Мне таксама патрэбны рэвалюцыйны псіхолаг

Пару дзён назад атрымалася азнаёміцца з відэа радыё “Свабода”, якое было прысвечана чарговым арыштам, на гэты раз у супольнасці псіхолагаў. Там выступала спікер супольнасці псіхолагаў. Гэты выступ паслужыў мне трыгерам для думак, якія хачу занатаваць для будучых пакаленняў.

На мой погляд, місія псіхолага - дапамагчы чалавеку, калі ён апынаецца ў складанай эмацыйнай, разумовай сітуацыі, не ведае, як сябе паводзіць і не можа сам сябе змяніць. Таксама недастаткова дапамогі блізкіх і сяброў. Ці проста чалавек адзінокі, і яна/ён абірае вось такую камунікацыю за грошы з прафесіяналам, таму, што няма з кім.

Напрацягу шэрагу гадоў я назіраў за гэтай прафесіяй і асабліва сустрэўся з ёй у 2020 годзе. Дакладней з логікай, якая культывавалася вакол пацярпелых і наогул маркеруемых як “ахвяры”.

Культывацыя пакоры

Асабліва мяне ўразіла тры выпадкі. Першая гісторыя са жніўнся 2020, калі я прыязджаў да Акрэсціна з супам і раздаваў ежу розным валанцёрам, якія там знаходзіліся. Дык, што я заўважыў, што нейкі касцяк валанцёраў, якія трымалі тэрыторыю вакол Акрэсціна, не давалі людзям выказваць свае думкі і эмоцыі гучнай падтрымкай тых, хто быў заключаны. Аргумент быў такі: "калі вы будзеце крычаць словы падтрымкі, тых, хто знаходзіцца ўнутры, будуць больш катаваць". Шчыра кажучы, не было часу рабіць раследванне аўтараў гэтай маральнай устаноўкі, бо кожная хвіліна тады была была вельмі цэнная і трэба было дапамагаць і дзейнічаць. Але зачапіла.

Другі выпадак здарыўся 4 кастрычніка, 2020. Я меў магчымасць назіраць праз розныя паблікі, як развіваліся падзеі. Ды вось маніфестацыя называлася “Марш вызвалення палітвязняў”. Згодна прэсе ў ёй удзельнічала каля 100 тыс. Адна з калон абрала накірунак на Акрэсціна. Але, калі такая велічэзная калона дайшла да Акрэсціна, яна зноў сустрэла той жа мэсыдж (ужо прайшло 2 месяцы з пачатку паўстання) ад неназваных валанцёраў: “калі будзеце крычаць, будзе горш тым, хто сядзіць”. Медыя пісалі, што частка калоны не паслухалася, і пачала скандаваць, але не ўся. І сама мэта марша, вызваліць палітвязняў, кудысь выпарылася. Магчыма гэта дэматывашка зрабіла свой унёсак.

І нарэшце, трэці выпадак, які паслужыў трыгерам гэтага паста. Калі спікерка супольнасці псіхолагаў паўтарае падобны мэсыдж ужо ў 2023 годзе: “будзеце абмяркоўваць арышты, будзе горш тым, хто сядзіць”. Бо там вельмі шмат індывідуальных выпадкаў, у супольнасці розныя меркаванні, і ніхто не ведае, хто і што там, кажа псіхалагіня. Наогул калі ўважліва прагледзіце, заўважыйце, з якой неахвотай можна скажаць шкадаваннем для сябе прадстаўніца супольнасці псіхолагаў раскрывае вельмі важную праблему: тое што зараз псіхолагі мусяць зліваць любыя звесткі і інфармацыю сваіх кліентаў па любому запыту палітычнай паліцыі.

Падсумую. Ва ўсіх трох выпадках культывуюецца светапогляд, які ідэальна пасуе для таталітарнага грамадства. Улады могуць саджаць, катаваць людзей, але іншыя мусяць устрымлівацца ад не толькі дзеянняў па вызваленню сваіх братоў і сясцёр з турмаў (сураціўленню), але і нават амяркоўваць этычны бок рэпрэсій у публічнай прасторы. Псіхолагі культувуюць пакору, як і ўлады. Вядома, гэта не ўсё псіхолагі, але калі такі мэсыдж дажыў да 2023 года ў гэтай супольнасці, значыць хтосці яго паўтараў як мантру і падтрымліваў, як стрыжнёвы.

Знізіць планку чаканняў

Яшчэ падлілі алей у вагонь іншыя выпадкі, якія сугучны з падзеямі 2020-...  Двое маіх знаёмых распавялі свой досвед камунікацыі з псіхолагамі. Каб неяк разабрацца з эмацыйнымі праблемамі ў 2020 і 2021 гадах у сувязі з бачным бокам паўстання.

У першым выпадку псіхолагіня параіла першаму майму сябру “зменшыць планку патрабаванняў” да сябе. У другім выпадку іншая прафесіяналка - “зменшыць тэрыторыю кантроля да памеру свайго дома, кватэры”. Іншымі словамі, “займіцеся прыватным жыццём, дзе вы можаце кантраляваць і пазбягайце месцаў і інфармацыі, якую вы не можаце кантраляваць”. Падаецца, слушна? У чым жа праблема такой устаноўкі?

Вядома, ў гэтай пазіцыі ёсць рацыянальная тлумачэнне. А менавіта, кантроль пачынаецца з нейкіх дробных рэчаў, і калі ты можаш кантраляваць нешта вакол, узнікае “адчуванне” цэласнасці. З’яўляюцца нейкія поспехі, якія могуць вывесці індывіда са складанага маральнага стану.

Я маю досвед знаходжання ў турме. Мяне арыштоўвалі тры разы з 2020 года. Калі сядзіш у камеры і разумееш, што з табой могуць зрабіць усё, што пажадаюць, спрабуеш знайсці нешта, дзе сам можаш вырашаць. Гэта “нешта”: як мінімум сам можаш рухаць сваё цела, трэніраваць, яго. Сам можаш будуваць камунікацыю з сукамернікамі, можаш назіраць за сабой і трэніраваць цярпенне і вытрымку, чысціць зубы, прыбіраць камеру, мыцца, хадзіць на прагулку, пісаць ці маляваць, калі атрымалася здабыць асадку і лісты, марыць будучыню, пераасэнсоўваць пройдзены шлях і г.д. Ужо падаецца ўжо не так страшна. Такая тактыка мае пазітыўны эфект, калі чалавек цалкам ізаляваны, яго гвалтам памясцілі ў турму, і ён.яна эмацыйна і ментальна выкарасківаецца, робячы хоць нейкія крокі па самакантролю і кантролю свайго малога наваколля.

Секулярызаваная споведзь

У сучасным свеце псіхолагі замянілі пэўную частку святароў. Зараз чалавек можа “спаведацца” з секулярызаванай асобай. Ва ўсялякім разе секулярызаванай роллю - псіхолагам. І атрымліваецца, калі раней чалавек прыходзіў да святара, ён мог прадбачыць, якія настаўленні дасць яму святар падчас споведзі, і разумеў прынцыпы гэтай споведзі.

У псіхолагаў таксама нешта такое ёсць. Нейкія прынцыпы вядзення камунікацыі з пацыентам. Ты прыходзіш і спадзяешся, што ўсё сказанае, застанецца паміж вамі і толькі вамі. І вось тут загвоздачка. Ці задаваліся пытаннем самі кліенты, якіх каштоўнасцяў, грамадскай ці палітычнай пазіцыі прытрымліваецца сам псіхолаг? Ці меў ён.яна ўласны досвед перажыванняў падобнага досведу? Ці хаця б актыўнага назірання яго? Ці самавызначыўся гэты прафесіянал у пэўных гістарычных, палітычных, ці хаця б грамадзянскіх рамках?
 
Прасцей кажучы:

  • Якія каштоўнасці ў псіхолага?
  • Ці адносіць псіхолаг сябе да цэласнай асобы? Чаму?
  • Якая грамадзянская пазіцыя па пытанняў, якія хвалявалі кліентаў (2020-...)?
  • Ці можна дапускаць псіхолага, які прытрымліваецца аднаго светапогляду, да працы з чалавекам з іншым светапоглядам? Асабліва, калі гэта актыўна канфліктуючыя светапогляды.

Канструяванне сведапогляду "па-за палітыкай"

Вядома псіхолаг можа сказаць, што яго прафесія па-за палітыкай. Але насамрэч не так. Псіхолагі працуюць не з чалавечымм целам, як хірургі, напрыклад, а з чалавечай псіхікай (кагнітыўнымі здольнасцямі, эмацыйным інтэлектам, а таксама паводзінамі, якія карэлююць са светапоглядам чалавека). Таму любое палавінчатае выказванне ці сыход ад пазіцыі (артыкуляванне да такіх установак) - гэта палітычная пазіцыя. І нажаль сёння яна культывуе ў маёй краіне таталітарызм.

Чаму пытанні вышэй, важныя. Падчас грамадскіх працэсаў зрушваюцца літасферныя пліты - правілы, каштоўнасці, інстытуты мяняюцца, некаторыя знікаюць, адыходзяць на другі план, штосці ўзнікае новае, якое патрабуе абараніць сябе ад старых правілаў. Грамадства прагне пераменаў. Яго большасць.

У такі транзітны перыяд не псіхолагі-прафесіяналы стаяць у авангардзе гэтых пераменаў. Але ў той жа час псіхолагі аказваюць сур’ёзны ўплыў на грамадскую думку, бо яны працуюць з унутраным светам, светапоглядамі людзей.

Зараз я бачу, што псіхолагі хутчэй накіраваны на тое, каб сыйсці ад боляў і нявызначанасці ў больш камфортны стан. Прапануецца зайці ў папярэдні стан, дзе была звычка і адчуванне бяспекі, у нейкую утопію, якой няма і не было. Ці сапраўды дапамагае гэта чалавеку? Ці хоча гэта чалавек якому баліць? Тым больш тут цікава, што накапліваючы смеласць дзесяцігоддзямі, чалавек робіць смелы шлях, але яму пасля кажуць, вярніся у той стан: “мая хата скраю”.

Дарэчы тут узгадаўся момант з кнігі “У дзіўны новы свет” Хакслі. Калі Джон Сэвыдж кажа, што хоча памыляцца, што хоча хварэць, хоча дасягаць, хоча каб яму балела па-сапраўднаму - без транквілізатараў, на якіх сядзяць цывілізаваныя Альфы і Дэльты.

І другі момант тут дадаўся з фільма Матрыца: Уваскрашэнне. Дзе асабісты псіхолаг Нэа, з’яўляецца тым злом, якое зноў і зноў яго пагружае ў наратыў матрыцы і не дае выпаўзці, праз тыя ж транквілізатары: тое, што робіць пакладзістым.

Рэвалюцыйны псіхолаг

Адна са знаёмых кажа: “Мне на той момант, у 2020, патрэбны быў рэвалюцыйны псіхолаг”. Так, беларус доўгі час запрагаў, але ў 2020 ён прагнуў дзеяння, падтрымкі у гэтым. Я разумею гэты пасыл, бо людзям, якія годы выдаткавалі ў змаганні з дыктатурай, хай і культурнымі ініцыятывамі, якія праглі нейкага новага грамадства, гэтыя пасылы гучаць абразай: “стань звычайным абываталем”, “памаўчы, магчыма пранясе цябе”, “не крычыце, бо іх будуць біць больш”.

Зараз б'юць усіх.

Мне таксама патрэбны рэвалюцыйны псіхолаг.