Рушыць старыну і ўводзіць навіну

Сёння не назавеш беларусаў вельмі паспяховымі. Я маю на ўвазе грамадства і краіну. Таму я ўпэўнены, што маё пакаленне, мусіць рабіць працу над памылкамі і рухацца далей.

Кніга “Чаму нацыі занепадаюць” можа напоўніць гэту інтэлектуальную і арганізатарскую працу новым зместам. І даць будаўнікам іншай Беларусі больш сілаў і ўпэўненасці. З чаго трэба пачаць? Як рабіць першыя крокі? Вельмі істотныя пытанні.  

Вы разлічваеце, што дастаткова правесці адкрытыя выбары ў парламент, і дэмакратычна абраць новага прэзідэнта, гэтага будзе дастаткова. Памыляецеся.

Беларусь чакае шмат трансфармацый. Але найперш мусяць адбыцца гэтыя трансфармацыі ў галовах тых, хто абярэ шлях пераменаў. Мы будзем шмат чаго адбудоўваць з нуля, не таму, што мы хочам нешта разбурыць. А таму, што без новых інстытутаў, наўпрост не атрымаецца адкрытага, наватыўнага і ўключанага грамадства.

Таму я пішу гэтыя радкі натхніўшыся аўтарамі кнігі “Чаму нацыі занепадаюць”, каб перадаць веды, якія дапамогуць нам, або будучым пакаленням, тварыць сацыяльнае больш ўсвядомлена і ўпэўнена.

Пра што кніга Асемоглу і Робінсана

Назва кнігі “Чаму нацыі занепадаюць” раскрывае асноўную соль твора Асемоглу і Робінсана. Некалькі год назад я чытаў кнігу тых жа аўтараў Вузкі калідор (2017). Там расказвалася, як грамадства знаходзіць баланс паміж клеткай норм і дэспатычным левіяфанам. “Чаму нацыі занепадаюць” была напісана раней. Ужо больш за 10 год назад, але яна мае актуальнасць для беларусаў зараз, а можа і надоўгія годы наперад.

Гэта кніга пра ролю інстытуцый: палітычных і эканамічных, ў дабрабыце нацыі. І наколькі гэтыя інстытуцыі ўзаемазалежныя. Наогул, дабрабыт тут – дакладна не чарка і шкварка (дача, тачка), а магчымасці грамадзян удзельнічаць у эканоміцы, палітыцы і грамадскім жыцці сваёй краіны.

Ад таго, як грамадства выбудоўвае гэтыя інстытуты, залежыць і вынік. Працэс будавання публічных інстытутаў, адбываецца даволі доўга. Ў некаторых краінах гэткае буданіцтва заняло 5-6 стагоддзяў, у кагосці, 3-2 стагоддзі, ці 1 стагоддзе. Але можна і хутчэй, 30-50 год… хіба апошні ёсць самы хуткі варыянт. Таму тым, хто жадае ў Беларусі падубаваць нешта іншае, чым зараз, варта наладзіцца на доўгі забег і складаную працу 2-3 пакаленняў. Калі зараз мы закладзем падмурак, а пасля нашыя дзеці і ўнукі працягнуць. Гэта норм.

Мадэль дабрабыту, па Асемоглу, назавем інстытуцыянальнай. Інстытуцыі праходзяць тоўстай чырвонай лініяй праз усе старонкі кнігі. І калі забыцца пра інстытуты, усё ляснецца, дакладней будзе працягвацца па заганнаму колу.  А зараз самы час даць вызначэнне інстытута, так, як яго зразумеў з гэтай кнігі:

Інстытут - гэта набор правілаў, якія забяспечваюцца і прытрымліваюцца пэўнымі арганізацыямі створанымі грамадствам напрацягу доўгага часу.

Для прыкладу, “прыватная ўласнасць” - гэта набор псіхалагічных установак, прававых актаў і арганізацыйнай дзейнасці публічных арганізацый, якія сочаць за выкананнем грамадзянамі правілаў (законаў) датычна ўласнасці (рэчаў і матэрыяльных правоў) індывідаў.

Іншыя прыклады інстытутаў: “сям’я”, “гандаль”, “выбарчае права”, “веча”, “рынак”, “прыватнасць”, “царква”, “суд”, “грамадскі транспарт”, “чынш”, “падаткі” і іншыя.

Экстрактыўнасць ці інклюзіўнасць

Улада звычайна жадае быць абсалютнай.

Гэта яе прырода. Такое жаданне пастаянна сустракаецца ў гісторыі Англіі, Францыі, Перу, Кітая, Конга… карацей геаграфія гэтай прыроды ўлады паўсюдная.

У нейкі момант грамадства вырашае - гэтаму не быць. І пачынаецца шмат канфліктаў, звычайна з вялікай колькасцю крыві і несправядлівасцяў.

Калі ўлада канцэнтруецца ў руках невялікай купкі людзей, мы яе называем дэспатычнай, тыранічнай. Такая ўлада базуецца на экстрактыўных палітычных інстытутах. Інстытутах, у якіх рух рэсурсаў і правоў арганізаваны ў адзін бок. Палітычна гэта сітуацыя выглядае так: у большасці адсутнічаюць правы, а ў тых, хто кіруе, правоў вельмі шмат. Няма выбараў, ці адкрытых дыскусій: хто мае рацыю, а хто не.

Тое самае па эканамічных інстытутах. Калі грамадства абкладзена падаткамі, і як кажуць “не прадыхнуць”. Каб адчыніць бізнес неабходна быць пры ўладзе, ці мець там сваяка. Альбо вытворцы могуць прадаваць прадукты толькі аднаму пасярэдніку, па заяўденым ім жа коштам. Ці ў краіне дзейнічаюць толькі вялікія прадпрыемствы куды зганяюць людзей. Гэта экстрактыўныя эканамічныя інстытуты, бо яны даюць магчымасць узбагачацца толькі невялікай купцы. Дарэчы, якая трымае і палітычную ўладу таксама.

Таму ўзаемасувязь экстрактыўных палітычных і эканамічных інстытутаў вельмі блізкая.

А зараз пра іншы бок гэтай з’явы. Інклюзіўны (уключаючы) палітычны ці эканамічны інстытут. Для прыкладу права галасаваць для ўсіх - інклюзіўна, замежны гандаль для ўсіх – інклюзіўна. Такім чынам, інстытут, які размяркоўвае і надае ўладу як мага больш шырокай колькасці называецца інклюзіўным. Ці, напрыклад, рынкавая плошча, на якой могуць гандляваць усе жыхары мястэчка ці горада - гэта інклюзіўны інстытут таксама. І вось такія інклюзіўныя інстытуты забяспечваюць паспяховасць нацый. Але як жа да іх перайсці?

Беднасць наўмысна

Дарэчы важна падкрэсліць, што некаторым нацыям можа не шэнціць нейкі час. І таму яны могуць быць не такія багатыя, як маглі б быць. Напрыклад, пастаянныя войны, ці нейкія прыродныя катаклізмы.

Але стваральнікі кнігі “Чаму нацыі занепадаюць” адзначаюць, што беднасць - гэта не ёсць нейкая наканаванасць лёсу.

Беднасць - гэта мэтанакіраваная палітыка, якую праводзяць эліты (кіраўнікі).

Для чаго, запытаеце вы?

Насамрэч для ўлады, якая трымаецца на экстрактыўных эканамічных і палітычных інстытутах, мае больш чым дастаткова падставаў, каб грамадзяне былі бедныя.

Напрыклад, калі грамадзяне становяцца багатымі. Яны больш могуць звяртаць увагу на навакольнае жыццё і пытаць, а чаму тут не так, а вось гэтак. Ці заможныя грамадзяне могуць з’ездзіць у свет і паглядзець: як жывуць іншыя краіны. Ці іншае, заможныя людзі могуць пачаць прэтэндаваць на саму ўладу. Таксама заможныя людзі патрабуюць больш якаснага кіравання, адукацыі. Гэта значыць, некампетэнтных і непаспяховых кіроўнікоў можна замяніць. Ды і працаваць людзі з высокім дабратытам не будуць за капейкі. А ўявіце: такіх людзей становіцца даволі шмат, яны пастаянна напружваюць тых, хто трымае ўладу, а яшчэ больш часцей, выстаўляюць сваіх людзей ва ўладу. Вось гэткіх “праблем” ўлада не хоча.

З іншага боку бедных людзей нашмат прасцей прымусіць рабіць рэчы, якія не сумяшчальныя з іх жа інтарэсамі, напрыклад, прапаноўваць нізкія заробкі, перасяляць куды заўгодна. Падобнае адбываецца ў Паўночнай Карэі, дзе большасць людзей жыве бедна, а партыйная эліта ў дарагіх асабняках з рознымі забавамі.

Мяркую, чытач атрымаў дастаткова прыкладаў, каб зразумець чаму беднасць - гэта мэтанакіравана, а не няшчасная доля беларуса.

На пасашок дадам. Праблема экстрактыўнасці эканомікі перацякае і ўпіраецца ў экстрактыўнасць палітычных інстытутаў. А калі грамадства вырашае, што трэба змяняць эканоміку, рабіць яе больш уключанай, за гэтым цягнецца палітыка. Атрымаць працяглай устойлівай уключанасці ў эканоміцы, немагчыма без адкрытасці і ўключанасці ў палітыцы. І гэта таксама прапісная ісціна. Аўтары кнігі “Чаму нацыі занепадаюць” правядуць вам дзясяткі прыкладаў, як гэта працавала і працуе па ўсяму свету. Запасіцеся ўвагай.

Інклюзіўнасць эканомікі і палітыкі ўзаемазалежна, гэтак жа як і іхняя экстрактыўнасць.

Дэкаланізацыя, дэкамунізацыя, люстрацыя

Цікава, што афрыканскія рэжымы пасля набыцця незалежнасці, і правядзення дэмакратычных выбараў, пачалі яшчэ ў больш фіерычнай форме эксплуатаваць мясцовае насельніства. Чаму? Гэта ж свае чорныя, а не белыя захопнікі?!

Інстытуты, якія выбудавалі каланіяльныя краіны былі найбольш эфектыўнымі па збіранню рэсурсаў у метраполію (экстрактыўны інстытут). Каб працягнуць уладарыць ва ўжо “вольнай” ад англічан, гішпанцаў, ці французаў краіне, трэба проста выкарыстаць інстытуты, якія яны пакінулі пасля сябе. А для таго, каб атрымаць максімальны эфект, гэтых інстытуцый, новыя кіраўнікі, пачалі яшчэ больш апантана высмоктваць сокі з насельніства. Для простых жыхароў нічога не змянілася. Дакладней змянілася ў горшы бок.

А пасля пачалося заганнае кола, якое проста ўшчэнт разбурыла шмат краінаў Афрыкі, якія мелі някепскія шанцы ў сярэдзіне 20 ст.

Таму дэкаланізацыя - гэта не проста замена людзей ва ўладзе. Дэкаланізацыя - гэта нашмат больш. Тлумачу на нашым прыкладзе -  Беларусі.

Калі вы яшчэ думаеце, што беларусаў каланізацыя не тычыцца, вы памыляецеся. БССР - гэта тая ж калонія СССР у свой час. Пра царызм наогул усё відавочна - Беларусь была паўночна-заходнім краем - калоніяй - і кропка.

Паразважаем, што Савецкая Імперыя пакінула нам каланіяльнага. Першае, гэта фіктыўную сістэму выбараў, так у Савецкім саюзе таксама былі “выбары”, але ніхто там не абіраўся. Назначаліся з Крамля. Вы хочаце абраць Таварыша Х, ці Таварыша Х з камуністычнай партыі? Вось і ўвесь выбар. Тое, што зараз маем. Усё прызначаецца.

Другая каланіяльная спадчына  -  калгасы, сёння яны называюцца аграхолдынгамі, але соль тая ж. Калгасы - гэта запрыгоньванне - Трэці Прыгон (The Third Serfdom) назвалі б даследчыкі Асемоглу і Робінсан. Ці працяг усё яшчэ Другога прыгона, якія для Беларусі не скончыўся ў 1861. Сэнс той жа. Сяляне пазбаўляліся не проста магчымасці весці свой аграбізнэс, але і наогул мяняць працу ці месца жыхарства. Пачынаеце намацваць, праўда?

Ужо ў гэтым годзе (2023) беларусам забаранілі мяняць працу на сельгас прадпрыемствах без згоды начальства. Вось таму “калгасы” - эстрактыўны каланіяльны інстытут. Забяспечваюцца толькі правы трымальнікаў улады.

Падчас Савецкай імперыі, у Маскве казалі, што рабіць у калгасе Пінскага ці Ганцавіцкага раёну, што расціць, і ў якім аб’ёме. З улікам, што ў першай палове 20 стагоддзя Беларусь была аграрнай краінай, калонія БССР выконвала сваю ролю ў жаданнях метраполіі: ўсё індустрыялізаваць.

Ну трэці прыклад на пасашок. Назвы вуліц гарадоў - гэта сімвалічны інстытут. Але ён не менш значны. Калі вы выходзіце ў горад, і штодзень сустракаецеся на вуліцы Леніна, Маркса, Камуністычнай, Свярдлова ці Камсамольскай,  воляй ня воляй дрэсеруецеся прызнаваць толькі адну праўду ў гісторыі, навязаную палітрукамі СССР. Імённы славутасцяў, якія былі раней за царскую Расію ці Савецкі саюз вельмі складана знайсці. Нейкія больш глыбокія пласты ёсць толькі ў вялікіх гарадах.

Яшчэ… “абавязковая адпрацоўка студэнтаў” таксама з СССР. Гэта таксама экстрактыўны інстытут. Дзяржава патраціла грошы падаткаплатнікаў, каб дзеці падаткаплатнікаў не маглі пасля працаваць там, дзе пажадаюць. Цікава, зараз такое запрыгоньванне адбываецца на ўзроўні і тых, хто самастойна аплочвае адукацыю. Кшталту, “вы аплочваеце недастаткова!” Пастаяннае павышэнне падаткаў ці абмежаванняш правоў без з’яўлення новых правоў ці агульных даброт - гэта экстрактыўных падыход.

Таму, дэкамунізацыя - гэта таксама працэс дэмантажу інстытутаў: “савецкага стылю выбараў”, “калгасаў”, “абавязковага размеркання студэнтаў”, савецкіх назоваў вуліц.

Такі дэмантаж, пасля пераходу ад дэспатыі да больш інклюзіўных інстытутаў, забяспечвае большую ўстойлівасць і мінімізуе верагоднасць вяртання. Новыя формы гаспадарання ў вёсках, новыя назвы вуліц, іншы падыход да выбараў, да сістэмы адукацыі -- заменяць экстрактыўныя інстытуты.

Але нават замена падобных экстрактыўных інстытутаў з каланіяльнага мінулага Беларусі, не ёсць усё. Яшчэ неабходна зрабіць люстрацыю. Люстрацыя - гэта памяншэнне палітычных і грамадзянскіх правоў тых, хто падчас экстрактыўнага перыяду (назавем, дэспатый, таталітарызмаў), быў ва ўладзе. Каб гэтыя людзі не маглі ўдзельнічаць у кіраванні далей. Бо яны ўжо самарэалізаваліся, як дэспаты ці тыя, хто падтрымлівае экстрактыўныя падыходы. Што ж ад іх чакаць у новых больш зручных для іх умовах. Так, рэваншу!

Таму люстрацыя - гэта неабходны крок ў аздараўленні краіны. Без яе верагоднасць адкаціцца назад ўзрастае.

Я не сказаў, пра крымінальную адказнасць функцыянераў экстрактыўных інстытутаў. Гэты працэс мусіць абавязкова адбыцца.

Падсумую сказанае у гэтай часцы. Неабходна, каб адбыліся ўсе тры фазы пераходу да інклюзіўных інстытутаў: палітычных і эканамічных.

  • Дэкаланізацыя - значыць мы незалежныя,
  • дэкамунізацыя - значыць прыбраныя інстытуты і сімвалы метраполіі, якія дазвалялі савецкай імперыі уплываць на нас, і урэшце
  • люстрацыя - выключэнне з палітычнага і грамадствага жыцця людзей, якія кіравалі ў каланіяльны перыяд.

Калі прапусціць хаця б адзін з гэтых пунктаў будзе адкат, амаль 100%. Гэта вам пакажа кніга “Чаму нацыі занепадаюць”.

Чаму знешні гандаль мусіць быць дэцэнтралізаваны

Беларусь - кантынентальная краіна.

Уявіце, што нехта адзін кантралюе знешні гандаль. Гэта азначае, што той, хто кантралюе знешні гандаль, кантралюе эканоміку. Вядома дзяржава рэгулюе гэту з’яву. Але іншая справа, як гэта рэгуляванне адбываецца.

Перад намі паўстае даволі творчая задача: як рэалізаваць знешні гандаль максімальна дэцэнтралізаваным чынам? Значыць, павялічыць колькасць эканамічных суб’ектаў, якія могуць гэты гандаль канкурэнтна здзяйсняць. Канкурэннасць - гэта пытанне эфектыўнасці і інаватыўнасці эканомікі. Як мы прачытаем ніжэй, працяглая інаватыўнасць эканомікі магчыма толькі ў выпадку, калі у краіне будуць працягла функцыянаваць інклюзіўныя эканамічныя і палітычныя інстытуты.

Прыклад пра рынак. Рынкавая эканоміка можа існаваць і ў экстрактыўных інстытутах. Але магчымасць быць суб’ектам, прадпрымальнікам, у гэтай гісторыі будзе абмежавана для большасці, ці, напрыклад, самыя даходныя галіны будуць манапалізаваны. Ці зарэгуляваны такім чынам, каб колькасць актараў там была дастатковай для трымання кантроля над сегментам эканомікі.

Дарэчы, тут англічанам сапраўды пашанціла з морам. Але, але усё не так проста з гэтым шанцам. Пасля ўсталявання манаполій на знешні гандаль, профіт з мора пачалі атрымліваць толькі тыя трэйдэры, якія былі блізка да цела, а дакладней Ост-Індскай Кампаніі і манархаў. Ад манархаў, гэта кампанія атрымлівала “патэнты” - манаполіі на гандаль нейкім відам тавараў. Неўзабаве Ост-Індская Кампанія стала супер магутнай карпарацыяй. Дык, вось, каб ліквідаваць гэту манаполію на гандаль англічанам таксама спатрэбілася патраціць больш за стагоддзе.

Таму пытанне гандлю: як ён адбываецца, і хто там галоўныя гульнёўцы - вельмі істотна для развіцця інклюзіўнасці публічных інстытутаў краіны.

Канфлікт як фактар устойлівасці грамадства

Важна адзначыць, што ўстойліваць інклюзіўных інстытутаў фарміруецца не праз маўчалівую згоду грамадства (шыльдавы кансэнсус) ў дачыненні да ўлады, а на аснове барацьбы розных частак грамадства за ўладу ў межах інстытутаў, якім давяраюць усе бакі гэтай барацьбы.

Падобная схема можа працаваць, калі створана цэнтралізаваная дзяржава. Якая можа выконваць свае функцыі на ўсёй тэрыторыі. Праз палітычную барацьбу грамадства знаходзіць нейкі інстытут (ці іх набор), які з’яўляецца найбольш інклюзіўным для свайго часу. Значыць дазваляе як мага большай колькасці жыхароў прымаць удзел у кіраванні краінай, ці нейкімі галінамі эканомікі, альбо сацыяльнага жыцця.

Напрыклад, інстытуты “выбараў”, “дэпутатаў”, “самакіравання”, “петыцый”, “кантролю за абранымі дэпутатамі”, “свабоды прэсы”, “свабоды меркавання”, “свабоды сходаў” і інш.

Напрыклад, у Брытанніі 18-19 стагоддзя гэта былі суды, петыцыі, парламент. Але нягледзячы на адсутнасць усеагульнага выбарчага права праз інструмент петыцыі і лабіраванне розныя сацыяльныя групы актыўна ўплывалі, як на парламент, так і на рашэнні манархаў.

У Аўстраліі найбольш упрывовым атрымаўся суд, які выроўніваў у правах звычайных каланістаў з аднаго боку і, з другога боку - сквотэраў, якія складалі тады эліту (гэта 18 пачатак 19 стагоддзя).

Ці, напрыклад, інстытут племянных саветаў і важакоў у Батсване. Нават пры цэнтралізацыі дзяржавы пасля каланіяльнага перыяду гэтыя два інстытуты захавалі сваю ролю. Такім чынам, кожны жыхар пустыннага племені ў Паўдневай Афрыцы, таксама мае ўплыў на палітыку ўрада для важакоў плямёнаў. Калі пагартаеце артыкул Вікіпедыі пра Батсвану, убачыце, як выгодна адрозніваецца гэта краіна ад большасці суседзяў сваім дабрабытам і інфраструктурай.

Але асноўнае што аўтары кнігі хацелі данесці, што паміж грамадствам і дзяржаўнымі інстытутамі заўсёды існуе напружанне. Гэта напружанне вырашаецца на публічных пляцоўках мірным шляхам (часам і не мірным). Праз некалькі стагоддзяў, ці ў лепшым выпадку некалькі пакаленняў фарміруецца культура, калі грамдазяне прывыкаюць да нейкага спосаба. Самае галоўнае: праз практыку прымянення культывуюць давер да гэтага інстытута, нягледзячы нават на тое, што могуць канфліктаваць пастаянна.

Таму магчыма ў Беларусі спрацуюць нейкія формы сваіх інклюзіўных інстытутаў. Але трэба паразважаць, якія інклюзіўныя інстытуты ў нас былі і працавалі (веча, “суд ля дуба”?). Ці стваральнікам іншай Беларускай дзяржавы спатрэбіцца спрабаваць нешта новае, і пасля "пілота" прымяняць шырэй і шырэй.

Заганнае кола і дуальная эканоміка

Гледзячы, як адбываецца закабаленне працаўнікоў і студэнтаў у сённяшняй Беларусі нявольна ўзнікае цікавая аналогія з кнігі. Экстрактыўным інстытутам наканавана пастаянна паўтараць сябе.

Гэта значыць у наступнай ітэрацыі інстытут становіцца яшчэ больш экстрактыўным. Чаму? Таму што толькі большы кантроль дае перавагу над супернікамі, якія борацца за ўладу таксама з дапамогай экстрактыўных метадаў. Аўтары кнігі назвалі гэткую сітуацыю заганным колам.

Праблема гэтага заганнага кола палягае ў тым, што ў транзітным перыядзе да інклюзіўнасці, без экстрактыўных інстытутаў, узнікае вакуум. А інклюзіўныя інстытуты больш павольныя, ці не набралі канкурэнтнай сілы, ці проста адсутнічаюць, бо ў экстрактыўных грамадствах не было досведу іх прымяняць.

Таксама варта зазначыць, што кіраваць экстрактыўным інстытутам нашмат прасцей з цэнтра. Таму эліты звычайна ўсталёўваюць экстрактыўныя эканамічныя інстытуты і адначасова прыбіраюць арганізаванасць (напрыклад прафсаюзы) тых, каго эксплуатуе. Такім чынам, узнікае сітуацыя, калі большасць будзе заўсёды менш арганізаваная, а эліты больш арганізаванымі. Эліты кантралюць экстрактыўныя інстытуты, а народ не можа іх змяніць, бо не мае магчымасці мірна арганізавацца. Напружанне ўзрастае некантралявана і часта прыводзіць да кровапраліццяў і разбуральных войнаў. Такое зачараванае кола яшчэ называецца Жалезным законам алігархіі.

Зараз пра дуальную эканоміку. Яе найбольшая праява рэалізавалася у Паўднёвай Афрыцы. Калі белыя ўрады стварылі інстытуцыянальныя перашкоды для чорных жыхароў: абмяжоўваючы іх удзел у палітычным, сацыяльным і эканамічным жыцці.

Атрымалася, што толькі 10-20% белага насельніства магло ўдзельнічаць ва ўладзе і працаваць на высокакваліфікаваных працах. Астатнія 80% - чорныя, адмыслова не дапускаліся займаць ні пасады, ні займацца прыбытковай дзейнасцю.

Хтосці можа сказаць, што чорныя жыхары самі не імкнуліся да гэтага і бла-бла-бла. Гэта не так, бо ў 19 стагоддзі чорныя жыхары мелі нашмат больш правоў і маёмасці. З пачатку 20 стагодзя, тамтэйшы белы ўрад прымаў заканадаўчыя акты, якія стваралі перашкоды для чорных жыхароў.

Логіка дуальнай эканомікі. Спачатку прапануецца вельмі нізкааплочваемая праца. Вядома людзі адразу не згаджюцца працаваць за грашы. Чорныя жыхары маглі жыць за кошт племянной структуры грамадства, які яны мелі да каланіяльны перыяд. Ці проста працаваць “неафіцыйна”. Гэта падштурхнула белую меншасць думаць, як можна эксплутаваць чорных. Наступны крок - гэта абкладанне насельніства рознымі падаткамі. Самымі экзатычнымі падаткамі, напрыклад на куст, на дрэва, на асла і інш. Каб чорныя вымушаны былі шукаць хоць, якую працу, для сплаты гэтых падаткаў. А заробкі адмыслова не падвышаць, каб узровень жыцця чорных трымаўся на ўзроўні “выжыванне”. Знаёма?

Як жа пераадоліць заганнае кола і дуальную эканоміку?

Некалькі рэцэптаў

У кнізе даследчыкі паказваюць, як паспяховыя, так і непаспяховыя рэвалюцыі, якія прыводзяць да змены характару і формы самакіравання ў грамадства. Я ўжо тлумачыў вышэй па тэксту: асноўная праблема палягае ў тым, што пасля спынення экстрактыўных інстытутаў узнікае сацыетальны вакуум.

Рэвалюцыянерамі могуць прапаноўвацца больш інклюзіўныя інстытуты. Але пакуль гэтыя інклюзіўныя інстытуты вельмі слабыя. Таму той, хто атрымлівае ўладу (уявім, дэмакратычным спосабам), стаіць перад пытаннем, як захаваць кантроль, і логіка ўлады падказвае, што трэба прымяніць такі ж экстрактыўны інстытут, як гэта было ў папярэднім рэжыме, каб канкурэнты не паспелі зрабіць тое ж.

Але ёсць прыклады пазітыўных трансфармацый. Значыць, рэвалюцыя можа прывесці да станоўчых зменаў. Так. Але як?

Што трэба дэмантаваць, я пісаў у часцы вышэй: “Дэкаланізацыя, дэкамунізацыя і люстрацыя інстытутаў”.

Аўтары “Чаму нацыі занепадаюць” прапануюць зразумелыя і надзейныя сцэнары “што зрабіць”, якія пацвердзіліся гісторыяй розных грамадстваў.

Што ж трэба стварыць:

1. Як мага больш людзей уключаецца ў прыняццё рашэнняў. На розных узроўнях. Улада у шмат якіх вымярэннях мусіць перамясціцца на мясцовы ўзровень (кіраванне падаткамі і бюджэтамі, грамадскі парадкам, самаабароны грамадзян, кіраванне гаспадарчай зямлёй і лясамі і г.д.). Падтрымка менавіта нізавых суполак дае магчымасць размяркоўваць палітычую ўладу.

2. Міжнародная фінансавая  дапамога мала дапамагае. Але, калі даць магчымасць людзям фарміраваць бюджэты розных ўзроўняў з падаткаў, і развіваць менавіта бюджэты ўдзелу, як мінімум на мясцовым і муніцыпальным узроўні, можа атрымацца станоўцы эфект. Бюджэт удзелу дае магчымасць грамадзянам кіраваць публічнымі грошамі, праз прамы ўплыў, на што будуць патрачаны грошы сабраныя з падаткаў.

3. Павінна будавацца тая інфраструктура, якая дазваляе закласці падмурак для росту інклюзіўных інстытутаў: дарогі, сувязь, школы, медыцына, месцы грамадскаг гандлю, мікрагрыды, устойлівая энергетыка і інш. ў месцы, дзе раней гэтага не было, ці было нізкай якасці.

4. Любая замена экстрактыўных палітычных інстытутаў мусіць адбывацца шырокай палітычнай кааліцыяй, якая стварае і (!) падтрымлівае ўключаныя палітычныя інстытуты.

5. Змены неабходна рабіць ў момант аслаблення ўплыву экстрактыўных інстытуцый (у critical junction). Гэтыя кропкі біфуркацыі даюць магчымасць змяніць грамадства ў больш інклюзіўным накірунку (як дарэчы і наадварот, пытанне, хто скарыстаецца сітуацыяй лепш).

6. Павінны ўводзіцца падыход кіравання “правам” (rule of laws). На гэтым падыходзе будзе ўсталяваны парадак.

На апошнім пункце, як хачу зупыніцца больш. Бо прынцып права (rule of law) часта падмяняюць у дэспатычных рэжымах “кіраваннем законамі” (rule by laws).

Прынцып права

Кіраванне законамі выглядае вельмі проста. Нехта піша законы, а нехта іх выконвае. Напрыклад, манарх піша нейкі закон абавязковы для ўсіх, акрамя яго і яго набліжаных. Калі вы падданы і парушыце закон, атрымаеце ўвесь спектр адказнасці. Вось гэта тыповы прыклад кіравання законам. А той, хто ва ўладзе можа атрымаць адказнасць, а можа і не атрымаць. Карацей, закон не для ўсіх аднолькавы ў такім падыходзе.

А вось прынцып права (rule of law) гэта нашмат больш складаней. У прынцыпе права прысутнічае канцэпцыя правоў чалавека, справядлівасці і ўсеагульнасці закона. Такім чынам, калі прымаецца закон, які не ўлічвае інтарэсы тых, хто будзе яго выконваць - гэты закон не разглядаецца грамадзянамі як справядлівы, ён ставіцца ўразрэз з правамі грамадзян. Гэты закон можа быць законным (бо прыняты па прапісанай працэдуры), але не з’яўляецца прававым.

Вядома ў нейкай інклюзіўнай краіне прымаецца шмат розных законаў, мы іх лічым прававымі. Бо яны распрацоўваюцца легітымным урадам, сфарміраваным праз волю грамадзян - праз выбары. Часам мы можам быць незадаволены некаторымі законамі, але прымаем іх, як прававыя, бо існуе давер да тых, хто гэтыя законы прымае. А дакладней інсуе агульнаграмадскі давер да інстытута, праз які прымаецца гэты закон.

Які гэта інстытут? Гэта комплексны інстытут складаецца з парламента, выбараў, дэпутатаў, заканадаўчага працэсу, выбарцаў, кадэнцый і інш. Карацей, каб зрабіць закон прававым (інклюзіўным), трэба шмат камунікацый і актараў, якія ўцягнуты ў гэты працэс.

Вядома тэорыя права - гэта доўга і глыбокая гісторыя. Але калі лаканічна, яно выглядае, як патлумачыў вышэй.

Як падлічыць беларускіх Эйнштэйнаў

Вось тут таксама даволі цікавая гісторыя.

Калі ў краіне падтрымліваць дастатковы ўзровень уключанасці і дабрабыту, колькасць геніяў на квадратны кіламетр будзе праблізна аднолькавай, як у Беларусі, так і ў Швейцарыі ці ЗША.

Level playing field - гэта тое, што задае пэўныя правілы гульні і мінімальныя магчымасці для ўсіх удзельнікаў грамадства. Калі ў краіне дабрабыт, шмат людзей можа думаць пра навуку, навуковыя дасягненні. А калі дзіцё не накормленае? Застаецца здабываць грошы на ежу любым спосабам. Таму хутчэй за ўсё ў неспрыяльных умовах, шанец быць механікам ці фермерам нашмат большая, чым навукоўцам ці вынаходнікам нейкіх новых інжынерных прыладаў ці будынкаў.  

Дарэчы, вы бачыце падобнае на прыкладзе развітых краін, дзе колькасць патэнтаў на розныя адкрыцці і інавацыі ў парадкі больш, чым у краінах, якія толькі часткова пакрыты электрычнасцю і наогул не маюць стабільнасці ў запасах харчоў для насельніства. Тут таксама варта звярнуць увагу на адносіны гэтага грамадства да самой наяўнасці заканадаўства, якое рэгулюе эканоміку ведаў.

Таму, каб мець развітую навуку трэба, каб накапіўся гэты самы дабрабыт. Як толькі ён будзе мець месца з’явіцца магчымасць для адкрыццяў. Разам са спрыяльным узроўнем і добра развітым полем для гульні павялічваецца колькасць вынаходнікаў. З сабой вынаходнікі прыносяць стваральнае разбурэнне.

Стваральнае разбурэнне

Як жа працуе гэта “стваральнае разбурэнне”? Новыя вынаходніцтвы і адкрыцці зробленыя незалежнымі гульнёўцамі даюць магчымасці гэтым актарам праяўляць большую свабоду і паказваць лепшую эфектыўнасць у бізнесе. Напрыклад, гэта прамысловыя машыны, ці інфраструктурныя рашэнні (чыгунка, электрычнасць, сувязь), ці распрацаваныя новыя кампутарныя праграмы. Новыя рашэнні з большай эфектыўнасцю ставяць пад сумнеў, як старыя спосабы вытворчасці, так і старыя спосабы кіравання.

Бо новае кіруецца па-новаму.

Вось тут і з’яўляецца заміначка, таму што трымальнікі ўлады, і тым больш бенефіцыяры экстрактыўных інстытутаў не ў захапленні, што нейкія незразумелыя ім людзі з новым светапоглядам аказваюцца больш паспяховымі, прыцягваюць і цікавасць і прыбыткі, а таксама давер і ўвагу. Гэта змяшчэнне цэнтра ўлады і называецца стваральным разбурэннем. На месца старога прыходзяць новыя спосабы вытворчасці, кіравання, адукацыі, а таксама новыя людзі.

Паказальны дзве рэакцыі на творчае разбурэнне.

Калі ў грамадствах з інклюзіўнымі інстытутамі, такіх людзей вітаюць. Бо яны патэнцыйная кропка росту дабрабыта большасці. Так, пазітыўнае стаўленне фарміруецца не роўна. На шляху адкрыццяў шмат перашкод, але інклюзіўны рынак, інклюзіўная адукацыя, дух адкрыццяў і прадпрымальніства дапамагаюць першапраходцам - шануюць іх, пакуль большасць грамадства сумняецца ці не звяртае ўвагу.

У грамадствах з экстрактыўнымі інстытутамі гісторыя зусім іншая. Для вынаходнікаў і першапраходцаў. Па-першае, не існуе, ні інфраструктуры ў грамадстве, ні інстытутаў, якія б падтрымалі таленавітых і смелых людзей, ні веры суграмадзян, што творчы чалавек можа змяніць нешта на лепшае(іншае).

Таму наватары ідуць да манархаў, алігархіі, ці арыстакратыі - трымальнікаў улады, каб неяк запэўніцца іх падтрымкай, ці хаця б нейтральнасцю. Такімі прыкладамі перапоўнена гісторыя 17-18 стагоддзя ў Еўропе.

Але праз нейкі час усё ж экстрактыўныя грамадствы ўлады могуць дазволіць развівацца тэхналогіям. Дакладней уладары такіх грамадстваў.  

Цікавы прыклад распаўсюда чыгункі ў 19 стагоддзі прыводзяць аўтары кнігі. У Аўстра-Венгерскай Імперыі, дзе доўгі час захоўвалася прыгоннае права, уладары адмыслова не развівалі чыгунку, бо яна магла прывесці да перапаўнення сталіцы і буйных гарадоў пралетарыятам. А пралетарыят, які прыехаў з ускрайкаў імперыі, не быў у захапленні ад жыцця пад прыгнётам.

Тое самае бачна ў Расійская імперыі на шматікіх мапах 1860х. Маецца толькі некалькі галінак чыгункі, хаця ў той час, як Заходняя Еўропа даволі сур’ёзна пакрыта чыгуначнымі шляхамі. І гэта не адсутнасць тэхналогій, гэта мэтанакіраваная палітыка.

Такі страх перад навацыямі разпаўсюджаны сярод эксткрактыўных грамадстваў. Канешне, пасля і дэспатычныя рэжымы пачалі будаваць чыгункі, але гэта адбылося толькі тады, калі, па-першае, яны адаптавалі сваю мадэль кіравання да новых тэхналогіяў (захавалі прыгнёт), а таксама вымушаны былі канкураваць на міждзяржаўным узроўні, як у ваеннай сферы, гэтак і ў міжнародным гандлі з іннаватыўнымі грамадствамі.

Дарэчы падобны лёс адукацыі і кнігадрукавання. Таму калі ласка не здзіўляйцеся, што ў Беларусі дэградуе адукацыя і кнігадрукаванне. Гэта вельмі залежныя працэсы ад характару інстытутаў, якія дамінуюць. Напрыклад, калі ў Англіі ў канцы 17 стагоддзя было  траціна адукаваных жыхароў, то ў Асманскай імперыі да пачатку 19 стагоддзя гэта лічбава вагалася ў межах 2-3%. Такі ж трэнд паўтарае і кнігадрукаванне у гэтых краінах.

Нарэшце пра давер

Самае складанае, але без чаго немагчыма пабудаваць інклюзіўныя інстытуты - гэта давер. Таму, калі мы, ці наступныя пакаленні, пачнем будаваць іншую Беларусь, трэба абіраць метады, якія будуць культываваць давер.

Давер не будуецца хутка.

Як і пісаў напачатку артыкула, некаторыя грамадствы трацяць стагоддзі, каб выпрацаваўся гэты давер, некаторыя дзесяцігоддзі. Тут нам спатрэбіца запасціся цярпеннем і закласці не проста марафон, але стагоддзі ў будучыню пабудовы ўключанага грамадства.

Вядома, давер не можа выбудавацца зверху ўніз. І гэта паказваюць аўтары ў кнізе дзясяткамі прыкладаў. Трэба будзе будаваць знізу ўверх. А гэта доўгі, часта балючы працэс на ўзроўні індывідаў. На ўзроўні нашага грамадства такіх працэс будзе больш абнадзейваючы, бо наступным пакаленням трэба будзе вырашаць іншыя праблемы, а не адны і тыя ж. На новым ўзроўні будзе інакш. Я не хачу казаць абавязкова толькі станоўча, але я веру, што гэтае інакш, будзе лепш, чым зараз. Калі мы пачнем з правільнага боку.

Чаму будаваць давер праз экстрактыўныя інстытуты немагчама. Адказ ляжыць на паверхні. Экстрактыўны інстытут адзінанакіраваны, усе вынікі працы, рэсурсы ідуць у бок толькі адных, іншыя не атрымліваюць нічога ці крохі. Гэткі несбалансаваны падыход нараджае напружанасць і падазрэнні - недавер. Адныя лічыць, што іх заўсёды нехта падманвае, нават калі падпарадкоўваюцца.

Спадзяюся, даў свайму чытачу шмат глебы для разважанняў. Чым больш людзей зможа зразумець законы руху гістарычнай матэрыі, тым больш людзей і грамадзян Беларусі зможа пабудаваць сабе радзіму: больш справядлівую, адкрытую, уключаную.