Сацыятэхніка. Пачаткі. Уводзіны

Не трэба тысячы, каб пачаць. І не трэба ста, каб пачаць.
I не трэба... дваіх, каб пачаць…
Уладзімір Караткевіч

Клан Монас

У 2001 годзе я першы раз браў удзел у турніры, прысвечаным камп’ютарнай гульні “Казакі”. У мяне добра атрымлівалася гуляць у гэтую стратэгію. У той жа час мне важна было стварыць калектыў. Цяпер складана сказаць, чаму гэта было для мяне выклікам: магчыма, важна было знайсці аднадумцаў такім спосабам. Я пачаў іх шукаць праз гульню. 

Падчас удзелу ў кіберспаборніцтвах здолеў знайсці іншых гульцоў. Таксама зацікавіў некалькі былых аднакласнікаў, з якімі я пачаў хадзіць у камп’ютарныя клубы начамі. Для майго студэнцкага бюджэту гэты быў прымальны кошт. Пасля я прыцягнуў некалькіх студэнтаў з каледжу, дзе мы навучаліся. Гэтак вакол мяне пачало стварацца кола асобаў, якія падзялялі мой погляд на хобі, хоць і не цалкам, вядома.

Але самае цікавае ўсё ж адбывалася онлайн. Інтэрнэт толькі пачынаў нараджацца ў буйных гарадах. Я памятаю канец 1999 году, калі першы раз выйшаў у прастору на сайты, каб спампаваць рэфераты. У 2001–2002-м інтэрнэт не стаў нашмат хутчэйшы. Магчыма, наадварот. Нават дазваніцца да інтэрнэту было вельмі складна і ўдавалася толькі тым шчасліўцам, якія маглі не спаць да другой уначы. І не спалі…

Калі я першы раз зайшоў у інтэрнэт, каб гуляць у “Казакоў”, я трапіў у агульнагульнёвы онлайн-чат, дзе праходзілі дзясяткі паведамленняў. Я заўважыў розныя банеры і назвы ў квадратных дужках [ ] насупраць нікаў гульцоў. Гэта былі сцягі і назвы кланаў. 

“Што такое клан?” – нарадзілася тады пытанне ў маёй галаве. І я пачаў даследаваць гэтую з’яву. Практычна. А магчыма, тое, што я стварыў яшчэ да першага ўваходу ў онлайн-прастору, ужо было кланам.

Некаторы час я гуляў пад сваім нікам. Пасля мне захацелася стварыць свой клан. І я ўжо быў не на нулі. Заставалася распрацаваць назву і сімвал, а пасля расказаць маім сябрам. Назва прыйшла хутка – Монас. Пасля размоваў са знаёмымі я пачаў гукаць удзельнікаў з Беларусі ў гульнёвым чаце. І нагукаў. 

Праз нейкі час у дадатак да аднадумцаў у рэале ў мяне ўжо былі некалькі знаёмых онлайн з Беларусі, з якімі паразмаўляў. І не толькі. Мы пачалі гуляць онлайн пад агульным сцягам і з розным поспехам. 

Тады ўзаемадзеянне перад, падчас і пасля гульняў было захапляльнае. Я мог камунікаваць і будаваць калектыў з аднадумцамі, якія жывуць не толькі ў маім мястэчку, але іншых краінах. 

Праз нейкі час, у 2002-м, я запраграмаваў форум на мове PHP для клану і размясціў яго на тады бясплатным гостынґу народ.ру. Мы працягнулі гуляць як онлайн, гэтак і ў камп’ютарных клубах. У наступным годзе прыходзіць шырокапалосны інтэрнэт, і пачынаецца іншая гісторыя.

Лакальныя сеткі

Калі я ствараў гульнёвую супольнасць (у рэале і онлайн), дваровыя супольнасці праяўлялі сябе праз стварэнне лакальных камп’ютарных сетак. Ім я таксама прысвяціў частку жыцця.

У сярэдзіне 2003 году я далучыў кватэру бацькоў да лакальнай сеткі, што з’явілася ў маім доме. Спачатку гэта было жаданне проста мець больш хуткі і танны інтэрнэт. У параўнанні з 64 КБ, можна было атрымаць хуткасць 1-2 і нават 3 Мбіты за секунду, што давала неймаверныя магчымасці сёрфінгу ў параўнанні з тэлефоннымі мадэмамі. 

Паралельная адбываліся незаўважныя, але значныя змены ў камунікацыі. Найперш для правядзення кабеляў да першага роўтара мне спатрэбілася наладзіць добрыя стасункі з дваровымі хлопцамі, якія кантралявалі гэты роўтар. З дзяцінства дачыненні былі розныя, але для сеткі патрэбныя добрыя і працяглыя. Таксама мы камунікавалі наконт шэрагу тэхнічных заданняў. Кабель я праводзіў спантанна. Проста паклаў яго на дах. Усе дробязі патрабавалі камунікацыі: і з трымальнікамі ключоў ад дахаў, і суседзямі, і спецыялістамі, якія ведалі, як наладжваць камп’ютар ды роўтары. Такім чынам новая тэхналогія паціху разагравала сацыяльныя стасункі і яднала ў адной сеткавай прасторы некалькі дзясяткаў жыхароў майго дому. Гэта была невялікая колькасць, але паралельна адбываліся больш маштабныя працэсы. Дамовыя сеткі ствараліся ўжо ў розных гарадах і мястэчках. 

Першая версія нашай дамовай сеткі пражыла нядоўга. Працаўнікі ЖЭСу хутка нас вылічылі і знішчылі кабель. Але гэта быў толькі пачатак. У тым жа годзе мы знаходзім суседа ў пад’ездзе побач з роўтарам іншай лакальнай сеткі. Далучэнне да яго давала яшчэ большыя магчымасці ў справе інтэрнэту і колькасці далучаных удзельнікаў. Ды я дзеяў больш зладжана і падрыхтавана. На гэты раз кабель пракладаю, не проста пракідваючы праз дах, але званю кожнаму суседу ў пад’ездзе і праз шчытавую прастору паверхаў кладу кабель. Атрымалася вельмі прафесійна, а самае галоўнае – камунікатыўна.

Падчас працягвання кабелю суседзі пыталіся: “А можна мне да сеткі далучыцца?” Я, натуральна, казаў, што можна. І такім чынам пагутарыў з суседзямі з 9-га да 1-га паверху майго пад’езду самастойна. Далей ішоў склеп. Тая ж камунікацыя адбывалася і ў іншым пад’ездзе, дзе трэба было падняць кабель да 4-га паверху. 

Узровень дваровых сетак рос. Яны з’яўляліся ў вялікіх гарадах, як грыбы. Дзесьці бралі ўдзел сотні і нават тысячы камп’ютараў. Уявіце: звычайна дваровыя энтузіясты ствараюць сеткі ўзроўню карпаратыўных на сваіх уласных ведах. 

Паралельна ў такіх сетках людзі абменьваліся файламі. Менавіта тады з’яўляліся гіганцкія музычныя і кінакалекцыі. Часам ствараліся файлаабменныя серверы, дзе можна было спампаваць упадабанае кіно. Нехта ўсталёўваў пошукавікі для зручнасці. Фанаты гульняў ядналіся. Чаты працавалі кругладзённа. Абмен ведамі (у тым ліку алічбаванымі кнігамі) паскорыўся. 

Памятаю, у канцы 2007 году я пачаў здымаць сваю першую кватэру. У пошуках такой лакальнай сеткі ў новым месцы я расклеіў абвесткі. Мяне хутка знайшоў захавальнік сеткі. Праз тыдзень я ўжо карыстаўся інтэрнэтам, праклаўшы кабель да роўтара, дзе быў інтэрнэт праз 6 пад’ездаў (!). 

Такі росквіт дамовых сетак адбыўся ў прамежку 2004–2008 гадоў. З 2009-га ўлады прымушаюць зарэгістраваць усе сеткі. Некаторыя адыходзяць фірмам-правайдарам, сотавым аператарам. Некаторыя буйныя сеткі рэгіструюцца як новыя правайдары. Але бальшыня сетак разбураецца, і на іх месца прыходзіць манапаліст “Белтэлекам”. 

За гэтыя 5 гадоў актыўнага росту сетак сотні тысяч беларусаў паспрабавалі камунікатыўную аўтаномію. Гэтак, вонкавы правайдар быў манапалістам, але двор мог самастойна яднацца і не толькі рэалізоўваць сваё права на камунікацыю, але актыўна абменьвацца ведамі і знаёміцца ў рэале. Бо кожная такая сетка ўтварала беспасярэднія стасункі паміж людзьмі як індывідуальна, гэтак і на тыднёвых “рэалках”. 

З’яву, калі грамадзяне будавалі грамадства, на мой погляд, не адрэфлексавала беларускае грамадства. Думаю, сеткавізацыя 2000-х была першаю лічбаваю рэвалюцыяй, калі людзі хутчэй за дзяржаву здолелі аб’яднацца і будаваць свой інтэрнэт. 

Насамрэч пракладванне сеткі для рэалізацыі права на камунікацыю – толькі адзін бок такой шматбаковай з’явы. Сеткавізацыя буйных гарадоў уласна грамадзянамі – гэта працэс, калі агульны інтарэс і агульнае месца жыцця падштурхнула грамадзянаў практыкаваць супольнасці.

А ў чым яны дасюль жылі? У супольнасцях, але гэта была іхная супольнасць, і яны былі ўдзельнікамі.

Стварыць з нічога

Філосаф У. Мацкевіч у 2007–2008 гадах са сваёй камандаю падарожнічаў па Беларусі ў пошуках мясцовых супольнасцяў. Ён прыйшоў да высновы, што іх у нашай краіне няма. Бо няма нейкага ідэальнага тыпу асобаў, якія б маглі ўтварыць калектывы ў той час. Калі няма прыкладу, з чаго ствараць.

З ягонаю высновай я не пагаджуся.

Па-першае, парасткі такіх супольнасцяў былі і ў Беларусі. І гэта прыклад не толькі майго гульнёвага клану ці супольнасці лакальных сетак, якія я апісаў вышэй. Усё часцей нараджаліся групы грамадзянаў вакол жылых раёнаў буйных гарадоў. Дзе новыя шматкватэрныя дамы фінансаваліся кааператывамі ўласнікаў. У час, калі лакальныя сеткі былі захопленыя дзяржавай і бізнесам, гэтыя кааператывы сталіся яшчэ адным пунктам росту мясцовых супольнасцяў. Вядома, гэтага мог не заўважыць Мацкевіч, бо, калі нараджаюцца супольнасці, іх можна не пабачыць няўзброеным вокам. Нават сотні і тысячы малых групаў, жыццё якіх віруе, могуць быць не заўважаныя з вышыні птушынага палёту ці нават даследніцкай экспедыцыяй у полі. 

Па-другое, на мой погляд супольнасць – гэта прадукт і чалавечае рацыянальнае дзейнасці, але і частка закладзенага нам прыродаю коду – жыць у калектывах. Гэтую вызначанасць прыродаю насамрэч праігнараваў Мацкевіч у той час. Але яна ёсць.

Вядома, я, ствараючы супольнасць вакол гульні “Казакі”, ці сотні тысяч беларусаў, якія падтрымлівалі сеткавізацыю і стасаваліся ў сваіх дварах, ці ўдзельнікі таварыстваў уласнікаў шматкватэрніку ў гарадах не называлі сябе супольнасцямі. У той жа час мы/яны ядналіся ды імкнуліся паводзіцца як калектыўны суб’ект, актар: аўтаномна. І такіх актараў з 2000-х паўстала шмат. Жаданне задаволіць пошукі аднадумцаў, мець больш танныя камунікацыі і стасункі ці кіраваць агульнаю прастораю для жыцця, больш дасканала, чым гэта прапаноўваў свет вакол, і шмат іншых недасканаласцяў кіравалі людзьмі пры стварэнні супольнасцяў. З гэтых малых калектываў паўставала грамадства.

Іншымі словамі, грамадства – гэта і ёсць усё мноства малых суполак, нефармальных групаў, калектываў, вялікіх супольнасцяў, што застаюцца ў сталай броўнаўскай дынаміцы. Нехта нараджаецца, займае пачэснае месца, праяўляе сябе ў поўным харастве, а нехта знікае. Пра такія малыя ўтварэнні я буду разважаць у гэтай кнізе.

Жывы арганізм

Такі броўнаўскі рух, дынаміку я заўважыў і адсачыў у сваёй актывісцкай дзейнасці, якая пачалася з 2003-га. Гэтая кніга – апісанне майго 20-гадовага шляху, які трывае і цяпер.

На старонках кнігі я дзялюся сваім досведам: як знаходзіць, ствараць, развіваць супольнасці і як проста жыць у іх. У прыклады прывяду тыя з супольнасцяў, у якіх сам браў удзел, якія ствараў ці ў якіх меў эпізадычныя стасункі і знаёмых. 

Насамрэч гэтая кніга – не толькі мая рэфлексія дзейнасці і стварэння супольнасцяў з пачатку 2000-х. Гэта таксама спроба апісаць спосабы, якія я ўжываў пры сваёй дзейнасці ў супольнасцях, падсумаваць і сістэматызаваць іх, назваць з’явы, што адбываюцца ў нефармальных калектывах, групах, суполках.

Кніга называецца “Сацыятэхніка. Пачаткі”, бо яна – пра будаванне грамадства. Набор метадаў можа быць выкарыстаны для стварэння грамадства. Як фізіка, хімія і біялогія – можа дапамагаць людзям жыць, а можа перашкаджаць. Таму я шмат надзеі ўскладаю на маральны стрыжань майго чытача.

Я пішу гэтыя старонкі для сённяшняга і наступных пакаленняў. Упэўнены, што веды пра стварэнне супольнасцяў – гэта веды пра стварэнне і развіццё грамадства. Спадзяюся, мой практычны досвед, памножаны на тэарэтычныя веды, запісаныя на старонкі кнігі, натхніць маладых стваральнікаў супольнасцяў на дзеянні, а звычайных людзей – вызначаць сябе як грамадзянаў. Таму гэтая кніга для ўсіх грамадзянаў.

 

Працяг будзе

 

 

Падабаецца што і як я пішу, заданаць ці прадзамоў кнігу Сацыятэхніка. Пачаткі, гэта дасць мне магчымасці выдаць яе ў папяровым выглядзе. Дзякуй!