Апустыньванне Палесся. Што рабіць для пераадольвання праблемы

Інтэстэлар

Становіцца цяжка дыхаць, у роце і на зубах праз 5-10 хвілін знаходжання на вуліцы адчуваецца пясок, а вочы вельмі лёгка забіваюцца пылам. Болі ў грудзях яшчэ некалькі гадзін могуць даваць пра сябе ведаць. Відовішча нагадвае фільм Інтэрстэлар.

Так, я меркаваў, што гэта перабольшаная з’ява - пылавыя завірухі, вынік працы рэжысёра навуковай фантастыкі ці магчымая рэальнасць для жыхароў Сахары, ці іншай пустыні. Але за падобнай з’явай я назіраю тут і цяпер, у Белаурсі. Побач са мной, ужо ў кіламетры ад маёй хаты на радзіме дзеда ў вёсцы Застружжа ўтвараецца пустыня. 

Падчас сезонаў вятроў, а апошнія гады яны адбываюцца ўсё часцей і часцей, пылавыя завірухі не заціхаюць днямі, а то і тыднямі, асабліва вясной і восенню. За гэты час моцныя вятры наносяць пясок не толькі ў агароды мясцовых жыхароў. Суседнія лясы ператвараюцца ў мех для сбору пылу ў пыласосе, а палеткі сустракаюць цябе ледзь не дзюнамі.

Пошук каранёў праблемы

Дам свой суб’ектыўны адповяд, у якім лічу ёсць вялікая рацыя.

Па-першае, клімат на планеце мяняецца і асадкі ў паўнёвых рэгіёнах Беларусі становяцца ўсё больш і больш непрадказальнымі. Факт, што іх становіцца меней, і такім чынам, пры наяўнасці моцных вятроў, узнікае эрозія глебы. Вятры раздзьмуваюць пладародны слой, разносячы пыл і пясок па ваколіцах.

Па-другое, Палессе само па сабе было высушанае праз меліярацыю і створаны вялікія палі - я іх называю мегапалямі. Яны могуць ва ўсе бакі дасягаць па 4-5 кіламетраў і болей кіламетраў, без аніводнай лесапаласы. Такім чынам нават невялікія вятры здольны разганяцца на даволі адчувальныя хуткасці. Вядома, што кліматычныя франтальныя раздзелы ў нашым умерана кантынетальным клімаеце частыя з’явы, таму вятры ў Беларусі рэч надзённая.  

Па-трэцяе, Палессе - гэта жытніца Беларусі. Значыць палітычна значны рэгіён. У той жа час сельская гаспадарка арганізавана экстэнсіўным чынам, па састарэламу ўзору 50-60 гадоў мінулага стагоддзя. Мегапалі, якія ўзгадваліся вышэй засаджваюцца адной культурай. Таму, напрыклад, калі гэта запашка адбываецца ў час перасыхання глебы, яна ахоплівае адразу вялікую плошчу. І вялікая плошча сухой глебы становіцца харошай базай для пачатку пылавой завірухі і далей пустыні.

Часта гэты экстэнсіўны падыход у гаспадарцы робіць так, што запахваецца кожны метр. Уздоўж дарогі няма амаль ніякай адлегласці. Заканчваецца поле і адразу пачынаецца дарога праз паўтары метры. Канавы, якімі зрэзана асушанае Палессе запаханы амаль пад паглыбленні. У выніку не застаецца ніякай прасторы для лугавых траваў і кустоў, а тым больш фаўны, якая выцеснена ці ў лес, ці наогул знікла. 

Трохі ніжэй я растлумачу, што падобны драпежніцкі падыход таксама з’яўляецца вынікам мінулай палітыкі, цяперашняй мэтанакіраванай палітыкі.

Чацвёртай і хіба самай важнай праблемай на сёння, з’яўляецца палітычная. І ў вузкім сэнсе - палітыкі і стратэгіі развіцця сельскай гаспадаркі ў Беларусі. І глабальна, палітыкі арганізацыі ўлады і вытворчасці ў наша краіне. Яны пераплятаюцца.

Палітэканомія пустыні

У вузкім сэнсе. Не трэба быць экспертам. Сельская гаспдарка ў Беларусі будуецца на буйных аргакарпарыцыях, якія ў прыстаўках звычайна пачынаюцца “Агра…нешта”. Гэтыя гаспадаркі ахопліваюць тысячы гектараў зямлі. Калі вы ляціце на самалёце над краінамі Еўропы і Беларусі, адразу ўбачыце розніцу ў нарэзцы сельскагаспадарчых палеткаў. Вузкія розна каляровыя палоскі Польшы ці Германіі, змяняюцца вялікімі кавалкамі няправільнай формы Беларусі. Як правіла, кожны такі вялікі аднакаляровы кавалак - гэта пасадка адной (мона)культуры. 

Вось гэтыя палі належаць, як прынята называць калгасам - але у новым сэнсе - гэта сыравінныя прадпрыемствы, якія кантралююцца дзяржавай, для пастаўкі прадуктаў для жывёлагадоўлі, або харчовай перапрацоўчай прамысловасці. Такім чынам, велічыня поля і зручнасць запашваемай тэрыторы з’яўляецца краевугольнай для экамічнай эфектыўнасці. Трэба як мага больш плошчы засеяць, каб сабраць большую ўраджайнасць. 

У шырокім сэнсе. Палітычная арганізацыя Беларусі будуюцце на цэнтралізаванай аўтарытарнай форме кантроля над рознымі сферамі жыцця грамадзян. Гэта адбываецца: і ў палітычнай, і эканамічнай сферах. Сельская гаспадарка тут з’яўляецца ўзорнай галіной такой аўтарытарнай цэнтралізацыі. Дзяржаўныя аргакарпарацыі павінны выканаць планавыя паказчыкі спушчаныя зверху, у тым ліку задаволіць (пара)дзяржаўныя перапрацоўчыя гіганты (СавушкінПрадукт, Бярозаўскі Малочны Камбінат і падобныя). Ледзь не ўся занятасць у вёсках часта манапольна забяспечваецца такімі аргакарпарацыямі. Гэта значыць у працаўніка фактычна няма выбару месца працы ў дасягальнай тэрыторыі. Таму працоўнай сілай можна вярцець як заўгодна.

Дадам, што запашка дадатковых плошчаў, якія не павінны запахвацца - гэта магчымасць непразрыстага кіравання рэсурсамі. Напрыклад, паказваць большую ураджайнасць на паперы, ці выкарыстоўваць дадатковыя ўраджаі непразрыста. Карацей можа існаваць шэраг матываў для менэджмэнта на месцах, каб павялічваць запаханыя тэрыторыі ў шкоду экалогіі. 

Дадам, што дзяржаўная ўласнасць на сродкі вытворчасці і зямлю не стварае больш глыбокай зацікаўленасці мэнэджмэнта ў хаця больш дарагіх, але экалагічна больш устойлівых формах гаспадарання. Як вынік, павілічэнне пахатных земляў змяншае колькасць непахатных, а такім чынам разнастайнасць біялагічную і самае галоўнае патэнцыяльную інфраструктуру для ўстойлівасці клімату на (ці ля) глебах, якія эксплуатуюцца.

Толькі з назіранняў можна зрабіць выснову, што выправіць сітуацыю можна толькі праз структурныя змены ў сельскай гаспадарцы і змене эканамічных адносінаў у землекарыстанні на рэгіянальным (маю на ўвазе Палессе), а дакладней краінавым узроўні.

Мая цікавасць да праблемы не скончылася экзістэнцыянальнымі перыжываннямі і разумовымі разважаннямі. Адразу як адчуў гэту праблему ў 2020 годзе, я пачаў перапіску, і атрымаў адповяд, які  пацвердзіў мае назіранні. 

Гісторыя перапіскі

Два гады назад (у 2020) я напісаў у мясцовы райвыканкам запыт ці плануецца нейкія дзеянні ў ваколіцах Застружжа па ўладкаванні мега-палёў зяленымі насаджэннямі (лесаполасамі), якія падчас веснавых ці восеньскіх засух з’яўляюцца асноўнай прычынай эрозіі глебы і як вынік апустыньвання Палесся. Вядома прыйшла адпіска., паводле якой у раёне ўсё добра і ўсё азеляняецца. Мне адпавялі, што жыхары Застружжа, вёскі, дзе я жыву могуць засаджваць свае (увага!) агароды дрэвамі. Таксама пустыр (стадыён) насупраць фермы ў нейкім годзе засаджваўся шкалярамі. 

Чаму гэты адповяд цынічны? Нагадаю, што сярэдні памер участкаў на адну гаспадарку - 20 сотак. У кагосьці болей кагосці меней. Другое, пасаджаныя некалькі дзясяткаў дрэваў у пустыры (з ужо разбуранным пладародным слоем глебы ад эрозіі) не вырашаюць праблемы апустыньвання, а з’яўляюцца больш паказушнымі.

Пра лесаполасы адказ ад старшыні сельсавета прагучаў так: лесаполасы немагчыма садзіць, таму, што палямі занята ўсё, а каб паменшыць іх плошчу, трэба вывесці гэтыя землі са статуса сельскагаспадарчых, што амаль нерэальна. Кола замкнулася.

Якую таблетку прымаць чырвоную ці блакітную

Мо выбар ужо зроблены? Усё, як бачым, уперлася ў палітыку. Ва ўсялякім разе гэта тое, што мы можам змяніць. Я ў гэтым не сумняюся, што патрэбна палітычнае рашэнне, якое пакладзе канец драпежніцкай форме сельскай гаспадарцы на Палессі і выратуе Беларусь ад апустыньвання. 

Мае ідэі для патэнцыйных шляхі вырашэння:

  1. Гэта змена ўклада вядзення сельскай гаспадаркі: перадача палёў прыватнікам (арэнда, ці продаж) меншымі порцыямі з умовай іх агароджання лесаполасамі ці кустарнікам.
  2. Абмеважанне вырошчвання вялікіх плошчаў адной і той жа культуры. Монакультурныя палі. Палі павінны чаргавацца часта і запашка іх павінна адбывацца ўрозны час (напрыклад, вясной-восенню-вясной). Каб пры засухах не было вялікіх аголеных кавалкаў зямлі адначасова.
  3. Стварэнне лесаполасаў на мега-палях, з як мага большым разбіццём на кавалкі, у тым ліку павелічэнне дыстанцыі паміж палямі і дарогамі, палямі і асушальнымі канавамі, палямі - населенымі пунктамі, з магчымасцю засаджваць гэтыя прасторы дрэвамі і кустарнікам.
  4. Магчымасць зарастаць канавам уздоўш дарог і палёў. Бо канавы перасталі выконваць сваю функцыю асушэння, зараз яны павінны стаць месцам разрастання дрэваў і кустоў.

Што рабіць проста зараз?

Насамрэч, я пакуль разумею, што без новай дзяржавы і рэспублікі, наўрад ці адбудуцца больш глабальныя змены. Таму я пачаў рабіць азеляненне сваімі рукамі. З мінулы год (2021) пасадзіў больш за 70 дрэваў у ваколіцах. Кожны год планую садзіць каля 50-70 дрэваў. За 10 год атрымаецца каля 700 дэваў, а можа і больш. Гэтак я ствару невялікі лес, хаця б вакол свайго жытла. Магчыма, гэта больш эфектыўна, чым губляць час на бясконцыя перапіскі з прызначынымі чыноўнікамі.

Калі вы сустрэліся з гэткай жа праблемай,

  1. пішыце каменты ці звязвайцеся са мной у прываце. Праз нейкі час нас назбіраецца крытычная колькасць і мы зможам мяняць сітуацыю больш глабальна.
  2. Дасылайце мне інфармацыю з фота і месцам я змагу папоўніць матэрыял па апустыньванню, ці навучу вас гэта рабіць. 

Можна не чакаць і пачаць азеляняць сваю вёску.

PS

2020 я вырашыць напісаць артыкул у Вікіпедыю. Але той год стаў палітычна гарачым, таму гэта праблема апустыньвання адсунулася. Хаця палітычны крызіс працягваецца і нават паглыбіўся ўдзелам Беларусі ў вайне, у 2022 годзе апустыньванне Палесся вярнулася.