Штуршком да гэтага паста была прапанова напісаць, што для мяне значыць “быць грамадскім актывістам” у некалькіх сказах. Разважаючы, я пачаў пісаць, і атрымалася некалькі абзацаў, але думкі былі незавершаны, тэкст перакрочыў за старонку і прасякся крытыкай існуючага стану актывізма. Адчуваю, што захапіў тут толькі самыя пачаткі праблемы, але з нечага трэба пачаць...
Хто такі “грамадскі актывіст”?
Разбярэмся, што ўкладаць у гэта слова. Калі вельмі агульна, актывіст - гэта чалавек, які выдаткоўвае свой час на паляпшэнне на яго/яе погляд нейкай часткі або ўсяго грамадства.
“Грамадскае” - гэта наогул даволі шырокае паняцце, якое прасціраецца ад дапамогі жывелінам і людзям у складаных абставінах, да перадачы ведаў і практык сумеснага жыцця, да сацыяльных эксперыментаў, якія ствараюць/разбураюць разнастайнасць супольнасцяў і робяць развіццё грамадства больш/меньш устойлівым, або змены паводзінаў удзельнікаў гэтых супольнасцяў на ідэальныя.
Атрымліваецца, што сацыяльны актывіст апантаны нематэрыяльнымі, часта недасяжнымі мэтамі. Ён/яна вераць, што зробленыя высілкі прынясуць нейкі плён.
Перад тым, як перайсці да крытыкі, вызначым тэрміны. Актывізм, валанцёрства, грамадская дзейнасць будуць не аднолькавымі, але сінанімычнымі паняццямі ў межах гэтага допіса, а праблемы, пералічаныя ніжэй, будуць тычацца кожнай з гэтых з’яў.
Актывізм без наступстваў
Іншымі словамі, гэта пазбяганне ўзяцця на сабе адказнасці, наступстваў за (не)зробленае. Задачы ставяцца так, каб не дай божа не пакрыўдзіць каго-небудзь, або каб размыць суб’ект адказнасці ў выніку правалу.
Я веру, што сацыяльны змены не могуць адбывацца, будучы камфортнымі для ўсіх. І асабліва яны некафортныя для трымальнікаў лішкаў рэсурсаў або ўлады. Таму дзяржава і бізнэс вельмі часта халадны да актывізма, або настроены варожа.
Калі, напрыклад, у капіталістычных дэмакратыях актывістаў проста ігнаруюць (да пэўнай мяжы) або чакаюць ад іх падвышэння якасці працоўнай сілы (пра гэта ніжэй), то ў аўтарытарных, эканамічна нестабільных краінах, любая актыўнасць пільна кантралюецца і прыпыняецца, калі з’яўляюцца рэальныя наступствы.
Прагляд “нейтральнага” (забаўляльнага) кіно, курсы моў, канструяванне малых формаў у двары ці раздача фруктаў хутчэй за усё будуць ігнаравацца, то актыўнасць, якая тычыцца правоў грамадзян, змены правілаў, або перабудовы грамадскай прасторы, будзе збіраць адзінкі дзеячаў і сустракаць супрацьдзеянне як бізнэса, так і дзяржавы.
Камадыфікацыя актывізма
Камадыфікацыя актывізма - гэта пераўтварэнне актывізма ў тавар, як перад мясцовым бізнэсам (ці спажыўцом), так і перад замежным донарам.
З аднаго боку (ўжо спыняўся на тэме) - так званае “сацыяльнае прадпрымальніства”, якое стварае “актывізм”, які абапіраецца на манетызацыю ці адразу, ці ў будучым. Гэта з’ява падмяняе сапраўдны ўдзел у грамадскім жыцці эканамічным падыходам, які вызначаецца хутчэй спажывецкімі трэндамі, чым сапраўднай праблемай.
Сёння вы набываеце адзін тавар, заўтра - іншы: пад настрой або моду. Натуральна для сферы эканомікі (бізнэса), дзе чакаемы прыбытак з’яўляецца і якарам, і маяком.
Як толькі вырашэнне грамадсткай праблемы становіцца эканамічна не выгадным, сацыяльныя прадпрымальнікі могуць абгрунтавана саскачыць з распачатага накірунка.
Напрыклад, цікава сёння быць арганік фермерам, нібыта вырашаючы “сацыяльную” праблему чысціні ежы, але гэта цікавасць падтрымліваецца высокімі коштамі на такую гародніну або садавіну - карацей, бізнэс інтарэсам, а не жаданнем вырашыць праблему забруджанасці ежы для грамадства і тым больш для насельніства, якое не можа дазволіць сабе гэтую чыстую ежу.
Такая самая логіка неаліберальнай эканомікі, якая кіруецца правілам, калі не адбываецца камадыфікацыя нейкай сферы грамадства, значыць ад гэтай сферы трэба адмовіцца, хутчэй за ўсё праз скарачэнне выдаткаў, або перанакіраванне грамадскай увагі на больш манетызуемыя яе ўчасткі.
Другі бок камадыфікацыі актывізма - гэта чаканне падвышэння кошту працоўнай сілы. Іншымі словамі валанцёр, які прайшоў практыку, стажыроўку ў грамадскай арганізацыі думае, што рынкавы кошт яго паслуг на рынку працы падвысіўся.
Варта адзначыць, што для нашых бацькоў і дзядоў, якія выраслі ў рэжыме савецкага піянерскага/камсамольскага актывізма, з аднаго боку такі сэрвісны падыход да грамадскага актывізму - чужды.
Але, з другога боку, такі падыход, з’яўляецца арганічным працягам ранейшага патэрналізма дзяржавы, які зараз прасоўвацца рынкам. Таму часта грамадскі актывізм разглядаецца не як спроба вырашыць праблему сумесна ўласнымі сіламі самаарганізаванай супольнасці, а як арганізацыя прадастаўляючая сэрвіс той ці іншай якасці.
Іншымі словамі, ацэнка абдываeцца па канчатковаму прадукту, а не па спосабу арганізацыі. Гэта дарэчы праблема спажывецкага грамадства, калі важна, каб было харашо і танна, але выдаткаваныя рэсурсы, спосаб арганізацыі і пабочныя эфекты мала каго цікавяць.
Актывізм як кампанента тэатра
Як вынік шмат актыўнасцяў паходзіць на арганізацыю забаваў.
З аднаго боку для цікавасці да тавара неабходна пастаяннае падтрыманне забаўляльнасці (геймефікацыі) або неабцяжарваючага адпачынку.
На першае месца для шматлікіх ініцыятыў выходзіць не вырашэнне праблемы, а тое як прыцягнуць увагу патэнцыйных памочнікаў, аўдыторыі, п(р)адаць гэту праблему прыцягальна і самае галоўнае, каб яна выглядала цікавай для вырашэння. Гэта павінна быць шоў.
Насамрэч, у гэтым няма нічога кепскага. Але часам падрыхтоўка такога шоў забірае і так невялікія сілы ініцыятывы і атрымліваецца, што на шоў (хакатон, прэзентацыі, канцэрт) хапіла рэсурсаў, а на вырашэнне праблемы - не. Ці наогул на вырашэнне ніякія рэсурсы на прадугледжваліся.
Другой бок гэтага працэса - гэта стварэнне медыйнай плыні, дзе актуалізуюцца толькі адныя тыпы праблемы (прадстаўленыя як шоў, забава, неабцяжарваючы адпачынак), а іншыя ігнаруюцца. Тут актывістам больш патрэбна быць маркетолагамі, піяршчыкамі, дызайнерамі і журналістамі, чым тымі, хто сфакусаваны на вырашэнні праблемы.
Цалкам згодзен, што ў любой справе патрэбны творчы падыход, але нават самым апантаным творцам складана канкураваць з мяхом грошай.
Такім чынам, мы бачым тэатар, дзе актывісты - або абслугоўваючы персанал, або гледачы, які проста падымаюць рукі, калі ў іх пытаюць прагаласаваць, а на скрайні выпадак, акторы, робячыя презентацыі на “бізнэс-соўшл форумах” або паседжаннях чыноўнікаў. Тэатар.
Карпаратыўны актывізм: захоплены час і дыскурс
Гэта іншы пласт праблемы, калі актывізм акукліваецца карпраратыўнай абалонкай. Тут актывізм запраектаваны эйчарамі або аддзеламі стратэгічнага планавання развіцця.
Плануюцца не толькі карпаратывы, але час, калі працаўнікі выязджаюць у дзіцячыя дамы, садзяць дрэвы, робяць данэйт на трынажор у офісе, або плануюць сацыяльныя актыўнасці з іншымі аддзеламі, напрыклад, на прыродзе.
Супрацоўнікі дзейнічаюць толькі ў межах дазволенага, дзе дыскурс актывізма захоплены стварэннем іміджа “сацыяльнай карпаратыўнай адказнасці”, і ўжо пасля такі карпаратыўны дыскурс можа неяк супасці з патрэбамі грамадства.
Цікава, што праводзячы па 10-12+ гадзін на працы, дзе ўключаецца падобны актывізм вельмі лёгка адчуць задавальненне ад выкананага абавязку перад грамадствам. Сіл на іншае ўжо няма.
Вядома, што свабода можа быць дадзена на столькі на колькі гэты актывізм не выходзіць за межы генеральнай лініі топ-мэнэджмэнта кампаніі. Такім чынам, на сёння мы бачым, як дзяржаўная цэнзура, плаўна перайшла да цэнзуры карпаратыўнай. Калі вы яшчэ сумняецеся, проста задайце сабе пытанне: ці дазволіць карпарацыя займацца актывізмам, які не сугучны з яе каштоўнасцямі і мэтай?
Неалібералізм атамізуе грамадства
Калі рэзюмаваць, сёння актывізм паглынаецца неаліберальнымі ідэямі, якія ў канчатковым выніку яшчэ больш атамізуюць грамадства. Гэта адбываецца праз голы рынкавы падыход да сацыяльных праблем.
Па-першае, згодна неаліберальнаму падыходу ўсё павінна быць таварам: валанцёр, праблема, арганізацыя, якая яе вырашае - інакш “канкурэнты абыйдуць” (з прэзентацыі на хакатоне СошлУікэнд) або рынкам, кірмашом - магчымасцю яе прадаць, канкураваць. Інакш праблема “неактуальная”.
Па-другое, сфера грамадскага мімікрыруе пад эканамічную сферу жыцця і тым самым выцясняецца каштоўнасць калектыўнага, сумеснага, адкрытага, падыходу да вырашэння праблем. Прыватызуецца ўсё, становячыся прыватнай уласнасцю: і ідэя, і выкананне, а актывісты - часткай закрытай карпарацыі.
Па-трэцяе, неаліберальны падыход да актывізма, прапагандуе грамадскую арганізацыю як сэрвіс, паслугу, што каардынальна падмяняе прынцыпы і матывацыі актывістаў. Зараз на першае месца выходзяць такія чыннікі як прывабны выгляд, прыгожая ўпакоўка, вельмі спрошчанае апісанне, рэклама, медыйны патэнцыял, ахоп нішы і падобныя рынкавыя катэгорыі. Партнёрства, уключанасць, узаемадапамога, салідарнасць выходзяць на задні план.
І апошняе, псіхагічна фарміруецца паводзіны актывістаў, якія будуць мець найменей наступстваў і найболей задавальнення. Іншымі словамі, тэатар або дакладней камп’ютарная гульня з магчымасцю пачаць - бясконцай колькасцю разоў, не абцяжарваючы сябе папярэднімі спробамі, з’яўляецца ўзорным прыкладам.
PS. <3 Сацыяльныя гікі - як ідэальная форма актывізма
Вядома заўсёды будзе пытанне, якія пазітыўны вобраз існуючага прапануецца? У Фаланстэры мы падрыхтавалі маніфест сацыяльнага гіка. Гэта тое, што для мяне сёння вызначае прыклад актывізма і валанцёрства і грамадскай дзейнасці.