Эканоміка шарынга. Прадаваць атамы, а не біты

Ужо распавядаў, што сёлета ўдзельнічаў на штогадовым лінукс-злёце пад Гародняй са сваёй тэмай пра лепшыя прыклады пераходы да эканомікі шарынга. Гэтыя прыклады асноўваліся на сусветным досведзе, апісаным у кнізе “Зроблена з Крыэтыў Команз” (Пол Стэйсі, Сара Пірсан). Праз паўтары месяцы я рабіў працяг гэтага расповяду для студэнтскай аўдыторыі на летніку “Рэмара”. 

У гэты допісе раскрыю падставы і акалічнасці гэтых прамоваў, а таксама практычную рэалізацыю прынцыпаў эканомікі шарынга.

За што жыць?

Перш за ўсё пры пашырэнні прынцыпаў Крыэтыў Команз (далей, КК) на лекцыях або прэзентацыях даводзіцца сутыкацца з меркаваннем: “Ну няхай мне цікава выкарыстоўваць КК ліцэнзіі на свае працы, але за што жыць тады?”. Гэта адвечнае пытанне для беларуса “За што жыць?”, калі хочацца “застацца чалавекам” і яшчэ “якую капейку” зарабіць, разгледжанна ў кнізе Пола Стэйсі. Але пачнем з культуры.

Як правіла кожная культура ўтрымлівае каштоўнасць - “дзяліцца”. У кагосці меней, у кагосці болей. У дачыненні да “дзяліцца” “шарынг” - гэта і ёсць з’ява, калі ўладальнік рэсурса дзеліцца ім іншымі. Як у межаш сваёй суполкі, так і з неабмежаваным колам асоб.

Вядома слова “шарынг”, як назоўнік складана падабраць у нашай мове. Таму буду карыстацца ім, як тэрмінам абазначаючым, тыя ўзаемаадносіны, дзе кожны або большасць суб’ектаў, прымае падыход свабоднага распаўсюду свайго рэсурса з дададковай вартасцю.

Можна адразу выдзеліць два віда шарынга. Першы - гэта калі суб’ект дзеліцца вычарпальным рэсурсам (напрыклад, сваім абедам, або яблыкам), другі - невычарпальным (напрыклад, копія чарцяжа, або выявы). Але аснова культуры шарынга палягае глыбей, у якой, той, хто дзеліцца, аддае болей, чым бярэ. Такім чынам, узнікае злішак. Гэты злішак - дададковая вартасць - і складае аснову культуры шарынга. 

Але варта заўважыць, што калі рэсурс вычарпальны, а попыт на яго вельмі вялікі, то злішак можа не ўтварыцца. У выпадку з невычарпальным рэсурсам сітуацыя іншая. Нават калі попыт на яго вялікі, яго крыніца не спусташаецца. А шмат у якіх выпадках папаўняецца. Ніжэй адказ.

Штучныя перашкоды

Калі няма дэфіцыта, як правіла кошт падае. Але некалькі стагоддяў назад чалавек штучна пачаў змяншаць доступ да носьбітаў ведаў, невычарпальнага рэсурса, праз законы. 

Чалавек стварыў юрыдычную канструкцы “інтэлектуальная ўласнасць” і назваў гэтыя законы, напрыклад, капірайтам, або аўтарскім правам. Гэты прававы бар’ер на сёння з’яўляецца не адзіным сродкам перашкоды развіцця эканомікі, якая базавалася б на прынцыпах шарынга. 

У дадатак гэта бар’еры утварыліся з-за інтэнсіўнай інвазіі, навязвання, каштоўнасцяў капіталістычнага падыходу да эканомікі, якія падтрымліваюць культуру закрытай канкурэнцыі. Гэта бачна у тым ліку на мноцтве патэнтных войнаў, або дамоваў аб не разгалошанні (non-disclosure agreement), якія вешаюцца на звычайных працаўнікоў, або запужванні міл’ёнаў карыстальнікаў распаўсюджваць інтэлектуальныя даброты без дазволу манапалістаў.

Інтэлектуальныя лічбавыя даброты

Цікава запытаць, на чым жа базуецца лічбавая эканоміка шарынга? Яна базуецца на агульных лічбавых дабротах. Што гэта такое “лічбавыя даброты”? З легаліскага пункту гледжання “лічбавыя даброты” - гэта “грамадскі набытак”, які характаразуецца сцёкшымі або добраахвотна прыпыненымі правамі інтэлектуальнай уласнасці на такія даброты, і магчымасцю свадобнага іх выкарыстання. 

Напрыклад, правы могуць спыняць сваё дзеянне праз пэўны тэрмін: для аўтарскага права гэта 50+ год пасля жыцця аўтара/праваўласніка. Але і самі аўтары могуць добраахвотна перадаваць гэтыя правы на свабоднае выкарыстанне сваіх твораў іншым.

Вось гэта сумма твораў свадобных выкарыстання ёсць агульныя лічбавыя даброты, якія з’яўляюцца фундаментам для эканомікі шарынга. Іншымі словамі - нічога з нічога не бярэцца. Таму чым мацней грамадскі набытак у прававым сэнсе, тым мацней асновы для эканомікі шарынга.

 

Дзе прыклады?

Але, мяркую, чытач зачакаўся адказу “Дык як выжыць аўтару, творцу, падзяляючаму гэтыя каштоўнасці?” у сучасных умовах. Калі вы хочаце лаканічны адказ: “Прадаваць атамы, а не біты”. Патлумачу. 

Усё, што матэрыяльна будзе прыносіць прыбытак, а усё што непатэрыяльна - гэта інструмент забеспячэння вашай уласнай эканомікі шарынга. У кнізе “Зроблена з Крыйтыў Команз” прыведзена больш за 20 прыкладаў такога падыхода, яе можна прачытаць у адкрытым дасягу. Таксама можна праглядзець шэраг гэтых прыкладаў у маёй прэзентацыі.

Рынкавыя і нерынкавыя механізмы

Прывяду ў гэтым тэксце парады ад практыкі эканомікі шарынга. Вядома, гэта не ўсе парады, а толькі тыя, што мяне зачапілі. 

З назвы самой кнігі вынікае, што аўтары прытрыліваюцца падыходаў КК ліцэнзій, якія на іх погляд і не без падстаўна даюць: ахоп аўдыторыі, прызнанне аўтара, інструмент прамоцыі праз электронную версію, вызначэнне сваіх правілаў гульні, магчымасць сумеснай творчасці.

Таксама ў кнізе падробна распісаны рынкавыя і нерынкавыя механізмы. Сярод рынкавых: прадастаўленне адаптаванага пад кліента сэрвіса або прасунутых прылад, прадастаўленне фізічнай копіі, аплата за персаніфікаваную версію (напрыклад, жывы канцэрт), продаж мэрчэндайза, збор грошай са спонсараў, прадастаўлене платных месцаў на сваёй пляцоўцы, платныя транзакцыі (напрыклад, тарыф за колькасць аперацый або сумежныя эканомікі), выкарыстанне ўласнага брэнда, звязанага з даверам або якасцю.

Да нерынкавых механізмаў можна аднесці: сяброўскія унёскі ці індывідуальныя ахвяраванні, свабодны кошт (карыстальнікі плоцяць столькі, колькі лічаць патрэбным), краўдфандынг.

Базавыя прынцыпы эканомікі шарынга

Спынюся на прынцыпах, якія ляжаць у фундаменце ўстойлівых мадэляў эканомікі шарынга:

Па-першае, распавядаць свае гісторыі творчасці і не баяцца крытыкі на гэты конт. Наогул варта пазбавіцца ўяўлення, што каманда - гэта лашчоны брэнд, без хібаў і памылак. Каманда - гэта людзі, а гісторыі каманды - гэта найбольш унікальнае, што яна мае і гэта не магчыма адбраць. За гэта дарэчы людзі пасля гатовы плаціць. Ну і да ўсяго, гісторыі - гэта частка брэнда, а крытыка - гэта супольнасць вакол брэнда.

Па-другое, адкрытасць да камунікацыі і адказнасць за свае рашэнні. Найперш можа падасца, што трэба перад некім апраўдвацца. Але гэта не так. Адказнасць у дадзеным выпадку, значыць, растлумачыць падставы прыняцца таго ці іншага рашэння. Такая адказнасць, як вынік, стварае больш даверу супольнасці да дзейнасці творцаў. Канешне тут варта не пагрузнуць ў бясконцых размовах з тролямі =)

Па-трэцяе, далёка не ўсе людзі прымаюць рашэнне на падставе эканамічнай выгады, або эгаізма. Шмат каму найбольш важна супраца, сумесная творчасць. Пра гэта трэба казаць.

Па-чацвёртае, вельмі важна выпрацаваць прамыя кантакты паміж стваральнікам і карыстальнікам. Як вынік, кожны фанат творчасці індывідуалізаваны: абываецца размова/дыялог раўных людзей. 

Па-пятае, публічна (яўна) заяўляць свае прынцыпы. Гэты падыход на мой погляд адзін з самых важных. Бо часам за страхам згубіць спажыўца сваёй творчасці можна забыцца, тое, для чаго гэта ўсё робіцца. Але робіцца менавіта з-за кашоўнасцяў: нематэрыяльных.

Па-шостае, уключаць людзей у тое, што робіш. Гэта, і складана, і проста. Проста, бо калі ваша творчасць зацікавіць людзей, яны захочуць навучыцца чамусці падобнаму. Складна, бо з аўтарскіх разважанняў можна баяцца сапсавання створанага, змены асноваў і тэмы творчасці. Іншымі словамі, новыя людзі нясуць перамены і аўтары не заўсёды гатовы да такіх пераменаў. 

Апошні, але не менш значны пункт - гэта будаваць супольнасць. У дадзеным кантэксце, супольнасць гэта ўстойлівая патрэба іншых людзей у супрацы і прыналежнасці да вашай творчасці. Карацей, стварэнне агульнага адзінадумцамі. Канешне супольнасць забірае шмат сілаў у стваральніка(ў), але аб’ядноўвае высілкі для дасягнення значных мэтаў.

Падсумоўваючы сказанае, “шарынг” - гэта даваць больш чым браць, гэта не поле халяўных рэсурсаў (лічбавых дабротаў), не проста постынг свайго кантэнта, але дадатковая вартасць, пэўная культура зносінаў, пастаянная падтрымка ўдзельнікаў.

Ці ёсць у нас прыклады?

Гэта самае частае пытанне, якое задаецца пасля “а гэта легальна”. Магчыма ёсць. Прывяду прыклад Гік-лаўкі, дзе сам удзельнічаю.

Гік-лаўка - гэта месца, дзе гікі або для гікаў могуць набыць сабе атрыбутыку і сувеніры, падтрымаўшы дзейнасць Фаланстэра. 

Гік-лаўка - гэта эксперымент, які пачаўся некалькі тыдняў назад. Яго мэта абкатаць шмат якія асновы эканомікі шарынга, пералічаныя ў гэтым пасце. Удзельнічаючы ў гэтым праекце я хачу праверыць жыццястойкасць прынцыпаў такога падыходу у нашай краіне.

Вядома, што праз месяцы будзе працяг рэфлексіі зробленага, але зараз важна зафіксаваць пачатак і веру ў тое, што ўсё магчыма.