Кніга пра тое, як будаваць узаемасувязі, каб змяніць усё

Ня трэба двух, каб пачаць (Караткевіч)

Прачытаў чарговую кнігу Наомі Кляйн (Naomi Klein). Наомі адна з маіх улюблёных аўтарак у жанры нон-фікш, а дакладней сумяшчэння журналісцкага, даследчыцкага і публіцыстычнага жанру. Улюблёная не толькі таму, што Наомі грунтоўна і глыбока разглядае сучасны капіталізм і экалагічныя выклікі. Яна вельмі трапна паказвае ўзаемасувязь паміж з’явамі. У дадзеным выпадку праблемамі і магчымымі рашэннямі. Таму гэта кніга актуальна нам, беларусам.

Кніга Наомі Кляйн  “Як памяняць усё” (How to change everything), якая мне трапілася апошнім часам, раскрывае ўзаемасувязі, менавіта паміж эканамічнымі адносінамі сучаснага грамадства і глабальным экалагічным крызісам, які кранаецца ўсіх: багатых і бедных, трымальнікаў улады і бяспраўных, заходняга і ўсходняга паўшар’я.

Там

Аўтарка, не застаецца проста назіральніцай. Яна сама ўцягнута ў змаганне за экалагічную справядлівасць і заклікае да дзеяння маладое пакаленне – сучасных падлеткаў. У кнізе назбіраны прыклады і практыкі, якія паказваюць, як ўразлівыя і прыгнечаныя супольнасці дамагаюцца справядлівасці. Гэта могуць быць супольнасці чорных жыхароў у Новым Арлеане, ці індзейцаў у рэзервацыях цэнтральных штатаў Амерыкі, ці плямёнаў Тасманіі. Важна, што найбольш уразлівыя і найменш абазнаныя ў сваіх правах групы часам дамагаюцца поспеху. Яго можна вывучаць. Гэты поспех базуецца на даверы і супольнай працы, якія пачынаюцца з разумення ўзаемасувязі ў тым ліку і пакаленняў. Бо клімат уплывае на ўсіх: і тых, хто дажывае і тых, хто пачынае новае жыццё.  

Дзе ж гэта ўзаемасувязь? Знікненне малой культуры на заходнім узбярэжжы Амерыкі, гэта не проста тое, што тычыцца некалькіх тысячаў малавядомых абарыгенаў. Гэта знікненне ў тым ліку права на доступ да чыстай вады і паветра, ці паветранай бяспекі для сотняў тысяч людзей у ваколіцах і звярэй.

Ці напрыклад, вяласць (амерыканскіх) чыноўнікаў пасля прыроднай катастрофы – гэта не проста вяласць – гэта мэтанакіраванае змяншэнне правоў і гэтак прыгнечаных людзей: як права на чыстую ваду, на даступнасць прадуктаў у крамах, электрычнасць, або адукацыю ў разбураным ураганам Новым Арлеане альбо Пуэрта Рыке.

Наомі Кляйн паказвае, што нават будучы вучнем у звычайнай школе ты можаш дамагацца зменаў у экалагічнай адукацыі. Калі цябе не пусцілі са школе на мітынг, ці не атрымалася пачаць страйк (!) з іншымі вучнямі, шкаляр можа дзейнічаць іншым шляхам. Даведацца, як фарміруецца школьная праграма. Хто дадае прадметы да праграмы. Уплываць на іх. Ці, напрыклад, можна пачаць садзіць дрэвы не пытаючы дазволаў. І зрабіць гэта так, каб пасля ўрад выдзеліў грошы на некалькі міл’ёнаў саджанцаў па ўсёй краіне.  Што адбылося ў Германіі. Альбо падаваць у суд на іншыя дзяржавы, балатавацца ў розныя органы ўлады, дзе дамагацца экалагічнай справядлівасці ўжо ў палітычнай плашчыні. Шляхоў шмат.

Для пачатку такога руху дастаткова аднаго. Важна не чакаць. Бо клімат мяняецца сёння, кожны дзень. У нейкі момант мы можам так раззлаваць прыроду, што наступная крытычная кропка можа справакаваць такія змены клімату, якія мы не зможам прадказаць.

Тут

Прачытаўшы кнігу, ты можаш запярэчыць. Як гэта тычыцца нас у Беларусі? Гэта пра Амерыку, ненажэрных капіталістаў! Гэта кніга таксама пра Беларусь і пра кожнага з нас. І можа нават больш пра Беларусь чым пра Амерыку. Чаму? Бо там такую сувязь разумеюць і спрабуюць вырашаць мясцовыя супольнасці. А ў нас?  У нас ёсць экстэнсіўная цэнтралізаваная сельская гаспадарка, якая апустыньвае тэрыторыі і разбурае зямлю, забруджвае ваду (нітраты, пестыцыды, антыбіётыкі) і паветра (метанам) і вялікая колькасць яе прадуктаў ідзе на экспарт, а грошы застаюцца ў тых, хто блізкі да ўлады, але не ў мясцовых супольнасцях. У мясцовых жыхароў застаюцца праблемы. Мясцовыя жыхары ў гэтым ланцужку – гэта танная працоўная сіла. Не больш. Мала гэтага прыклада?

Да галавы прыйшоў другі прыклад. Беларусы карыстаюцца бруднай энергіяй. Мазут і газ, якія самі па сабе пры згаранні забруджваюць паветра (вуглякіслы газ, аксід азоту). Больш за тое аплата, якую мы плацім за гэтае паліва, ідзе ў Расію. Якая дыктуе, што нашаму грамадству робіць. Бо ўсё выкапнёвае паліва ў Беларусі з Расіі. Дзяржавы, якая вядзе вайну супраць іншага народу – украінцаў. А любая вайна – гэта наогул супраць экалогіі. Мы бачым спаленыя лясы, спустошаныя рэкі, пост апакаліптычныя ландшафты пасля баёў. Паветра, штодзень забруджваецца выбухамі і палаючымі нафта сховішчамі.

Вы можаце сказаць. Што Наомі піша пра дзяржавы, у якіх ёсць палітычныя інстытуты праз якія дэмакратычным шляхам можна ўплываць на рашэнні. Але не важна, дзе ты жывеш. Нават не важна, што пакуль мы не маем такіх дэмакратычных інстытутаў, якімі могуць карыстацца вучні ў Новай Зеландыі, Канады ці Швецыі. Напачатку мы можам вучыцца будаваць сувязі ў сваіх галовах, паміж сабой і вучыць іншых гэта рабіць. Пасля можна будзе будаваць справядлівыя экалагічныя і дэмакратычныя інстытуты. Бо толькі разумеючы ўзаемасувязь паміж з’явамі, можна змяніць усё. І гэтаму варта павучыцца нам.

 

ЗЫ. Жадаеш абмеркаваць кнігі Наомі Кляйн. Плюсуй. Пішы. Мы пагутарым і я цябе запрашу ў свой клуб.