Кожнае навуковае адкрыццё пачынаецца з памылкі

Хачу падзяліцца ўраджаннямі, як ўжо амаль напрацягу года развіваецца і прадукт, і суполка актывістаў, якая стаіць за пачынаннем пад назвай “Памылка”.

Спакойна, без лішняга пылу вакол, суполка актывістаў робіць важную справу: яднае вакол сябе беларусаў-навукоўцаў. Яшчэ больш цікавай робіць сітуацыю тое, што перад 2024 годам каманда “Памылкі” заклала пачатак незалежнай прэміі ў галіне натуральных і дакладных навук з назвай Бізон Хігса. Амбітна? Канешне! Цікавы мае быць год у супольнасці “Памылкі” і іх прыхільнікаў. Што нас можа зачапіць у гэтай справе, распавядаю крок па кроку.

Ад навуковасці да гонза

Найбольш цікавы для мяне калектыў, але наперш закрану сам прадукт. Зін “Памылка”, самвыдат часопіс, выйшаў на сёння (канец студзеня 2024) ў трох нумарах. Актыўна рыхтуецца чацвёрты нумар, які выйдзе вясной.Часопіс прадстаўлены папяровай і пдф-версіяй. Папяровая версія друкуецца ў Польшы. Выданне каляровае. Кантэнт - каля 10 артыкулаў на нумар, аб’ём апошніх двух нумароў 60 старонак. Добра ілюстраваны, большасць выяваў аўтарскія, але часам сустракаюцца запазычаныя.

Мова зіна беларуская. Асноўны акцэнт рэдакцыя робіць на натуральныя, дакладныя, інжынерныя навукі: фізіка, біялогія, архітэктруа, геаграфія, медыцына, астаномія, матэматыка, біялогія і інш. Вялікі ўплыў на сёння аказваюць мастакі. Пасутнасці кожны артыкул мае свайго мастака.

Рэдакцыя пазіцыянуе сябе, як навукова-папулярнае выданне. Хаця пасля прачыту трох нумароў, я сустрэў і навуковыя, і папулярныя, і эксперыментальныя міждысцыплінарныя артыкулы ў гонза-стылі. Матэрыялы нумароў бываюць і для даволі падрыхтаванага чытача, а бываюць простыя для ўспрымання, дзе можна трохі раслабіцца=). Іншымі словамі, рэдакцыя гатова да эксперыментаў.

Суполка фемінізавана

А зараз пяройдзем да суполкі, якая працуе над прадуктам (ці над нейкай місіяй?). На першым развароце вы ўбачыце чатыры імя - тры жаночых і адно мужчынскае. З супольнасцю працуе - Святлана Волчак, рэдактура - Настасся Кахан, дызайн і вёрстка - Паліна Лістапад. У трэцім нумары дадалася камунікацыя з мастакамі - Алесь Залескі.  Гэта аснова - ядро рэдакцыі.

Далей. Калі ўлічым, што 8-10 артыкулаў на нумар, атрымліваецца 8 аўтараў + 8 мастакоў. Нават калі ўлічыць, што нехта з аўтараў і мастакоў можа перасякацца кожны нумар стварае 15-20 чалавек. Па маіх падліках у стварэнні трох нумароў паўдзельнічала каля 40 чалавек. Яшчэ тут дадам, што толькі ў адным нумары ў атрымліваецца гендарны баланс. Большасць удзельнікаў супольнасці - аўтаркі і мастачкі. Геаграфічна стваральніцы зіна раскіданыя па розных кутках планеты: Беларусь, Польша, Амерыка, Нарвегія, Францыя і іншыя.  

Наконт кола прыхільнікаў і чытачоў. Лічбу можна ўзяць з інстаграма 969 падпісчыкаў (на 27 студзеня 2024). Таксама пачалі збірацца прыхільнікі прэміі Бізон Хігса.  Палова пастоў каментуецца і добра лайкаецца. Чытачы таксама раскіданыя па розных краінах: Шатланцыя, Партугалія, Іспанія, Грузія,Фінлядныя (etc) і традыцыйна Беларусі, Польша і Літва.

Трэці нумар Памылка зіна. Прэмія Бізон Хігса

Самадастатковасць

Зараз пра тое, як суполка працуе з рэсурсамі для развіцця. Зін “Памылка” і тым больш прэмія бізона Хігса - гэта не камерцыйныя пачынанні. У той жа час любое пачынанне мусіць мець эканамічную базу.

Асноўную базу складаюць падпісчыкі і пакупнікі зіна. Рэдакцыя карыстаецца сэрвісам buymecoffee.com, дзе маецца тры опцыі, як падтрымаць супольнасць. Па-першае, сам зін можна набыць праз прадзамовы ў папяровым выглядзе. Па-другое, можна набыць пдф-версію таксама. І, нарэшце, ёсць адмысловая опцыя быць сябрам і кожны месяц выдатковае грошы на дзейнасць рэдакцыі праз падпіску.

У прынцыпе на гэтай схеме і трымаецца дзейнасць рэдакцыі. Артымліваецца вельмі гарызантальна і празрыста. Каму сімпатычна падобнае пачынанне можаце падтрымаць іх тут, а я працягваю свой расповяд.

Капілэфт кантэнт

Цікавую палітыку абрала суполка датычна кіравання кантэнтам. На апошнім развароце кожнага нумару можна прачытаць, што ўвесь кантэнт, які створаны рэдакцыяй распаўсюджваецца пад “капілэфт” ліцэнзіяй Creative Commons Share-Alike. Калі разгарнуць гэтую назву, атрымліваецца, з кантэнтам часопіса можна рабіць усё (распаўсюджэваць, змяняць, распаўсюджваць змены) з адзіным патрабаваннем, што калі гэты кантэнт будзе выкарыстаны дзесьці, ён мусіць таксама дазваляць рабіць усё, з пазначэннем першаснага аўтара.

Насамрэч пасля нейкага часу прадзамоваў рэдакцыя выкладае пдф-версію зіна ў вольны доступ на сваёй старонцы гітхаба. Стваральнікі зіна скамбініравалі мадэль, якая дазваляе ім трымацца на плаву і таксама вольна распаўсюджваць навуковыя веды па-беларуску.

Беларусь і навука разам

На адваротным баку папяровай версіі выдання стваральнікі напісалі сваю візію: “Мы ведаем, што любое навуковае адкрыццё пачынаецца з памылкі ;) І наш зін - гэта толькі пачатак развіцця беларускай навукі!і” Гэта візія гучыць амбітна. Цікава, а што ж было было да таго як стваральнікі пачалі свой зін? Якая там была навука?

Вядома, можна пагаджацца ці не пагаджацца з гэтым тэзісам, але рэдакцыя ўзяла смеласць працаваць у беларускім кантэксце і ствараць беларускі прадукт. За гэтай ёй плюс, але будзем глядзець на наступныя крокі. Планка паднята на высокі ўзровень.

Наконт прэміі Бізон Хігса стваральнікі зіна выказаліся, што яна “будзе ўвасабляць Беларусь і навуку разам”. У трэцім нумары нават можна знайсці апісанне, як будзе адбывацца гэта прэмія.

Зін Памылка. Юрый Адамаў

Варта адзначыць, што адзін з пачынальнікаў зіна Юрый Адамаў патрапіў пад палітычны пераслед і зараз знаходзіцца за кратамі. Рэдакцыя прысвяціла яму другі нумар, дзе мастачка Аляксандра Давыдзенка стылізавала яго на вокладцы, як джэдая навукі. А ў рэдактараскай калонцы суполка раскрыла сваю пазіцыю па агульнаграмадскаму крызісу, які цягнецца ў Беларусі з 2020 года, у тым ліку праз гасла: “Свабоду Юрыю Адамаву і ўсім палітзняволеным!”

Вядома навука і палітыка - гэта розныя сферы, але калі пытанне тычыцца агульнаграмадзянскіх праблем навукоўцы мусяць таксама дэманстраваць сваю пазіцыю. Тут рэдакцыя Памылкі паказвае ўзорныя паводзіны.


Тры нумары, якія я зараз трымаю ў руках вельмі абнадзейваюць і паказваюць, што ёсць людзі, якія працуюць на будучыню Беларусі. Нават калі прыйдзецца прайсці праз памылкі. Галоўнае тут ісці бо наперадзе, як анансуе рэдакцыя, будзе Вялікі Палескі Калайдэр.

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

A post shared by PAMYŁKA ZIN (@pamylka.zin)