“У якасці эксперымента для ўсяго чалавецтва вы б маглі стварыць новую краіну…” Т.Герльц
Спачатку “Старая новая зямля” была проста заварожваючая назва. Яна адгукнулася ўва мне і прымусіла рухацца далей. Рухацца па старонках не проста кнігі, але цэлага людскога акіяна, які, умела арганізаваны, ручаямі сцякаецца на месца, дзе будзе заснавана нешта новае.
Узгадаю, у папярэднім допісе я паставіў пад сумнеў, што ёсць наогул сэнс вяртацца. Наогул ці нехта чакае нас пры вяртанні. Таму прапанаваў змяніць стаўленне з вяртання на сумеснае стварэнне, будавання новага калектыўнага суб’екта.
У гэтым допісе раскрываю досвед стварэння сваёй краіны, які ўжо маюць іншыя грамадствы, і ў якіх атрымалася.
Перад прачытам кнігі “Старая новая зямля” аднаго з дзеячаў сіянізма Тэадора Герльца мне было цікава, што ж было ў падмурку гэтага дэцэнтралізаванага на першы погляд руху, які прывёў да стварэння дзяржавы Ізраіль. Наогул стварэнне чагосці заўсёды цікава, а калі гэта вялізны сацыетальны арганізм, гэта проста зачароўвае.
Пасля прачыту перакладзенай на беларускую мову кнігі у мяне выбудаваліся шаблоны - кавалкі, якія могуць быць вельмі дарэчы і пры стварэнні нашай краіны ў Беларусі-тэрыторыі. Бо кожны мусіць мець сваю краіну.
Пачнем з першага кавалка.
Кавалак Першы. Хто спрычыняецца да вялікай каланізацыі
“Сытыя застаюцца дома, а галодным належыць свет” Т.Герльц
Аўтар напрацягу твора метадычна тлумачыць, хто будзе першы ступаць на старую новую зямлю. І гэта будуць у асноўным бедныя (!) людзі, якіх нападкала роспач. Бо гэтым людзям, вы здагадаліся, няма чаго губляць.
У гэтым падыходзе прасочваецца мэссэдж сацыял-дэмакратаў, сацыялістаў таго часу. Наогул на пачатку 20 стагоддзя пралетарыят меў сур’ёзную палітычную вагу, таму аўтар сіяніскага праекта, каб пераключыць габрэяў з рэвалюцыйных рухаў Еўропы розных краін, ўключыў бедных людзей ў авангард каланізатараў Ізраіля. Бо яны мелі найбольшую матываюцыю мяняць нешта вакол сябе, браць больш адказнасці і ўлады.
Таксама цікава, што аўтар далучае да гэтага мігрантаў і з Усходняй Еўропы, і эканамічных мігрантаў, якія напрацягу 19 – пачатку 20 стагоддзя пачалі перасляцца на амерыканскі кантынент. Гэтыя людзі таксама могуць быць наперадзе вялікай каланізацыі, бо яны адчулі пакуты жыцця не на сваёй зямлі і нават не ў сваім, хаця невялікім, але ўтульным еўрапескім гета.
Больш за тое удзельнікі гэтага праекту мусяць плаціць за падарожжа на мэйнлэнд самі. Чаму? Бо гэты праект ёсць стварэнне новай краіны, а не дзейнасць дабрачыннай арганізацыі, якая працаўладкуе беднякоў ці гастрабайтэраў. Стваральнікі прапануюць “нешта” - гісторыю і саўдзел у вялікай справе.
Таксама заўважу, у асноўным небагатыя людзі вяртаюцца ў Беларусь. У асноўным небагатыя людзі ваююць ў палку Каліноўскага. У асноўным небагатыя людзі сядзяць у турмах як палітычныя зняволеныя. Менавіта небагатыя людзі будуць ствараць аснову іншай Беларусі-супольнасці, і на іх трэба ставіць.
Кавалак Другі. Кааператывы
“Можна абыйсціся і без вялікай дзяржаўнай улады” Т.Герльц
Цікава, што найбольш дасканалай формай арганізацыі людзей у новай краіне Герльц лічыць кааператывы. І на прыкладзе сельскага кааператыва (будучыя кібуцы), а таксама газетнага кааператыва, раскрывае, як яны мусяць працаваць.
Па сутнасці Герльц апісвае медыя, якое базуецца на падпісках. У сучасных умовах, гэта кшталту баймікофі ці патрэон. Праз падпіску на гэта медыя, кожны абанент становіцца паўнапраўным ўдзельнікам кааператыва.
У дадзеным падыходзе сур’ёзная розніца паміж падпіскай на паслугу нейкага сэрвіса і падпіскай, як магчымасцю кіраваць гэтым медыя, нават калі і ў невялікай долі, але кіраваць. У тым ліку з пазіцыі, а як урэшце ствараць менавіта грамадскія медыя ў Беларусі. Праз стварэнне лічбавага кааператыва. Гучыць заманліва і свяжо.
Я планаваў асобны пост, але ўключу пару думак тут наконт мабільнага прыкладання “Новая Беларусь”. Яно можа стаць цікавым і ўстойлівым для вялікай супольнасці пры двух умовах.
Першая ўмова. Яго код і архітэктура будуць знаходзіцца ў адкрытым доступе. Адкрыты доступ дазволіць рабіць інспекцыю бяспекі, і ўносіць змены ў правілы.
Другая умова. Сама гэта аплікацыя стане кааператыўнай уласнасцю супольнасці, якая мае ствараць гэту новую Беларусь. Усё як запаветваў Тэдзі Герльц.
Мы ж рэальна хочам, каб утварылася сапраўдная рэспуліка - справа кожнага, правільна? Таму закладаючы кааператыўны падыход у праектах любога маштабу, можа нарадзіцца практыка ўдзелу. Вядома пра дэталі функцыявання такіх кааператываў чытайце самі ў “Новай старой зямлі”.
Кавалак Трэці. Чаму супольнасці важны межы
“Перавага аддавалася групам, бо мы хацелі, каб у пасяленнях фармавалася моцнае ядро...” Т.Герльц
Прыгнечанасць
Цікавыя аўтарскія развагі, пра габрэйскую прыгнечанасць: чараду неабароненасці, прывязанасці да адной прафесіі, абмежаванасці жыцця гетам і старымі догмамі, рэпрэсіўнасцю дзяржаваў 19 ст., дзе габрэі спрабуюць неяк прыжыцца і асімілявацца.
Дык вось гэта прыгнечанасць адгарожвае габрэяў ад астатніх і дае ім разуменне сваёй унікальнасці. Гэта прыгнечанасць як бы адбудоўвае габрэяў ад іншых. Адвязвае іх, стварае межы, якія ў выпадку пабудовы сваёй краіны даюць псіхалагічную свабоду менавіта для габрэяў. Сыходзіць з іншай краіны становіцца псіхалагічна прастей, а будаваць сваю лягчэй. І толькі ў сваёй краіне, пабудаванай вольнай супольнасцю настане поўная эмансіпацыя. Складана непагадзіцца, праўда?
Асіміляцыя і адрачэнне
Яшчэ трохі пра асіміляцыю. Гэта вельмі тыповая сітуацыя: беларусы асімілююцца і забываюць карані, як кажуць габрэі: “адракаюцца ад габрэйства”. Герльц вельмі выразна праводзіць мяжу паміж асіміляванымі (напрыклад, французамі-ізраэлітамі) і сапраўднымі габрэямі. Такім чынам, толькі сапраўдныя габрэі - гэта “ўнутранае пытанне” сіяніскага руха. І варта прапанаваць менавіта ім гісторыю вяртання і сумеснай сацыяльнай створчасці.
Гуманітарная тэхналогія - “адракацца ад яўрэйства” - заслугоўвае яшчэ некалькіх сказаў. “Адракацца” - гэта, як правіла, негатыўнае дзеянне. “Адракацца” сімвалізуе выхад за межы супольнасці, яе пакіданне. Вось такі “хітрык” прыдумалі габрэі, таму "адракацца беларускасці” - гэта ёсць не маральна таксама. Хто адракаецца ад беларускасці перастае быць “унутраным пытаннем” беларусаў. У гэтым ёсць моцная логіка і падставы.
Таварыства
Цікава яшчэ адна мяжа. Гэта само Таварыства, якое падчас каланізацыі адыгрывае ключавую ролю ўжо на зямлі Палестыны. Па сутнасці гэта Таварыства - вялікі кааператыў.
Калі новы чалавек прымае ўмовы гэтага кааператыва, ён становіцца яго часткай. Якія прапануюцца ўмовы ўступлення: служба на карысць Таварыства 2 гады.
І гэта “служба” - добрая навацыя, якая можа істотна паўплываць на абнаўленне кадраў у іншай Беларусі-супольнасці. Асноўная фішка гэтай навацыі, што “служба” на карысць супольнасці з’яўляецца не нейкім дарам за тое, што ты маеш доступ да “цэнтраў прыняцця рашэнняў”, а служба па сутнасці - гэта пропуск у саму супольнасць.
Цікава, што разважанні Герльца грунтуюцца на тым, што менавіта першыя два гады новы чалец таварства будзе з найбольшым энтузіазмам працаваць на карысць супольнасці. Профіт? Так!
Калі прымяніць да Беларусі, атрымліваецца, што выбудоўванне межаў супольнасці дае магчымасць дзейнічаць больш рашуча і інаватыўна. Не баяцца эксперыментаваць. Тут важна саманазыванне сябе “беларусам” і перажыванне гэтага досведу далей у праекце калектыўнай творчасці.
Кавалак Чацвёрты. Таварыства, якое не абцяжарана мінулым
“Па першым часе пра прыгажосць можна было не задумвацца” Т.Герльц
Дарэчы Таварыста вырашае пытанні на самы верхнім узроўні. Праз агульны сход, прымаюцца асноўныя рашэнні.
Развіццё Таварыства адбываецца праз магчымасць ўключэння кожнага ўдзельніка ў справы супольнасці, быць абраным “дожам” і ўдзельнічаць у кіраванні. Адкрыццё магчымасцяў маладым для самакіравання, стварае пастаянны рух наперад. Старыя могуць не разумець маладых.
Але цікава што новы ідэал Таварыства сазрае ў межах "старога дома". Таварыства можа існаваць у межах старой дзяржавы (Атаманская Імперыя). Але не абцяжарана гэтай дзяржавай. Кшталту, не ўсё, што ствараецца мусіць будавацца на аскепках. Аўтар верыць у суіснаванне рэчаў, прамаўляючы, што “не кожны сын нараджаецца пасля смерці бацькі”.
Даволі цікавы падыход. Магчыма ён мае сэнс таксама і ў Беларусі. Бо проста зрушваць глыбу пасіўных прыгнечаных людзей заўтрашняй “пост таталітарнай краіны”, якія дзесяцігоддзямі знаходзіліся ў палоне дыктатуры, будзе складана, але стварыць стымул далучацца да новага Таварыства. Чаму не?!
Імкненне далучыцца можа быць вельмі атракцыйна для найбольш актыўных і гатовых пагадзіцца з правіламі новай супольнасці. Такім чынам з Беларусі-старой будзе адбывацца перацяканне найлепшых талентаў і адкрытых людзей у Беларусь-новую. Гэта дазволіць не бурыць усё пад нуль, але дазволіць аднаўляцца. Як гэта робяць яшчаркі: скідваюць старое і праз нейкі час цалкам абнаўляюцца, не абцяжарваючы сябе мінулым.
Кавалак Пяты. Утвараючы суб’ект
“Усё склалася ў адно і прайшло праз нашы лёсы” Т.Герльц
У кнізе захапляе, з якой дэталізацыяй апісаны экшн-план праекту “Ізраіль”. Распісаны ролі тых, хто займаецца лагістыкай грузаў, забудовай, закупкай тэхнікі, купляй зямлі, забеспячэннем харчаваннем, хто галоўны інжынер, а хто бухгалтар і г.д.
“Старая Новая зямля” - гэта не статычная арганізацыя грамадства, якая апісана некалькі стагоддзяў перад Томасам Морам ва “Утопіі”. Герльц паказвае алгарытм , механіку, рух разгортвання інфраструктуры новай краіны, будаванне новага Таварыства. Вядома ён спрабуе рабіць гэта праз гісторыі герояў, расповяд саміх заснавальнікаў, каб надаць жывасці і бачнасці гэтым сёння схаваным, але абавязковым дзеянням і працэсам.
Цікава, што ў ядры каманды Бюро: арганізацыя, якая пачынае працэсы каланізацыі габрэяў з Еўропы. Гэта каманда ўзяла на сябе задачу запуска праекта і там не так шмат людзей, як можа падасца. Магчыма 10 ці 15 чалавек, можа яшчэ памочнікаў такая ж колькасць.
Больш ураджвае тое, як упэўнена дзейнічаюць чальцы гэтай каманды, як яны прыцягваюць фінансы, інфармуюць мясцовыя абшчыны габрэяў, разгорваюць прадпрыемствы, інаватыўныя на той час праекты, якія ў сваю чаргу дазваляюць прыцягваць больш людзей у Палестыну. Не проста людзей, але таленавітых і здольных мысліць і дзейнічаць адначасова: і практычна, і глабальна.
Іншымі словамі, маючы 10-15 здольных і рознабаковых людзей, можна рэалізаваць любы даволі значны праект - пабудаваць сваю краіну. Ці мы маем такіх людзей зараз?
Кавалак Шосты. Пяць гадзін канцэнтраванай руплівасці
“Кожны ведаў, што працуе на ўсіх, а ўсе працуюць для яго” Т.Герльц
Насамэч аўтар прапановаўе для пачатку сямі гадзінавы працоўны дзень. Але ў канцы сваіх эканамічных разваг дадае, што і пяці гадзін канцэнтраванай працы дастаткова, каб утрымліваць сям’ю і ствараць дадатковую вартасць для свайго кааператыва.
У канцы 19 - пачатку 20 стагоддзяў было папулярна эксплуатаваць тэму велічыні працоўнага дня. Розныя палітычныя рухі папаноўвалі падобную праграму. Але большасць з іх абапіралася на васьмі-гадзінавы працоўны дзень. Тады норма была 10-12 гадзін. Тут аўтар ідзе далей. І з ім складана не пагадзіцца.
Цікава, што толькі ў 21 стагоддзі найбольш багатыя і прасунутыя краіны пачалі эксперыменты з 7 гадзінавым працоўным днём (напрыклад, Германія, Фінляндыя). Але я лічу, што варта рухацца да 5 гадзінавага дня. Толькі з такой прапорцыяй можна захаваць больш менш баланс працы-сям’я і наогул зрабіць эканоміку інаватыўнай, калі няма магчымасці хуткага прыцягнення грошай.
Я да чаго хілю. У іншай Беларусі мусіць быць пяцігадзінавы працоўны дзень. Гэта вызваліць, па-першае, час занятых людзей для сям’і, адпачыну і ўласных праектаў. Па-другое, гэта створыць новыя працоўныя месцы і самазанятасць. Па-трэцяе, зменіцца структура эканомікі, дзе на змену “прыгоннай сістэме”, прыйдзе матывуючая сістэма. Нарэшце, пяцігадзінавы працоўны дзень зменшыць інфраструктурныя выдаткі і павялічыць прадуктыўнасць занятых людзей (праз лепшы адпачынак і пераключэнне з руцінных задачаў), а таксама падыме рацыянальнасць выкарыстання маючыхся рэсурсаў.
Кавалак Апошні. Чаму ідэал цягне нас уверх
“Мары напаўняюць час, які мы праводзім па зямлі” Т.Герльц
“Ідэал для супольнасці - тое самае, што хлеб і вада для асобнага чалавека”. Т.Герльц
Цікава, што сума тэхналогіяў і эканамічнага дабрату, якія прынесены ў новае Таварыства - гэта не ўсё, што робіць сіяніскі праект вельмі прыцягальны. Яго робіць прыцягальным недасягальнасць.
Калі габрэі заставаліся ў сваёй суполцы, яны былі прыгнечанымі і ганьбаванымі. Калі яны спрабавалі выйсці з яўрэйства, яны меркавалі, што набудуць свабоду. Але дасягнуць свабоды і еднасці - гэта тое, што ставіла сіяніскі праект недасягальным.
Сам па сабе сіянізм прапанаваў неверагоднае - вяртанне ў Палестыну. Гэта вяртанне шмат хто разглядаў, як крэзі ідэю. Ну як гэта сама Атаманская імперыя (!) прадасць зямлю купке габрэяў? Таму частка гэтага недасягальнага ідэала і ёсць само Таварыства, якое пастаянна развіваецца для ўсяго чалавецтва. Неверагодная мэта - гэта насамрэч “хлеб і вада” для супольнасці.
Так, магчыма беларусы, якія пакінулі ці засталіся ў Беларусі, знаходзяцца пад ціскам. Адныя пад ціскам аддалення ад Радзімы, іншыя пад ціскам правячай хунты.
Другі ціск дадае, што наша краіна - гэта саўдзельнік агрэсіі супраць Украіны. Гэты ціск вайны прымушае шмат каго хаваць сваю ідэнтычнасць, адракацца ад “беларускасці”. Вучачы польскую і ўбудоўваючыся ў больш перспектыўныя грамадствы ці наогул з’язджаючы ў далёкія краіны.
Але мы бачым габрэі змаглі прыцягнуць у сваю новую краіну па факту, шмат здольных людзей, у тым ліку не-габрэяў, для стварэння сваёй прасторы для эмансіпацыі.
Замест Post Scriptum
“Ва усіх людзей мусіць быць радзіма” Т.Герльц
У гэтым допісе я не апісваў у дэталях слабыя ці цёмныя бакі сіяніскага праекту ў “Новай старой зямлі”. Гэта можаце зрабіць вы пасля прачыту кнігі. Заўважу, што я аглядзеў тут таксама не ўсе слушныя аспекты сіяністскага праекта Тэадора Герльца. Я факусаваўся толькі на тых баках, якія на мой погляд могуць быць прымененыя ў сучасных умовах.
Але магу адназначна сказаць, што, і сам твор Герльца, і вялікі руху габрэяў наступныя дзесяцігоддзі вельмі натхняе і паказвае, што ўсё, нават неверагоднае і недасягальнае, насамрэч дасягальна і магчыма.
Нам трэба пачаць смела марыць і мысліць Беларусь.