Аватары дзеда Талаша. Частка 1. У падарожжы праз кібер балота

Гісторыя з Дзедам Талашом пачалася некалькі год назад. Але толькі зараз Талаш атрымаў увасабленне ў выглядзе блога. Якую думку хацеў перадаць нам партызан Талаш? Ці варта выкарыстаць яго сацыяльны досвед у сённяшняй сітуацыі?

Сапраўдны Дзед Талаш, сыйшоў у нябыт, але якасці партызана, ідучага праз багну складаных спляценняў міжнароднай палітыкі, падзення і ўзнаўлення імперыяў, адкрываюць нашчадкам магчымаць эксперыменту. Вобраз Талаша дае магчымасць пераасэнсавання наваколля. На гэты раз і ў кібер прасторы, і рэале. Вынаходліваць, кемліваць, разважлівасць палешука перадаецца наступнаму пакаленню. Набіраючы гэтыя радкі, я пачынаю будуваць мост. Сябры будуць шукаць падтрымкі Талаша, ворагі паважаць. Мая задача зрабіць, каб ніхто не застаўся абыякавым.

Маска на малюнку можа падасца знаёмай. Вобраз Ананімуса вельмі блізкі для шмат якіх актывістаў у свеце. Урады ўсё больш закрываліся ад людзей, але хацелі ўзмацняць кантроль над грамадзянамі. Такая сітуацыя патрабавала новых паводзінаў. У канцы 2000х з'явіўся ананімус - рух, які паказаў магчымасць моцнай сеткавай інтэграцыі, абазначыў каштоўнасці кібер эпохі. Даў веру аўтаномнай асобе ў любым месцы планеты - "людзьмі звацца". Ананімус стаў мастом для выхаду безмежнай свабоды камунікацый і сацыяльных эксперыментаў. Гэты рух - не рэакцыя, а адказ на непразрыстыя ўрады і палітыку. Ён нарадзіў міліёны радкоў коду, якія напаўняюць сеціва злучаюць стваральнікаў. Ананімус аформіў новую культуру.

Я доўгі час шукаў вобраз, сімвал, з якім можна пачаць справу па дэмантажу ментальнай дрыгвы навокал. У 2011 годзе гэта быў каларадскі жук. Вобраз жука пачаў прысутнічаць у маіх справах. Але жук застаўся незразумелым. Я спрабаваў знайсці адказ звонку. Гэта тыповы падыход: адыйсці ў бок і шукаць адказ, назіраючы за сістэмай. Каларадскі жук вельмі моцна агаляе вобраз шчырага загнанага за сахой беларуса. Ён паказвае, што карняплоды будуць знішчаны, ня гледзячы ні на што. Але адвечная сансара падалася нашмат бліжэй мясцоваму характару. Згібацца, разгібацца ў пошуках знішчальніка бацвіння пакуль больш прыярытэтна. Так саху замянілі рублевыя уклады, якія абасцэнваюцца яшчэ хутчэй, чым жук мог знішчыць. Хто ж на гэты раз знішчае працу шчырага беларуса? Магчыма адказ будзе знойдзены, але, як мінімум, трэба разагнуцца і паглядзець навокал. Гэта няпроста. Вернемся да Талаша.

Дзед Талаш - тутэйшы, мясцовы, свой. Зараз ён з сучаснымі праблемамі выкарыстоўвае і сучасныя метады. Дубальтоўка таксама спатрэбіцца. Час неспакойны. Але ноутбук, планшэт, веды пра сучасныя тэхналогіі могуць быць яшчэ больш моцнымі сродкамі пабудовы супольнасцяў і іншага парадку спраў.

Дзед Талаш разумее дрыгву беларускага шляху. Рух жыцця не скончыўся. Сітуацыя развіваецца. Калі крочыць наперад, новыя абставіны пастаянна будуць вымушаць вучыцца прымаць рэальнасць і рабіць выбар. Дзед Талаш вучыцца яго рабіць. Мемы "адвечны шлях", "на ростанях" і "людзі на балоце" - гэта ўжо ландшафт. Матэрыял для будаўніцтва. Яны - не ўнутраны стан. Рэфлексія адбылася. Выбар зроблены. Дубальтоўка зараджана.

У допісах гэтага блогу я буду шукаць гуманітарныя, тэхнічныя і арганізацыйныя адказы на сённяшнія выклікі. Безумоўна, Талаш - болей, чым блог. Ён будзе, і шлях, і мост ў падарожжы праз кібербалота.

У шлях.