Гэты пост я напісаў палову гады назад. Даў яму адляжацца. Перачытаўшы, зразумеў, што актуальнасць засталася. Таму, трохі прычысаўшы, дадаю ў стужку блога Талаша.
Немагчымасць свабоднага доступу да афіцыйнай інфармацыі падтрывае адносіны да законнасці ў краіне, таго, што “кранаецца” ўсіх, але да таго, чым валодаюць толькі “абраныя”.
Зараз разбярэмся, як у лічбавую эпоху законы ў Беларусі сталі прадметам лічбавага гандлю. Адпаведна ў каго няма грошай на гэтым рынку - няма месца. Не апошняе месца ў ім сыграла прымяннее сучаснага аўтарскага права (далей, капірайту).
Першая частка пра “Як знікаюць падручнікі” падштурхнула мяне да працягу раследвання. Другі прыклад тычыцца доступа да законаў. Але перад тым, як яго разглядзець, уявім сітуацыю, калі вам падабаецца нейкая гульня і вы ўступаеце ў яе.
Гульня і правілы
Вядома, вы будзеце асцярожна папярэдне вывучаць яе правілы, і калі яны будуць прымальнымі, тады ўступаеце ў гульню напоўніцу. Калі правілы не спадаюцца, вы можаце выйсці з гульні або змяніць іх.
Можа быць іншая сітуацыя. Так здараецца нават часцей. Калі гульня падабаецца, вы ўступаеце ў яе і на практыцы вывучаеце яе правілы. Калі плюсы перавешваюць цяжкасці правілаў, вы працягваеце, калі - не, вы пачынаеце або канфліктаваць з правіламі, парушаючы іх яўна або схавана, або выходзіце з гульні. Калі, канешне, не вырашылі іх змяніць.
Не ўзнікае спрэчкі, што законы з’яўляюцца тымі творамі інтэлектуальнай працы чалавека (не будзем ацэньваць тут якасць гэтай працы), якія нават сённяшнім, паталагічны аўтарскім правам (капірайтам), абазначаны як выключэнне і таму ніяк не ахоўваюцца.
Але калі запароліць доступ, зрабіць платную падпіску (зрабіць гэты рэсурс абмежавана даступным), атрымліваем сітуацыю, што для таго, каб даведацца пра законы, трэба плаціць за іх грошы. Але хто вырашыць стаць Робін Гудам і расшарыць доступ у абыход такіх сістэм падпіскі, будзе пастаўлены па-за законам.
Хтосці можа не згадзіцца і сказаць, што доступ да кодэксаў і канстутуцыя на права.бай адкрыты. Але тысячы іншых прававых актаў (законаў, пастановаў) - не. Што гэта значыць?
Гэта значыць, што вам неаходна падпісацца і плаціць памесячна або па суткам, каб мець доступ да свежых законаў - правілаў гульні, па якім мы жывем.
Эталон-онлайн
А зараз вернемся да прыклада. Нацыянальны цэнтр Прававой інфармацыі, распачаў праект, якія назваўся “Эталон-онлайн”. Нейкі час шматлікія законы размяшчаліся на партале pravo.by , але пасля пачалі перамяшчацца на пляцоўку Эталон. Вядома, можна толькі ўявіць тэхнічныя і арганізацыйныя прычыны такога руху, але важна тое, што доступ да законаў, якія раней былі адкрытыя, стаў платны.
Гэты платнасць канфліктуе са слоганам “Мы делаем право доступным для всех”, які месціцца ў самым нізе старонкі аб распрацоўшчыку і суседнічае з сістэмамі аплаты, якія прымае сэрвіс.
Так доступ да кодэксаў застаўся адкрыты, але, каб прачытаць закон аб аўтарскім праве, трэба заплаціць за падпіску.
Дарэчы, таксама на партале “Эталон” складана знайсці нейкую зразумелую дамову далучэння (terms of use), таму можна меркаваць, яна выражана праз знак капірайта ў назве ўстановы, якая месціцца ўнізе сайта. Гэты надпіс не абавязковы ў сённяшнім капірайт рэгуляванні, але ён яўна дае паняць, што ўсе прадукты знаходзяцца пад аховай. Што можна рабіць з базай законаў, вырашае праваўладальнік - НЦПІ: што ім прама не дазволена, забараняецца. Тут мы бачым іншы прыклад прыватызацыі грамадскага, але на гэты раз бізнэс па гандлю законамі прыстроіўся, не як асобная ўстанова (чытайце частку 1), але ўнутры дзяржаўнай установы.
У Мінску нейкі час з’яўляліся плакаты, што сур’ёзныя хлопцы і дзяўчаты з нацыянальнага прававога партала ведаюць законы нашай краіны і, тым больш, маюць іх афіцыйную (!) версію. І вось менавіта сцверджанне таго, што афіцыйная версіяй валодае права.бай і гатова прадаставіць доступ да яго за грошы ўзнікае пытанне: на якой падставе ўстанова, якая фінансуецца з бюджэта пачала спаганяць грошы за доступ да законаў?
Нас глабальна запрашаюць у гульню, правілы для якой трэба набыць, але выйсці з гульні мы не можам. Іншымі словамі, падобная прапанова з’яўляецца кабальнай, гэта значыць навязанай дзяржавай, што парушае не толькі канстытуцыю, але і, так званы, закон аб аўтарскім праве.
або вось такі доступ да закона "Аб абароне правоў спажыўцоў"
Аргументы "бізнесмэнаў"
Прыхільнікі платнага доступу (гэта звычайна дзярж служачыя) да законаў звычайна прыводзяць наступныя аргументы:
- Інфраструктуру трэба падтрымліваць.
- Склейваць версіі законаў - гэта вельмі складаная праца, якая павінна аплочвацца.
- Пакажыце прыклад, дзе доступ да законаў бясплатны?
- У нашай базе ёсць шмат артыкулаў, якія пісалі аўтары, калі мы раскрыем гэтыя артыкулы, атрымаецца, мы парушым аўтарскую дамову.
- Усё бясплатнае ў бібліятэках.
Першы пункт тычыцца інфраструктуры. Мне як грамадзяніну цікава паглядзець, якія выдаткі ідуць на падтрыманне інфраструктуры права.бай. Колькі ідзе з бюджэту, і колькі не хапае.
Другое пытанне - складанай працы. У каго яна простая? Цікава паглядзець колькі супрацоўнікаў НЦПІ, і чым яны будуць займацца, калі не будзе Эталона. Магчыма злучаць законы, гэта і ёсць штодзённы абавязак супрацоўнікаў Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі і даводзіць яе да грамадзян?
Трэці пункт любяць выкарыстоўваць калі вычэрпваюцца аргументы. Ён насамрэч павінен мала цікавіць нас, бо можна знайсці шэраг прыкладаў бясплатнага доступа да законаў, як сярод блізкіх суседзяў (Украіна), так і вялікіх краін (ЗША). Але мне важна, што законы - гэта базавыя правілы “гульні” у гэтым грамадстве, якія павінны быць даступны кожнаму (!). Інакш грамадзяне могуць заявіць, што не жадаюць удзельнічаць у гэтай “гульні” і пачнуць ствараць сваю.
І чацвёрты аргумент не залічваецца. Бо зараз кодэксы можна чытаць праз Эталон, а іншыя законы закрыты.
І апошні довад аматараў зарабіць: “Калі вы хочаце бясплатны доступ да законаў, ідзіце ў бібліятэку, і там вы ўсё знойдзеце”. Гэта не так. Канешне падпіска на газету Рэспубліка павінна адбывацца ў кожнай бібліятэцы, але шматлікія тэхнічныя нарматыўныя акты, спецыялізаваныя пастановы, інструкцыі наўрад ці знойдзеце ў раённай бібліятэцы. Падпіскі на Эталон-онлайн там таксама няма!
Больш за тое, дабірацца да бібліятэкі, у лічбавую эпоху, штораз, калі спатрэбіцца прагартаць нейкі закон, азначае, вялікія вытраты часу, а для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, паходы ў бібліятэку могуць стаць наогул недасяжнай раскошай.
І на дзесерт…
Супрацоўнікі права.бай скажуць вам, калі ласка, карыстайцеся пошукам па рэестру.
Я паспрабаваў зрабіць пошук, як гэта мог зрабіць грамадзянін, які ведае назву закона, і хто гэты закон прымаў (звычайна гэта парламент).
Але грамадзянін - “не юрыст”, можа не ведаць адначасова: нумар закона ў рэестры, і дакладную (да дня) дату прыняцця, і, о ганьба, нумар прыняцця! Калі вы гэтага не набярэце, вынік пошука будзе нулявы. Паспрабуйце!
Такая даступнасць настолькі складаная, што становіцца не эфектыўнай. Вось яшчэ адзін плакат тых, хто ведае закона сваёй краіны...
Ex post
Падсумую. У той час, калі законы становяцца ўсё больш і больш складанымі. Веды пра іх становяцца усё менш і менш даступнымі для шырокага кола грамадзян. З гэтага вынікае, што ведае і адпаведна прымяняе права вузкая група людзей, якая называецца юрыстамі і мае доступ да закрытых “грашовай сцяной” базы законаў.
У сваю чаргу, гэткая сітуацыя вядзе не толькі для бязграматнасці грамадзян і магчымасці імі маніпуляваць яшчэ больш, але і да манапалізацыі сферы інтэрпрытацыі законаў, яе рэфлексіі на калектыўным узроўні і адпаведна ўдзелу народа ў самакіраванні.
Іншымі словамі, практыка разбурае ідэальную канструкцыю, замацаваную ў шматлікіх канстытуцыях (і нашай таксама), дзе асноўнай крыніцай улады з’яўляецца народ, ну чытайце, грамадзяне.