Артыкул прысвечаны вырабу cаламянага натуральнага вулля сваімі рукамі. Перад пачаткам чытання, важна зрабіць крок назад і перачытаць першую частку маіх практычных парад “Як зрабіць вуль з саломы”.
У гэтым матэрыяле працяг майго досведу з паляпшэннямі, удасканаленнямі метадаў, якія я выкарыстоўваў пры пляценні вулляў з саломы - кушак. Таксама ёсць новыя дэталі, якія яшчэ ніколі не апісваў дагэтуль.
На сёння я зрабіў больш за 25 кушак, пяць з якіх былі заселены пчоламі ў 2025 годзе. Пачынаю другі сезон з кушкамі. Таму і накапіў шмат новага і ў тэхналогіі стварэння, і ў выкарыстанні кушак у пчалярстве.
Не буду пераказваць дэталі, калі яны не змяніліся, ці не пераасэнсоўваліся мною на працягу больш за год з пачатку гэтага хобі. Значыць, яны такія самыя, як у першым артыкуле.
Таксама запрашаю іншых кушкароў для абмеркавання і буду рады пачуць, як развіваецца ваш досвед стварэнне кушак.
Матэрыялы
У гэтым блоку пра сыравіну, хачу падкрэсліць некалькі момантаў.
Даўжыня саломы - метр-паўтара. Больш не трэба. Па-першае, даўжэйшая салома хутчэй ламнецца. Па-другое, доўгая салома патрабуе вялікага памяшкання для выплятання.
Даўжыня лазы тая самая, як і саломы. Я набываў лазу 2+ метры, але яна не спраўдзіла сябе і была не такая добрая, бо звужалася на адным канцы і губляла сваю моц. Таксама заўважыў, што карацейшыя паясы вярбовай лазы (1-1,2 метра) лепей нарэзаныя без скручвання, што таксама іх узмацняе.
Па шырыні лазы прыйшоў да высновы, што найлепшая гэта 6-8мм, а лепей 10мм шырыні. Такія паяскі (плоскі) лазы не так лёгка знайсці ў продажы, таму тут пажадаю нам удачы. Ці проста пачаць самім рабіць лазовыя паясы.
Інструменты
Секатары. Выйшаў на новы від секатара. Набыў яго ў выплятальшчыкаў з вярбы. Ён японскай вытворчасці, таму вельмі востры. Тут ёсць плюс, што ім можна рэзаць вельмі дакладна і прыгожа лазовыя паясы, але мінус, што можна лёгка парэзаць рукі. Таму тут выбірайце. Магчыма пачынаючым будуць лепей секатары “традыцыйныя” садовыя, а спакойным ці вопытным кушкарам, вострыя як на фота.
Іглы
За паўтары гады паспеў папрацаваць з трыма рознымі ігламі. Першую іглу даволі хутка замяніў на шыла для абутку, якое набыў да 2-3 у.е. Гэта сур’ёзнае паніжэнне кошту. Бо папярэдняе каштавала 40 у.е. Розніца адчувальная. Пасля знайшоў галандскую іглу, за 15 еўра. Таксама добрая.
Шыла для абутку даступнае па кошту і даволі добрае, бо не разрывае салому, а пры працінанні яе разсоўвае ў бакі. Такім чынам робіцца больш прыгожы зплёт і цэласны каркас. З мінусаў, што пры плотнай касе часам трэба некалькі разоў працінаць адтуліну, каб лепей прайшла палоска лазы. Гэта забірае час і трохі сілаў.
Наконт галандскай іглы. Яна дазваляе павялічыць прадуктыўнасць. Нават на тоўстай касе (55мм) можна зрабіць некалькі дзюр і паспяхова аплесці іх. Гэта эканомія часу. Я зрабіў каля 5 кушак з дапамогай такой іглы. Атрымалася эканомія 1-2 гадзіны на кушцы. У суме замест 9 гадзін патраціш 7-8. Але ёсць мінусы ў гэтай іглы. Яна мае рэзкія края, таму пры працінанні разрывае салону. Яшчэ не ведаю, як гэта будзе ўплываць на доўгатэрміновую эксплуатацыю кушкі. Тут важна прыняць да ўвагі, што ўсе вуллі для карыстання будуць урэшце пакрыты ахоўным слоем. Таму “эстэтыкі” зшывання нябачна ў любым разе. Трываласць гатовай кушкі выглядае прыймальна.
Конусы (стажкі)
Найменшая таўшчыня сценка ўжытачнай кушкі складае 30 мм. Меншая таўшчыня абумоўлівае меншую трываласць і цёпласць. Таму я выбіраю таўшчыню сценкі пры сплятанні 40-50мм. Большая таўшчыня таксама добра, але пры выплятанні такую касу нялёгка ўтрымліваць у руцэ нават пры наяўнасці стажка. Таўшчыня 40-50 дадае вагу кушцы, аднак яна атрымліваецца трывалая і выглядае больш устойлівай да зменаў надвор’я.
Пры выплятанні не раю вельмі туга забіваць саломай стажок. У такім выпадку кіруемасць саломы памяшнаецца. У выплятанні самае галоўнае – гэта кіраваць саломай, а не быць кіраваным ёй. Таксама пры плотным закладанні перамяшчаць і пасля дапаўняць конус можа быць нялёгка фізічна. Таму варта запаўняць яго, каб было адносна лёгка перамяшчаць.
Нагадаю, што выкарыстанне стажка дазваляе:
(1) трымаць аднолькавую таўшчыню касы напрацягу ўсяго вырабу кушкі,
(2) а таксама забяспечваць магчымасць рабіць адразу шэраг сплётаў лазой без перазапаўненняў. Стажок дазваляе дадаваць салому на выкарыстанне цэлага поясу вябры (1-1.2 метры), такім чынам праца становіцца рытмічней і паскараецца рабленне вуля.
(3) Яшчэ дадам, скругленне па дыямтру кушкі і скручванне адносна восі касы, нашмат лягчэй з загружаным, але не перагружаным стажком.
Параметры кушкі
У мінулым артыкуле я пісаў пажаданы аб’ем кушкі 80-100 літраў. Я памыляўся. Гэта добры аб’ём для двух корпуснага пачалярства ў вуллях лангсрот ці нават дадант. Але навукоўцы вылічылі (сярод іх Томас Сілі), што аптымальным памерам, які выбіраюць дзікія мёдныя пчолы для засялення каля 40 літраў.
Ніжэй можна ўбачыць, што для цыліндрычнага вулля (нямецкая традыцыя пляцення), гэтая параметры могуць быць 36 см у дыяметры і 40 см у вышыню. Улічвайце што гэта ўнутраны аб’ём. Напрыклад, для стажкаватай формы кушкі (брытанская традыцыя), гэта можа быць 30 см дыяметр даху і 40 см вышыня.
Наогул прапанаваныя вышэй, гэта прыблізныя велічыні. Калі вырашыш плесці закругленыя вуллі. Можаш ужыць гэту спасылку для вылічэння параметраў сваёй кушкі ці прапанаваную формулу
V = (1/3) × π × h × (r² + r × R + R²).
h - гэта ўнутраная вышыня вуля
r - гэта ўнутраны верхні радыюс
R - унутраны знешні радыюс.
Перад пачаткам
Перад пачаткам галоўнае вызначыцца з формай і памерамі. Гэта дапаможа табе кантраляваць салому пры вырабе кушкі. Без ведання жаданай формы салома “прымусіць” змяняць кірунак у залежнасць ад яе вільготнасці, руху іглы, твайго настрою ці стомленасці. Без ведання памераў вельмі лёгка зрабіць за малую, занадта вялікую кушку. Асабліва напачатку раю перамерваць кожную касу – яе ўнутраны дыяметр. Праз нейкі час меранне рукой можа быць дастаткова. Але напачатку лінейка або рулетка істотныя ў дапамозе.
Калі вы прыдумалі форму і вызначыліся з памерам, падумайце места, дзе будзеце размяшчаць кушку. Проста паставіць кушку ў полі будзе не вельмі добра. Кушка павінна быць накрыта. Значыць, ці нейкі навес, ці адмысловы стэлаж для кушак, ці свабоднае месца на дроўні неабходныя. Вырашай сама ці сам і прадумванне будучага месца загаддзя, спросціць працу пры інсталяцыі кушкі ў “рэальных умовах”.
Падлік і замочванне лазы. У першым артыкуле і пісаў пра вечар напярэдадні. Але зараз магу сцвярджаць, што лазу можна замочваць і за некалькі дзён. Яна можа ляжаць у вадзе нават тыдзень. Лаза не губляе свае якасці, а нават больш, становіцца больш пластычнай, як тонкі так і тоўсты канец лазовага поясу. Таму найлепей 1-2 дні перад пляценне змачыць, а пасля падкладаць новую лазу з улікам дынамікі твайго выплятання.
Напрыклад, я раблю кушку ў сярэднім адзін тыдзень. Па вечарах 1-1.5 гадзіны перад сном. Часам здаралася і даўжэй. Я кладу ў ваду першыя 20-25 паясоў лазы за 1-3 дні да пачатку. Калі пераходжу да скругленняў кладу яшчэ 25-30 паясоў (сценкі спажываюць найбольш лазовых палосак). Перад лятком дадаю яшчэ 20-25 паясоў лазы ў ваду. Гэтага звычайна мусіць быць дастаткова для сканчэння кушкі. Такім чынам заўсёды маю добра прамочаную лазу гатовую да камфорттнай працы.
У выпадках не гатовасці лазы, можна прамочваць таксама за 1-2 гадзіны да працы. Гэта лаза хаця будзе пластычнай, але хутка будзе губляць сваю гнуткасць пры выйманні з вады.
Пачатак выплятання
Мой першы спосаб пачатку кушкі я спыніў на сваё другой кушцы=) і вынайшаў для сябе два іншых: (1) слімак з пятлі і (2) слімак з вязанкі колам.
У руках мы маем пояс лазы і салому.
Слімак з пятлі
Гэты спосаб раю пачынаючым ці тым, у каго няма шмат сіл адразу скруціць 10-15 саломінаў у пятлю.
- Падбіраю пластычную найлепшай якасці лазу.
- Раблю з яе вузел (пятлю) на тонкімканцы, каб пралазіў палец у яго.
- Далей дадаю 1-2 саломінак і авіваю 2 разы лазой уздоўж кальца.
- Далей яшчэ 2 саломінкі. Авіваю два разы зноў.
- Далей дадаю 2-3 саломінкі. Завяршаецца першае кола.
- Так раблю да таго маманту пакуль таўшчыня баранка вакол пятлі(кальца) не дасягне 2-3 см. Палоску лазы ўвесь час авіваю праз адтуліну нашага першай пятлі.
- Урэшце калі мы дасягнулі гэтай таўшчыні ў касе павінна быць не менш 20мм у таўшчыню, пачынаем развіваць слімак спіраллю і робім другую акружнасць.
Слімак з вязанкі
- Тут адразу бярэм 10-15 саломінак папярэдне змочаных у вадзе, каб яны мелі добрую пластычнасць.
- Ад краю авіваем 5-7 разоў даволі моцна, але не занадта.
- Паралельна спрабуем утварыць кола з апляцёнай саломы.
- Калі кола атрымалася, захопліваем лазой абедзве касы, каб утварылася кола (пятля).
- Затым замацоўваем 1-2 абароты, каб кола не распалася. Гэта самы складаны момант.
- Дакідваем па 4-6 саломак на кожныя 2 абароты і таксама фарміруем баранак таўшчынёй 2-3 сантыметры.
- Як толькі баранак утварыўся і дзюрка пасярэдзіне баранка мінімалізавалася, мы гатовы да развіцця слімака.
Заўвага! Я люблю пакідаць дзюрку ў баранку як найменшага памеру, у ідэале, каб не пралезла пчала =) Малая дзюрка ў слімаку мінімізуе працу пры пакрыцці ахоўным слоем.
Развіццё слімака
На 3-4 абароце слімак мусіць набраць нам патрэбную на цэлай кушцы таўшчыню. Гэта канцэпцыя адрозніваецца ад той, якую прапановаў у першым артыкуле.
Развіццё слімака – гэта актыўнае дадаванне саломы. Але гэта таксама час найбольш складаны для кушкара, бо (1) дыяметр яшчэ даволі малы і кожны шматок саломы патрабуе ад нас больш і больш моцы, каб кантраляваць працэс. У гэтым выпадку, для паляпшэння кіравальнасці слімака, пачынам скручваць салому, а таксама можна яе трохі падмачыць.
Другая складанасць. У час, калі актыўна пашыраецца дыяметр, (2) мы мусім рабіць дадатковыя віткі, якія ўтрымліваюць трываласць зплёту. У маім выпадку, калі шырыня дасягае больш за два пальцы дадаю два віткі паміж зплётамі папярэдняй касы. Такім чынам, мы захоўваем шчыльнасць віткоў і ўстойлівасць канструкцыі. Яшчэ гэтыя дадатковыя зплёты дапамагаюць нам пазбегнуць “ламаных” формаў (актаэдраў ці пентагонаў). Іншымі словамі, ламанай касы, пры паваротах саломы па колу. Гэтыя павароты будуць да канца вулля, таму трэба да іх звыкнуцца, зразумець і палюбіць =)
Заўвага! Тут яшчэ будзе (3) трэці выклік. Гэта стык канца і пачатку палоскі лазы. Пра новы засвоены мною спосаб напішу ніжэй.
Дашак і закругленне
Тут яшчэ раз паўтаруся, дашак мусіць мець таўшчыню сценак як мага хутчэй! Таксама дашак даволі хутка пашыраецца. Напрыклад, калі вы маеце 30 мм сценку, пашырэнне на кожным абароце складае 60 мм = 6 см. Напрыклад, калі хочаш зрабіць дашак 20см у ўнутраным дыяметры, а дно – 45см. Значыць дашак трэба пачаць скругляць калі слімак дасягнуў 10-13 см, для плаўнага струглення. Для рэзкага можна пачаць з 15-17 см. Шмат залежыць ад жаданай табой формы. Пасля некалькіх зробленых кушак, пачнеш адчуваць гэты паварот.
У гарманічным зкругленні могуць дапамагчы правідла ці ўзоры ўнутранай формы кушкі. Іх можна прыкладваць да дашку. Гэта прыкладанне дапамагае зразумець як паварочваць і колькі.
Увага! Салому дадаем увесь час унутр нашай касы. Калі нейкія края саломы павыступалі, адпраўляем іх унутр зноў.
Рух іглы
Перпендыкулярны сценкам рух іглы дае роўную сценка ці дах. Як толькі змяняеш кут іглы адносна сценкі, ідзе закругленне. Хочаш моцнае закругленне змяняеш кут шыла рэзка. Раю змяняць кут шыла адносна сценкі праз поўны абарот. Часцейшае змена створыць вялікія загінанні і зменшыць трываласць кушкі.
Што маю на ўвазе? Калі, напрыклад, хочаш змяніць кут больш чым на 45 градусаў, паспрабуй першыя 4-5 сплётаў (авіванняў) змяніць на 10-15градусаў, наступныя 4-5 сплётаў на 10-15 яшчэ, наступныя 4-5 сплётаў – яшчэ на 10-15 градусаў. Такім чынам, будзе плаўны пераход на 30-45 градусаў. Наступнае кола такім жа чынам змяняць і праз 2 касы сценка будзе цалка вертыкальна. Вядома, можна рабіць хутчэйшыя павароты сценкі, але тут варта глядзець, якую чаканую форму хочаш атрымаць. Звяртай увагу наколькі трывалая канструкцыя атрымліваецца.
Сцены
Таўшчыня. Чым больш раўнамерней будзе каса (слой) у сваёй таўшчыні – унутраным дыяметры, тым дакладней памеры кушкі і раўней ніжні вянец (пра яго ніжэй). Раўнамернасць касы можна забяспечыць некалькімі спосабамі.
Першы спосаб дакладаць салому паступова. Па 5-10 саломін кожны 3-4 крокі (колькасць саломы залежыць ад рабочай таўшчыні касы). Гэты спосаб працуе добра, але забірае шмат часу. Бо трэба часта браць і ўпіхваць салому. Раю яго для пачаткоўцаў, каб найперш навучыцца кантраляваць салому, таўшчыню касы і скругленне вулля.
Другі спосаб паскарае працэс. Трэба перамясціць стажок да месца плёту і пры даданні ахапкі саломы (15-20 саломін) зрабіць скос даданай саломы. Каб пры ўстаўленні ў цэнтр касы, яна ўваходзіла як кап’ё. Далей дадаць 2-3 такія ахапкі такім жа спосабам, парушаючы стажок на ўзровень усування ахапкі. Пасля падсунуць стажок вышэй да месца дадання апошняй ахапкі. І паўтарыць дзеянне 2-3. Такім чынам за раз мы дадаем каля 120 саломак. З мінусаў такога спосабу – несплецная каса пачынае выступаць даволі далёка. На 1,5 метра. Можна таксама зрабіць лёгка памылку і ўставіць дзесці больш, а дзесці менш саломы. Гэты спосаб добры, калі ўжо асвоілася з першым спосабам.
Падпраўляць дыяметр кушкі. Гэта трэба рабіць, як мага часцей. Можна мераць лінейкай ці рулеткай, каб атрымлівалася роўнае кола. Я раблю з дапамогай рукі “па лакцю”. Напрыклад, правяраю дыяметр ад лакця да далоні засоўваючы локаць на апошнюю сплеценую касу. Потым разварочваю кушку на 90 градусаў і зноў правяраю. Магу яшчэ павярнуць на 45 градусаў, каб ужо дакладна было, як трэба. Можна проста рабіць на вока. Калі давяраеш свайму воку =)
Ляток
Вось мы падабраліся да лятка. Тут адбылося шмат зменаў у маёй тэхніцы вылятання.
Зараз я карыстаюся спосабам “ляток пад касой”. Выплятаем сценку як звычайна. У месцы, дзе хачу зрабіць ляток проста працінаю касу па сярэдзіне (ці на адной траціне)таўшчыні касы і пераплятаю з папярэдняй касой як звычайна. Дзе ляток заканчваецца вяртаю да звыклага шыцця на поўную пятлю.
Выразаю канцэлярскім нажом салому толькі тады, калі ляток прашыў напоўніцу і яшчэ 15-20 см далей. Такім чынам, маю добра прашытую ўстабілізаваную касу.
Як паказаў мой гадавы досвед такое рабленне лятка дае больш кантролю і абсалютна не напружвае чаканнем: а як жа там далей пасля лятка ўтрымаць адрэзаную частку саломы.
Велічыня лятка. Даследванні таго ж Томаса Сілі паказалі, што аптымальная даўшчыня лятка 2 квадратныя дзюймы, гэта каля 12-13 сантыметраў квадратных.
Увага! Памятаеце, мы пастаянна круцім салому на 5-10-15 градусаў кожныя некалькі сплётаў ад самага пачатку раблення слімака. Дык вось на ўзроўні лятка (ці нават трохі раней 5-10 см) трэба прыпыніць гэту практыку і выраўняць салому гарызантальна, загінаючы яе толькі па дыяметру. Тады пры стварэнні атрымаецца ляток прамавугольнай формы, а не трохкутніка ці трапецыі.
Вянок
Вянок (вянец) – гэта апошняя каса, якая кантактуе з паверхняй, на якой стаіць кушка. Пры яе выплятанні важна ўлічыць некалькі мамантаў: (1) плаўнасць заканчэння кушкі, (2) найбольшы знос гэтай часткі кушкі.
Плаўнасць заканчэння дасягаецца праз ужыванне двух прыёмаў у пары. Першы прыём – гэта я перастаю накручваць салому дзесці на апошнім паўколе (вядома яшчэ раней я перастаю дадаваць салому), а проста яе плаўна загінаю па дыяметру кушкі. Адначасова з гэтым пачынаю прашываць папярнюю “касу над” пасярэдзіне таўшчыні (а можна нават на двух трацінах). Разам з гэтым укладаю сплятаемую частку саломы да папярэдняй касы так, каб сплятаемая салома паўтарала (акругласць) форму папярэдняй касы. Такім чынам апошняя каса пачынае “ацякаць папярэднюю”. Калі так рабіць, плаўнасць будзе забяспечана.
Увага! Адразу па сканчэнні вянца, раю “стабілізаваць” дно кушкі. Стабілізаваць, значыць, параўняць яе з гарызантальнай паверхняй, зрабіць плоскай. Як гэта зрабіць? Можна згінаць, націскаць, трохі накручваць, каб дасягнуць плоскага дна. Іначай праз час, калі палоскі лазы высахнуць, эластычнасць кушкі зменшыцца і складаней будзе выпрастоўваць дно. Плюс верагоднасць парваць лазу можа быць большай.
Аплятанне вянка
Плоскае дно – гэта яшчэ не канцоўка кушкі. Пасля стварэння фінальнага вянка, можна яшчэ аплесці яго ніжнюю частку. Гэта аплятанне можа ўзмацніць дно. Я зрабіў такое аплятанне ў шэрагу сваіх вулляў, даверыўшыся пакаленням папярэдніх кушкароў. Тэсціраваць гэты дадатковы аплёт буду ў бягучым 2026 годзе.
Апісаць гэту з’яву славамі даволі складана. Агульны падыход такі. Бяру тры добрыя лазы. Першую лазу пашыралі пад пятлёй тоўстым краем. Потым працягваю тоўсты канец, раблю яго доўгім. І зноў прашываю пятлю, якая знаходзіцца праз дзве пятлі ад прашытай па руху выплятання. Вось паглядзі на фота. Недастаткова?
Выплятанне
Робячы кушкі я прыняў для сябе новую сістэму стыкаў лазы – калі адна лаза завяршаецца, а другая пачынаецца. Зараз гэты стык раблю двума спосабамі.
Эстэтычны. Гэта значыць спляцення не бачна на ўнутраным і знешняй паверхні. Што сапраўды эстэтычна.
Практычны. Гэты спосаб на мой погляд лягчэйшы. Тэхніку гэтага стыку апісаў у папярэднім артыкуле. Галоўнае разумець, што на знешнім баку гэты стык бачны. Ён дарэчы таксама эстэтычны, а пры пакрыцці ахоўным слоем наогул не бачны.
Тут распавяду пра эстэтычны стык.
- Калі засталося каля 10-15 сантыметраў палоскі лазы (тоўсты яе канец), бяру новую палоску і прасоўваю тонкім канцом пад німі ўздоўж некалькіх (лепей 3-4) петляў.
- Захачаю гэту падсунутую лазу зачапленнем за 2 ці 3 прадапошнія петлі.
- Далей бяру канцоўку (тоўстую) першай палоскі лязы, якая заканчваецца, згінаю яе ўздоўж касы. Яна таксама павінна быць паралельна пачатку новай.
- Пасляновую касу працягваю пад старой і загінаю яе ўніз. Уласна ў тым кірунку куды мусіць ісці яна (новая каса).
- Раблю аплёт новай палоскай і мацую той тоўсты канец старога аплёту.
- Потым яшчэ раз аплятаю, каб было моцна. Стык палосак завершаны. Далей выплятаю як звычайна.
Як глыбока працінаем салому
Мой досвед паказаў, што пра сплёце косаў салому напачатку на лепей працінаць на палову пакуль каса не атрымала патрэбнай таўшчыні.
Калі маем дастатковую таўшчыню касы можна працінаць на ¼ (чацвёртую) ці ⅓ (трэцюю), гэта глыбіня робіць кантакт паміж верхняй і ніжняй касой устойлівым і крэпкім. Такое сшыванне дае магчымасць мець ужытковы вулей нават на таўшчыні сценкі (касы) 30 мм.
Пры сшыванні косаў меншым паглыбленнем, чым 1/4 паміж косамі могуць утварыцца прамежкі. Гэта не значыць, што яны ўтворацца, але верагоднасць утварэння гэтых дзюр паміж косамі, асабліва на зкругленнях павялічваецца.
Маю яшчэ адзін аргумент за больш глыбокае працінанне. Лаза застрае паміж сцёбламі саломы касы. Яны яшчэ скручваюцца ўздоўж сваёй восі і таму моцна утрымліваюць палоску лазы. Пры больш мелкім працінанні косаў, часта даводзілася падцягваць касу некалькі разоў, каб не было тых прамежкаў. Гэта падцягванне больш напружвае руку і забірае сілаў.
Хвалі пры пляценні
Даволі складана адсачыць хвалю пры пляценні, бо адна каса накладваецца на іншую. Калі прыглядзецца можна заўважыць невялікія хвалі. У гэтых ваганнях няма нічога кепскага. Бо пры зкругленні сценкі гэта хваля ўтвараецца натуральна. На мой погляд яна надае кушцы ўнікальную форму і ачароўваючую непаўторнасць. Галоўнае рабіць выраўнанне ніжняга вянка (пісаў вышэй) па плоскасці.
Калі ўсё ж хочаш зрабіць ідэальную кушку, мусіш сачыць за таўшчынёй касы пастаянна. Стажок табе тут дапаможа і больш дробнае, але больш частае дадаванне саломы.
Ахоўнае пакрыццё
Ахоўны слой, кожух, пакрыццё – неабходны для паляпшэння канструкцыі кушкі і павелічэння яе даўгавечнасці.
Пасля першай зімы ўпэзніўся, што гэта важны кампанент, бо ахоўнае пакрыццё ратуе ад дажду снегу, сонца і змены тэмператур, як саму канструкцыю вулля, так і пчаліную сям’ю. Такім чынам, вулей служыць дольш. Сем’і маюць больш устойлівы баланс тэмпературы ўнутры: як у халодны, так і ў цёплы сезон.
Як зрабіць такое пакрыццё? Насамрэч гэта самая кінеэстэтычная частка працы з кушкай =)
Склад ахоўнага пакрыцця кушак:
- Кароўе ляпёшкі, лайно, у сваім артыкуле буду называць каравенец.
- Попел драўняны.
- Вада
Іх трэба яшчэ падрыхтаваць:
- Каравенец трэба ачысціць ад травы і саломы, наогул прыбраць усе кавалкі, якія больш за 5-10 міліметраў у тым каравенцу. Наогул аптымальны каравенец – сабраны ў маю з арганічнай фермы, калі квітнее найбольшая колькасць траваў і каровы адпаведна пасуцца на лузе, а не стаяць у хлеве на сене.
- Ваду бярэм для дадавання па неабходнасці і мыцця рук адразу пасля пакрыцця кушак.
- Попел ад дрэва прасеяць і прыбраць усе недагарэлыя і незгарэлыя часткі. Наогул лепей быць упэўненым, што вогнішча палілася толькі дрэвам і не было гумы, пластыку ці падобных рэчаў.
Іншымі словамі, чым менш кавалкі будуць у кампанентах, тым зручней і эфектыўней будзе працэс нанашэння ахоўнага слоя.
Прапорцый попелу і каравенцу яшчэ не вынайшаў, таму ўжываю прынцып інтуіцыі і калі бачу, што фінальны прадукт змяняе колер - гэта сігнал скончыць дадаваць попел.
Як прыгатаваць:
- Бяру ачышчаны каравенец і пераношу яго ў працоўную глыбокую міску
- Дадаю попелу па ўсёй паверхні.
- Перамешваю. Рукамі!=)
- Дадаю вады, каб зручна было наносіць на паверхню. І зноў перамешваю.
- Гляджу наколькі мяккая субстанцыя, калі занадта мяккая, дадаю яшчэ попелу.
Працэс нанашэння слою складаецца з 3-4 крокаў. Чакаем сонечнага надвор’я лепей без дажджу і з тэмпературай 10-20 градусаў.
Увага! Пакрываем толькі знешні слой кушкі!
Крок першы. Пакрываем усе шчыліны на сценках і дашак кушкі. Пакідаем сушыцца некалькі дзён. Можна паварочваць да сонца. Галоўнае, каб высахла ўсё цалкам.
Крок другі. Пакрываем як мага больш паверхні (дашак, вянец, вакол лятка) слоем, але не тоўстым да 5мм дастаткова. Таксама сушым некалькі дзён, каб усё высахла цалкам.
Трэці крок. Гэта выраўніванне. Падчас гэтага кроку можна выраўняць сценкі, дашак, дадаць на ніжні вянец. У сярэднім дадаць 5 мм матэрыялу. Лепей не перадазаваць, бо ў такім выпадку слой можа пачаць адвальвацца. Сушым цалкам. На сонцы.
Чацвёрты крок. Апцыянальны. Пасля трох крокаў могуць застацца непакрытыя месцы канструкцыі. Таксама варта паглядзець калі нешта тырчыць ці няроўна. Самы час каб дараўняць. Раю ўважліва праглядзець дашак, вянок, месцы вакол лятка. Таксама ўсё дасушыць і паставіць пад дах на захоўванне.
Такім чынам пакрыццё ахоўным слоем – гэта пакрокавы працэс, які займае каля 1 тыдня. Пры добрым сонечным надвор’і можа быць хутчэй, 4-5 дзён трэба выдзеліць на гэты працэс.
Увага! Хуткае сушэнне забяспечвае цвёрдасць слою. Пра больш працяглым сушэнню слой можа быць рыхлым. Таксама рыхласць могуць дадаць розныя насекомыя як жукі, мурашы, якія карыстаюць каравенец, як будаўнічым матэрыялам для сваім патрэбаў. Пры такой сітуацыі лепей зняць рыхлы слой і перамазаць тое месца кушкі.
Снозы або мацуючыя кійкі
Снозы – гэта кійкі, якія ўжываем для ўмацавання сотаў. Справа ў тым, што пчолы мацуюць соты да столі і часам да сценак свайго дзюпла. Гэтага недастаткова для пчаляра. Асабліва пры праглядзе вулля. Таму пчаляр-кушкар працінае гэтымі кійкамі сценкі кушак на некалькіх узроўнях. Калі пчолы будуюць соты, яны замацоўваюць іх у тым ліку да кійкоў. У выніку ўзнікаюць жорсткія мацаванні пасярэдзіне соты, а не токлькі па краях. Соты становяцца ўстойлівей і трывала трымаюцца пры перавозках кушак, перасяленні пчол, або праглядзе.
Я выкарыстоўваю два спосабы мацавання снозаў: (1) спосаб “кветка”, (2) раўналеглы.
Спосаб “кветка” заключаецца ў тым што на першай верхняй траціне (амаль паддашкам) выплеценай кушкі працінаю двума кійкамі пад вуглом 90 градусаў сценкі адзін пад адным. Утвараецца “крыж”. Пасля перамяшчаюся ніжэй. Можна пасярэдзіне ці трохі ніжэй на 45 градусаў адносна першага крыжа ўстаўляю пад вуглом 90 градусаў наступныя два кійкі адзін пад адным. Такім чынам, маем 4 кійкі ўтыкнутых пад вуглом 45 градусаў. Калі глядзець праз дно кушкі, атрымліваецца накіраваныя ў розныя бакі пялёсткі “кветкі” - снозы. Гэты спосаб найбольш пасуе, калі мы не ведаем як пчолы будуць будаваць соты. Пры любым будаванні гэта канструкцыя будзе добра трымаць соты.
Наступны спосаб “роўналеглы”. Гэты спосаб найлепей карыстаць, калі мы перазасяляем кушку, ці ўжо маем сляды раней будаваных сотаў. Кійкамі працінаем сценкі кушкі перпендыкулярна размяшчэнню слядоў сотаў. Найбольш верагодна. Што пчолы будуць будаваць соты ў тым самым кірунку, ідучы па слядах папярэдніх сотаў. Утыкнутыя паралельна снозы будуць трымаць перпендыкулярна адбудаваную соту наймацней. У канцы пад двума (ці трыма) ўзроўнямі размешаных паралельна снозаў мы можам зрабіць адзін кіёк перпендыкулярна. Яго можна зрабіць над ці пад лятком.
Увага! Калі вы жадаеце мець прастору для міскі з кормам (мёд, сіроп) для пчол у неспрыяльныя для іх час, раю апошні ніжні сноз утыкаць на ўзрозні, каб ён не перашкаджаў місцы падстаўленай на “дно” кушкі. На мой погляд варта ўлічыць 12-15 см вышыні ад дна.
Куды яшчэ можна рухацца
Як бачыш, з апошняга допісу адбылося шмат змен у рабленні кушак. Бо мой досвед дапоўніўся практыкай утрымання пчолаў у кушках, а таксама назіраннямі за іх развіццём.
Што яшчэ можна развіваць пры пачатку кушкарства. Можа спатрэбіцца адмысловае пчалярскае зубіла, непадобнае да таго, што мы прывыклі бачыць у сучасным сёння пчалярстве. Таксама можна рабіць раёўніцы з саломы, якія дапамогуць працаваць з перасяленнем пчолаў. Таксама магчыма развіваць мёдні-надстаўкі ці падстаўкі для вуля. Невынайдзена чароўнай формулы для пакрыцця кушкі. Можна будаваць найбольш экалагічныя і эканамічныя стаякі і навесы для заселеных кушак. Урэшце няма сучаснага беларускага слоўніка, які б апісваў кушкарства універсальна. Шмат працы, праўда?
На гэтым у мяне усё! Спадзяюся, вы атрымалі даўку ведаў і натхнення пачаць ці працягваць стары-новы, а дакладна экалагічны спосаб узаемадзяння з пчоламі.
Таксама рады вашым данатам на баймікофі. Яны дапамагаюць мне публікаваць артыкулы ў гэтым блозе з падвойным энтузіязмам. Дзякуй усім, хто мяне падтрымлівае!