У апошні тыдзень лета (2018) выбраўся у падарожжа на некалькі дзён.
Мэта падарожжа: наведаць месцы, дзе абываліся асноўныя падзеі рамана Івана Мележа “Людзі на балоце”. Атрымалася пабываць не толькі ля грушы, пад якой сустракаліся Ганна і Васіль, але і ў месцы дзе пачалася гісторыя Беларусі - Юравічах.
Маршрут быў спланаваны такім чынам, каб штодзень праязджаць на роварах каля 35-40 кіламетраў (вынік 130 км) і пакрыць асноўныя месцы. Ланцужок падарожжа выглядаў так: Калінкавічы - Юравічы - Глінішчы - Алексічы - Каранёўка - Алексічы - Глінішчы - Юравічы - Мазыр - Калінкавічы.
27 жніўня. Праз лясы і радыяцыю
Калінкавічы. Цягнік прыбывае самай раніцай - каля 5 гадзін. Падарожжа праз ціхі горад нічым не зачапіла, акрамя раскідзістага будынка рэдакцыі газеты “Калінкавіцкія навіны”.
Дарога ляжала лесам. На кожнай сцяжыне, што шла ў сасновы бор, можна было назіраць знак “Асцярожна радыяцыя ...”.
Але нягледзячы на вялікую забруджанасць мясцовасці амаль паўсюдна ідуць нарыхтоўкі лесу. Грузавікі з самай раніцы сноўдаюць па дарозе на Хойнікі і назад.
Дасягаем Юравічаў. Месца адпачынку. Аграсядзіба “Ліцвін” па назве возера, што побач. Сама аргасядзіба - гэта былы цагляны завод. Побач з асноўным будынкам месціцца сельскагаспадарчая тэхніка. Гаспадыня хваліцца, што яе сям’я гаспадарыць над 1500 гектарамі зямлі. Так, тэрыторыя ўнушальная, улічваючы, што ўся сельскагаспадарчая зямля ў нашай краіне належыць дзяржаве. Падумалася, што вось гэта размах фермерства ў Чарнобыльскай зоне.
Пасля абеду наведваем месца, дзе пачыналася гісторыя Беларусі. Круты ўзгорак, радзелены дарогай, уздымаецца над Юравічамі. З іншага боку месціцца былы Іезуіцкі калегіум, дзе сёння развіваецца праваслаўны прыход.
Трохі пасядзелі на фундаменце недабудаванай кафэшкі, паелі семак. Судакраннанне з пачаткам гісторыі Беларусі адбылося. Вельмі энергетычны рытуал - падняцца на круты парослы дрэвамі ўзгорак і ўявіць, што гэта кропка пачатку з яком мы пачалі сябе апісваць. Паселішчы 23 тыс гады назад былі невялікія - да 20 жыхароў. Чалавек ішоў на Беларусь невялікімі групамі.
28 жніўня. Да людзей на балоце
Гэты дзень цалкам прысвечаны маршруту да месца людзей на балоце.
Увязваецца сабака (атрымаў мянушку Баец, за сваю настойлівасць па весцы, што ляжала па дарозе да Глінішчаў), які яшчэ ўсю ноч і сядзеў пад двярыма аграсядзібы. Бяжыць за намі 20 кіламетраў, але стамляецца на адваротным шляху і застаецца дзесьці ў Алексічах.
Тыповыя двары жыхароў Палесся.
Бачна, што на палях палешукоў урадзілі гарбузы.
Праз 10 км ад Юравічаў Глінішча - аграгарадок - нас сустракае размаляванымі прыпынкамі. Шмат што прысвечана Івану Мележу. Не толькі пісьменніку, але і дэпутату, які лабіраваў інтарэсы Глінішчаў у самім Мінску.
Самі Глінішчы чыстае, прыбранае месца, са школай (якую таксама пралабіраваў Мележ), і яшчэ савецкімі будынкамі спажыў кааперацыі. Яны звонку выглядаюць пафасна, а зайшоўшы ўнутр, застываюць жылы, ад цемры і бязмежжа памяшканняў крамы. Спрабавалі?
Шанціць трапіць у музей Івана Мележа і атрымаць цудоўную экскурсію. Ад музейнай працаўніцы даведваюся пра неапублікаваны працяг трылогіі Мележа (чытаць сёмы том поўнага сабрання сачыненняў, 1983). Наступны лёс Міканора і Яўхіма, каму дала ў рэшце Ганна, і што сталася з Васілём. Наогул нам дазваляюць фатаграфаваць. Пакідаю сабе на памяць фота такой аўтарскай дамовы.
Едучы праз Глінішчы (а менавіта людзі гэтай вёскі былі прататыпамі герояў з Куранёў у рамане), праязджаем хату, дзе жыў Мележ, затым ферму.
Паўз дарогі можна назіраць шмат кінутых, або не жылых хат. У наступнай вёсцы Алексічы (з рамана Алешнікі), засталося максімум 5-10 двароў.
Нарэшце, не даязджаючы Каранёўкі (у рамане - Курані), сустракаем грушу. Так менавіта тую грушу, пад якой спаткаліся Ганна і Васіль.
Праз некалькі сотняў метраў сама Каранёўка.
Містычна і зачаравана. Толькі пладовыя дрэвы* нагадваюць, што калісьці гэта была населеная вёска. Зараз толькі некалькі “жывых” хатаў. Нежылыя зараўніваюцца бульдозерамі і на месцы двароў застаюцца жоўтыя пляміны.
*Не ўтрымаўся, з’еў радыактыўны яблык з мясцовай антоўнаўкі.
29 жніўня. "Біўні маманта" і Мазырскія Яры
Раніца. Збіраемся на Мазыр. Перад дарогай заходзім ў Юравіцкую школу, ведаючы, што там, у школьным музеі “біўні мамантаў”. Пераадольваем супраціўленне вахцёркі. Школьная працаўніца робіць нам экскурсію па музею.
Пытанне радыяцыі мясцовыя не любяць падымаць, кажуць, што там за Прыпяццю - так, ёсць, а тут “можна”. Толькі трэба правяраць на выпраменьванні. Шмат каго вабіць гандаль ягадамі і лісічкамі ў вялікіх гарадах. Мясцовыя лясы поўныя гэтым багаццем.
Дарога да Мазыра шумная. Зноў імчацца грузавікі напоўненыя спілаваным дрэвам.
Праязджаем Прыпяць. Мост на Нароўлю пагойдваецца, калі, нагружаныя цэстэрнамі з бензінам, грузавікі трымаюць шлях з Нафтаперапрацоўчага завода кудысць на поўнач.
Зноў энэргіі надае гэта велічнасць ракі Прыпяць.
Пасля вёска Бабараняты, за імі Бабры.
Мазыр прыцягнуў увагу вечарам. У Мінску я даўно не бачыў такіх месцаў, дзе збіраецца мясовая супольнасць адпачываць, сумаўляцца. Кропка прыцягнення моладзі, сем’яў, сталых людзей. Адно месца па дарозе ў цэнтр Мазыра, другое - побач з Палацам нафтавікоў у сэрцы спальных мікрараёнаў горада.
Што найбольш зачаравала - Мазырскія Яры. Калі праязджаеш на ровары, падаецца трапляеш у Швейцарыю.
30 жніўня. Вяртанне
Мазыр яшчэ далёкі для камфорту раварыста, які створаны ў Мінску. Шматлікія бардзюры па 20-30 см зусім звычайна з’ява. Але дарога з Мазыра да Калінкавічаў паўтары метры з кожнага боку і размечана як роварная. Гэта было прыемным здзіўленнем у апошні дзень падарожжа.
Калінкавічы ў дзень былі трохі жывей, але ў цэлым горад спакойны. Спакойна перамячаюцца мінакі, спакойна едуць на роварах па справах. Горад нібы замер у памежжы, паміж індустрыяльнай эрай, дзе прыбываў у мінулым стагоддзі і векам інфармацыі і камунікацый, дзе ён яшчэ не бачыць свайго месца. Але горад спакойны і прыёмны. Самы актыўныя - бабулі на рынках, якія прадаюць свае яблыкі з "Рэвалючыйнай 24" і гатовы гэта даказваць, дастаючы дакументы, якім ужо не адно дзесяцігоддзе.
Падсумую
Калі любіш лавіць псіхагеаграфію, ёсць магчымасць ахапіць амаль усе населеныя пункты з рамана “Людзі на балоце”. Больш за тое, атрымаеш настрой дарог, па якім ездзіў Апейка, або хадзіў Васіль, крочыў Яўхім, або Хадоська з Ганнай на сустрач сваім лёсам. Ці, напрыклад, адчуць водар грэблі, якую будавалі сяляне ўсімі Куранямі пад кіраўніствам Міканора Глушака. Ці пастяць пад чароўнай грушай Васіля і Ганны.
Трасянка паўсюль і ў музеі, і ў краме, і ў школе. Гэта тое, на што здольны народ. Гэтага дастаткова, каб разумець і жыць. Так эстэтам філолагам і перфекцыяністам тут будзе складана, але, каб адчуць дух і атрымаць кош энергіі продкаў, дастаткова.
Беларусь - гэта сусвет. Кожны раз адкрываю наш край з розных бакоў і адчуваю, што далёкі да поўнага разумення. Знаходжуся недзе напачатку шляху...
“Людзі на балоце” - гэта наш эпас, такі Star Wars, нават мацней, бо мы падарожнічаем па рэальным характарам і сутыкаемся з рэальнымі выклікамі: рэсурсы (зямля) або пачуцці (любоў), асабістае шчасце (сям’я) або грамадскі эксперыент (калектывізацыя). Як пісаў амерыканскі пісьменнік Гантар Томпсан, самая моцная цяга у чалавека да сэксу і палітыкі. Так у людзей на балоце ёсць гэта усё.