Палессе 2.0 Разбураны наратыў

Я спрабаваў падумаць над нейкай агульнай гісторыяй майго падарожжа на Палессе сёлета. Палессе - гэта радзіма маёй маці і маіх прашчураў. Мая. 

Ужо прайшло два месяцы з часу падарожжа, магчыма нешта запамятаваў, магчыма нешта проста змяніў, успрымаючы рэчаіснасць праз свае акуляры. 

Усё ж мару стварыць наратыў, нават свой Палескі эпас практыкай, праз стагоддзе пасля людзей на балоце. Менавіта гісторыю лёсаў людзей, разам з эмацыянальнымі замалёўкамі. Склаўшы гэтыя цаглінкі атрымаецца гісторыя, якая будзе пачаткам.

Тыдзень летняга падарожжа недастаткова для эпаса і магчыма нават апавядання. Але гэта першыя штрыхі пошука сваіх каранёў і сваёй ідэнтычнасці ў якім змяшалася і тутэйшая і габрэйская кроў, і кроў казакаў. Пішучы кожны радок, я ствараю сябе нанова. 
Кантроль над смеццем

- Смецце адсюль вывозяць толькі па чацвяргам, - працягвае гаворку Коля. - Можа развезці па дварах гэтыя пакеты, бо гэты ж дом не абслугоўваецца.

- Я разбяруся, не перажывай. Каб направіць аўто ў нужнам напраўленіі трэба ж якую дзясятку даты, - разважае Віктар. Я разумею намёк і перадаю яму грошы.

Насамрэч усе мясцовыя звалкі забаранілі, прымусіўшы сялян плаціць штомесяцова камунальную аплату за вываз смецця. Спальванне смецця таксама забаронена, “каб не спаліць суседнія хаты”. 

Вядома, што ёсць рацыянальнае ў задуме цэнтралізаванага вывазу смецця, але застаецца шмат пытанняў. Як вывезці смецце і куды, калі ты не з’яўляешся пастаянным жыхаром вёскі? Як вывезці буйна габарытнае смецце і старую мэблю, тэлевізар, калі машына забірае толькі дробна габарытнае смецце? Чаму адна вялікая свалка будзе больш экалагічнай, чым лакальнае перапрацоўка (знішчэнне) смецця? Наогул, як перапрацоўваецца смецце на той звалцы?

Лас-Вегас і крыжы

Вечарэла. Мы вярталіся з прыёмнага пункту ў Дружылавічах, на якім пакінулі металічны хлам. На скрыжаванні, дзе пачынаецца Моладава, заўважылі царкву. Падсветка выдавала ўзоры падобныя на Лас-Вегас. Падумалася, што з мэтай неяк упрыгожыць храм, атрымаўся кітч.

Падобны кітч назіраецца на шматлікіх вакольных могілках, дзе массава зразаюць старажытныя дрэвы. Пасля веснавых рэлігійных святаў кіслотныя аранжава-жоўтыя вагні штучных кветак запаўняюць месца смутку, памяці пра сваякоў і наогул гісторыі.

Я спрабаваў адрэфлексаваць гэткія паводзіны людзей, але пакуль таямніца радасці ў беларускім сэрдцы, змайстраваная таннай кітайскай хімічнай вытворчасцю, засталася загадкай. 

Павага да веры

- Ну як хлопцы, колькі вам тут засталося? - пытае, паязджаючы міма на ровары дзядзько Віктар.

- Яшчэ сёння і трохі заўтра. Ужо заканчваем, бо трэба ехаць, - адказваю, седзячы на даху і забіваючы шыферныя цвікі для замацавання канька.

- То можа заўтра адпачнем, - кажа Коля, як толькі сыходзіць Віктар, - можа яшчэ на дзень застанецеся, бо заўтра ж вялікае свята. Ну і суседзі заўважаць і ўсё запомняць.

Мы размаўлялі ледзь не ў паўцемры. Я збіраў рэчы, размячаў канёк. Праца ўсё ж засталася. Каля паўтара метра трэба было яшчэ замацаваць на даху. Гэта не шмат, але само не зробіцца.

Усё ж на заўтра дзядзя Коля далучыўся да нашай працы. Мы справіліся даволі хутка.

Складана назваць дзядзю Колю вельмі рэлігійным чалавекам. Мне больш запомніўся яго аргумент. Ён артыкуляваў да супольнасці. Жыхароў вёскі, якія могуць заўважыць працу, а не бога і грэх. Гэта рэакцыя, перш за усё да таго, як ацэняць яго дзеянні жывыя людзі, якія побач. 

Бачна, як паводзіны мясцовага жыхара рэгулюе супольнасць. Гэта была рэакцыя Колі, завязаная на павагу да людзей, якія вераць у бога. Павага да веры. 

Узыходы сонца

- Глядзі налева. Ведаеш, як гэты лес называецца? - вяртаючыся з Іванава пытаюся сваю спадарожніцу.
- Як?
- Тэтэра. Мы ў дзяцінстве тут прападалі летам за лісічкамі. Тут сосны, вунь як падраслі. 
- А зараз зірні направа, бачыш, там за полем лес?
- Так.
- Гэта Гадкі. Там балоты і шмат камароў. Ёсць яшчэ адзін лес там за Гадкамі, Бэбкаво назывыаецца.

У гэты час маёй галаве паўстаюць вобразы з дзяцінства. 

Мне 7 год. Чэрвень. Раніца. 4.30. Сонца толькі толькі ўстае. Золак. Кароў выгналі на пашу. Я еду на возе з дзядуляй. На возе двое грабляў, адны вілкі, нейкія прыстасаванні з брусоў. Будзем грабсці сена. Яно сазрэла, высахла. Трэба назапашваць. Паварочваем на Гадкі. Нарэшце спыняемся побач з канавай і пачынаем зграбаць сена. Я грабу з дзядуляй, пасля ён закідае вілкамі на воз. Я тапчу.  З таго дня я запомніў пах сена, скрэп збруі для каня і палюбіў узыходы соцна на Палессі.

На рамонце

- Ён на рамонце, - адказвае мне дзед Міша, паказваючы на малога хлапчука, які сядзіць на лавачцы побач. 
- Што гэта значыць “на рамонце”?, - цікаўлюся далей. 
- На рамонце значыць, кагда бацькі з горада прывозяць дзіцё на лета на сяло. Мы яго тут гадуем. 

Вось так вёска рамантуе горад. Вёска, якая знікае, аддае апошняе. Чысціню, закаленасць, любоў да прыроды і яе разуменне быта. Што вяртае горад?

Сацыялізацыя

- Вунь, бач, гэта ўжо зачынена, - губляючы імпэт, трохі нервова і разачаравана кажа Віктар.
Паглядзім яшчэ адну, давай наперад, асцярожна, далей, - падбадзёрвае яго дзядзя Коля, адначасова выконваючы ролю навігатара для мяне.

Мы вяртаемся з бані. Гэта субота. Банны дзень. Мужыкі шукаюць камунікацыю і алкаголь. Часам гэта зліваецца ў адно. 

Дзядзя Віктар - вельмі працавіты чалавек. Нягледзячы на інваліднасць рухальнага апарату, ён апантана даглядае за вялікай гаспадаркай з курэй, гусей, качак, свіней, кролікаў, ездзіць на ровары і п’е... 

... выціраю з ілба дзясяты пот і адчуваю, што трэба сесці адпачыць. Але Віктар вельмі апантана зразае траву і працягвае працаваць, і спыняюся ўрэшце і прашу паўзы. 

- Перакур, ці перакур з дрэматой? - запытвае Віктар.

Дзядзя Коля не п’е, але шпарка ідзе ў краму за каўбасой і пляшкай водкі...

Ці засталася талака

- Навошта ты пакідаеш гэта на вуліцы, - кажа Коля на дошкі, якія мы толькі прывезлі з піларамы ў Тышкавічах. 
- Ну хіба што здарыцца з імі да заўтра? - адказваю я. 

Насамрэч нічога не здарылася ні заўтра, ні паслязаўтра. Але настрой відавочны. Хаваюць палешукі нават танныя набыткі са свайго двара. Мне складана пісаць гэты стан. Можа вы бачылі шэрыя двары палескіх вёсак. Гэта нейкі такі рэсурсны голад у эпоху канс’юмерызма. 

Сталіца шыкуе ў дарагіх аўтамабілях, дзе шмат невядомых можа красці рэчы, а вось вёска, дзе людзі жывуць дзесядцігоддзямі і ведаюць адзін аднаго, баяцца паказаць на злодзея пальцам, калі ён такі ёсць. Вельмі складна сказаць, трэба адчуць. Недавер да блізкага.

Але разам з гэтым ёсць іншыя прыклады. Дзед Міша, падзяліўся нажніцамі для рэзкі металу. Дзед Лёня даў пакарыстацца трапам амаль на тыдзень. Віктар прынёс сваю кувалду, Коля - вылкі. Бабуля Шарапаева пачаставала гароднінай, дала магчымасць падключыцца да электрычнасці, карыстацца вадой са свайго калодзежа.

Гэтыя прыклады ўсё ж нараджаюць надзею існавання талакі ў гэтым месцы. Хаця супольнасць неяк жыве ў сваёй хаце, пухіры, выспе, але кожны нечым можа дапамагчы. Я веру.

Думкі пра грэблю, якая будавалася з Куранёў у Алешнікі палескіх хронік Мележа. Яна магчыма і зараз. Трэба думаць. Працаваць. Размаўляць з людзьмі і паказваць прыклад апантанай працы. Супольнасць за ўсім назірае. 

Даярка Таццяна

Выходны. Мы едзем у Іванава, раённы цэнтр, нешта прыдбаць на рынку для раманта хаты.

- Калі не сакрэт, якія ў вас заробкі зараз, - пытае Коля ў нашай пасажыркі, даяркі Таццяны. 

- Вялікія. Аж тысяча рублёў, - адказвае Таццяна.

Таццяна - жонка Віктара. Працавітая і гаспадарлівая. 

Калгасы ўзбуйнілі. Зараз гэта буйныя дзяржаўныя холдынгі і агракамбінаты, якія пакрываюць 5-10 вёсак, закупаюць тэхніку за мяжой і выкарыстоўваюць сучасную аўтаматызацыю працы для павышэння прадуктыўнасці. 

Інтэнсіўнасць уздзеяння на прыроду і жывых арганізмаў негатыўна сказваецца на навакольным асяроддзі, але павышаецца прадуктыўнасць працы - павышаюцца заробкі. 

Трыліскі

- Ведаеце, што ёсць ў Трылісках? - пытаю дзядзю Колю. 

- Не.

- Там ёсць свалка і туды можна вывесці усё, што тут назбіралася, - кажу я Колі і паказваю на кучу смецця, якое мы выграблі з хаты.

 

Так, мы ў траіх прыбіраем двор і рамантуем хату каля тыдня.

Сталася, што летам я атрымаў ва ўласнасць дом у Палессі. Дзядуля перадаваў яе  спадчыну дачцэ, але пасля безпаспяховага гаспадарання, дом напачатку лета 2019 года перайшоў мне. 

Тут абарвалі электрычнасць, двор прыйшоў у запусценне, зарос маладой пораслю бярозы, асіны і слівы. Гаспадарчыя пабудовы разбураныя. У жнівеньскай паездцы я сканцэнтраваў сілы і рэсурс, каб зрабіць хуткі рамонт даху хаты. Бо гэта для цэласці дрэва - асноўнае. 

Мае пошукі інфармацыі куды звозяць смецце сярод жыхароў былі беспаспяховымі, а інфармацыю гэту паведаміў супрацоўнік энерганагляду з раённага цэнтра. Хаця Трыліскі усяго ў 5 кіламетрах ад Застружжа, людзі жывуць у сваіх пузырах, вастравах, спадзяюцца на начальства. Начальства ведае больш, таму кіруе.

Масюк і Масючыха

- Чый гэты агарод гарбузоў? - пытаю.

- Масючыхі, - адказвае дзядзя Коля. 

Гэта апошнія гадзіны палескага падарожжа. Мы ўжо сабралі рэчы, памідоры і тое, чым пачаставалі суседзі. Ідзем набыць гарбуз. Знаходзіць гаспадыню двара і кіруюся за ёй абраць той, што спадабаўся найболей. 

Палескія вёскі весялей паўночных. Хаця хаты усё ж выселеныя. Гэта вельмі знаёмая карціна для вёсак зараз. Але некаторыя двары квітнеюць. Побач з імі стаіць транспарт: і грузавы і сельскі. Будуецца, або пабудаваны 1-2 павярховыя катэджы па сучасным праектам. Бачна, што тут нешта развіваецца і далёка выходзіць за межы звычайнай хаты. Становіцца домам, у якім бы жадаў жыць кожны. 

Вулькі

Вулька, гэта вёскі, дзе сяліліся свабодныя людзі. Быў адзін дзень на год. Калі сяляне маглі пакінуць пана, некаторыя тым карысталіся, - кажа дзядзя Коля. - Так з’явіліся шматлікія Вулькі ў нашым краі. Дастоеўская Вулька, напрыклад.

Я хачу, каб мой дзед, Сцяпан (Лэвковы) Рамашка быў з нейкай Вулькі. Але ён з Застружжа. Яго продкі былі гаспадарлівыя заможныя сяляне. Яны былі свабодныя і не з Вулькі. Сахаровы на Вульцы, а вось мой дзед быў тут і памёр, тут у Застружжы, у 1996 годзе. Гэта было даўно. 

Калектывізацыя і вайна, якая прайшлася па Заходняй Беларусі ў мінулым стагоддзі змянілі аблічча ўладанняў прадзеда. Зараз гэта дом і напаўразбураныя гаспадарчыя пабудовы на 16 сотках, якія забіраюцца хронасам. Час і энтрапія, яны сябруюць. Электрычныя слупы побач. Сервітуты абцяжарваюць. 

Але я тут, мы едзем з Іванава ў Моталь. Я хачу, каб мы ўсё былі вольнымі грамадзянамі. Кожная вёска павінна быць Вулькай. Вулькі павінны быць усюды. Асабліва ў душы.  Зараз далёка не так. Але тут ёсць назвы-сімвалы, таму гісторыя працягнецца.