Апошнія месяцы у Беларусі абвастрыўся палітычны крызіс. Гэта крызіс выражаецца ў тым, што ужо немагчыма кіраваць краінай па старым правілам, а грамадзяне чакаюць яўна больш, чым здольна на сёння рабіць улада. Зараз пытанне стаіць не пра эканоміку, а пра супольнасць і асяродак, адбываецца сутыкненне палітычных ідэй: манархііі і рэспублікі.
Дух часу
Агульна нацыянальных лідэраў абіраюць не толькі з-за якасцяў канкрэтнай персоны, а за тое, як яна ці ён адпавяде духу часу, або стварае такое ўраджанне для іншых. Мяняецца час, мяняюцца дамінуючыя каштоўнасці і чаканні. Людзі патрабуюць іншую асобу, якая б была сімвалам іх надзеяў і мар. Веры. Новыя выклікі патрабуюць новых ведаў, энергіі, іншага разумення свету, іншых людзей.
Вось мы прыйшлі да часу, дзе важна змяняць лідэра. Як бы гэта не было балюча гэтаму чалавеку, але яму трэба сыйсці. Плынь жыцця і часу патрабуе зменаў і штурхае яго на адпачынак, а не ворагі і зласліўцы, якія хочу адабраць краіну.
Чытаючы навіны, размаўляючы з людзьмі, лёгка заблукаць ў штодзённым наплыве эмоцыяў і сімулякраў. Устойлівае выйсце з хаоса - вызначаць каштоўнасці, на якіх будзе будавацца новая Беларусь. Вызначаць індывідуальна і калектыўна.
Імперыя наносіць удар ў адказ!
На пачатку часоў Трэцяй рэспублікі, якую абвясцілі і падтрымалі 27 ліпеня 1990 года нашы бацькі і тыя, хто фармуляваў канцэпцыю новай Беларусі, акцэнтавалі на Рэспубліцы. Рэспубліка - гэта “агульная справа”, справа кожнага грамадзяніна.
Але склалася, што дзяржаву захапіў адзін чалавек і пачаў будаваць адносіны, якія бліжэй да адносінаў імператара/манарха/аўтакрата - адзінага прадстаўніка бога і носьбіта абсалютнай улады ў краіне.
Мы па-старому называлі нашу краіну Рэспублікай, але па факту ўсё ў ёй будавалася як у імперыі, дзе “прэзідэнт” можа казніць і мілаваць, прызначаць і звальняць, выдаваць свае меркаванні за факты - быць вышэй за іншых.
Вядома імператар першы раз абраўся на выбарах. “Выбары” яшчэ парцягваліся ў наступныя гады, але гэта было хутчэй прызначэнне патрэбных людзей у патрэбнае месца. І вядома сама прызначэнне сябе імператарам = прэзідэнтам кожныя 5 год.
Імперыяй/манархіяй Беларусь не называюць. Зараз адбываецца апошняя рашаючая атака на Рэспубліку. На Беларусь як справу агульную. Далей можа быць Імперыя.
Так з густамі не спрачаюцца, але за іх змагаюцца. Бо густы будуюцца на каштоўнасцях і вызначаюць тое “як” грамадства арганізуецца і жыве.
Пра гэту атаку на Рэспубліку трэба казаць. Сёння вельмі драматычны выбар паміж манархіяй і рэспублікай.
Дзеці выраслі
Сітуацыя накаляецца. Маладыя і не толькі людзі чакаюць і мараць Рэспубліку, дзе Беларусь - гэта наша агульная справа, дзе і пытанні самакіравання таксама справа ўсіх грамадзян, а не аднаго чалавека.
Грамадства напружылася. Магчыма яно так не напружвалася з 90х. Але я першы раз бачу як пытанне самакіравання прыйшло на павестку дня шматлікіх сацыяльных груп: і багатых і бедных, і старых і маладых, і інтэлектуальных і фізічных працаўнікоў.
Так беларусы ўжо не дзеці і ім непатрэбна роль аўтарытарнага бацькі, які будзе казаць як жыць ці вырульваць са складаных жыццёвых сітуацый, пастаянна весці кудысь.
Інфантыльная фаза скончылася, людзі не чакаюць ад дзяржавы нейкай дапамогі. Большасць просіць не перашкаджаць будаваць краіну. Так, мы хочам мець права ствараць сваё грамадства пабудаванае на агульнай справе. Манарх як пасярэднік тут непатрэбны.
Што патрэбна беларусам?
Насамрэч тут немагчыма сказаць аднаму за ўсіх.
Падсумаваўшы пачутае ад людзей і прачытанае анлайн, усё як завяшчалі класікі, беларусам патрэбна “людзьмі звацца”. Ці заробак мець, ці перспектыву самарэалізацыі, ці права голасу, ці магчымасць культурнага развіцця… карацей, перасяклося шмат жаданняў, якія не можа ўтрымаць і тым больш развіваць галава аднаго, нават калі геніяльнага чалавека-кіраўніка.
Але мы маем самага звычайнага чалавека, які быў наняты грамадствам у ліхія 90-ыя, дапамагчы вырашыць пэўны набор задач. Мы зараз бачым, што ён не здольны вырашаць сённяшнія праблемы, абмяжоўваючы багацце спосабаў і падыходаў сваёй фантазіяй і часта фобіямі.
Гэта насамрэч нармальная сітуацыя, калі ў нейкі момант лідэр не можа вырашыць задачу. Тут пытанне кошту яго памылак і жаданне грамадзян працягваць кантракт з гэткім лідэрам. Вось зараз вымалёўваецца негатыўнае стаўленне да працягу кантракта і людзі пачалі шукаць альтэрнатыву, каб замяніць людзей на вышэйшых пасадах. А магчыма наогул прыбраць некаторыя пасады. Ці дастаткова гэтага?
Тут хаваецца асноўны самападман для большасці, хто толькі пачаў мысліць палітычна: нібыта мы жывем у Рэспубліцы, але гэта не так.
У нас больш за 25 год манархія/аўтакратыя/імперыя. Гэтую даннасць трэба пераасэнсаваць перад тым, як пачынаць перазагрузку краіны.
Ці заўсёды кепска жыць з манархіяй?
Калі прапануецца ўлада манарха, грамадства можа задумацца, якія ў яе плюсы і мінусы.Тым больш, калі грамадства ставіць у альтэрнатыву - Рэспубліку. Жыхары як грамадзяне (пакуль яшчэ?) мусяць прыйсці да рашэння. Вядома яно будзе вызначальнае для наступных пакаленняў таксама. Адказны выбар.
З плюсаў. Пры манархіі будзе і шкварка, і чарка, і плазма-тэлевізар на сцяне вісець, і аўтамабіль у сям’і і часам адпачынак у Егіпце. Карацей, будзе магчымасць жыць і зарабляць. Дарэчы гэта бачна з тым, што адбываецца апошні час. Людзі набываюць кватэры, машыны, абсталёўваюць свае дамы, дачы.
Ёсць глабальныя праблемы раслаення грамадства, экалагічнага крызісу, канцэнтрацыі ўлады ў лічбавых магнатаў (тэхнакратаў), засілля карпарыцый у эканоміцы, сусветныя фінансавы спекуляцыі, пандэмія... Але гэтыя праблемы ёсць, як у рэспубліках, так і манархіях. Пытанне, як (!) яны вырашаюцца і гэта як - важна, а зараз для беларусаў стала рубам.
Эпідэмія каранавірусу паказала, што манарх можа неадэкватна ацэньваць сітуацыю і тармазіць дзеянні, якія могуць мінімізаваць эфект ад эпідэіміі, а таксама мабілізаваць само грамадства на бяспечныя адносіны.
Наогул крызісы агаляюць слабасць персаналісцкіх рэжымаў. Такія рэжымы хаваюць факты, значную для большасці інфармацыю, баяцца прызнаць сваю слабасць, прыніжаюць і ліквідуюць людзей, часта проста цынічна і нахабна хлусяць.
Насамрэч любы манарх, які любіць людзей, хоча квітнення свайго каралеўства або імперыі. Але здараюцца розныя манархі, ды і чалавек з часам змяняецца губляе адчуванне рэчаіснасці або проста стамляецца. Гэта таксама нармальна для чалавека, але для пасадовай асобы такое немагчыма дараваць, бо кошт - жыцці і лёсы тысяч і тысяч людзей, а часта кошт і будучае ўсяго грамадства.
Анатомія манархіі
Тут адзначу толькі найбольш бачныя для мяне пункты.
Перш за ўсё гэта (сама)кіраванне. Большасць кіраўнічых пасадаў у манархіі - гэта прызначэнцы манарха: прама ці ўскосна. Такім чынам, кіраўнічыя кадры фарміраюцца па прынцыпу вернасці манарху і яго ідэі абалютнай улады рэальнасць часта становіцца другаснай указанням уладара. Гэта праблема.
Па-другое, манарх адзін, і кіраваць у адзіночку шматлікімі працэсамі, якія атачаюць сённяшнія грамадствы немагчыма, таму манарх дэлегуе частку задач сваім кадрам, або нігілюе (знішчае) новыя працэсы - з'явы (як правіла забаронай). Вось гэта дэлегаванне мае пэўную мяжу, пасля якой трэба давяраць права дэлегавання іншым асобам, або ствараць стандарт кіравання, як кажуць, па вобразу і падобію. Каб захоўваць гэты “стандарт” ствараецца сістэма стымулаў і застрашэнняў, якая базуецца не на законах, а на жаданнях манарха і, часта, на абмежаваным даляглядзе асобы.
Па-трэцяе, кіруемасць манархіі залежыць ад падтрымкі асобы (!) манарха, якая падабаецца і падтрымліваецца большасцю. Як толькі гэта падтрымка (большасць) губляецца, губляецца і кіруемасць грамадства (дакланей - падданых) і ствараецца вакуум, праз які грамадства трапляе ў чарговы палітычны крызіс, які вядзе да эканамічнай і дыпламатычнай няўстолівасці, і так цыкл за цыклам. Вядома магчыма кіраванне выключна бізуном, але такі спосаб доўга не можа існаваць бо эфектыўнасць усяго грамадства змяншаецца і знешнія фактары пачынаюць актыўна разбураць усе інстытуты грамадства. Дарэчы гэта ахілесава пята нашай манархіі. Яна прыводзіць грамадства ў страх, змяншаецца кіруемасць, павялічваецца ўздзеянне знешніх фактараў і так да бясконцасці…
Канешне не да бясконцасці (нейкі віток можа быць апошні), але кожны наступны віток больш небяспечны, як для самой аўтакратыі, так і грамадства. Бо аўтакратыя не мае падтрымкі, а грамадства не мае арганізаванага актыва. Як кажуць “ні сабе ні іншым” - луз-луз стратэгія. Але людзі непрадказальныя, таму можа быць усё, тым больш намі кіруюць вялікія і моцныя феномены, абсалютна усімі, гэта у прыродзе чалавека.
Вера, надзея і любоў
Гэтыя тры феномены чалавечага з’яўляюцца рухавікамі ўсяго. Калі нейкі кампанент губляецца, неўзабаве спыняецца і працэс. Вядома можна падманваць ці сама падманвацца, але гэту аксіому нікому не атрымалася абыйсці.
Таму на сёння манархія ў Беларусі пад пагрозай таксама, як і Рэспубліка. Вельмі няўстойлівая сітуацыя. Як вярнуць устойлівасць? У якую форму вярнуць устойлівасць?
Гэтыя супраціўныя формы кіравання (манархія і рэспубліка) у гісторыі спрабавалі пасябраваць праз стварэнне прамежкавых формаў: канстутуцыйных манархій, “прэзідэнтцкіх рэспублік”.
Хачу заўважыць, у нас не канстытуцыйная манархія - бо наша канстытуцыя - 1. Не працуе наўпрост. 2. Мяняецца па жаданні манарха. Няма ніякіх інстытуцый, якія б маглі абмежаваць або змяняць канстутуцыю без прамога ўказання манарха.
Працягну развагі пра кіруемасць. Згуба веры і надзеі, а таксама любві для абсалютнага манарха значыць, што ён пераходзіць са статуса нацыянальнага важака ў статус тырана. Застаюцца толькі маніпуляцыя, запужванне маральнае і фізічнае, якое прымушае падданых неяк працаваць.
Такая сітуацыя вельмі добра праявілася апошнія месяцы. Вядома яно праяўлялася і раней. За апошнія дзесяцігоддзі бачна, што запужванне і сілавое ўздзеянне стала асноўным спосабам узаемадзеяння з нязгоднымі “падданымі”. Толькі зараз разачараваных і нязгодных большасць.
Вярнуць гэтыя пачуцці - патрэбны годы, а магчыма і дзесяцігоддзі. А гэты час запоўніцца іншымі чалавечымі і калектыўнымі гісторыямі. Бо прырода чалавекай супольнасці таксама не трывае пустаты. Вось большасць прачнулася і хоча запаўняць вакуум улады, даверу, надзеі і любові ў сваім новым наратыве.
Мая любоў - Рэспубліка
Чаму я распачаў гэты допіс. Мне ўсё ж важна - Рэспубліка. Гэтым тэкстам я сістэматызую свае думкі, а можа і думкі чытачоў для разумення сітуацыі і свайго месца ў ёй. Як далей рухацца ва ўмовах хаоса, нявызначанасці, адсутнасці апоры.
Зараз вельмі шмат эмоцый, бо насамрэч шмат несправядлівага тварыцца ў дачыненні да найбольш актыўных грамадзян. Што такое гвалт міліцыі, несправядлівы суд, сутарэнні турмы, правакацыі, я ведаю на ўласным досведзе. Таму тут без калектыўных эмоцый ніяк. Яны могуць зашкальваць.
На навінах сядзіш без зупынку, пакуль не выматаешся і хочаш проста адысці. Моманты павышанага успрымання несправядлівасці змяняюцца момантамі апатыі. Тэкст ужо даўно не чытаеш, толькі загалоўкі і пару каментаў. Пасля кідаешся да наступнай навіны, каб знайсці ісціну. Але ісціна наўрад ці ў навінах...
Эмоцыі пройдуць, пар выйдзе і ўрэшце рэшт нам трэба будзе знайсці больш грунтоўныя падставы, на якіх будзем будаваць Беларусь заўтрашняга дня. Рэальную і зараз падаецца неверагодную. Людзі хочуць і свабодных выбараў, і павагі, і паказаць нязгоду, і “проста надакучыў”. Важна задаць кірунак гэтай энергіі. Рэспубліцы таксама трэба калектыўная - вера, надзея і любоў.
Пачаць агульную справу
Напачатку гучыць радыкальна, але калі ўважліва паглядзець, што робіцца навокал, Чацвёртая рэспубліка - гэта самы творчы, агульны і абнадзейваючы праект усіх беларусаў для беларусаў.
Чацвёртая рэспубліка дае нам усім пачаць калектыўныя адносіны з нуля, пачаць адносіны з іншымі грамадствамі і глабальным грамадствам таксама з нуля.
Перазагрузка азначае тое, што грамадства пачынае, а не працягвае.
Выбары - гэта толькі інструмент. Выбары без далейшага кантроля і магчымасці уплываць на ўладныя рашэнні абраных паміж выбарамі нават у рэспубліках нічога нявартыя.
У беларускіх умовах "выбары" - звычайная пераклічка і рэгулярная мабілізацыя сілавога і адміністрацыйнага апарату аднаго чалавека. Таму апеляваць на выбары як працэс, які зменіць краіну (шаблонны паводзінаў, рэгуляванне, маральныя падмуркі) або некую адну канкрэтную персону нельга і нават згубна. Выдаткаваць пару гадзін на 4-5 год, каб схадзіць да урны для галасавання, не мяняе роўна нічога. Мы ў гэтым упэўніліся.
“Выбары”, або тое, што называюць выбарамі сёння - гэта рытуал манархіі, ці дакладней сацыялагічнае апытанне на лаяльнасць манарху, рэальныя вынікі якога хаваюць ад людзей. Таксама трэба пазбавіцца ад сумневу ў тым, што можна выкарыстаць свае права на кіраванне падчас выбараў можа рэалізаваць просты чалавек, а назіральнік наогул заўсёды стаіць у прыніжанай пазіцыі.
Трэба крокі, якія будуць нас аб’ядноўваць для сумеснай творчасці, для новай Рэспублікі. Гэта калектыўная праца, творчасць роўных людзей.
Крокі да Рэспублікі
Трэба перазапусціць дзяржаву. Перазапуск дзяржавы, гэта як пераўсталёўка аперацыйнай сістэмы. Вы мяняеце прынцыпы, правілы, функцыі працы грамадскіх інстытуцый, самі некаторыя інстытуцыі, заканадаўства, сімвалы, калі ёсць неабходнасць. У тым ліку адбываецца замена адных пасадовых асобаў на іншых. Усё адбываецца празрыста і паслядоўна, без спеху. Але самае галоўнае калектыўна і адкрыта прымаецца асноўны дакумент, які дэкларуе дзяржаву і яе падмуркі. Гэта Канстытуцыя.
Яшчэ раз пра крокі да Рэспублікі:
- Палітычны крызіс. Ён ужо ёсць, яго трэба дэклараваць праз выбары/ байкот/іншыя нагоды. Зараз добрая магчымасць абазначыць гэты самы крызіс.
- Магчыма прыйдзецца зрабіць агульнанацыянальную забастоўку, калі маркераў крызісу будзе недастаткова, бо трэба, каб уключылася ў перазагрузку як мага болей грамадзян. Забастоўка - гэта магчымасць арганізаваць людзей і зменшыць кіруемасць манархіі.
- Далей, Устаноўчы сход з мэтай апісаць дарожную мапу прыняцця новай канстытуцыі, выбарчага права, таксама вызначэння часовага ўраду да прыняцца Канстытуцыі.
- Прыняццё і зацверджанне новай канстытуцыі максімальным колам грамадзян. Тут трэба рэалізаваць каштоўнасць уключанасці і празрыстасці. Айці-тэхналогіі гэта дазволяюць зрабіць.
- Правядзенне на ўсіх узроўняў выбараў. Пачынаючы ад мясцовых, заканчваючы прэзідэнтцкімі (лепей пасаду прэзідэнта таксама мінімізаваць, каб не было спакусаў) па новых правілах.
- У выніку маем - устаноўленую Рэспубліку. Гэта толькі пачатак працы, бо шмат рэгулявання на сёння затачылася пад манархію, гэта усё трэба будзе пераўстанаўліваць у тым ліку пастрэбіцца напаўняць новыя структуры іншымі людзьмі.
Рэспубліка - гэта працэс, а не стан
Ідэя перазапуску палітычнай сістэмы не новая. Яе вельмі дэтальна апісаў Уладзімір Мацкевіч і пастаянна яе прапагандуе. Адзінае, што ён не актуалізаваў паміж чым і чым будзе адбывацца выбар.
Казаць, што ў Рэспубліцы будзе больш свабоды, магчыма, казаць, што будзе лепшы выбар, магчыма, казаць, што будзе больш справядлівасці, таксама магчыма. Але гэтаму пасля перазапуску трэба будзе вучыцца нанова і працаваць штодзённа, каб кожнае з гэтых чаканняў стала магчымым.
Таму зараз стаіць пытанне выбару паміж рэспублікай і манархіяй - прынцыпамі кіравання, палітычнай арганізацыяй грамадства. Задача мінімум змяніць форму праўлення і распачаць шэраг палітычных рэформаў вышэйшых і мясцовых ворганаў кіравання і самакіравання.
Але найперш трэба разумець, што улада Рэспублікі складаецца з волі кожнага яе грамадзяніна. Калі грамадзяне не абыякавы, уладныя ворганы будуць выконваць волю грамадзян. Рэспубліка - гэта працэс, а не стан. Як толькі мы разглядаем дасягнутае як стан, Рэспубліка падпадае пад пагрозу Імперыі.
Першая звычка, да якой прыйдзецца навучыцца - гэта падтрымліваць Рэспубліку, пастаянна.