У гэтым допісе я сканцэнтруюся на крытыцы сённяшняга “бізнэс” падыходу да грамадскай дзейнасці. Думкі напісаць дадзены тэкст з’явіліся пасля крулага (дакладней, прамавугольнага) стала арганізаванага Асамблеяй Няўрадавых Арганізацый 9 чэрвеня, які быў прысвечаны абмену досведам па пошуку фінансаў грамадскімі арганізацыямі, ініцыятывамі ўнутры краіны.
Па выніках гэтай сустрэчы раблю дзве высновы. Першая выснова, грамадскія арганізацыі, каб выжыць/развівацца вымушаны сябе паводзіць як “стартапы”, для таго каб пастаянна ствараць “цікавыя праекты” (тавары), якія будуць/могуць прыносіць грошы ў арганізацыю. Іншымі словамі, быць бізнэсам. І другая выснова, грамадскія арганізацыі, павінны навучыцца размаўляць на мове бізнэса, што азначае працаваць па яго правілах. Або больш дакладна, умела прыходзіць на паклон бізнэсу.
Сацыяльныя стартаперы
Зараз патлумачу першую выснову. Гэта пазіцыя ідзе ад краўдфандынгавых пляцовак, бізнэс-мадэль якіх заснавана на пастаянным канвееры кароткіх па тэрмінах праектаў (Талака.бай, Маесэнс (Соушл Уікенд)). Тут поспех грамадскай арганізацыі разглядаецца як мноства (лепей бясконцае) добра зробленых праектаў, якія такім чынам “будуць” пакрываць выдаткі на дзейнасць ініцыятывы. Акрамя таго, часта для поспеху накаплення фінансаў ініцыятыве неабходна даволі вялікая забаўляльная складаючая.
З другога боку “стартап” стратэгія для грамадскай дзейнасці падтрымліваецца прыкладамі поспехаў пераходу ад чыста некамерцыйнай у змешаную дзейнасць (Артсядзіба).
Больш за тое, некаторыя неаліберальныя радыкалы (Маесэнс, фонд Ідэя) прапаноўвалі мець бізнэс-дарадцаў у складзе грамадскай арганізацыі, каб некамерцыйная ініцыятыва наогул магла выжыць.
Звінела ў паветры ідэя, што ініцыятыве трэба паказаць бізнэсу сваю “эфектыўнасць”. Напрыклад, на невялікі бюджэт зрабіць нешта касмічнае, каб бізнэс зацаніў мэнэджэмент грамадскай арганізацыі і … магчыма “дапамог”.
КСА і кансервацыя
Другая выснова склалася на падставе некалькіх прэзентацый, у якіх быў пастаўлены акцэнт на КСА - Карпаратыўную Сацыяльную Адказнасць (фонд Ідэя, шоў Горад). Калі лаканічна КСА - гэта “мягкае” заканадаўства якое фарміруе дзейнасць карпарацый сугучна з правамі чалавека і лабіруецца праграмамі ААН, а таксама міжнароднымі праабарончымі арганізацыямі і некаторымі дзяржавамі.
Дык вось, на сустрэчы была выказана думка, што супрацу з бізнэсам можна заводзіць на падставе ўнутраных дакументаў карпарацый, дзе, як правіла, па меркаванню дакладчыкаў, прапісаныя пункты супрацы з грамадскасцю.
Наогул гэткі падыход вельмі нагадавае замену шыльды “дзяржавы” словам “бізнэс”. Калі раней жыхары павінны былі ісці на паклон да дзяржавы за нейкімі правамі і эканамічнымі плюшкамі, зараз яны павінны ісці да бізнэса. Гэта пазіцыя робіць падмену тэрмінаў і сэнса грамадскай дзейнасці, але паводзіны грамадства прапануе пакінуць ранейшымі - падпарадкаванне прыватнаму інтарэсу. На мой могляд гэткая мадэль замацоўвае кансервацыю і застой у грамадстве.
Гэты блок аргументаў паказаў кропкавыя поспехі супрацы “вялікіх” некамерцыйных праектаў з карпарацыямі, а таксама нестабільнасць палітык кампаній (шоў Горад). На бліжэйшую перспектыву для грамадскіх ініцыятыў прапануецца: (1) квэст - як выклянчыць грошы ў карпарацыі або (2) спрынт (марафон, як заўгодна называйце) даказаць, што ты варты ўвагі карпарацый. Ніхто (асабліва Мінскае Роварнае Таварыства, а варта было) не заўважыў, што КСА часта - гэта механізм адмыўкі рэпутацыі карпарацый (напрыклад, кампанія А100 і ровары і т.п.).
Міражы і рэальнасць
- Універсальнае тлумачэнне “патаму што прэзідзент” (заканадаўства і т.п) дае магчымасць спісаць любую няўдачу (фонд Ідэя).
- Прафесіяналізацыя некамерцыйных арганізацый ставіць шмат выклікаў для папярэдняй структуры ініцыятывы ў тым ліку фінансавай (Лапа закону).
- Ніводная пляцоўка, якая ўдзельнічала ў круглым стале, не існуе цалкам па фандрайзінгавых схемах, якія прапаноўвае і прапагандуе, таму разглядаць краўдфандынгавыя спосабы, як устойлівая стратэгія складана (амаль усе).
- Апошняе, гэта тое, што сустрэча засяродзілася на самапрэзентацыях, але не на дыскусіях і крытыцы, для росту і развіцця менавіта “грамадскага” інтарэсу.
З пазітыўнага. Без пылу ў вочы былі прэзентацыі Каліласка і АртСядзібы. Якія проста раскрылі свае “бізнэс-мадэлі”. І першая і другая адкрылі крамы, каб кампенсаваць выдаткі на некамерцыйную актыўнасць. А некамерцыйная актыўнасць не пакрывае патрэб на развіццё, нават калі бешана папулярная (Артсядзіба, Каліласка, Талака.бай).
Свае медыя і свая супольнасць
Калі хто хоча ўбачыць аналіз крадфандынга Фаланстэра і частку маіх прапановаў па развіцці гэтага кірунку можна праглядзець прэзентацыю ніжэй. Асноўныя яе высновы такія: для ўстойлівага фінансавага існавання ініцыятывы неабходны два кампаненты - свае медыя і свая супольнасць. Гэтыя два кіты дазваляюць краўдфандзіць грошы ў незалежнасці ад наяўнасці пасярэднікаў. З гэтым пагадзілася (ціхае беларускае сагласіе) большасць удзельнікаў. Варта заўважыць, што калі супольнасць можна развіваць без вялікіх фінансавых выдаткаў, то самі медыя патрабуюць значнае ўліванне грошай.
Высновы
Па-першае, прасоўванне ідэалогіі “стартапаў” і пастаяннае лабіраванне “бізнэс прынцыпаў” у грамадскім сектары, стварае падманлівую атмасферу, дзе інструменты робяцца галоўнай ідэяй, а грамадскі інтарэс становіцца другасным.
Па-другое, ператварэнне грамадскіх ініцыятыў у “камерцыйную” структуру, а вынікаў дзейнасці ў “тавар”, які неабходна прадаць - гэта няўстойлівая стратэгія, якая не мяняе стан рэчаў і не ўзмацнае грамадства (напрыклад, уладныя адносіны і правілы пераразмеркавання даходу ў краіне) часта проста прапануе кожнаму “выжываць” на “рынку”, як хто можа.
Спадзеў на рынкавыя механізмы ў грамадскім полі змяшчаюць сэнс дзейнасці з агульнага на прыватны. Праблема паглыбляецца тым, што суб’екты рынку часта маюць мэты супрацлеглыя грамадскім.
Усё вышэй сказанае, прыводзіць да сітуацыі, калі неабходна чотка разумець сённяшнія краўдфандынгавыя сэрвісы, як пасярэднікаў, якія могуць навязваюць сваю логіку часта неадэкватную інтарэсам грамадства.