У гэты чацвер гутарыў з Святланай Волчак пра ўзнікненне супольнасці Pamyłka. Каб адчуць усе фарбы раю праглядзець стрым самастойна.
Ужо пачаў запісваць свае думкі пасля першага стрыму прысвечанага стратэгічным камунікацыямі супольнасцяў.
У гэтым допісе спіс думак і высноваў, якія я вынес з размовы. Пачынаю.
Успрыняты ўсур’ёз лазэр
Света распавяла, што для пачатку супольнасці павінна адбыцца адкрытая камунікацыя ідэі, шмат разоў, як адбываецца накапленне святлавога прамяня ў лазэры. І гэта камунікацыя ўспрымаецца будучымі заснавальнікамі ўсур’ёз. Хаця яны яшчэ пра будучую супольнасць могуць не ведаць.
Што тут важна? Найперш – адкрытасць. Значыць, смелае дэклараванне ідэі іншым. Другое – гэта дэклараванне адбываецца шмат разоў і напрацягу пэўнага часу. Напрыклад, некаторых людзей з асновы супольнасці Света пазнала 8 год, некаторых 4 гады перад з’яўленнем супольнасці Pamyłka на свет. Гэтая паступовая камунікацыя ўтварыла моцныя сувязі і давер. Падчас адкрытай дэкларацыі, збіралася кола зацікаўленых, якія проста назіралі. Аднак некаторыя, як я называю, людзі шырокай волі абралі дзеянне для дасягнення сваіх мар. Лазэр запраменяваў=)
Свет недасканалы
Гэта даволі натуральна. Калі чагосьці не хапае, людзі ці ў адзіночку, ці групамі імкнуцца задаволіць свае патрэбы, ці ліквідаваць знешні або ўнутраны дэфіцыт – выправіць недасканаласць унутранага ці знешняга свету. У Свецінай гісторыі пра супольнасць Pamyłkа, вымалявалася дэфіцыт камунікацыі з іншымі навукоўцамі. Яна не і думала менавіта пра форму дзейнасці (зін), яе думкі былі накіраваны на вырашэнне дэфіцыту адкрытай навуковай камунікацыі. Яна даволі працяглы прамежак часу спрабавала знайсці сабе адзінадумцаў, дакладней фізікаў, з якімі хацела, камунікаваць. Але адзіночныя спробы не давалі чаканага плёну, і таму ў ход пайшлі калектыўныя гуманітарныя тэхналогіі – супольнасць.
Рэдакцыя
Рэдакцыя – гэта насамрэч форма дзейнасці супольнасці, якая дазволіла будаваць Свеце тую самую камунікацыю, якой не хапала. Падобны дэфіцыт быў у іншага сустваральніка памылкі, Юрыя Адамава. Ён таксама хацеў камунікаваць з студэнтамі палітвязнямі, і на яго погляд часопіс, як форма дзейнасці, магла зменшыць гэты дэфіцыт. Для стварэння часопіса патрэбны аўтары, мастакі, вярстальшчыкі, карэктары. Гара камунікацыі. І гэта жаданне людзей супрацаваць стала цэнтрам супольнасці. Аднак не ўсёй яе.
Разнастайнасць супраць дасканаласці
У пачатку 2025 у ядры Pamyłki пачаў назраваць канфлікт, які базаваўся на супярэчных каштоўнасцях. Дасканаласць і разнастайнасць пачалі трыгерыць, асабліва пры стварэнні прадукта ўласна зіна. Гэта прывяло ў сярэдзіне 2025 году да крызісу росту. Як выйсце сёння супольнасць спрабуе знайсці больш гарызантальны спосаб стварэння навукова-папулярнага зіна Pamyłka. Дарэчы варта прызнаць, што зін у сваёй першапачатковай канцэпцыі ёсць максімальна калабаратыўны медыя прадукт, ідэю якога вынайшлі лібертарныя і анархістцкія групы, а пасля падхапілі розныя нефармальныя калектывы, якія не імкнуліся ствараць камерцыйныя выданні, але тыя, якія дэкларавалі свае захапленні і ідэалы.
Падпісчыкі
Гэта матэрыяльная база супольнасці, якая дазваляе ствараць папулярнае выданне высокай якасці. Падпісчыкі збіраліся вакол справы хвалямі. Напачатку прыйшло іх шмат, як даведаліся праз вялікія медыя, якія рабілі публікацыі пра дзейнасць каманды Pamyłki. Пасля пачаўся перыяд больш павольнага паступовага росту з нарошчваннем унутраных камунікацый. Трэба прызнасць, у інстаграме, асноўным афіцыйным медыя зіна, на сёння ёсць больш за 1600 падпісчыкаў. У байміэкофі больш за 40 рэгуляных данацераў.
Адкрытасць
Рэдакцыя не проста дэкларуе адкрытасць, але і рэалізуе яе наколькі магчыма ва ўмовах шыракамаштабных рэпрэсій ў Беларусі (якія трываюць з 2020) датычна амаль любых грамадскіх ініцыятыў.
Напрыклад, хаця кошт за часопіс даволі вялікі - 25 еўра, каманда зіна праз месяц пасля афіцыйнага выпуску папяровага выдання выкладае яго ў адкрыты доступ на гітхабе. Такім чынам, кожны, у каго не было дастаткова грошай ці мажлівасці аплаты (з Беларусі вельмі складана аплаціць і выслаць чытачам), можа чытаць высакаякасны кантэнт у фармаце ПДФ. Супольнасць яшчэ пераразмяркоўвае багацце ведаў і рэсурсаў.
Экасістэма для творчасці
Pamyłka-супольнасць імкнецца ствараць умовы для творчасці, як навукоўцаў, якія пішуць артыкулы, так і для мастакоў, якія ілюструюць часопіс. Напрыклад, апошні 8 нумар (на 23 жніўня 2025) стварае, каля 30 удзельнікаў. У сярэднім нумар стварае каля 20 чалавек. Дарэчы менавіта ўдзел у стварэнні паказвае, фізічную мяжу супольнасці. Хаця яе прыхільнікаў нашмат (як пісаў у інстаграме 1600+) больш актыўныя ўдзельнікі вагаюцца з лічбе 20-30 чалавек. Гэтыя 20-30 чалавек ад нумару да нумару змяняюцца. Вядома ёсць тыя, хто піша рэгулярна. Напрыклад, я напісаў свае артыкулы ў 4 нумары пра (1) гравітацыйныя батарэі, (2) пясчаныя батарэі, (3) вадзяныя батарэі і апошні (4) матэрыял пра што жужняць крылы пчол.
Грамадзянская навука
Уласна мэта зіна развіваць менавіта грамадзянскую навуку і папулярызаваць сціслыя і натуральныя навукі. Што гэта значыць “грамадзянская навука”? Гэта канцэпцыя значыць, што навукай можа займацца любы грамадзянін, без прывязкі да нейкіх навуковых установаў ці ўніверсітэтаў. Хочаш быць астраномам, мікрабіёлагам, фізікам тэарэтыкам, кібернэтыкам? Будзь ім! Тым больш зараз усё больш і больш даступныя і веды, і абсталяванне.
Што тычыцца папулярызацыі, рэдакцыя не імкнецца быць выключна навуковым у вузкім сэнсе слова выданнем. У Pamyłka пішуць пра вядомыя ў навуцы рэчы і ў ідэале так, каб разумелі звычайныя людзі. Вядома, калі з’явіцца арыгінальнае даследванне – добра, але аўтарам можа быць кожны. Не верыш, спрабуй даслаць у рэдакцыю свой артыкул. Гэта рэальна, ведаю на сваім прыкладзе і прыкладзе дзясяткаў людзей, якія ўжо публікаваліся ў Pamyłka.
Лідэрства
Як зразумеў з нашай размовы, ідэалам лідэрства ў супольнасці Pamyłka з’яўляецца рэгенератыўная мадэль. Гэта значыць магчымасць для кожнага ўдзельніка рэгенераваць функцыі і ўзорныя паводзіны, якія неабходныя для паспяховага развіцця і руху да дасканалага свету...
Святлана некалькі разоў казала, што павінны быць усе замяняльныя, у тым ліку і яна сама. І пасыл быў такі, што, калі знікае, напрыклад, вёрстка ўзнікаюць удзельнікі супольнасці, якія бяруць гэтыя функцыі і развіваюць іх незалежна ад пастановаў іншых людзей. Карацей лідэрства супольнасці Pamyłka – гэта дынамічны адкрыты калектыў. Цікава, што гэта вельмі эмансіпаваны, і я бы назваў феміністычны, падыход у здаровым сэнсе гэтага слова.
Што значыць супольнасць
Хаця Святлана сказала, “што гэта група людзей, аб’яднаная мэтай”, падобнае на тое, што казаў Андрэй Езерын. Аднак падчас размовы, яна больш развіла сваю ідэю супольнасці. Значыць, супольнасць – гэта група эмансіпаваных, аўтэнтычных індывідаў, аб’яднанных разуменнем неабходнасці калектыўнага дзеяння для дасягнення жаданага стану рэчаў – ідэалу. Феміністычна? Так. Удзельнікі Pamyłka сябе не называюць феміністамі, аднак у мяне ўзнік гэты трэк у галаве =) Вядома гэта вызначэнне тое, як я ўспрыняў адповяды з адной з заснавальніц Pamyłki. Буду рады далейшай дыскусіі з Святланай на гэту тэму.
Футбольная каманда
Гэта яшчэ адно параўнанне, якое прыйшло з нашай размовы са Святланай: супольнасць Pamyłka – гэта футбольная каманда, у якую могуць далучацца гледачы, якія вырашылі змяніць сваю ролю з прыхільнікаў ва ўдзельнікі – самавызначыліся, і гатовы граць (пісаць артыкулы, вярстаць, маляваць, прасоўваць ці падтрымліваць дзейнасць супольнасці - зін Pamyłka грашыма). Алегорыя з футбольнай камандай аб’ядноўвае (1) лідэрсткую мадэль Pamyłka, (2) каштоўнасці/прынцыпы (адкрытасць, давер, разнастайнасць, арганічная рэгенератыўнасць) і (3) форму дзейнасці (уласна зін). Дасканала! =)
Пазітыўныя сувязі
Гэта апошні інсайт з нашай размовы. Вярнуся напачатак гэтага допісу. Святлана падкрэсліла, што будаванне трывалых давяральных сувязяў – гэта аснова супольнасці. Будаванне гэтых трывалых сувязяў – доўгая справа. Іх наяўнасць паскарае з першасную сплаўку (лазэр), аднак гэта сплаўка ў калектыў заснавальнікаў адбывалася доўга і непрадказальна. Дарэчы і ў першым стрыме Андрэй Эзерын, як стратэгічны камунікатар, факусаваў сваю ўвагу на будове доўгатэрміновых сувязяў.
Ці можам мы дапусціць што супольнасць – гэта ўрэшце сума стваральных сувязяў?! На гэтым шырокім пытанні я спыню свой расповяд, а пакуль некалькі анонсаў.
АНОНС!
Наступны стрым глядзіце ўжо ў гэты чацвер, 28 жніўня. Рыхтую насычаную размову з Настай Кахан пра працу на тэрміналогіяй і беларусізацыяй маёй кнігі, альбо, шырэй, пошукам слоўніка, пра які марыць хіба кожная супольнасць.
Прадзамоў маю кнігу!
Нагадаю, калі табе сімпатычна, мая творчасць і хочаш падтрымаць выданне маёй кнігі пра супольнасці, прадзамоў яе прама зараз, ці проста падтрымай любым данатам.