Даведаешся ў гэтай тэме
- Перажыванне ці спажыванне супольнасці
- Што агульнага паміж клубам фітнесу і палітычнаю партыяй
- Чаму ўсё круціцца вакол побыту і лёсу
- Якімі спосабамі можна пайсці ў горы і пабудаваць мост
- Які звер са свету супольнасцяў самы дзікі
- Калі чысцім снег пасля ўрагану, гэта таксама супольнасць
- Чаму ўсё ж зачаравацца і расчаравацца – гэта нармальна
- Як рака ўпадае ў возера і з возера выцякае рака
- Што нам паказваюць эпідэміі і футбольныя фанаты
Воблака тэґаў
Лёс, побыт, практыка, сітуацыя, інтарэс, дзеянне, грамадскі рух, этыка, эстэтыка, менеджмент, ілюзорнасць, мэта, сеткавізацыя, футбольныя фанаты, змешанасць
Супольнасці існуюць усюды, хочаш ты гэтага ці не. Яны ўзнікаюць, калі людзі бачаць недасканаласць свету вакол сябе. Супольнасці сустракаюцца і ў тваім шматпавярховіку ці квартале, раёне, вёсцы, мястэчку. Калі ідзеш на працу, а можа, нават і на самой працы.
Дакладна супольнасці квітнеюць у галіне нашых захапленняў і прафесіяў: спорт, камп’ютарныя гульні, кнігі, кіно, рыбацтва, вынаходніцтвы, навука, музыка, медыцына.
Прасцей назваць месцы, дзе няма супольнасцяў. І гэта вельмі проста. Няма супольнасцяў там, дзе няма людзей. Аднак там, у бязлюддзі, пачынаюцца супольнасці жывёлінаў.
Жывёліны часам збіваюцца ў статкі. Гэта робяць і львы, і ваўкі, і коні, і птушкі, і вусякі. Мы называем іх зграямі, калоніямі, чародамі, раямі. Некаторыя жывёліны ствараюць супольнасці ў час свайго найбольшага росквіту ці з патрэбы, а некаторыя жывуць разам увесь час. Напрыклад, пчолы.
Гэтак і людзі. Але супольнасці людзей іншыя. У гэтай кнізе я даследую менавіта людскія супольнасці, якія адрозніваюцца сваёй разнастайнасцю і непаўторнасцю.
Яшчэ дадам. Нават зацятыя інтраверты ці індывідуалісты ўсё роўна прыналежаць нейкім супольнасцям. Калі табе, мой чытачу, падаецца, што ты – па-за супольнасцю, гэта толькі падаецца. Каб выйсці з усіх супольнасцяў ці перастаць судакранацца з імі, трэба адмовіцца ад мараў, ідэяў, светапогляду, рэлігіі, прафесіі, захапленняў, сужыхарства з іншымі ў адным паселішчы, эмоцыяў – эмпатыі, сімпатыі, суперажывання... Урэшце адмовіцца ад сям’і. Бо сям’я – хоць і малая, аднак таксама супольнасць. Але на такі крайні крок – адмаўляць усё – наўрад хто пойдзе.
Каб гэтага звера – супольнасці – не баяцца, нам трэба навучыцца жыць як побач з ім, гэтак і разам. Супольнасці – гэта часткі вялікага дому, які мы называем грамадствам.
Перажыванне супольнасці разам – захапляльнае, поўнае цікавінак падарожжа, якое дае нам веды і сілы, напаўняе жыццё стваральным зместам. Бо асноўнае, што ўрэшце людзі робяць, – гэта ствараюць супольнасці, якія могуць штурхаць свет наперад або назад.
У гэтай тэме я даю сваё вызначэнне супольнасці, аналізую яго, прапаную класіфікацыю паводле падставаў існавання.
Разбяромся, што ўрэшце мы ствараем, што такое супольнасць. Перад тым як ствараць, веданне таго, што́ мы ствараем, будзе эканоміць і час, і энергію стваральнікаў.
Атрымаўшы веды з гэтае тэмы, мы будзем разумець, чаму ўзнікаюць новыя супольнасці і што трэба закладаць у іх падмурак.
Супольнасць
Для сябе я трымаю такое вызначэнне: супольнасць – гэта нейкая камунікатыўная анамалія, што дазваляе людзям разам штурхаць свет наперад ці назад. Такая дэфініцыя, можа быць, занадта заблытаная, таму, ідучы свой шлях у стварэнні, удзеле, даследаванні супольнасцяў, я прыйшоў да наступнай дэфініцыі.
Супольнасць – гэта непаўторная, аб'яднаная агульным лёсам або побытам група людзей, якая аўтаномна дзеіць.
Цяпер важна раскрыць усе кампаненты гэтай дэфініцыі. Падобна дзеяць юрысты, але мне цікава раскрыць кожны тэрмін, каб запачаткаваць слоўнік супольнасцяў, што будзе мець найбольш натуральны змест.
!Міжрэчы
Слоўнік можна таксама праглядзець у электронным варыянце па спасылцы ці QR-кодзе.
Падсумую секцыю. Супольнасць – гэта група людзей. Але гэтага вызначэння недастаткова, бо можа быць спартовая група, група пчаляроў у фэйсбуку, група ў дзіцячым садку, група фанатаў футбольнай каманды ці музычнага гурта, група навукоўцаў, група дадаць-сваё.
Спіс таго, што мы называем групаю, можна працягваць, але не кожная з гэтых групаў будзе супольнасцю. Таму да групы дадаецца залежны атрыбут – якая дзеіць, і нават больш дакладна – дзеіць аўтаномна. Тут адразу з’яўляецца слова “аўтаномна”. Пакуль будзем карыстацца агульна прынятым паняткам аўтаноміі (гл. Вікіпедыю).
Атрымліваецца, група мусіць аўтаномна дзеяць. Напрыклад, група ў школе ці ўніверсітэце, нейкай спартовай інстытуцыі – дзеіць асобна ці не? Не, бо яе дзеянне ўжо запраграмаванае адміністрацыяй, навучальнаю праграмаю, некім іншым.
Але, напрыклад, група навукоўцаў можа дзеяць і аўтаномна, і не. Калі яны атрымалі заданне знайсці вакцыну і сканцэнтраваліся на яе вынаходніцтве, гэта заданне ад іхнай установы. Аднак калі яны з розных установаў сабраліся падзяліцца ведамі пра тое, як шукаюць вакцыну ад хваробы, тут ужо ёсць аўтаномія. Ці, напрыклад, навукоўцы, якія самастойна знайшлі фінансы на даследаванне вакцыны супраць хваробы і стварылі лабараторыю, каб вывучаць такую хваробу. Тут відаць аўтаномнасць.
Разабраліся. Супольнасць – гэта група людзей, што дзеіць аўтаномна.
Я таксама не тлумачыў слова “дзеянне”, бо яно інтуітыўнае. Але ў жыцці супольнасці не ўсе актыўнасці групы мы разглядаем як дзеянні, а толькі тыя, што, на думку гэтай супольнасці, лічацца рэлевантнымі мэце. Пакуль досыць. Дзеянням я прысвячу некалькі тэмаў наперадзе. А да мэты мы яшчэ прыйдзем у гэтай тэме.
!Міжрэчы
Чытачу, у гэтай кнізе ты сустрэнеш выразы: група, нефармальная група, нефармальны калектыў, калектыў, суполка. Гэта ўсё сінонімы да супольнасці: яны дапамогуць мне не паўтараць аднаго і таго ж слова шмат разоў.
Чытач можа запытацца, чаму аўтар залучыў “непаўторная” ў гэтае вызначэнне. Насамрэч усе супольнасці непаўторныя. Яны маюць свае наборы мэтаў, падставаў існавання, спосабаў дзеяння, каштоўнасцяў, роляў, свой актуальны этап развіцця, урэшце ўнікальны набор асобаў.
Для чаго я гэта ўсё пералічваю? Бо калі нават мы знойдзем дзве супольнасці з аднолькавымі мэтамі, гэта не тыя самыя супольнасці. Калі мы знойдзем супольнасці, якія робіць адно і тое ж, гэта розныя супольнасці. Урэшце ролі, людзі таксама розныя. Спалучэнне “непаўторная група” дае магчымасць параўноўваць толькі нейкую частку (атрыбуты) розных супольнасцяў. Гэта важна прыняць цяпер да ўвагі: без разумення рознасці немагчыма шукаць супольнае.
!Міжрэчы
У гэтай кнізе я разглядаю невялікія супольнасці. Іншымі словамі, тыя, з якімі перасякаўся, за якімі назіраў пэўны час, браў у іх удзел ці якія ствараў. Пад невялікімі я маю на ўвазе памер ядра ад 3 да 25 удзельнікаў. Пра ядро мы яшчэ пагутарым у адной з наступных тэмаў. Не ўсё адразу.
Урэшце мы падышлі да агульнага лёсу, ці побыту ў вызначэнні. І гэта самая захапляльная частка ў разуменні супольнасцяў. Мы падабраліся да падставаў іх існавання. А гэта ўжо датычыць практыкі, бо, ведаючы падставы існавання, мы можам стварыць гэтыя падставы і такім чынам пачаць уплываць на тое, якія супольнасці ўзнікаюць. А калі прыбяром гэтыя падставы, тады разбурым супольнасці, якія будуюцца на іх. Цікава, праўда?
Працягваю…
Лёс і побыт
Насамрэч усе супольнасці так ці інакш будуюцца на аснове дзвюх з’яваў у нашым жыцці – агульнасці лёсу, ці агульнасці побыту. Найчасцей калектывы будуюцца на аснове і аднаго, і другога – сумесі. Нешта можа дамінаваць стала ці на розных этапах развіцця. Ох, ёсць яшчэ і этапы развіцця супольнасцяў.
Але чытач найперш можа запытаць, што маецца на ўвазе пад лёсам і побытам.
Агульны лёс – гэта супольнае пражыванне нейкага досведу. Памятаеце прыклады з Уводзінаў пра гульнёвы клан ці раённыя сеткі? Там мы пражывалі агульны лёс, бавячыся ў гульні і маючы аднолькавыя ці супраціўныя мэты. Падобнае было пры пабудове лакальных сетак: мы дамаўляліся аб правілах сеткі, разам мантавалі яе і падтрымлівалі.
Агульны побыт (месца). Тут трохі прасцей: гэта пражыванне і ўзнаўленне пэўных падобных штодзённых эканамічных, сацыяльных і культурніцкіх практык. Пад культурай я маю на ўвазе не Мона Лізу, оперу Ваґнэра ці Тадж-Махал (хаця і яны могуць быць часткаю побыту для кагосьці), але штодзённыя шаблоны, што ўзнаўляюцца амаль аўтаматычна. Напрыклад, жыхары паселішча ходзяць адпачываць у адзін парк, наведваюць тыя самыя крамы, будуюць падобныя дамы з падобных матэрыялаў, ядуць падобную ежу з падобнага посуду. І самае галоўнае – яны лакалізаваныя на пэўнай тэрыторыі. Менавіта тое, што шукаў У. Мацкевіч у сваіх падарожжах сярэдзіны 2000-х.
Іншымі словамі, супольнасць агульнага побыту (тэрыторыі) – гэта мясцовая супольнасць. Напрыклад, шмат удзельнікаў дваровых калектываў Мінску, з якімі давялося размаўляць апошнія месяцы 2020 году, бачылі сваю супольнасць праз прызму месца. І гэта было відаць на сцягах. Але больш глыбокае даследаванне паказала, што гэтыя суполкі арыентаваныя на агульны лёс. І гэта таксама відаць на сцягах (бо ўсе яны на бел-чырвона-белым фоне). Іншымі словамі, ім важна было перажываць агульны досвед з супольнасцямі іншых двароў.
!Міжрэчы
Большасць двароў насамрэч была часткаю грамадскага руху. Хаця так сябе не называла. Дэталі апішу трохі пазней.
Вышэй абазначаны прыклад двароў паказвае, што супольнасці змешваюць свае падставы існавання. Пракладваючы сеткі, мы практыкавалі агульны побыт, жылі разам на адной тэрыторыі, адначасова мелі агульны інтарэс у баўленні часу і камунікацыі. А вось кааператывы, што ствараліся, каб зрабіць супольнае дзеянне – пабудаваць сабе жытло, – пасля пабудовы дому робяцца прывязаныя да тэрыторыі і больш за тое, для арганізацыі агульнага суіснавання – побыту. Агульны пад’езд, агульны прынцып, напрыклад, утылізацыі смецця, правілы карыстання ліфтам, унёскі на падтрымку дамовай інфраструктуры.
Калі прыбраць месца ў дамовым кааператыве, супольнасць разбураецца, бо яе аснова – тэрыторыя (дом). Калі ў гульнёвым клане прыбраць гульню (перажыванне гэтага досведу), тады таксама супольнасць разбураецца.
Супольнасць агульнага побыту (месца) праяўляе сябе праз прыналежнасць да тэрыторыі. Агульнасць тэрыторыі стварае еднасць праз практыку агульнай побытавай культуры і камунікацыю ўдзельнікаў у межах гэтай культуры. Да супольнасці агульнага побыту можна аднесці сям’ю, жыхароў вёскі, кааператыў шматпавярховіку ў вялікім горадзе.
Гэтыя два элементы – агульны лёс і агульны побыт – даюць магчымасць разумець рухальную прычыну супольнасці.
У гэтай кнізе я больш канцэнтруюся на супольнасцях агульнага лёсу, таму пакуль пакідаем супольнасць агульнага побыту (яшчэ да яе вернемся не раз) і робім крок у бок першай групы – супольнасцяў агульнага лёсу.
Ілюстрацыя 1.1. Класіфікацыя падставаў існавання супольнасцяў
Асновы
Якія прыкметы супольнасці агульнага лёсу? Найперш тое, што людзі вызначалі месца не як асноўны чыннік свайго ўзаемадзеяння, а як сумежны фактар, які дапамагае сабрацца для агульнай дзейнасці, разам развязаць нейкую задачу, выканаць місію, адказаць на выклік, наблізіцца да запаветнай, часта ілюзорнай мэты.
Гэтае сабрацца, вырашыць, выканаць, адказаць, наблізіцца – вельмі важнае ў супольнасцях агульнага лёсу, бо важна пражыць агульны досвед разам.
На гэтай аснове я ўводжу яшчэ невялікую класіфікацыю супольнасцяў. Яна таксама мае практычнае значэнне, бо паглыбляе разуменне падставаў існавання калектываў. Гэтак, мы маем супольнасці агульнай (1) практыкі, (2) сітуацыі, (3) дзеяння, (4) інтарэсу.
(1) практыка
Гэта супольнасці, што найбольш узаемадзеюць праз прафесійную прыналежнасць.
Сюды можам аднесці юрыстаў, якія ствараюць свае фірмы з назвамі “Бандарук і кампанія”. Гэта могуць быць аб’яднанні пісьменнікаў ці, напрыклад, майстроў-рамеснікаў, які робяць кераміку ці нешта сваймі рукамі. Гэта могуць быць распрацоўнікі, якія супольна ствараюць код праграмы ці фрэймўорку. Працягнем спіс: дактары, выкладнікі, чыгуначнікі, навукоўцы і шмат іншых прафесіяў.
У супольнасці агульнае практыкі важна, што ўдзельнікі аб’яднаныя практыкаю. Пакуль яны цікавяцца і займаюцца агульным заняткам – прафесіяй, яны залучаныя ў дзейнасць сваіх групаў.
Падчас працы яны абрастаюць сувязямі, слэнгам (слоўнікам), імкнуцца да недасягальнай ілюзорнай мэты.
Напрыклад, мэта дактароў – лекаваць. Нават калі доктар дапаможа сотням асобаў, ён наўрад ці здолее вылекаваць усіх, каго хоча, і такім чынам дасягнуць мэты на 100 %.
Ці, напрыклад, навукоўцы ведаюць, што пошук навуковай праўды цалкам немажлівы, але зрабіць хаця б крок наперад важна. Некаторыя нават ахвяруюць жыццём.
Тое ж пра выкладнікаў: можна навучыць дзясяткі студэнтаў, але не ўсіх і не ідэальна. Можа быць сітуацыя, калі найбольш таленавітыя адзінкі ўспрымаюць новыя веды напоўніцу, але большасці ёсць над чым працаваць. Праца выкладнікаў застаецца актуальнаю ўвесь час, а мэта іхная ілюзорная.
Як толькі мы прыбіраем агульную практыку ў такіх групах, яны знікаюць. Гэтая змена можа адбывацца некалькімі шляхамі.
- Індывідуальны выбар. Калі ўдзельнікі адмаўляюцца ад сваёй практыкі (прыклад: пастанаўляюць змяніць прафесію), яны страчваюць вагу, аўтарытэт, сувязі і, магчыма, цалкам выходзяць з такіх калектываў. Як фармальна, гэтак і нефармальна (пра фармальнасць і нефармальнасць можна прачытаць у Тэме 26).
- Аджыванне нейкай прафесіі, занятку. Перасталі быць патрэбныя бондары – іхная колькасць драматычна скарацілася. Гэта бортнікі, егеры, кучары і шмат іншых зніклых заняткаў. Вядома, сатэліты гэтых прафесіяў захаваліся, і там захаваліся супольнасці, якія культывуюць падобную практыку. Гэта можна сказаць пра бортнікаў у Лельчыцкім раёне ці бондараў у Янаўскім. Дарэчы, аджыванне нейкіх формаў занятасці можа быць скіраванае палітыкаю. Такім чынам на макраўзроўні можна рэгуляваць наяўнасць групаў агульнай практыкі.
Фота 1.2. Супольнасці агульнай практыкі часта працягла фіксуюцца на дзейнасці, што рэалізуецца на дакладных формах. На выяве – бортнікі ўсцягваюць калоду-вуль на дрэва (Палессе, 2022). Калі, напрыклад, гэтую практыку замяніць на пасечнае пчалярства, супольнасць бортнікаў можа знікнуць. Класіфікацыя супольнасцяў паводле падставаў існавання дае магчымасць разумець залежнасць паміж формаю дзейнасці і наяўнасцю супольнасці
У супольнасцях агульнай практыкі важна, наколькі ўдзельнік практыкуе. Напрыклад, без практыкі пчалярства, без працы з прадуктамі пчолаў ці без стварэння нечага ў пчалярстве (вуллёў, інструментаў) індывід наўрад ці будзе браць удзел у суполках пчаляроў. І калі на тое пайшло, каб ствараць інструменты для пчаляроў, трэба ведаць іхныя патрэбы, каб зрабіць працу больш зручнаю, эфектыўнаю, бяспечнаю, прыемнаю. Гэта можна адчуць толькі тады, калі сам практыкуеш.
Хаця супольнасці агульнай практыкі яшчэ радзей можна знайсці ў чыстым выглядзе: напрыклад, аб’яднанні дактароў ці прафсаюзы гарнякоў або чыгуначнікаў.
Яшчэ дадам. Прафесійныя супольнасці мы часцей за іншыя можам бачыць праз фармалізацыю, як я ўжо згадваў галіновыя прафсаюзы, саюзы, грамадскія аб’яднанні, фонды. Таксама такія супольнасці найбольш часта праяўляюцца праз тэматычныя канферэнцыі, злёты, кірмашы, выставы.
(2) сітуацыя
Калі група асобаў трапляе ў агульную для ўсіх сітуацыю, нейкая найбольш актыўная і самаарганізаваная колькасць яе прадстаўнікоў збіраецца, каб разам знайсці выйсце. У гэтым выпадку супольнасць кіруецца негатыўнаю матывацыяй і ставіць мэту – пераадолець сітуацыю, што склалася, і гэтак стварыць новы, больш пажаданы стан рэчаў.
Напрыклад, прайшоў ураган: паваліў дрэвы, знішчыў дамы, затапіў вуліцы. Людзі пачынаюць яднацца, каб максімальна дапамагчы сабе выжыць і аднавіць страчаную маёмасць, побытавыя магчымасці (вада, электрычнасць, прадукты).
У Беларусі такія супольнасці стыхійна ўзнікалі ў 2013 годзе падчас урагану Хавіер. Тады жыхары ядналіся для ўзаемадапамогі. Таксама падчас эпідэміі ковіду ў 2020-м: удзельнікі збіраліся ў суполкі, калектывы, каб дапамагчы абсталяваннем ці рыштункам дактарам.
Як толькі дамы адрамантаваныя, вуліцы расчышчаныя, эпідэмія скончаная, гэтыя супольнасці знікаюць.
Некаторыя супольнасці агульнае сітуацыі могуць існаваць доўга, некаторыя – некалькі тыдняў ці месяцаў. Напрыклад, супольнасць, якая ўтварылася ў 2018 годзе вакол будоўлі акумулятарнага заводу каля Брэсту і выступіла супраць яе. Узнікла сітуацыя – і адразу ўзнікла супольнасць з мясцовых жыхароў, эколагаў, блогераў і брэсцкіх грамадскіх актывістаў. Гэтая супольнасць праіснавала да 2020-га, але больш моцныя падзеі змянілі хаду яе жыцця. Узнікла новая сітуацыя – агульнанацыянальнае паўстанне. Меншая супольнасць у нейкім сэнсе растварылася і знікла ў плыні новых падзеяў.
Да супольнасці агульнай сітуацыі можна аднесці калектывы, якія прытуляюць ці лекуюць жывёлінаў, дапамагаюць рэпрэсаваным, яднаюць асобаў з нейкаю праблемаю ці хваробаю, спрыяюць беспрацоўным ва ўладкаванні.
Дарэчы, цікава: некаторыя сітуацыі ў пэўным сэнсе могуць быць перманентныя. Напрыклад, у 2010-х дзейнічалі ініцыятывы дапамогі бяздомнікам ці жывёлінам: Ежа замест бомбаў у Мінску, прытулак “Хачу дамоў” з Вілейкі адпаведна.
Фота 1.3. Валанцёры прытулку “Хачу дамоў” (Вілейка, 2017). Цікава, што падобныя калектывы ўзнікаюць як рэакцыя на сітуацыю: у гэтым выпадку – на крытычную колькасць занядбаных жывёлінаў. Дзякуючы дзейнасці такіх калектываў сітуацыя можа палепшыцца, аднак наўрад ці будзе развязаная цалкам. Заўсёды будуць узнікаць новыя бяздомныя жывёліны, таму ідэал такой супольнасці становіцца ілюзорным
На што варта звярнуць увагу. Такія супольнасці пры змене (ці знікненні) сітуацыі (умоваў) таксама знікаюць. Бо знікае мэта супольнасці.
!Міжрэчы
Звярні ўвагу: мэты супольнасцяў агульнай сітуацыі могуць быць як вельмі канкрэтныя, гэтак і даволі ілюзорныя. Напрыклад, расчысціць вуліцу ці раён ад снегу – канкрэтна, але дапамагчы ўсім бадзяжным жывёлінам знайсці гаспадара – гучыць пазітыўна, але ўжо ілюзорна. Бо пакуль ёсць людзі, такая праблема будзе існаваць.
Вядома, калі, напрыклад ураганы ці паводкі здараюцца часта ў нейкім месцы, грамадзяне могуць інстытуцыяналізаваць суполкі ў грамадскія арганізацыі і маніторыць сітуацыю, каб наступны раз быць лепей падрыхтаванымі. Гэтак робяць амерыканскія грамадзяне, змагаючыся з прыроднымі катаклізмамі ці, напрыклад, дэградацыяй інфраструктуры або пераадольваючы экалагічныя праблемы.
Дарэчы, пра новую сітуацыю ў дэталях супольнасць рэдка задумваецца, бо праблема ўзнікае вельмі хутка. Найчасцей гэта бачанне, як вярнуць стан рэчаў у тое, што было да катаклізму. Пераадолеўшы выклік і апынуўшыся ў новай сітуацыі, супольнасць губляе свой першасны падмурак. Таксама варта адзначыць, што вярнуцца ў дакрызісны ідэал таксама не ўдаецца на 100 %.
Зараз пяройдзем да супольнасцяў дзеяння.
(3) дзеянне
Гэта таксама падвід супольнасці агульнага лёсу. Дзеянне – калі людзі яднаюцца, каб зрабіць нешта разам, дасягнуць агульнай мэты праз агульную актыўнасць.
Тут мэта часцей будзе мець пазітыўную афарбоўку, бо суполка збіраецца ствараць сабе новыя магчымасці. Напрыклад, пры каланізацыі Амерыкі пасяленцы стваралі таварыствы, у якія аб’ядноўвалі сродкі і магчымасці, каб пабудаваць нейкую інфраструктуру: мост праз раку, дарогу, камунікацыю, нейкі склад ці чыгуначную станцыю. Вось гэтае пабудаваць – і ёсць агульнае дзеянне.
Дарэчы, большасць супольнасцяў дзеіць, але, напрыклад, у супольнасці практыкі важная прафесія, паўтаральнасць дзеянняў. У супольнасці сітуацыі важна развязаць сітуацыю, што склалася. Тут жа важна менавіта зрабіць нешта разам.
Цікавым прынцыпам карысталіся першыя маракі, якія набіралі каманды для падарожжаў і адкрыцця новых земляў. Мэта – адкрыць новую зямлю. Вядома, гэты калектыў можна было назваць камандаю маракоў. Але гэта не дакладна. Бо каманда маракоў выконвала збольшага транспартавую функцыю, далей неабходныя былі іншыя спецыялісты: сяляне розных прафесіяў, будаўнікі, архітэктары, пастары… Іншымі словамі, нейкая мадэль супольнасці месца (побыту) часу каланізацыі перазбіралася, каб жыць у новых умовах на новай тэрыторыі. Але пра жыццё мала хто думаў, найперш стаяла задача выканаць гэтае дзеянне – пераплыць акіян і пабудаваць калонію.
Таксама можна павялічыць колькасць прыкладаў: археалагічныя экспедыцыі; турыстычныя групы, якія ідуць у горы; навукоўцы, якія ўцягнуліся ў агульны міжнародны праект. Карацей, супольнасцяў агульнага дзеяння вельмі шмат у розных даменах нашага жыцця. Тут важна зразумець: выканаўшы дзеянне, супольнасць, хутчэй за ўсё, знікне ці пачне трансфармавацца ў іншую. Напрыклад, агульнага інтарэсу, пра якую пагутарым ніжэй.
!Міжрэчы
Адносна мэты. Цікава, што забрацца на гару ці пабудаваць мост – гэта ўсё ж даволі рэалістычныя мэты. Можа, нешта больш-менш складанае. Але часта ў межах жыцця стваральнікаў супольнасцяў агульнага дзеяння гэтая мэта можа выглядаць сапраўдны ілюзорнай і ачароўвальнай. Напрыклад, калі мы кажам пра археалагічную экспедыцыю, падарожжа на Марс альбо хаця б на Месяц ці аднаўленне старажытнага замку. Тут мэта робіцца нашмат больш ілюзорнаю.
Таксама тут варта засяродзіць увагу. Калі мы прыбяром дзеянне, зробім яго немагчымым, занадта рызыкоўным, зменшым зачараванне мэтаю дзеяння, выдалім падмурак існавання такой супольнасці. Напрыклад, гэта можна зрабіць, даводзячы бессэнсоўнасць, шкоднасць нейкага дзеяння.
У той жа час заўсёды існуюць людзі, якіх ачароўвае і кліча за сабою самае рызыкоўнае, бессэнсоўнае, але прывабнае дзеянне. Напрыклад, здзейсніць падарожжа вакол Зямлі (Маґелан) ці дасягнуць Паўднёвага полюсу (Амундсэн), пабудаваць Бруклінскі мост ці Эйфэлеву вежу.
Часта такія супольнасці кароткаісныя ці цыклічныя сезонныя. Напрыклад, талака, што збіраецца, каб дапамагчы пабудаваць дом ці палепшыць нейкую агульную інфраструктуру ў вясковым асяродку. Ці, напрыклад, спаборніцтва дваровых футбольных камандаў. Мы бачым нейкі хуткі рост сувязяў паміж удзельнікамі такой супольнасці, але выканаўшы дзеянне (пабудаваўшы дом, зладзіўшы экспедыцыю, фэст, спаборніцтвы), супольнасць распадаецца.
!Міжрэчы
Кароткаісныя супольнасці я называю флэш-супольнасцямі (флэш-групамі). Маючы скарочаны жыццёвы цыкл, яны імкнуцца стварыць большасць атрыбутаў характэрных і для працяглых супольнасцяў.
Але часта мы бачым, што супольнасці і агульнага дзеяння, і сітуацыі працягваюць жыць, не зважаючы на станоўчы ці адмоўны досвед зробленага дзеяння. Чаму? На гэтае пытанне нам дапаможа адказаць наступны, самы разнастайны і пранікальны падвід. Сустракайце супольнасць агульнага інтарэсу.
(4) інтарэс
Супольнасці агульнага інтарэсу – паўсюль. Напрыклад, клуб танцаў, фітнесу, гурток аматараў кіно, чытання кніг, клуб хакераў-эксперыментатараў (хакерспэйсы), малявання, рокераў, палітычныя і рэлігійныя групоўкі (напрыклад, палітычныя партыі ці групы лабіявання, рэлігійныя грамады), фанаты футболу або косплэю, музычнага гурта ці кірунку, аб’яднанне маладых паэтаў, грыбнікоў або геймераў.
На першы погляд падаецца, што інтарэс мае нейкія няўстойлівыя часовыя межы для асобнага чалавека: можа быць даволі працяглым, а можа змяніцца шмат разоў за год. Калі людзі з аднолькавым інтарэсам збіваюцца ў калектывы, інтарэс робіцца не проста цвёрдай асновай існавання калектыву, але і рухавіком, які можа штурхаць сотні і тысячы людзей да невядомага ды ілюзорнага.
Супольнасць агульнага інтарэсу пабудаваная на этычных, эстэтычных падставах. Вядома, тое сама можна сказаць і пра супольнасці практыкі, дзеяння і сітуацыі. Але ў іх дамінуе не агульнасць каштоўнасцяў (этыкі, эстэтыкі). У фітнесе важны культ прыгожага цела; у чытанні кніг – не проста рытуал, але каштоўнасць веды з гэтай кнігі; хакер цэніць эксперымент і рызыку. У палітычных партыях гэта ўлада. У геймераў, як вышэй згаданы клан Монас, – уменне гуляць камандаю, прыходзіць на дапамогу і наагул трымацца этычных правілаў у гульні. У фанатаў футболу гэта не проста падтрымка каманды, а стаўленне да супраціўных камандаў, іх фанатаў, будаванне штодзённай этыкі і культуры. У адукатараў гэта можа быць агульнасць метадаў адукавання, інавацыйнасць падыходаў. У рокераў ці панкаў – стыль жыцця.
Тут цікавая метамарфоза адбываецца з мэтай. Яна перацякае ў больш вялікія і складаныя ды адначасова больш устойлівыя інтэлектуальныя канструкцыі, як, напрыклад, стыль жыцця, светапогляд або місія. І вось гэтая недасягальнасць мэты тут робіцца вельмі відавочная.
Я ўжо колькі разоў у тэксце згадваў ілюзорнасць мэты. У наступнай секцыі гэтай тэмы я хачу раскрыць ілюзорнасць і тое, чаму супольнасці агульнага лёсу часта бяруць прыцягальную ілюзорнасць на ўзбраенне.
Ілюзорнасць і зачараванне мэтаю
Чалавек ХХІ стагоддзя агорнуты ўплывам менеджменту, бізнес-слоўнікам з усіх бакоў. А менеджарскі слоўнік раіць: каб нечага дасягнуць індывідуальна, трэба ўсё раскласці па палічках і зрабіць мэту канкрэтнаю, дакладнаю. Намаляваць, напісаць яе, і лепей у лічбах. Такі падыход не заўсёды пасуе супольнасцям і наагул чалавечаму жыццю. Чаму?
!Міжрэчы
Дакладнасць і вымяральнасць, рэалістычнасць, дасягальнасць мэты – гэта прадуктыўна ў класічным менеджменце. Мы таксама ў гэтай кнізе будзем карыстацца некаторымі метадамі з менеджменту, але ў супольнасці важная менавіта прыцягальнасць ідэалу, мэты, місіі, стылю жыцця, светапогляду.
Чалавечае жыццё – гэта найперш працэс, а не вынік. Важнае і тое, што супольнасці агульнага лёсу схільныя вызначаць свае мэты ў вельмі складаных формах. Мэтаю можа быць стыль жыцця, сацыяльная арганізацыя грамадства, зменены светапогляд, іншы ўзровень стасункаў ці адукацыі або наагул трансфармацыя і развіццё як працэс. Іншымі словамі, тое, што творыцца ў галовах людзей.
Напрыклад, кінаклуб можа мець мэту супольна глядзець і абмяркоўваць кіно. Для чаго? Каб змяніць нешта ў сваёй галаве? Чаму проста не паглядзець кіно ў сябе дома аднаму, з сябрам ці сям’ёй, а трэба менавіта яго абмеркаваць з шырэйшым колам?
Нават калі стваральнікі клубу пастановяць, што хочуць правесці адзін сезон на 10 праглядаў з 20 асобамі і мінімум пяццю пытаннямі ад іх на кожным праглядзе. Гаворачы па-менеджарску, гэта мэта, і яна дасягальная.
Але навошта менавіта такая колькасць праглядаў, пытанняў, наведнікаў? Тут менеджмент не дасць адказу. Можна паспрабаваць: каб пасеяць новыя веды сярод гэтых сумарна ста ўдзельнікаў. Але навошта сеяць наагул?
Вось тут заканчваецца менеджмент, і мы пачынаем ісці ў бок таго, як супольнасці вызначаюцца з мэтаю. Самыя базавыя адказы: арганізатарам падабаецца кіно, яны любяць камунікаваць, арганізоўваць вакол сябе людзей, ім цікава супольна засвойваць веды. Магчыма, яны пачнуць казаць, што кіно развівае пачуццё эстэтыкі – іхнае і наведнікаў, пашырае веды пра свет і гісторыю, робіць людзей больш адкрытымі да новых практык. Тут ужо гаворка пра трансфармацыю ўдзельнікаў, развіццё ў іх новых якасцяў, прынцыпаў, таго, што ўплывае на паводзіны і выбар. Праўда, гучыць цікава і зацягвае? Што ж яны там у сваім клубе такое глядзяць? Схаджу, га?
Вышэй я прывёў толькі адзін даволі просты прыклад суполкі кінаклубу, мэту якой уціснуць у жорсткія і вельмі дакладныя рамкі даволі складана. Аднак такіх групаў, калектываў, суполак, клубаў, розных секцыяў, кланаў – незлічонае мноства сярод людзей.
Мы ўсё ж такі можам вызначыць нейкую больш-менш дакладную мэту ў супольнасцях агульнай сітуацыі ці дзеяння. Пабудаваць мост ці дом, расчысціць і адрамантаваць дарогу пасля ўрагану, спыніць будоўлю, зладзіць падарожжа праз пустэльню, заснаваць калонію. І гэтыя мэты – толькі прыкрыццё больш ілюзорных урэшце.
!Міжрэчы
Ілюзорнасць – складаная дасягальнасць ці недасягальнасць нечага. У нашым выпадку – мэты.
У чытача, магчыма, узнікла пытанне: як гэтая ілюзорная мэта прыцягвае ўдзельнікаў у такім выпадку? Яе ж немагчыма дасягнуць! А вось прыцягвае! Ілюзорныя мэты больш прыцягальныя для стваральнікаў, людзей творчых. Менавіта ў мэтах можна праявіць усю фантазію і разнастайнасць у іх дасягненні. Менавіта творчыя і амбітныя людзі найчасцей складаюць ядро суполак, нефармальных калектываў, групаў. Бо ў ілюзорнасці можна знайсці больш свабоды для сацыяльнае творчасці. Ілюзорнасць дае прастору для новых метадаў (гуманітарных тэхналогіяў). Яна кідае выклік стваральнікам, першапраходцам.
!Міжрэчы
У маім аповедзе з’явіўся новы тэрмін. Місія – гэта бачанне мэты праз пэўную этычную норму і актыўнасць. Напрыклад, місія валанцёрскай суполкі можа гучаць так: адукоўваць людзей трэцяга веку для павышэння эканамічнага патэнцыялу сталых асобаў і мінімізаваць лічбавую няроўнасць у грамадстве.Напрыклад, місія Фаланстэра (2010–2020), арганізацыі, якую я сузаснаваў, гучала так:
“Мы каманда сацыяльных наватараў, якая з дапамогай адкрытых і свабодных лічбавых і гуманітарных тэхналогій стварае больш аўтаномнае і дынамічнае беларускае грамадства”.
Фота 1.4. Адукацыйны клуб у прасторы Фаланстэра на вул. Захарава (Мінск, 2010-ыя). У гэты час дзейнічаў шэраг асветніцкіх клубаў, якія мусілі паводле задумы стваральнікаў супольнасці сфармаваць вольнае мысленне, неабходнае для пабудовы дынамічнага і адкрытага грамадства. На фота – удзельнікі супольнасці Фаланстэра, побач з праектарам – Марына Кастылянчанка, у левым куце – Аляксандр Чачэнец, я побач з дошкаю
Чаму важны ідэал (мэта)
Таксама можа ўзнікнуць пытанне: навошта я тут увёў мэту? Супольнасці ж жывуць нейкім сваім жыццём і па-іншаму фармулююць бачанне будучыні. Можа, трэба знайсці новае слова, тэрмін? Магчыма, ён узнікне трохі пазней. Цяпер мэта важная, бо калектывы ставяць мэты, мэта збірае людзей у новыя аб’яднанні, мэта дае магчымасць пазначыць сябе, адрозніць ад іншых. Асабліва спачатку. Таму супольнасці таксама маюць мэты і імкнуцца да іх.
Я яшчэ працягну разглядаць ідэал (мэту) у супольнасцях і яе ўласцівасці. Цяпер скончым з класіфікацыяй.
Падставы існавання ды іх змешанасць
Супольнасці ўзнікаюць на нейкіх падставах. Я ўжо акрэсліў іх: гэта можа быць агульная тэрыторыя (побыт), дзеянне, практыка, сітуацыя, інтарэс ці іх сумесі.
Нават калі суполка ўзнікла на базе агульнага інтарэсу, яе можа падтрымліваць агульная практыка ці тэрыторыя. Ці агульная тэрыторыя часта правакуе стварэнне супольнасцяў агульнай практыкі, сітуацыі ці дзеяння.
Таму гэтаю класіфікацыяй варта карыстацца інструментальна: у залежнасці ад таго, што мы хочам ад супольнасці, як браць удзел у ёй – змяняць, лекаваць, паляпшаць, развіваць, кіраваць.
Класіфікацыя паводле падставаў існавання дае інструмент пошуку крыніцы існавання супольнасці. Разуменне крыніцы ці крыніцаў адказвае на пытанне, чаму паспяховая супольнасць пачынае губляць свой патэнцыял, людзей, рассыпаецца, як картачны дамок. Ці наагул – чаму супольнасць пачала расці і трансфармавацца ў нешта зусім іншае, чаго не было ў пачатку. Адказ: бо знікае ці змяняецца аснова.
Прыклад 1. Ковід. Сітуацыя
У пачатку 2020 году ў Беларусі пачалася эпідэмія каронавіруса. Большасць грамадства не была гатовая да гэтага выкліку, у тым ліку афіцыйная медыцына, якая не здолела зрэагаваць на яго належна. Аднак іншая, больш адчувальная і актыўная частка грамадства мабілізавалася. Стварыліся інфармацыйныя пляцоўкі. Валанцёры дапамаглі хворым з ежаю, медыкам – з рыштункам, ахоўнымі шчыткамі, разгортвалі пункты сталай дапамогі каля шпіталяў. У другой палове лета ў нашай краіне разрастаецца грамадска-палітычны крызіс. Сітуацыя радыкальна змяняецца і патрабуе ад грамадства іншых дзеянняў. Такім чынам, хаця пандэмія нікуды не знікае, супольнасць (беларускае грамадства) пад уплывам больш моцных выклікаў змяняецца і трансфармуецца. Некаторыя ўдзельнікі перафарматуюць сваю дзейнасць, бо паспяваюць хутка ацаніць (адрэфлексаваць) новыя ўмовы і адаптавацца. Але гэтая адаптацыя стварае іншую, новую супольнасць.
Прыклад 2. Футбольныя фанаты. Этыка і эстэтыка
Футбольныя фанаты – якая гэта супольнасць? Агульнага інтарэсу. У супольнасці агульнага інтарэсу падстава існавання – агульнасць этычных і эстэтычных поглядаў, што выражаюцца ў супольнай добраахвотнай актыўнасці для задавальнення. Калі абазначыць агульную мэту футбольных фанацкіх клубаў, то гэта падтрымка ўпадабанага клубу на спартовай пляцоўцы. І гэтак можна было б лічыць, але фанацкія фірмы (суполкі) больш складаныя за проста фан-падтрымка клубу.
Часта футбольныя фанаты ходзяць у адныя і тыя ж бары, мацоўні, выдаюць свае часопісы, ладзяць бойкі, дзе даводзяць, хто мацнейшы і лепшы. Фанацкі рух мае іерархію, лідараў (самаарганізаванасць), слоўнік (слэнг), сімвалы, наратывы (гісторыі). І больш за тое – светапогляды і палітычныя перавагі. Напрыклад, найбольш самаарганізаваныя футбольныя фанаты “Дынама” больш схільныя да правых поглядаў, фанаты “Партызана” – левых.
І што найбольш цікава, на час пандэміі ковіду і палітычнага крызісу ў Беларусі 2020–2021 гадоў фанаты аб’явілі замірэнне паміж іншымі клубамі (суб’ектнасць) і кансалідавана заявілі, што не будуць наведваць матчаў чэмпіянатаў, пакуль не адбудуцца (увага!) новыя выбары.
Футбольныя фанаты бяруць на сябе нашмат больш. І футбол, і ўпадабаная каманда застаюцца неабходным чыннікам існавання гэтай супольнасці, але інтарэс палягае далей за футбол. Жаданне быць лепей працягваецца далей за падтрымку ўпадабанай каманды. І гэта ўсё не проста футбол, а інтарэс удзельнікаў да агульнай формы актыўнасцяў, этыкі і эстэтыкі.
Грамадскія рухі
Зараз разгледжу некаторыя бакі грамадскіх рухаў, бо яны часта перамяжоўваюцца з супольнасцямі.
Грамадскі рух і супольнасці маюць шмат агульнага, але ёсць і асаблівасці. Яны дапамогуць тым, хто стварае супольнасць. Чым? Самым галоўным – эканоміяй сілаў і часу стваральнікаў.
!Міжрэчы
Пакажам грамадскі рух і супольнасць. Уявіце раку, гэта грамадскі рух, а супольнасць – возера, праз якое можа праходзіць рака ці з якога можа выходзіць ручай, але аснова ў гэтым – возера. Гэта асноўныя візуальныя адрозненні, але ёсць яшчэ і адрозненні ў мэце.
Супольнасць агульнага лёсу, хутчэй за ўсё, імкнецца да глабальнай ілюзорнай мэты. У грамадскім жа руху гэта вельмі канкрэтная сацыяльная ці палітычная мэта, якую можна дасягнуць, выкарыстоўваючы менеджарскія практыкі і мабілізацыйныя тэхналогіі. Гэта асноўнае.
Напрыклад, сеткафікацыя вялікіх гарадоў у Беларусі ў 2000-х ці ўзнікненне беларускамоўных культурніцкіх ініцыятываў у канцы 2010-х. Хаця з’ява была масавай і прыцягнула вялікую колькасць асобаў, яна развівалася больш як суполкі, нефармальныя калектывы, камерцыйныя арганізацыі і да т. п.
Таксама важна нагадаць, што ў гэтай кнізе супольнасць – усё ж такі малая група, а грамадскі рух – вялікая група грамадзянаў, часам большасць, часам меншасць у грамадстве, што дамагаецца змены: напрыклад, адмены рэпрэсіўнага заканадаўства (ЗША 1950–60-х – рух за расавую раўнапраўнасць, ці ПАР – рух супраць апартэіду), за незалежнасць (Індыя 1920–30-х), супраць дыктатуры (“Отпор” у Сербіі канца 1990-х).
Яшчэ прыклады рухаў. Рух за адмену рабства (абаліцыянізм у Амерыцы), рух супраць смяротнага пакарання, рух за легалізацыю нашэння зброі, рух за юрыдычную эмансіпацыю жанчын (суфражысткі), рух за/супраць абортаў, рух за дэмакратычныя выбары.
!Міжрэчы
Дарэчы, чытачу, як ты вызначыш ЛГБТК+ – як рух ці як супольнасць? Паспрабуй прааналізаваць гэта, факусуючыся на прапанаванай у гэтай частцы класіфікацыі.
Грамадскі рух завязаны на пэўнай мэце. Мэта – цэнтральны элемент у грамадскім руху. У супольнасці ж – шырэй і складаней (абмяркоўвалі ў секцыях вышэй). Хаця мэта таксама ёсць цэнтральным пунктам у самавызначэнні групы, але супольнасць мае больш складанае жыццё і структуру. Гэта трэба памятаць.
Мы бачым, што рухі нават у сваіх назвах маюць вельмі добра сфармуляваную і часта дасягальную мэту. Таксама варта адзначыць, што рух пад сабой абавязкова мае супольнасці.
Падсумую. Калі прыбраць ці змяніць зыходныя падставы існавання той ці іншай супольнасці, яна знікае ці змяняецца, калі здолее адказаць на новы выклік або сфармуляваць свой выклік самастойна. Падставы існавання – гэта першы слой вывучэння супольнасці.
!Важна
Падабаецца што і як я пішу, заданаць ці прадзамоў кнігу Сацыятэхніка. Пачаткі, гэта дасць мне магчымасці выдаць яе ў папяровым выглядзе. Дзякуй!