Куды вяртацца

Напачатку 2022 года, калі пачалася вайна ва Ўкраіне, я напісаў пост: якія ролі могуць на сябе ўзяць тыя, хто застаўся. І я тады заставаўся да таго часу, пакуль у канцы года мяне зноў не арыштавалі. Пасля гэтага арышту я вырашыў сыйсці з Беларусі-тэрыторыі. І насамрэч я хачу зрабіць акцэнт на слова “тэрыторыя”, бо яно ўключае ў сябе ландшафт, але не супольнасць.

Тэрыторыя можа існаваць без супольнасцяў. Там могуць жыць людзі, але не быць супольнасцю. Не быць калектыўным суб’ектам.

Людзі і сувязі людзей на тэрыторыі маюць сэнс на столькі наколькі гэта тэрыторыя задавальняе патрэбам супольнасці(яў), існуючай там.

Зараз вярнуся да роляў у маім допісе. Тады я апісаў ролі, бо мысліў супольнасць. Гэта людзей, якія аб’яднаныя нейках звышмэтай і ці агульнай культурай і побытам. Таму ролі таксама з’яўляюцца ў кантэксце мэтаў, місій, ці проста імкненню сцвердзіцца. Гэтак жа і знікаюць.

Нядаўна я вярнуўся да гэтых развагаў наконт вяртання. Паспрабую даследваць ў гэтым допісе: ці наогул ёсць куды нам вяртацца, ці мусім мы мысліць вяртанне. А магчыма тых, хто мае энэргію і жаданне і на тэрыторыі Беларусі і раскіданых па розным кавалкам планеты тварыць - будаваць зусім новае ўтварэнне, калектыўнае.

Гэта новае ўтварэнне хіба будзе мець нешта агульнае з тым, адкуль прыйшлося з’ехаць, але з большага новая старая радзіма будзе напоўнена іншымі зместамі і каштоўнасцямі і хутчэй за ўсё людзьмі зусім іншай якасці.

Ці можна вярнуцца ў тое самае

Зраблю некалькі крокаў назад. Бо важна прагаварыць: ці наогул магчыма вярнуцца ў “тое самае”? Мяркую, што большасць тых, хто марыць вярнуцца ў Беларусь мысляць нейкі ідэальны вобраз, які складаецца з ландшафта (тэрыторыі, прадуктаў харчавання, месцаў сілы), знаёмых і блізкіх людзей, таксама нейкіх культурных і гістарычных артэфактаў.

Такі ідэальны вобраз - гэта мантаж. Нарэзка рэальнасці. Чалавек выбірае кавалкі і склейвае іх ў галаве ў свой ідэал. Пасля прывязваецца да гэтага ідэала. Але гэтага ідэала не існуе насамрэч. Гэта сімулякр.

Тым больш з часам людзі мяняюцца, перамяшчаюцца, нехта памірае, ці змяняе кола знаёмых. Культурныя артэфакты хаця даўжэй існуюць, але таксама могуць змяняць свой змест ці проста разбурацца і знікаць.

Такім чынам, нельга вярнуцца ў той “ідэал”. Можна вярнуцца ў нешта іншае. І што гэта іншае? Ці спадабаецца яно нам? Наколькі далёка яно будзе ад "ідэала"?

Але больш дакладней, калі мы хочам вярнуцца, можа мы жадаем мінулага, якое прывяло да такога бясслаўнага “сёння”? Тое, што было, прывяло да вынікаў, якія прымусілі пакінуць радзіму. Ці варта яно вяртання? Каб зноў перажыць гвалт і разубрэнні?

Вяртацца, значыць, настальгіраваць па мінуламу

Зараз трохі пра “вяртацца”. Вяртаюцца звычайна ў тое, што было: у нейкую зону камфорта, у бацькоўскі дом, ці свой дом, ці як абазначыў вышэй, у нарэзку вобразаў, якіх не існуе - у ідэал.

Ключавое ў слове “вяртацца” - гэта перамяшчаць сябе ў мінулае. А мінулае - гэта таксама сімулякр. Бо яго няма. Нават бацькоўскі дом можа разбурыцца, а свой дом можа быць адабраны і праданы на аўкцыёне. А тое, што раней было камфортным, зараз можа падацца спарахнелым і пахнучыць мінуўшчынай, а не жыццём.

І яшчэ. Калі мінулае прыцягвае больш чым цяперашняе і будучае, і мы гатовы вяртацца туды, ці значыць гэта боязнь перад выклікамі сучаснага? Яшчэ больш. Можа гэта страх перад пошукам магчымасцяў у будучым для сябе персанальна і для супольнасці, частка якой вы самі?

Пошук суб’екта індывідуальнага і суб’екта калектыўнага - самавызначэнне.

Ці мы можам замяніць “вяртанне” нечым іншым? Наогул магчыма “вяртанне” да “ідэала” мае зусім іншую канатацыю, якую пакуль мы не назвалі і спрабуем раскрыць.

Я звяртаюся да тых, “хто сыйшоў, каб вярнуцца”. Іншыя мяне не цікавяць, яны - тэма для іншай размовы.

У што самае хочацца вярнуцца

Зараз трэба раскласці па палічках, у што ўсё ж “вярнуцца”.

Першае, можна вярнуцца на тэрыторыю. Гэта значыць проста ўехаць ў межы Беларусі-тэрыторыі і лічыць сябе вярнуўшымся.

Другое, можна вяртацца ў Беларусь-супольнасць (сям’ю, калектыў, суполку). Вярнуцца да людзей, сувязяў з людзьмі. Як бы прыпыніць доўгі адпачынак. Прычым сувязяў кінестэтычных, рэальных, непасрэдных. Іншыя віды сувязяў даюць сучасныя тэхналогіі, зараз я абыйду.

Той, хто вызначае сябе беларусам, дакладна хоча супольнасці. Нельга вызначыць сябе беларусам і аддзяліцца ад іншых. Калі сам сябе вызначаеш (самавызначаешся) праз агульны ідэнтыфікатар (этнічнае, нацыянальнае, палітычнае), значыць вызначаеш цэлы набор параметраў агульных беларусам. І яшчэ больш важнае, ставіш прыналежнасць да групы, іншымі словамі, “вярнуцца ў еднасць”, у супольнасць, як нешта важнае.

І вось тут варта вызначыць, хто ёсць гэтымі беларусамі.

І яшчэ больш. Нам важна вызначыць менавіта характарыстыкі калектыўнага суб’екта. Таму што, калі мы вызначым калектыўны суб’ект на Беларусі-тэрыторыі і па-за тэрыторыяй, мы зможам вызначыць агульнае.

Гэта агульнае можа стаць, а можа і ня стаць ключавой характырыстыкай новай уз’яднанай супольнасці. Тут накатвае шмат пытанняў, без вырашэння якіх не атрымаецца будаваць нешта новае.  

Чаму сотні тысяч беларусаў пакінулі радзіму пасля 2020, а мільёны засталіся? Ці называюць гэтыя мільёны сябе беларусамі, ці называюць сябе беларусамі сотні тысяч уцекачоў? У чым розніца і што агульнага паміж першымі і другімі? Якія каштоўнасці і паводзіны аб’ядноўваюць (!!!) адна адну?

Радзіма, мова, высокая культура, паводзіны, этнічныя прыкметы, быт, свабода, салідарнасць, адкрытасць, дзяржава, звычкі, рытмы клімата, бабульчыны аладкі нарэшце.

Цікава, што гэтыя каштоўнасці вымяраюцца праз калектыўнае дзеянне. Толькі індывідуальных высілкаў недастаткова. Таму калі задаваць пытанне “вяртання”, важна адказаць, у што вы вяртаецеся, ці да каго. І там будзе сімулякр. Нейкая ідэальная форма. Якой не існуе. Пустата. Варта яе запоўніць? Усім бакам? Ці камусці найбольш гатоваму?

Таму “вяртанне” са знакам накіраваным у будучыню я буду называць “стварэннем”. Стварэннем новага ідэала. Менавіта шлях да ідэала.

Ці засталася Беларусь-супольнасць

Зараз я падабраўся да асноўнай думкі. Калі людзі не маюць энергіі ўплываць на “свае” дзяржаўныя інстытуты, яны пераўтвараюцца ў ландшафт. На іх можна ўплываць розным чынам, вылепліваць усё, а яшчэ атрымліваць ад іх рэшткі энергіі для ўтварэння новай супольнасці. Цікава, а хто ўсё ж супольнасць у Беларусі зараз? Нехта ж павінен запаўняць гэты ландшафт, праўда?

Атрымліваецца, калі багатыя энергіяй людзі вырашаць вярнуцца, у іх ёсць як мінімум два варыянты: вярнуцца да ландшафта, ці вярнуцца да “нейкай” супольнасці.

Зараз разбярэмся, чым ёсць гэта “нейкая” супольнасць. Можна разважаць пра розныя супольнасці, напрыклад, тыя, хто зараз трымае ўладу у Беларусі. Як мінімум гэта супольнасць адрозніваецца агентнасцю ці як мінімум візуалізацыяй агентнасці.

Атрымліваецца, што вяртанне ў Беларусь-супольнасць - гэта абавязкова прызнанне “ўлады” супольнасці, якая яе трымае? І так, і не.

Адказ “так” - калі чалавек вяртаецца ў адзіночку. Ён адзін далучаецца да супольнасці ў межах умяшчаючага ландшафта.

Адказ “не” - калі людзі аб’ядноўваюцца ў групу і ствараюць новую супольнасць (ідэал!) на базе субстрата, які абазначаецца тэрыторыяй Беларусі і яе насельніцтвам, а магчыма і больш шырэйшай тэрыторыяй.

Пашыру межы абмеркоўваемага. Важна зразумець, што магчыма вяртанне, а магчыма будаванне. Менавіта будаванне, стварэнне ёсць альтэрнатыва “вяртанню”. Будаванне чаго ўрэшце?

Так людзі будуюць супольнасці. Усё іншае толькі абслугоўвае гэтыя супольнасці. Сацыяльная творчасць.

Чаму ўсё ж ландшафт

Не адкрыю таямніцы, што найбольш актыўныя людзі, якія засталіся ў Беларусі сядзяць па турмам. Бо тэрыторыя Беларусі = турма.

Ёсць людзі на “свабодзе”, але яны хутчэй заляглі. Можна дапусціць нейкія партызанскія групы, але яны развіваюцца нябачна. А нябачнасць - гэта сур’ёзная праблема для любой супольнасці, якая прытэндуе на прызнанне.

Іншая актыўная частка людзей пакінула Беларусь, нехта, хто ўжо адсядзеў, нехта з мэтай не быць пасаджаным. Энергіі ўнутры Беларусі-тэрыторыі сур’ёзна паменшала.  

Астатнія людзі, якія засталіся, воляй няволяй становяцца ландшафтам. Чаму так адбываецца?

Па-першае, яны прымаюць правілы, якія дыктуе ім “са знакам мінус”-супольнасць і не праяўляюць сваёй пазіцыі, а для супольнасці агульнага лёсу і побыту - пазіцыя (форма дзейнасці) неабходны атрыбут.

Па-другое, жыхары ўнутры паўтараюць шаблоны паводзінаў дапушчальныя “са знакам мінус”-супольнасцю. І тым часам прывучаюцца. Магчыма інтэлектуальна яшчэ яны трымаюцца сваіх каштоўнасцяў, але фактычна, праз штодзённыя практыкі прызвычайваюцца праз паўтарэнне.

Па-трэцяе, нарэшце матэрыя вызначае свядомасць. І людзі на інтэлектуальным узроўні прымаюць новую “нармальнасць”. Такіх прыкладаў вельмі шмат: і сплата падаткаў, на утрыманне наёмнікаў, ці турмаў у якіх катуюць людзей, і ўзаемадзеянне з інстытутамі, якія здзяйсняюць рэпрэсіі: “міліцыя”, “суды”, “школы”, “універсітэты”, наогул выдаткоўванне свайго часу на перажыванне рэпрэсіі і траўмы - гэта таксама інтэлектуальнае прызнанне “нармальнасці” і адаптоўванне сябе. Прыняцце такой “нармальнасці” - гэта паводзіны супольнасці, якая распалася.

Таму паўстае пытанне, тая меншасць, якая абірае ствараць ці мае яна дастаткова энергіі, волі - іншымі словамі, расчысціць шлях, для стварэння нечага вялікага і зачароўваючага?


Пару словаў пра ўведзеную ў гэтай часцы “са знакам мінус”-супольнасць. Гэты мінус адзначае, што дзейнасць супольнасці ў межаш Беларусь-тэрыторыя накіравана на зменшэнне сувязяў і мэтанакіраванае спрашчэнне структуры грамадства.

Рэканкіста - вяртанне Радзімы

На стварэнне новага патрэбна шмат энергіі, часу і ведаў.

На сёння можна выбраць некалькі варыянтаў:

Першы, стварэннем, займаюцца толькі тыя, "хто сыйшоў, каб вярнуцца".

Другі, стварэннем займаюцца тыя, "хто сыйшоў, каб вярнуцца" з супольнасцямі іншых тэрыторый. Ці знойдзецца агульная мова, чытай, каштоўнасці.

Трэці, прадугледжвае стварэнне супольнасці з тымі, хто яшчэ ў Беларусі-тэрыторыі, але мае энергію, для сумеснай творчасці з тымі, "хто сыйшоў, каб вярнуцца".

Нарэшце чацвёрты варыянт ўлучэння ўсіх вышэй прагавораных элементаў у стварэнне новага калектыўнага суб'екта.

Апошні варыянт самы цікавы, таму, што ён можа быць пачаткам насамрэч новай даволі ўплывовай супольнасці ў рэгіёне.

Наогул падыход стварэння ў ландшайце разбурае гіпотэзу, што “нешта” спачатку павінна адбыцца ў Беларусі, а звонку можна толькі дапамагчы. Наадварот, ў асноўным (!) мэтанакіраваныя паступальныя дзеянні звонку ўнутр, могуць зрушыць сітуацыю.

Бо калектыўнага суб’екта “са знакам плюс” унутры Беларусі-тэрыторыі няма, ёсць ландшафт. Так, пытанне наяўнасці “са знакам мінус” - супольнасць застаецца. Што рабіць з ёй?

Вядома, як першы варыянт, магчыма дзейнасць і на субстраце. У там выпадку новая супольнасць прызнае толькі наяўнасць ландшафта. З аднаго боку гэта сумна, але з другога дае магчымасць перазагрузіць каштоўнаснае ядро і прыўнесці новыя шаблоны паводзінаў. Наогул не спадзявацца. Пытанне: ці хопіць энергіі. ведаў, запасу трываласці?

Усё ж сумесная стварэнне больш патрэбна. Па-першае, новае ўтварэнне магчыма толькі ва ўзаемадзеянні двух і больш калектыўных суб’ектаў. Адзін з якіх гэта той калектыўны суб'ект, які "сыйшоў, каб вярнуцца” з максімальнай разнастайнасцю ўнутры. Па-другое, сувязі, якія пакуль засталіся, даюць дадатковую энергію неабходную для сацыяльная творчасці такіх памераў.

Падсумоўка

У гэтым допісе мая мэта была не адказаць на ўсё пытанні датычная вяртання. У мяне задача пошуку адказу на пытанне: што можа быць альтэрнатывай вяртання для тых, “хто сыйшоў, каб вярнуцца”.

Яшчэ бачу недастатковасць слоўніка, каб тлумачыць новыя сацыяльныя з’явы. Вядома можна карыстацца словамі “рэпатрыяцыя”, “пасіянарнасць”, ”тэрыторыялізацыя”, “этнагенез”, “патрыятызм”, “грамада”, "рэканкіста", але яны не адказваюць на тое, як развіваецца сацыяльная матэрыя.

Таксама падкрэслю: для пабудовы нечага новага нам спатрэбіцца два суб’екта. Пакуль яны гэтыя суб’екты з супрацлеглымі знакамі, якія пры ўзаемадзеянні нажаль вынішчаюць адзін аднаго.

Зараз задача знайсці супольнасць з агульным знакам, каб можна было пачаць пабудову і сумесную творчасць.

Што рабіць з тэрыторыяй? Ці яна настолькі важна, каб укладаць у яе шмат сіл? Альбо нам патрэбна нешта іншае? Які набор роляў на мікраўзроўні нам патрэбны? Ці падыйдзе папярэдні?

З пазіцыі майго ўзроста я канешне бачу, што час гуляе супраць нас. Але вядома, чалавечы род вельмі складаны, і магчыма ўжо нарадзілася пакаленне і набіраецца сілаў (што найбольш важна) для наступнага рыўка. Таму, магу дапусіць, мае перасцярогі пра вымыванне і разбурэнне энергетычна зараджаных асобаў (пасіянарыяў) можа толькі нейкі ўнутраны страх за час, які няўмольна ляціць. Страх, што мы проста страчваем шанец на пакаленне не таму, што мы кепскія, але таму, што мы не маем энергіі для вырашэння складаных пытанняў.

Назапашванне энергіі патрабуе час. Стварэнне суб’екта патрабуе сацыялізацыі, шмат часу і энергіі. Асабліва, калі гэта калектыўны суб’ект. Таксама пабудова новага патрабуе новых роляў, пра якія я напішу ў наступных допісах.