Месца даверу ў агульнай справе. Супольнасці, грамадства і дзяржава

Разважаю, ці магчыма выбудаваць давер, калі ён аднойчы быў страчаны. Напрыклад, у малых групах страчаны давер хутчэй за ўсё будзе дзяліць яе ці разбураць суполку наогул.

А калі давер страчаны паміж грамадзянамі ці грамадзянамі і дзяржавай, ці магчыма яго наогул адбудаваць. Калі магчыма, як?

Сочачы за развіццём розных грамадстваў, я заўважыў, што дабрабыт там выбудоўваецца менавіта на ўзаемным даверы,

  • (1) паміж грамадзянамі і
  • (2) паміж грамадзянамі і дзяржаўнымі (публічнымі) інстытуцыямі.

Таму раблю лему: Давер можна пабудаваць, адтрымліваць і страціць.

Грамадзяне-дзяржава

Найперш паразважаем пра другі тып адносінаў. Нават, калі грамадзяне не згодныя з некаторымі дзеяннямі інстытуцый, давер застаецца, бо ёсць набор базавых правілаў (як гэта называюць сацыяльнай дамовай) і культурных шаблонаў. У будучым нязгодныя могуць рэалізаваць сваё дзеянне ў межах публічных інстытутаў, і такім чынам практыкаваць давер іншых грамадзян у дачыненні да іх саміх.  

Грамадзяне, якія згубілі давер да існуючых інстытутаў (менавіта іх, а не людзей), наўрад ці вернуць гэты давер. Нават, калі мы заменім людзей у дзейсным інстытуце, гэта не вырашае пытанне даверу. Асабліва ў пакаленні, якое яго згубіла.

Што можа вярнуць давер наогул? Сумняюся, што ёсць нейкая гуманітарная тэхналогія, здольная на падобны скачок.

Я дагэтуль факусаваўся на малых групах. Але бачу, што ў вялікіх адбываецца, тое самае.

Прыклады суполак навокал паказваюць, што актывісты цэняць і давяраюць найбольш таму, што самі стварылі. Так і грамадзяне цэняць, што найбольш, што самі стварылі. І ў нашым выпадку, давер да дзяржаўных інстытутаў, будзе вернуты, калі яны будуць пераствораныя грамадзянамі. Ці перазапушчанымі імі з нуля.

Пад "нулём" разумею цалкам перафарміраванне зместу і прынцыпаў працы існуючых інстытуцый.

Магчымы рэцэапт. Цікава, што ў стварэнні першай версіі ўдзельнічае абмежаванае кола, але нічога не абмяжоўвае ствараць далейшыя версіі уключаючы новых сустваральнікаў.

Калі давер страцілі цэнтральныя дзяржаўныя інстытуцыі, проста рэформамі наўрад ці абыйдзешся. Трэба засяляць  туды новыя каштоўнасці, прынцыпы, структуры, скрыпты. А магчыма нейкія інстытуцыі не будуць мець сэнсу напачатку, пакуль грамадства не вырашыць, што настаў час даверыць свае справы (задачы), новай публічнай установе.  

Падобна пераствараецца давер ў супольнасцях. Ён ствараецца праз іх перастварэнне, перазапуск.

Паглядзім на грамадства як на супольнасць. Назавем кіруючую эліту - супольнасць 3%. На сёння яна выганяе ўсіх нязгодных і нават не спрабуе адбудаваць гэты давер, бо гэта, па-першае немагчыма (згодна рамкам гэтага тэкста). А другое, супольнасць 3% - гэта самадастаковая "элітарная" супольнасць, каб увайсці, ў якую неабходна прайсці праз пэўны набор "фільтраў".

Вы можаце падумаць, што я назваў 3% - іронія. Не, гэта не іронія, на мой погляд, 3% -  насамрэч яшчэ аптымістычная лічба, яна можа быць меней нашмат. 270 тысяч чалавек - гэта прыблізна 3% беларусаў. Даволі значная лічба. Дапусцім, што гэтыя людзі аб'яднаныя адной "мэтай", каштоўнасцямі і дзейснымі рамкамі, адбудавалі свае межы.

Вярнуся да даверу. Гэтым 3% непатрэбны ўнутр сябе вельмі шмат "новай крыві". Новай настолькі на колькі гэтыя ўдзельнікі можа дапамагаць супольнасці выжываць і развівацца. Астатнія "грамадзяне" - гэта кола "прыхільнікаў". Таму мы бачым, што супольнасць 3% накіроўвае сваю прапаганду на маладое пакаленне, якое не было задзейнічана ў разборках тры+ гады назад.

Лемма. Першы крок ў сістэме мы робім давяраючы. Гэта нармалёвая з'ява. Яна дазваляе утрымліваць цэласнасць супольнасці.

Грамадзяне-грамадзяне

А зараз разглядзім першы тып адносінаў паміж грамадзянамі. Вось гэтыя 97% - не супольнасць для 3%. Гэта пэўны сацыяльны ландшафт. Аб'ект. Поле дзейнасці. Прыхільнікі. Рэсурс. Карацей не агент, не суб'ект. Вядома гэткі стан сярод саміх 97% шмат, хто можа не рэфлексаваць. Але вось гэты вялікі ландшафт дынамічны. Унутры яго могуць утварацца, як малыя, так і вялікія суполкі. Змацоўваць такія суполкі будзе вера і ўзаемны давер.

Калі нейкая суполка ўнутры гэтай масы людзей мысліць Беларусь, яна хутчэй за ўсё захоча ўплываць на грамадства гэтак жа як 3%. Стаць па сутнасці канкурэнтам. Таму ў супольнасці 3% ідзе пастаянная праца, каб разбурыць сувязі і любую магчымасць сярод грамадзян стварыць такога канкурэнта. Таму супольнасць 3% бачыць першай задачай разбурыць веру і давер паміж грамадзянамі, каб яны не думалі пра супольнасці не стваралі іх, ні на мікраўзроўні, ні на макраўзроўні.

Бо давер - гэта базавы рэсурс суполкі, без якога немагчыма інсаванне арганічнага калектыва. Мы бачым гэта разбурэнне метадычна адбываецца і праз рэпрэсіі і праз прымус людзей адмаўляцца ад сваіх каштоўнасцяў і ідэалаў, веры. А менавіта каштоўнасці, вера і давер змацоўваюць людзей у суполкі.

Чаму я тут пашырыў давер словам "вера". Вера - гэта адчуванне правільнасці, значнасці, слушнасці нейкай абстракцыі. Калі замест "абстракцыі" мы ставім "нейкага чалавека" атрымліваем "давер". Гэта адзіная розніца, паміж словам "вера" і "давер" у маім расповядзе.

У разглядгледжаным тэскце я прапанаваў памысліць месца давера, які мы разумеем на пабытовым узроўні, у жыцці нашага грамадства наогул. Разуменне, таго, што штодзённыя стасункі, якія нараджаюць давер паміж індывідамі, гэтак жа сама існуюць у вялікіх групах. Рэфлексаванне, што стварае, утрымлівае, і што бурыць давер, ёсць фундаментальнае, для нас як для сацыяльных суб'ектаў.

Новы фундамент

Чаму я ўсё гэта пішу. На мой погляд у постінфармацыйным глабальным сеткавым грамадстве варта задаць новую рамку для абмеркавання грамадскага і палітычнага.

Папярэднія рамкі (класічныя метанаратывы, ці мадэрная тэорыя) ствараюць больш хаоса ў маёй галаве і не даюць зразумець прынцыпаў функцыянавання грамадстваў. Мысленне супольнасцяў, як мініум, адказвае на пытанні, таго, што адбываецца ў навінах штодзень, маё месца ў гэта плыні, а максімум, дазваляе аналізаваць сітуацыі на розных узроўнях, мадэляваць іх і магчыма змяняць яго фундамент.

Буду рады вашым думкам пра "вяртанне даверу". Магчыма, вы адповядам дапаможаце сабе больш. Я разумею, што зараз шмат хто баіцца ці не гатовы разважаць адкрыта пабодныя пытанні. Тады проста падумайце. Я спадзяюся, даў вам нагоду. Можна мне пісаць у прыват таксама. На мой погляд сёння час, калі важна парэфлексаваць месца даверу ў нашым агульным, калектыўным.