Калі мы нешта перажываем - гэта дае нам пачуццё быць. Калі мы нешта спажываем, ці проста маем - гэта дае пачуццё ўласнасці ці ўлады над рэччу альбо чалавекам.
І ўласнасць, і ўлада - гэта прадукты сацыялізацыі. Таго грамадства, у якім нам давялося нарадзіцца, ці жыць. Таму ўстойліваць “уласнасці” і “ўлады” залежыць ад грамадства.
А калі ад грамадства не залежыць нічога? Запытаецеся вы. Такога не бывае… калі нават такое ўявіць, атрымліваецца, што і ўлада, і ўласнасць становяцца настолькі эфемернымі з’явамі, якія ўзнікаюць і знікаюць гэтак жа хутка, як і жаданні ўладароў. Рэальных і ўяўных. У нашых галовах.
Гісторыя, а яшчэ больш наша сучаснасць, чарговы раз паказваюць, што сёння нешта маючы, можна заўтра згубіць, застацца ні з чым.
Калі ж мы перажываем нешта - гэта становіцца нашай гісторыяй. І гэту гісторыю варта захаваць. Насамрэч - захаванне гісторыі - памяці - заўсёды было і застаецца полем бітвы паміж тымі, хто стварае і паміж тымі, хто разбурае. Што разбурае? Перш за ўсё нашу суб’ектнасць, нашу магчымасць аўтаномна дзейнічаць, мысліць і вырашаць за сябе.
Але сёння я хачу задаць пытанне ўсім, хто турбуецца за нейкія мімалётныя рашэнні тыранаў. Вам важна быць грамадзянінам(кай) ці мець пашпарт? Што важней? Зараз час вызначыцца. Не падыходзіць: мець трошачкі таго ці гэнага. Штосці мусіць быць важней.
Калі вырашаеце “мець” пашпарт, калі ласка, займайцеся гэтай задачай. Вы яе вырашыце, не сумняюся, але ці застанецеся быць грамадзянямі, гэта пытанне. Яно адкрытае.
Для мяне быць грамадзянінам - нашмат важней. І, што значыць, быць грамадзянінам? Гэта, значыць, быць асобай палітычнай. Не можа быць грамадзянінам без краіны, супольнасці і дзяржавы, якая створана і падтрымліваецца гэтай супольнасцю. Не магчыма быць грамадзянінам і свабодна аддаць свае правы некаму. За іх трэба змагацца і адстойваць. Такое правіла сацыяльнай матэрыі, яго не змаглі парушыць ніводныя гамадствы ці асобныя індывіды.
Быць грамадзянінам, значыць, вызначыць сябе ўдзельнікам нейкай супольнасці, якая мае дзяржаву, узяць (дакладней здабыць) правы і абавязкі, і выконваць іх. Нягледзячы на перашкоды і шкоднікаў. Няважна, падабаецца гэта некаму ці не. Вы будзеце перасякацца з перашкодамі, якія ўмацуюць ваша жаданне быць грамадзянінам. Вы заўсёды ёсць грамадзянінам, і на гэтым кропка.
А калі няма той супольнасці, грамадзянінам якой вы хочаце быць, што рабіць? Ствараць. Ствараць супольнасць - складана, але ствараць - рэальна. Перажываць рух. Прыдзецца ісці доўгай дарогай, перажываць шмат драмаў і магчыма нават недачакацца, калі ў вас ўсё атрымаецца.
Але, ідучы дарогай, вы будзеце адчуваць напоўненасць. І нават спатыкнуўшся, вы нічога не згубіце. Бо досвед і дзясяткіі сотні сувязяў, памяць і гісторыя, будуць вас падтрымліваць. Бо супольнасць - гэта падтрымка.
Калі Лютэр пачынаў рэфармацыю, ён не запытваць дазвола на напісанне сваіх тэзісаў у Рыма. Калі амерыканцы стваралі сваё грамаства, яны не запытвалі нейкай паперкі ў Лондане і не пісалі генеральнай даверанасці на кіраванне сваімі актывамі ў Англіі. Урэшце, калі беларусі паўставалі супраць маскалёў у 1863, яны не запытвалі дазволаў у Масквы. Калі гарбрэі пачыналі свой сіёнскі рух, нават яны будучы супер паліткарэктнымі, не пыталі, нікога ніякай паперкі. Усе гэтыя людзі проста самавызначыліся і паводзілі сябе, як суб’ект, калектыўны.
Прыклады вышэй… задавалі свае правілы ў тагачасных грамадствах. Вядома нехта перамог, нехта прайграў. Але след, і ад першых, і ад другіх натхняе і яшчэ будзе натхняць дзясяткі, сотні гадоў нашчадкаў. Пакуль яны не зробяць лепш.
Яшчэ адзін важны момант. Наша краіна пераўтвараецца ў манархію. Якая гэта будзе манархія, канстытуцыйная, спадкаемная - гэта не важна. Важна, тое, што месца грамадзяніна ў манархіі няма.
Таму, хто самавызначыў сябе грамадзянінам Беларусі, падкідваецца новая задача. Значыць, ствараць рэспубліку, вяртаць палітычнае і вяртаць сабе калектыўную суб’ектнасць.
Рэспубліка - гэта не разавае дзеянне. Пастаяннае. Рэспубліка магчыма тады, калі вы будзеце грамадзянінам штодзённа. Тады ў вас будзе: і пашпарт, і правы. І не трэба будзе мець ніякую паперку, і бегаць за ёй па свеце.
Зараз у шмат чым атрымліваецца, што вы губляеце не толькі гэтую паперку, вы ўжо згубілі радзіму. Гэта важней. Гэта таксама пра мець радзіму.
Вы хацелі мець нешта, але гэта зноў (сама)падман. Радзіму можна толькі жыць, толькі быць яе часткай. Кожны дзень, без перапынкаў.