паездкі. Час я не лічыў, бо матывацыя зашкальвала. Наўскідку - гэта мінімум 700 гадзін за 2018-19 гады. Наступны год я паспрабую лічыць і першае, і другое (грошы і час). У канцы года зраблю больш дакладную ацэнку. І тады будзе бачны эканамічная перспектыва.

..але-але. Насамрэч занятасць = справа = супольнасць = пчалярства = вельмі значны ўнёсак у самаразвіццё і сацыялізацыю. Фізічныя практыкаванні, свежае паветра, чысты і здаровы прадукт, харошы настрой, задаволеныя сваякі і сябры. Што можа быць лепш? Іншымі словамі, пчалярства вельмі дапамагло мне падняць узровень шчасця і мяне, і тых, хто вакол.

Нарэшце, я хачу ў наступны годзе пачаць сацыльяны эксперымент з уцягненнем у гэту пчалярскую справу іншых людзей: і ў якасці спажыўцоў, і ў якасці сустваральнікаў.

Пра сельскую эканоміку, пабудаваную на моцы супольнасці, наўпроставай сувязі спажыўцоў і вытворцаў, распавяду наступны раз. 

Пакуль сачыце за блогам і каналам. Працяг гісторыі будзе, а пакуль трохі адпачнем