Шум пчол. Кароткая гісторыя падарожжа гіка ў Лютню

Тэмперамент і занятак

15 ліпеня. Прагноз надвор’я на некалькі дзён - дажджы. Пахмурны дзень толькі падаграваў маё чаканне новага. У гэты дзень я выправіўся у Лютню на пасеку Грудзініных атрымліваць практычны досвед працы з пчоламі і людзьмі.

Калі ўнутры нешта штурхае - гэта самае важнае ў чалавеку. Варта гэта жаданне паліваць, падкармліваць і расціць, бо з яго нараджаецца нешта новае - разнастайнасць асобы.

У дзяцінстве мне давялося атрымаць досвед пасекі дзядулі. Ён памёр, калі мне было 13 год. З гэтага часу прыніўся мой кантакт з пчоламі. Але менавіта тады ў маю прыроджаную цікаўнасць было пасеяна яшчэ адно незведанае зерне.

Шэраг год я займаюся грамадскай дзейнасцю, а таксама рознымі айці-праектамі. Гэта нон-стоп арганізацыйна-каардынацыйна-аналітычная дзейнасць прывяла мяне да рашэння: мо павярнуцца бліжэй да прыроды? Час выпрабаваць свой тэмперамент на вытрымку і павагу да тых, хто больш непасрэдны і блізкі па духу - прыроды.

Я вырашаю, калі укусы пчол, лічынкі, кантакт з насякомымі мне прынясуць асалоду, пачынаю пагружэнне. Варта эксперыментаваць і паспрабаваць новае.

Гаспадар і пасека.

За некалькі тыдняў да выезду я стэлефанаваўся з Яўгенам, гаспадаром пасекі. Дагэтуль мы не былі знаёмыя, але з кароткай размовы па тэлефоне атрымаўся добры кантакт і мы дамовіліся на 3 дні стажыроўкі праз некалькі тыдняў. Пачатак 16 ліпеня. Умовы: Яўген працуе ў сваім звычайным рытме, а я магу цягацца за ім, задаваць пытанні, часам нешта нескладанае дапамагаць - удзельнічаць 

Дзень першы. Кнігі і пчолы

Дожд. Размячаем матак. Вашчу рамкі. Дадаем матачнікі. Прыручаем рой да новай маткі. Сталярныя працы. Робім вуллі. 

Раніца панядзелка, 16 ліпеня, пачалася з зацятага дажджу. Яўген заехаў за мной у Мсціслаў, і праз 15 хвілін мы Лютні. Знаёмлюся з сям’ёй. Жонка, Юля, здабывае матачнае малако, робіць касметыку з прадуктаў пчалярства і даглядае за хатняй гаспадаркай, агародам, сям’ёй і развівае прамоцыю пасекі анлайн. Атрымліваю стос цікавых спасылак і назваў кніг для далейшага вывучэння пчалярскай справы.

 

Некалькі гадзін без дажджу далі нам магчымасць папрацаваць на пасецы, размячаючы матак, наладжваючы матачнікі ў нуклеўсах і невялікіх шасцірамкавых вуллях. Дарэчы прыручэнне маткі да новага пчалінага асяродку - працэс не з лёгкіх. Спачатку вам патрэбна вырасціць матку, пасля падсадзіць у вулей, каб пчолы прывыклі да паху новай каралевы. Пасля тэстава выпусціць яе насоту і праверыць, ці прынялі яе. Калі не трэба зноў пасадзіць у клетку і арганізаваць “калідор” для пчол, каб тыя маглі заходзіць і знаёміцца з новай маткай ледзь не індывідуальна. Такое зводніства займае час. У абед дождж прерваў нашу працу. 

test1

Застаўшыйся дзень мы праводзім у сталярцы. Майструем вуллі і вашчым рамкі. Насамрэч вашчэнне рамак - гэта цэлы рытуал, які сваёй паўтаральнасцью ўводзіць у стан гармоніі. Падчас вашчэння можна падумаць пра тое, на што не хапала часу ў завірухах сталічнага жыцця. Дарэчы, працэс гэты руцінны, таму патрабуе харошай аптымізацыі і таймінга. Асабліва, калі ўявіць, што рамак можа быць ад некалькіх соцен да некалькіх тысячаў. 

Дзень другі. Працягваем род

Робім адводкі. Падарожжа на пчаліную ферму. Лабараторыя і штучнае асемяненне. Мардоўнік шэры. Вырошчваем матачнікі. Корпусныя вуллі.

На другі дзень надвор’е было лепей. Таму заняліся адным з самых цікавых заняткаў - гэта стварэнне новых сем’яў пчол - адводкаў. Гэта нескладаная маніпуляцыя. Шукаем у моцных сем’ях рамкі з кормам (1 штука), рамкі з расплодам (2 штукі), і бярэм рамку з вашчынай (або сушшу). Размяшчаем у новым вуллі, падсаджваем матку або матачнік. Перад падсадкай маткі абавязкова пазначыць колерам года, у якім яна нарадзілася. У гэтым годзе чырвоны колер. Усё гэта накрываем уцяпляльнікам і памячаем на даху (або дзе вам зручна), што атрымалася з рабіць менавіта на гэтым вуллі. У памяці усё не ўтрымаеш. 

Бліжэй да вечара ў адбылося падарожжа на пчола-ферму Міхаіла Грашчанкі з колькасцю сем’яў 800+. Так, гэта сапраўдная пчалярская індустрыя на хутары Заполле. Уразіла толькі колькасць вулляў, колькі лабараторыя, у якой робяць штучнае асемяненне і вывад чыстых парод пчол Бакфаст (F0). Мы рабілі падсадку лічынак у рамкі з матачнікамі, гэта значыць працягвалі род (F1). Па прыезду рамкі з лічынкамі былі перамешчаны ў нуклеусы - невялікія вуллі, дзе вырошчваюцца маткі. Самі рамкі таксама праходзяць падрыхтоўку: адмысловым спосабам ствараюцца місачкі, пасля якія аддаюцца на паліроўку пчолам.

Такім чынам, другі дзень я пагружаўся у тэхналогію працягвання роду пчол з выкарыстаннен селекцыйных прыёмаў. А таксама традыцыйнага пашырэння пасекі. 

У размовах з Яўгенам мы краналіся дзясяткі іншым пытанняў: як аптымізаваць дзеянні на пасецы і не трымаць усё у галаве, калі мае сэнс заводзіць сабе чыстапародную матку, чаму некаторыя пчолы злыя (ходасаўскія?!), а некаторыя спакойныя, як трымаць спіну і рамкі пры працы на пасецы, якую форму і стамеску і якой вытворчасці лепей для чаго выкарыстоўваць, у чым плюсы шматкорпусных вулляў, што рабіць з кепскімі сем’ямі і шмат-шмат іншых пытанняў.

Дзень трэці. Забор мёда

Агляд вулляў. Азіяткі. Здабыча матачнага малачка. Падкормліваем. Забор мёда. Пчолы зладзейкі. Медагонка. Ліпавы. Ногі ў лятка. Харошая амуніцыя. Першы стажор.

Надвор’е распагодзілася. Мы маглі смела працаваць на пасецы. Напачатку дня мы устанавілі рамкі для забора матачнага малака для паліроўкі, пасля ўстанавілі пылца зборнікі, далілі вады ў паілкі, зрабілі агляд у некаторых вуллях па стану прыжыўнасці маткі на новым месцы, таксама праверылі сем’і, якім трэба зрабіць пашырэнне за кошт рамак к вашчынай  і яшчэ шэраг іншых дзеянняў, якія не пералічыць.

У гэты дзень мы таксама пачалі выбіраць мёд. Гэта не складанае дзеянне. Яно больш звязана з моцай спіны, бо трэба цягаць соты да медагонкі, і уважлівасцю да пчол, асабліва да тых, што бярэш мёд, і якія хочуць яго атрымаць.

Калі няма моцнай узяткі, у пчол прачынаецца крадзёж чужога здабытку. Пчолы-зладзейкі з іншых сем’яў накіроўваюцца ў той вулей, дзе вымаецца мёд і ствараюць двіж. Могуць ужаліць. Тут трэба захоўваць стойкасць, абачлівасць і спакой. Неасцярожныя дзеянні і пчолы ўпіваюцца ў вашы рукі, аголеныя часткі цела, ці нават там, дзе апрануты, але таўшчыня матэрыі можа пракусвацца. Таму добрая амуніцыя - гэта магчымасць пратрымацца больш на пасецы і выйсці сухім ці часткова сухім з вады =)

Як мы разважалі, у прафесіі пчаляра пэўная доля мазахізма мусіць прысутнічаць, гэта надае больш устойлівасці адносінам з насякомымі. Укус - гэта непазбежнасць. Гэту з’яву трэба прыняць, зразумець, дараваць і палюбіць… Таму я “лавіў кайф” ад укусаў пчолаў, канешне спрабаваў зразумець ці тое мая справа. 

Мёд здабылі. Ліпавы. Медагонка зрабіла свай справу. 

Падвячоркам мы яшчэ робім стос невялікіх, але важных дзейнняў. Падкармліваем вуллі, дзе змяшчаюцца пчолы для стварэння матачнага малачка, дастаўляем рамкі з вашчынай у моцныя сем’і, правяраем пылцазборнікі.

Стомлены, я выязджаю да сябра ў Мсціслаў. Гаспадары на дарогу шчодра адарылі свайго першага стажора мёдам.

Што адбылося?

Досвед з рэчаіснасцю. Харошы знаёмы і магчымая супраца.

Раніца, 6:09. Чацвер. Я еду на ровары з Мсціслаўля у Ходасы, каб паспець на ранішні цягнік у Оршу. На гэты раз вецер дзьме не ў твар. Пакусаныя ногі выконваюць сваю функцыю, але тэмпература цела не стабільная. Гэта кантакт з рэчаіснасцю. Дарога дадому працята пахам праполіса і думкамі. 

За мінулыя тры дні я пратэсціў сябе на сумяшчальнасць з пчоламі, даведаўся мноства тэхналагічных прыёмаў, атрымаў добрых знаёмых, з якімі можна сумаўляцца па пчалярскіх тэмах, яшчэ атрымаў салодкія падарункі. 

Зараз лягчэй рабіць першыя крокі ў пчалярскім эксперыменце. Пачнем?

PS

Пасля падарожжа даведаўся, што шмат у каго з маіх сталых знаёмых, сваякі - пчаляры-аматары. Вядома я буду рады пазнаёміцца з тымі, каму цікава абменвацца ведамі пра гэта рамяство.

 

Фота Талаша і Юліі Грудзінінай