Палессе 2.0. Людзі і дрэвы.

Хто ламае дрэвы, тое ламае свой лёс.

Гэта серыя маіх паляшуцкіх рэфлексій пра жывых і мёртвых герояў і псіхагеаграфію Палесся. Хаця я пражыў там каля году, але гэты край паспеў настолькі глыбока пранікнуць ў маю душу, стаць адначасова і крыніцай невычарпальнай энергіі, і багнай, якая ніколі не адпусціць, не важна, ў якой часцы Сусвета апынешся. Палессе стала часткай мяне. Чытайце...

Таполя бабы Надзі

Гэта таполя, што на фотцы, хаця і даволі старая, але здаровая стаяла побач з дарогай, падаецца, вечнасць. У далёкія 90-я я памятаю гэту таполю прыблізна такой жа. Зараз яе няма.
 
- Ай-йай, якія малайцы. Але не ўсё адразу, - кажа суседка, баба Надзя. Ёй 85. Часам яна праходзіць ў краму ці на аўтобусны прыпынак уздоўж нашага сада. Гэтым разам яна назірае, як апантана мы працуем з раніцы да позняга вечара які ўжо дзень. Аднаўляем дом майго дзеда ў вёсцы Застружжа...
 
Гэта быў жнівень 2019 года. Я атрымаў гэты дом ў падарунак ад цёці, якая бывала там вельмі рэдка. Дакладней, з 1996 года. 23 гады ў доме ніхто не жыў. У садзе выраслі джунглі дзікіх сліваў, маліны і клёнаў. Мы збіраліся там пасяліцца.
 
Вясна, 2021. Чарговы раз мы прыехалі ў Застружжа. Гэта была адна з шэрагу паездак па перавозцы нашых рэчаў з Мінска. Шмат ужо атрымалася перавесці.
 
Замест таполі я заўважыў пень праз дарогу насупраць хаты бабы Надзі. Абапал яшчэ было шмат апілак і раскіданага галля. Гэта усё, што засталося ад вялізнага здаровага дрэва. На відовішча было балюча глядзець.
 
- Хто яго спілаваў? - пытаю бабу Надзю.
- Дык вось, учора прыязджалі, спілілі, - дзеліцца навінай паляшучка, мінуючы наўпроставы адказ на пытанне.
 
- Ведаеце, чаму спілілі? - цікаўлюся.
- Дык гэта я запыт ім адправіла! Навошта ён?! Лісця штовосень ад яго шмат на падворак наносіць. А прыбіраць жа мне трэба, старой, - жаліцца кволая суседка.
 
Баба Надзя жыла з гэтым дрэвам усё жыццё побач. А тут нешта пайшло не так.
 
Праз тыдзень мы пасадзілі дзве ліпы побач са спіленым дрэвам.
 
А увосень таго ж года баба Надзя памёрла. Ад кавіда.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

A post shared by Ryzomych (@ryzomych)

Вінаград

Вінаград ў Застружжы ўсюды. Ён уецца па платам і часта хатам, лёхам. Больш дбайныя гаспадары робяць для яго металічныя ці драўляныя слупы, аркі і каркасы. Летам лаза вінаграда ратуе ад пякучага сонца мешканцаў з такімі каркасамі. Я таксама пасадзіў у гэтым годзе вінаград.  

-Ох уж гэты вінаград, - жаліцца перада мной баба Маня. - Ён мне толькі гора прыносіць. Мой вунь пасля з яго віно робіць.

Пазней даведваюся, што дзед Іван б’е бабу Маню, калі нап’ецца. Алкагалізм на вёсцы не сакрэт. Але мне складана было адразу прыняць гэту навіну. Звычайна нашы размовы пра гаспадарку і пчол вельмі мяне натхнялі.Атрымалася, вінаградная лаза, якая штолета стварае густы цень на падворку сям’і Аленічаў, падтрымлівала канфлікт.


-Твой дзед радуецца з таго свету, - кажа мне неяк дзед Іван, гамонячы са мной у садзе на выходных, - во, бач, унук прыехаў з горада, адраджае хату і сад.
Трохі памаўчаўшы дадае самотна, - а я навошта ўсё раблю!? Каму гэта трэба?!
- Найперш гэта трэба вам, - спрабуючы неяк падтрымаць аптымізм дзеда, кажу ў адказ. Так, дзед Іван сапраўды трымае коз, свіней, пчол, можа курэй, сад...

Дзеду Івану і бабе Мане 80+. Гэта рэдкасць, калі два старых чалавекі 80+ жывы і  адобва разам, кажа мне мясцовая жанчына.

Мы рэгулярна заходзілі да іх набываць казінае малако. Баба Маня частавала рознымі падарункамі прыроды: гароднінай, фруктамі, зёлкамі, часам было нешта смачна прагатаванае. Дзед Іван дарыў мне павучальныя гісторыі і анекдоты. 


-Ты зараз “вораг народа”- раней гэта так называлі, - сустракае мяне дзед Іван. Я вырашыў завітаць да яго ў хату праз некалькі дзён пасля пахавання бабы Мані. Яна памерла за дзень да майго вызвалення з арышту (4.11.2022).

Так, дзед Іван ужываў нейкія лекі ад павышанага ціску і працягваў свой сумны маналог:

- Каб трапіць у турму, патрэбна вельмі малая паперка, але каб адтуль выйсці, трэба вельмі шмат напісаць, зрабіць. Адвакаты.

Яшчэ нейкі час я стаю на ўваходзе ў сенцы, слухаючы старога, разгубленага, спустошанага стратай блізкага. Развітваюся.

Калі ўжо іду паўз хату да выхаду са двара, дзед Іван у вакне махае рукамі, і паказвае, каб нарваў сабе вінаграду.


-Як мне далей жыць?! Трэба адсюль сыходзіць. Як я без яе?! - лямантуе дзед Іван, смуткуючы па нядаўна памерлай жонцы, бабе Мані. - Што мне тут рабіць? Не засталося больш людзей…

-Куды вы пойдзіце?! І тут ёсць добрыя людзі, - спрабуе падтрымаць старога Святлана.

Чую сум дзеда Івана праз тэлефон, які жонка трымае ўключаным. Прашу, каб тая не клала слухаўку. Сам я ўжо ў сотнях кіламетрах ад Застружжа, але гэты плач старога чалавека вельмі кранае. Мне важна судакрануцца да радзімы хаця б і ў такой тэме.
 
Іван - гэта і той дзед, які п’яны біў бабу Маню, і які дзяліўся са мной проста неімавернай колькасцю сялянскіх лайфхакаў і мудрасцяў.  Так, дзед Іван - гэта частка мяне, маёй радзімы. Ён жывы са сваім недахопамі, некалі і ён сыйдзе таксама, і застанецца меньш каранёў. Я не ведаю, ці ўбачу яго яшчэ.


Каліфарнікейшн

Кожная хата ў Застружжы мела сваю назву. Як правіла, па імю гаспадара ці гаспадыні. Напрыклад, у супрацьлеглым нашай хаце канцы вуліцы ля Крыжа знаходзіцца хата Ганны, імя апошняй гаспадыні, калі памёр яе муж. Мая хата раней называлася хата Стэпыча. Зараз яе будуць называць хата Міхала, калі змагу вярнуцца на радзіму. 

Хаця мікратапаніміка ў нашым заходне-палескім краі даволі добра развіта і  карыстаюцца ёй даволі шырока, жыхары не надаюць ёй важнага значэння.
Прайдуся па асноўных месцах Застружжа, каб паказаць, што свая каліфарнікацыя ў паляшукоў ёсць. Менавіта мікратапаніміка стварае міфы і нематэрыяльную каштоўнасць гэтага краю.

Хутар - гэта асобнае месца ў вёсцы, якое знаходзіцца па вуліцы Лугавой. Зараз там засталася адна жылая хата на самым дальнім ускрайку з жыхаркай бабай Вольгай, ёй 90+. Усе астатнія хаты там толькі як лецішчы ці проста агароды. Бліжэй да асноўнай вёскі ёсць утульная сядзіба Говодка. Хутар выглядае вельмі каларытна.

Луг - гэта натуральнае возера, якое знаходзіцца за Трэцяй вуліцай. Пад возерам залягае тарфянік, таму яно даволі мутнае. Там водзіцца невялікая рыба - карасі і чырвонапёркі.. Некаторыя жыхары яе ловяць. Возера неглыбокае, магчыма самыя глыбокія месцы каля 1 м. У засушлівае лета возера моцна перасыхае. У асноўным возерам карыстаюцца мясцовыя гусі. Важна не блытаць. Вуліца Лугавая і Луг знаходзяцца ў супрацлеглых канцах вёскі.
Першая, Другая, Трэцяя вуліцы - гэта нефармальныя назвы вуліцаў уздоўж якіх раскіданы хаты Застружжа. Адпаведна афіцыйныя назвы: Партызанская, Камсамольская, Гагарына. Сама доўгая - Першая вуліца. Другая і Трэцяя - меншыя, прыблізна аднолькавыя па памерам. У вёсцы яшчэ ёсць дзве незаўважныя вуліцы з назвамі Дастоеўская і Лугавая.

Асэлыца - месца, якое палягала паміж вёскай і ракой Струга. Да меліярацыі Асэлыца была лугавой і балотнай мясцінаю. Як толькі раку каналізавалі, поле пачалі выкарыстоўваць для патрэб сельскай гаспадаркі. Зараз тут у асоўным вырошчваецца трава.  

Струга - каналізаваная рака, якая, калі верыць старажылам, упадала ў Ясельду. У ёй жанчыны пралі бялізну, дзеці забаўляліся, а мужчыны будавалі лодкі - стругі, па якім спускаліся ў Ясельду. Гэта каля 10-15 км, у залежнасці ад структуры русла. Зараз Струга - гэта канава паміж Застружжам і Дастоевам, нічым не адметная. Такіх канаваў дзясяткі ў гэтым краі. Дарэчы назва ракі Струга нарадзіла назву вёскі Застружжа.

Гадкі - назва леса, які знаходзіцца злева, калі рухацца ў накірунку Янава. Лес адрозніваецца балоцістасцю, ліставымі дрэвамі і вялікай колькасцю камароў. Таму і Гадкі. Дарэчы Гадкі падсушаны канавамі. Можна ўявіць, што было да прыхода меліярацыі ў тыя месцы.

Тэтэра - гэта невялікі лес па правы бок дарогі, калі рухацца ў накірунку Янава. Лес у асноўным сасновы. У спрыяльнае лета ёсць грыбы: лісічкі, белы, польскі. Ён, у супрацьлегласць Гадкам, не мае камароў 😊 Раней (магчыма яшчэ 10-15 год назад) побач з гэтым лесам была афіцыйная свалка. Але людзі не грэбавалі і скідвалі рознае смецце дзе папала. 30 год назад дзесці пад сасной можна было знайсці чэрапы кароваў і быкоў. Дарэчы, наконт паходжання назвы, Тэтэра таму, што вадзіліся там Церерукі. Нешта ёсць ў гэтым. У раёне Тэтэры зямля пясчаная, таму ў Сезоны Вятроў можна назіраць пясчаныя завірухі і сапраўдныя дзюны.

Гасцінец - гэта самая загадкавая дарога. Яна перасякае дарогу на Янаў, праходзіць часткова побач з Тэтэрай і ўразаецца ў Гадкі, працінаючы іх наскрозь, з’яўляецца ў Бэбкава. Частка Гасцінца з боку Тэтэры падтрымліваецца аргакарпарацыяй, але большая частка, якая ідзе праз Гадкі, цалкам зарасла. Старажылы кажуць, што дарога ішла ледзь не да Пінска і дасягала вузкакалейкі, пабудаванай яшчэ палякамі. Вузкакалейка размяшчалася за лесам Бэбкава, дзесці 5+ км. Апошняе даследванне паказала, што пасля закрыцця свалкі пад Тэтэрай, людзі пачалі выкідаць смецца проста абапал гэтай калісці вельмі важнай дарогі.

Бэбкава - гэта найбольш буйны і аддалены ад Застружжа лес (каля 1.5 км), ён месціцца на дарозе паміж Застружжам і Баравой - вёскай пасярод лесу. Частка леса была пасечана і перасаджана. Пераважаюць сосны, бярозы, дубы, можна сустрэць граб, ляшчыны і шэраг іншых дрэваў і кустоў розных узростаў. У лесе прысутнчае ўсё: і ягады, і грыбы, проста трэба ведаць месцы.

Навашыцы - гэта месца ужо далёка ад Застружжа, каля 2 км. Уваходзіць у шэрую зону паміж Застружжам і Навалучкамі (старая назва другой вёскі - Вынывкі). На гэтым месцы знаходзілася сядзіба Ордаў, якія мелі спіртзавод. У савецкі час Навашыцы яшчэ існавалі і выкарыстоўваліся, як гэта звычайна было, як дзіцячы лагер ці нешта такое.

Стадыён - пустыр, які знаходзіцца паміж кароўнікам і пачаткам Другой і Трэцяй вуліцы. Так, у 90-х і раней гэта было выраўнянае поле з брамамі. Тут нават я граў у футбол у дзяцінстве. Стадыён месціцца на адкрытым месцы, лёгка прадуваецца вятрамі, глеба там выдуваецца, таму і бедная. На ёй нічога не расце… Яшчэ распавяду пра стадыён у асобнай часцы.  

Басейн - гэта штучнае возера, знаходзіцца бліжэй да Дастоева. У 90-х гэта возера было прыдатнае і для рыбацтва, і для купання. Зараз гэта забалочанае возера, дзе яшчэ можна лавіць рыбу. Абапал водзяцца бабры. За возерам асабліва не прыглядаюць. Хіба падтрымліваюць насос і шлюзы, якія блакуюць уваход і выхад вады. Цікава, што гэта возера знаходзіцца вышэй за ўзровень вады ў вакольных канавах. На насыпах вакол гэтага вадаёма растуць прыгожыя старыя таполі.  

Пажарка - тэга маленькае штучнае возера, якое было вырытае для патрэбаў сельскай гаспадаркі. Яго можна заўважыць на гугл мапе недалёка ад кароўніка. У 90-х у гэтым возеры можна было лавіць рыбу некаторыя сезоны. Мае першыя карасі звязаныя з гэтым возерам.

Шлёма (шалёма) - самае містычнае месца, якога таксама зараз не інсуе. Гэта быў невялікі лес (урочышча) за Стругой, перад Дастоевам. Кажуць там растрэльвалі габрэяў падчас Вайны. Цікава, што ў Застружжы габрэі трымалі некалькі дамоў у свой час. Гэтыя дамы месціліся нёдалёка ад маёй сядзібы. Гэта было за Польскім часам, і да Вайны. Дамы знеслі і забралі ў калгас, як і сад майго прадзеда.


Ніца

На скамейцы сядзіць смуглявы, сутулы, коратка стрыжаны мужчына. Вітаемся.
-Прывітанне, я Міхась.
- Называй мяне Ніца, - адказвае мужчына.
Мы нейкі час размаўляем пра агульныя карані, бо мой суразмоўца, сапраўднаяе імя яго Віктар, з’яўляецца маім стрыечным дзядзяй. Удакладняю:
- Чаму Ніца?
- Гэтая мая мянушка з турмы. Я вор ў законе, - спрабуе нагнаць сур’ёзнасці мужчына. - Ну што там у цябе, пойдзем папрацуем?
Здзіўляюся, калі бачу, як Ніца, маючы абмежванні ў руху, ледзь перамяшчаючыся з дапамогай кіёчка, звыкла забіраецца на ровар і пачынае вельмі рупна ехаць. Пасля часта бачыў яго раніцай, на ровары едучага на палі ці лугі здабываць раннюю зеляніну для сваіх шматлікіх гадаванцаў.



- Пасля будзеце ДВП аббіваць? - пытае Віктар, неяк наведаўшы нашу хату. У той час мы якраз прыбралі старыя шпалеры са сценаў.
- Не, - кажу.
- Як так пакініце?! - зділяецца Ніца. - Чаму ж?! Гэта ж будзе цёпла.
Напрацягу некалькіх тыдняў  яшчэ тры мясцовыя жыхары зайшлі і запыталі ці будзем аббіваць ДВП сцены ў хаце.



- Вось чаму я прыйшоў да цябе Міхась. Трэба набыць бульбы ў Моталі.
- Калі?
- Можна зарэ.
- Не Віктар, сёння я ўжо спланаваў, магу заўтра ў 9:00.
Заўтра я пад’язджаю да хаты Ніцы, ён падыходзіць з дапамогай кіёчка энергічна залазіць у бус. Гэта пад’ём, трэба прызнаць, не такая простая задача для чалавека з абмежаванымі рухавымі магчымасцямі. Але складана не захапляцца прагай да жыцця і энергіяй ужо дзядулі, ў якога праблемы са спіной і ледзь рухаецца на нагах.
А пра “зарэ” я прысвячу асобную частку, бо гэта не проста прыслоўе часу, гэта этычная максіма і імператыў, якім кіруюцца шмат якія жыхары вёскі, а можа і ўсяго нашага краю.



Гаспадарка Віктара заўсёды гудзе. Гэта дзясяткі качак. У нейкі год было нават да 70+ штук. Гэта парсючкі, кролікі, куры ў вялікай колькасці. Я пытаю:
- Навошта вам столькі? Вы ўсё роўна не прадаеце.
- Міхась, я проста люблю мяса,- кажа Віктар.
Канешне гэта моцны аргумент. Але трэба прызнасць, што ў вёсцы старыя людзі ствараюць больш прадуктаў, чым ім трэба. Напрыклад, ужо ўзгаданая ў папярэдніх частках баба Надзя, якой было 85+, і яна садзіла агарод з 10+ сотак з бульбай і рознай гароднінай, мела сад. Ці яшчэ больш цікавы выпадак, гэта баба Вольга, з Хутара, якая у свае 90+ узяла дадатковых 10 сотак. Навошта старым людзям столькі прадуктаў? Наўрад ці яны прадаюць гэты ураджай дзесці. Наогул, іх фізічны стан таксама не ідэальны для фізічнай працы.
Маю некалькі тлумачэнняў такім паводзінаў.
Першае, старыя людзі хочуць адчуваць сябе патрэбнымі. Калі яны нешта ствараюць сваімі рукамі, пасля перадаюць сваім сваякам, звычайна дзецям ці ўнукам. Гэта неяк напаўняе іх і дазваляе падтрымліваць сувязі з ужо гарадскімі нашчадкамі, якія жывуць за сотні кіламетраў.
Другое, звычка людзей быць занятымі. Гэтак яны, іх бацькі рабілі дзесяцігоддзямі. Таму чарговая вясна - гэта магчымасць стварыць сабе ўрадлівы клопат, які дакладна забярэ палову гады. Занятасці хопіць. “Вось толькі засеяў агарод. О, трэба ж за ім прыглядаць - прапалоць, паліць, угнаіць, пасля прыбраць, схаваць ураджай. Падрыхтаваць на зіму”. Горы часу сыходзяць.
Трэцяе, анталогія сельскага жыцця. Займаць сабе справай - гэта каштоўнасць. Займацца справай - не проста сядзець глядзець у столю, быць гультаём. Заняты чалавек у павазе сярод мясцовых - сапраўдны гаспадар ці гаспадыня.
Чацвёртае, працаваць на зямлі - гэта вельмі моцны стымул працягваць жыццё таксама. Ці дажыву да вясны, новага засеву? А хто ж пакорміць козаў ці парсючкоў заўтра раніцай. Я працую, значыць, я існую. Я прачынаюся з сонцам, значыць, я існую. Я маю абавязак і адказнасць за некага, значыць, я існую.
І апошні аргумент, але не менш значны. Гэта жаданне аўтаноміі - менш залежыць ад жыццёвых завірух і эканамічных катаклізмаў. Калі ў цябе ёсць свая бульбіна, яшчэ якая гародніна, закаткі, некія яйкі, кавалак сала, тое-сёе. Гэтыя запасы абяцаюць харчовую бяспеку старым людзям. А злішак прадуктаў можна абмяняць ці падарыць. Наогул у сяле вельмі мала грошай цыркулюе, бо большасць грошай - гэта пенсійныя капейкі. Таму людзі нашмат часцей тут абменьваюцца прадуктамі ці сваім часам.
Вось гэты прамы абмен прадуктамі і сваім часам, як бы ён састарэла не ўспрымаўся, насамрэч ёсць наватыўным падыходам. Пры стварэнні цыркулярнай эканомікі, пабудаванай на максімальнай набліжанасці спажыўца і вытворцы, практыка абмену ці выкарыстання дадатковай валюты можа прыдасцца. Таму як толькі вярнуся ў Беларусь, пачну адраджаць гэтыя спосабы і канешне маштабаваць іх.
Дарэчы, мы з Ніцай у нашых стасунках пачалі кіравацца такім падыходам. Я дапамагаю сваім часам і магчымасцямі (напрыклад, бусікам нешта перавесці), а ён шчодра часткуе прадуктамі сваёй гаспадаркі. Усё вельмі арганічна.



- Табе трэба спілаваць гэту яблыню. - пачынае размову Ніца.
- Навошта? - пытаю.
- Яна ўжо амаль высахла.
- Так, але не ўся. Таму мы пакуль яе паінем, як ёсць.
Наогул, Віктар - майстра прыдумваць задачы. Канешне, шмат працавітых людзей сабе прыдумваюць задачы. Віктар гэта ўмее рабіць для астатніх.



Гэта была першая сустрэча пасля даволі працяглай паўзы ў стасунках. Мы разыйшліся ў каштоўнасцях. Амаль паўгода не размаўлялі. У галаве круцілася: ці зможам мы спакойна паразумецца. Галоўнае пытанне тычылася паламаных дрэўцаў насупраць агарода Віктара-Ніцы.
Ніца сядзеў як звычайна падпіты на лаўцы побач з уваходам у хату. Адразу, каб усё было на чысціню, пытаю:
- Вітаю! Гэта не вы паламалі дрэўцы насупраць вашага агароду? Памятаеце, якія ў мінулым годзе я садзіў са Светай?
- Ну вось пасадзіў ты дрэвы, але навошта іх ламаць. Нейкае хуліганнё іх паламала. Я не ведаю, хто гэта. Ты ведаеш? Калі ёсць доказы, трэба зрабіць таму чалавеку прад’яву, - Віктар спрабуе сваю турэмны слоўнік перанесці ў жыццё сельскай супольнасці. Часам у яго кемліва атрымліваецца. Напрыклад, назваць старасту вёскі - Сматрашчым.
Ніца таксама выпівае. Часцей за ўсё мясцовы з-за шкадавання прывозяць яго п’янага да хаты. Часам падымаюць з дарогі і садзяць на лавачку. У адной асобе ужываецца прага да смерці і прага да жыцця.


Пратэстанты

-Сёння свята. Нельга рубаць дровы, - праходзячы паўз, кажа мясцовы пенсіянер Сувораў.

-Сёння свята. Нічога не робім, - кажа падвыпіўшчы Віктар, які сядзіць на лаўцы ля хаты са сваімі сябрамі ў чаканні працягу банкета.

-Заўтра свята! Хіба нічога ў агародзе не рабіце, - папярэджвае суседка.

-А-а, заўтра свята?! Тады выбачай, заўтра мяне не будзе, - разачаравана ўздыхае сусед.



- Вядома, не буду працаваць у агародзе, калі ў праваслаўных свята. - Кажа мне мясцовая жыхарка Марыя. - Ну, трэба паважаць суседа.

Мы разважаем пра рэлігійныя/царкоўныя святы, і як ставяцца розныя канфесіі да святаў адзін аднаго.
У гэтых краях сярод рэлігійных людзей праваслаўе дамінуе. У суседняй вёсцы Дастоева стаіць вялікі храм. Цікава, што праваслаўе дамінуе над прыватным інтарэсам селяніна, але не вялікай карпарацыі, і тым больш дзяржавы.

З аднаго боку складаецца ўраджанне, што вёска больш кансерватыўная і трымаецца традыцый. Начасмрэч, для большай рэлігійнасці тут ёсць набор фактараў. Першы фактар - дэмаграфічны. Большасць людзей на пенсіі. Яны могуць дазволіць сабе не працаваць ў будні дзень. Другі чыннік - старыя людзі больш схільныя трымацца рэлігій, бо Бог ужо не за гарамі чакае іх. Трэці - людзі, якія жывуць сельскімі цыкламі і моцна выматваюцца падчас працы, таму любое свята, няхай яно рэлігійнае - адпачынак. Чацвёрты фактар - праваслаўе навязвае свой парадак рэчаў і традыцыі. І калі ўсюды беспарадак, людзям сімпатычна трымацца хоць нейкага парадку, рытуалаў і традыцый. Напрыклад, вясна перад Вялікаднём - гэта час прыборкі магілак, і ўсе ідуць чысціць месцы пахаванняў сваіх сваякоў. Хаця можна прыбрацца у іншы час і сезоны, але менавіта вясной могілкі пакрываюцца рознакаляровымі стужкамі і гарой кіслотнага колеру кветак.

Але, з другога боку, ў гэтай ідылічнай праваслаўнай карціне сяла шмат ханжаства і крывадушша. Па-першае - той, хто трымае гаспадарку, жывёлу, мусіць карміць штодзённа, а калі гаспадарка вялікая, гэта трэба рабіць і даволі працяглы час, якія можа заняць большасць дня, у тым ліку святочнага. Другое - сельскія людзі разумеюць працу фізічную, як працу, але працу разумовую так не выдзяляюць. Ці, напрыклад, шопінг для мясцовых дапушчальны ў свята. Шопінг - эта таксама праца. Карацей, вельмі селектыўнае разуменне працы. Нарэшце, трэцяе - існуе вельмі шмат выключэнняў з гэтых святаў сярод жыхароў мясцовай супольнасці, а менавіта тыя, хто працуе на агракарпарацыю (калгас), ці тыя, хто працуе ў школе, раённым цэнтры. Яны прытрымліваюцца, канешне, працоўнага распарадку, а не календара сваіх рэлігій. Спіс такіх выключэнняў можна працягваць.

Вось такая саляначка ў галаве сельскага мешканца ўжываецца. А ці можна мець трохі свята і трохі несвята ў адзін дзень? Таму імкненне некаторых людзей выдзяляць шматлікія праваслаўныя святы і пераносіць такі “святочны” шаблон на цэлую вёску выглядае непаслядоўна і няцэласна. Канешне, калі рэлігійнае свята супадае з афіцыйна абазначаным у каленары выходным, тады ўзнікае гэта экзальтацыя: рабіць у агародзе, садзіць - нічога нельга.
Але пратэстанты, якія жывуць у ваколіцах, хіба выключэнне. Растлумачу чаму?



У хаце бабы Марыі заўсёдны чыста і натоплена, калі адбываюцца сустрэчы адзінавернікаў. У асноўным пакоі ўздоўж сценаў растаўлены крэслы. Ля вакна стаіць стол з рэлігійнымі кнігамі.

Баба Марыя - пратэстантка. Яна шарыць сваю невяліку хату для малебнаў, якія адбываюцца тры разы на тыдзень: серада, субота, нядзеля. Рэгулярна. Да яе на малебны прыязджюць пастыры з Янава, а часам і з Пінску. Сярод удзельнікаў у асноўным жанчыны 60+ і дзеці. Колькасць 10-15 чалавек.
Я наведаў малебны некалькі разоў. Атмасфера вельмі прыветная і адкрытая для шчырай размовы. Гэта не проста малебны - гэта магчымасць людзей пагутарыць адзін з адным. Распавесці пра гора і радасці. Пасуперажываць разам.

- Памолімся за Колю, які трапіў у шпіталь учора, - кажа адна з удзельніц пратэстанцкага кола, - І ўсе сёстры і браты вельмі апантана гэта робяць.

Пратэстаны хіба не адзіная альтэрнатыўная суполка ў вёсцы, якая сустракаецца рэгулярна такой колькасцю і абменьваецца навінамі непасрэдна.
Калі чытаецца Эвангеле ці нешта з Бібліі, ўдзельнікі спрабуюць уцяміць. Гэтыя развагі не выглядаюць як крытычная рэфлексія, але крытычнасці я тут і не чакаў.

Мне вельмі важна, што людзі ў гэтай суполцы прыходзяць да бога самастойна ў дарослым узросце, яны імкнуцца пазбягаць губных звычак, і наогул спрабуюць жыць у праўдзе. Такія развітыя суполкі - рэдкасць для сяла.


Сезоны вятроў

На зубах пясок. Немагчыма дыхаць, кароўнік нябачны. Захаджу ў хату, здымаю ахоўную ад пылу маску, акуляры для вачэй і спрабую памыць твар. Карціна вельмі нагадвае пясчаныя завірухі з кіно Інтэрстэлар.

- Трэба нешта ж рабіць з гэтым, - кажу ў нейкай размове з тутэйшымі паляшукамі.

- Дык гэтак ужо даўно. Што ты паробіш…

Падчас нашага жыцця ў вёсцы Застружжа, мы сустрэлі два сезона вятроў, якія суправаджаліся моцнымі пясчанымі завірухамі. Першы сезон адбываецца ўвесну - сакавік-красавік. Другі сезон - гэта восень.

Гэта даволі слабая пясчаная завіруха. Бачны могілкі на алегласці 400 метраў
Гэта даволі слабая пясчаная завіруха. Бачны могілкі на адлегласці 400 метраў ад Застружжа

У гэтую пару насамрэч шмат палёў стаіць голымі. Узараная ралля яшчэ не ўзыйшла, некалькі тыдняў не было ападкаў (гэта частая з’ява). Таму любы ветраны дзень пачынае ганяць хмары пылу. Спачатку яны не такія вялікія і з перапынкамі. Але калі выдаецца сапраўды ветраны дзень ці тыдзень, гэтыя сцены пылу рухаюцца кіламетрамі праз мега палі, прадуваюць урочышча дрэваў, вёскі, і нашу вёску. Нават лес пераўтвараецца ў пыльную канапу, дзе кожны крок па імху суправаджаецца вывярджэннем пылу. За тыдзень гэтых завірух пылам пакрываецца ўсё навокал.

Калі вецер - гэта больш глабальная прыродная з’ява, то пясчаныя завірухі маюць дакладную прычыну. І гэта прычына - чалавек. Дакладней спосаб, якім агракапрапацыі вядуць сельскую гаспадарку на раўнінным Палессі.

 

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

A post shared by Ryzomych (@ryzomych)

 

Я ўжо пісаў у сваім папярэднім допісе https://talash.by/be/paliesie-desertafication-1. Тут хутка нагадаю. Невысокі ўзровень ападкаў, меліярацыя, вялікія 5+ км палі, адсутнасць лесаполасаў, экстэнсіўнае ўздзеянне на  глебу ствараюць ідэальныя ўмовы для пясчаных завірух і пустыннвання. Дарэчы, апустыньванне - праблема цэлага Палесся, дзе практыкуецца такі тып сельскай гаспадаркі.

Гэта пясчаная завіруха памацней. Ужо бачнасць каля 50 метраў
Гэта пясчаная завіруха памацней. Ужо бачнасць каля 50 метраў. Але гэта яшчэ не мяжа. Калі здараюцца мацней, проста немагчыма трымаць фотакамеру ў руках.

Ветраныя дні здараюцца і летам, і зімой таксама. Яны не такія эфектныя. Але наступствы ёсць. Усё, што не выдулася за вясну і восень, выпякаецца за лета ці вымарожваецца за зіму. Таму некаторыя віды раслін проста перастаюць расці. Маладыя дрэвы, пасаджаныя вясной ці восенню на адкрытых прасторах з пранізьлівымі вятрамі, не выжываюць.


Васіль

Васіль спаўзае з крэсла, адчыняе дзверы і далей я не памятаю, што з ім адбываецца. Мяне ў гэты час разварочваюць да майго блакітнага бусіка з назвай Пчолка. Зашчэпліваюць кайданкі на руках. Прымушаюць апусціць галаву. Штурхаючы, заводзяць нейкі у транспарт узброеныя людзі. Нахіляюць на калені. За імі залятае малады ўчастковы. Мяне вязуць да хаты…


Гісторыя з Васілём пачалася нашмат раней. 2020. Лета. Я прыбіраю сад. Завітвае смуглы, худы чалавек:

- Прывітанне! Я ваш сусед. Хачу пазнаёміцца.
- Мяне зваць Міхаіл. Вас як?
- Васіль, Я з Лугавой. Праходжу тут побач звычайна. Можа што трэба дапамагчы ў гаспадарцы?

З таго часу Васіль, перыядычна заходзіць да нас. Часам проста пагутарыць, часам запытвае нейкую падпрацоўку. А было і такое:

- Прыветствую Міхаіл.
- Вітаю.
- Пазычыце мне 10 рублёў.
- Навошта?
- Хачу набыць бутэльку водкі.
- Не на бутэльку водкі не пазычу. Вы ж ведаеце мае адносіны да алкаголю.

Пасля Васіль больш да мяне не звяртаўся па грошы на алкаголь.


Пачатак чэрвеня. Гэта пара касьбы. Косы шумяць навокал, не перастаючы. Нехта скошвае свой агарод ці двор з раніцы. Нехта вечарам пасля працы. А нехта працуе касцом ці на сябе, ці на мясцовую аргакарпарацыю. Васіль працуе на сябе.

Васілю 45. Жыццё паганяла яго па розных шабашкам і па Расіі, і па Беларусі, таму ён можа рабіць як земляныя працы, так і больш складаныя рэчы ў будаўніцтве. Прадуктыўнасць высокая.

Але ёсць адзін мінус. Васіль п’е. Часам гэта можа здарыцца наспадзявана. Так і здарылася неяк з Васілём у нашай супрацы. Ён знік на некалькі тыдняў. Але неўзабаве з’явіўся.

- Дзе тут табе пакасіць?
Я паказваю на месца былога пруда ля Крыжа і кажу:
- Тут даволі рэдкае травяное пакрыццё, нізка не касіце, хай трава ўкараняецца. Бо калі скасіць нізка, сонца будзе выпальваць глебу і маладыя дрэвы, якія мы пасадзілі побач у гэтым годзе, могуць засохнуць хутчэй, - растлумачыў, чаму не трэба рабіць газон пад ноль, і адразу цікаўлюся:
- Наогул, Васіль, навошта вы гэта робіце? Я маю на увазе косіце траву побач з маім садам за так.
- У мяне поўны бак.
- Гэтага недастаткова.
- Вось што Вам скажу. Не май сто рублёў, але май сто сябраў. Гэта мая жыццёвая пазіцыя, - сказаў Васіль і вярнуўся да наладжвання да бензакасы. Я больш нічога не пытаў.
 


… У той надвячорак кастычніка, 19, 2022 года мы з Васілём вярталіся ад Мішы  нагружаныя брускамі:

- Я магу сам разругіць брус, вы ідзіце займайцеся заняткамі, - Васіль заўсёды звяртаецца на Вы. Цікава, што Васіль, будучы простым рабацягай, які часам злоўжывае алкаголь, у пытаннях працы трымаў вербальную дыстанцыю. Гэта вельмі дапамагала ў нашай супрацы. Мы будавалі дзелавыя адносіны на роўных.

Я толькі праз нейкі час зразумеў, чаму для гэтага чалавека важны адносіны розных людзей, як там “людзьмі звацца”. Але.


- Так, я ведаю, што гэта кепска, - неяк прызнаецца мне ў размове Васіль.- але не магу супрацьстаяць гэтай спакусе.
- Ці не хочаце, - працягваю думку Васіля.


- А што за Альманамі? - пытаю Васіля.
- Да Альманаў палешукі, а там за Альманамі бандэры. Не люблю іх.
- Чаму?
На гэта пытанне Васіль не змог даць грунтоўны адказ. Плаваючы, паміж тым, што кажа прапаганда, і нейкім сваім адзінкавым жыццёвым досвеце, калі не склаліся адносіны з украінцамі.


- Учора я сустрэў аднаго прыватніка. Трактарыста. Ён мне кажа, што з вашай хаты пры вобшуку вынеслі 30 дронаў. Дык я адказваю яму, калі дапамагаў вам разгружаць ваш бусік, дык вынес 50 дронаў у хату - Васіль распавядае сваю нядаўнюю размову  з мясцовым жыхаром і смяецца. Мы п’ем гарбату ў хаце дзядзі Колі і ўголас задумваемся: - А дзе ж тыя 20 дронаў, якія не знайшлі ў нашай хаце?

Вось так нараджаюцца плёткі.


Брыгадзірка і Стадыён

Ульяна ходзіць паўз Стадыён на працу ледзь не штодзень. Стадыён, які я узгадваў ў Слоўніку (гл. частку "Каліфарнікейшн"), падзяляе яе хату і агарод ад кароўніка. Па Стадыёну ходзяць і куры брыгадзіркі. Магчыма, яна глядзіць на гэты прадуваемы пустыр і хіба нешта думае сваё. А магчыма проста праходзіць міма.


- Ну як там Коля? - вельмі інтэлегентна пытаецца нас брыгадзірка Ульяна.
- Усё абыйшлося. Толькі, магчыма, ёсць вывіх пальца, - адказваю. - Паедзем праз некалькі гадзін да яго яшчэ раз.
- То вы ж ведаеце, што трэба кружу, лыжку, тапкі туды адвесці.
- Канешне.

Але такой лагоднай наша камунікацыя стала не адразу.


Адзін з кароўнікаў аргакарпарацыі Дастоева-Агра месціцца недалёка ад нашага дома. Дарога і каля 150 метраў аддзяляе наш сад ад будынка былога калгаса. Часам мы чуем, як рабочыя лаюцца пад час працы між сабой ці на жывёлаў.

Летась, у канцы чэрвеня, там вырашылі кароваў пасвіць на вуліцы і пачалі штодзень двойчы праганяць статак з 100+ кароваў праз месцы абапал нашага сада і дарогі, дзе мы пасадзілі маладыя дрэўцы. Трэба адзначыць, што 5 год да гэтага кароў не выганялі на прыроду наогул.

У дадатак, выхад з нашага дома на вуліцу заблакавалі элеткрапастухом. На шматлікія просьбы зрабіць гэты працэс зручным для жыхароў, нас, калектыў калгаса рэагаваў напалову - несур’ёзна. Гэта значыць, каб разблакавалі наш двор, сад, штораз наведваю кантору гэтага кароўніка. Таму я вырашыў зафіксаваць гэта на паперы.

У Кнізе заўваг і прапаноў штаб-кватэры аргакарпарацыі ў вёсцы Дастоева пакідаю думкі па пытанню доступа да нашай хаткі і спынення знішчэння дрэваў і дарогі каровамі.

Цікава, што праз некалькі дзён каровы пашкодзілі прыватныя соткі сялянаў. Дакладней, пастухі. Людзі пашкодзілі працу іншых людзей.


- Гэта калгасная зямля. Вы хаця б пыталі перад тым як саджаць дрэвы?! Што гэта ў вас тут неабкошана? У вас наогул плота няма! Прыбярэм электрапастух і будзем гнаць кароў праз ваш участак! - так пачынае размову, крычыць, пагражаючы, з дарогі галоўная па кароўніку Ульяна.

- Так мы пыталі старшыню сельсавета, і ў мяне ёсць пісьмо. На тэрыторыі вёскі жыхары могуць рабіць азеляненне, - спрабую вывесці на нейкі дзелавы тон размову.

- А чыё гэта, калі не калгаснае? Калі трэба канавы чысціць дык мы. Хай гэты Грабар (старшыня сельсавета) сам канавы чысціць тады.

- Чаму канавы і кусты кепска? Вы ж бачылі, якія тут стаяць сцены пылу вясной і восенню. Наогул трэба Застружжа засадзіць дрэвамі і кустамі, каб было чым дыхаць, - кажу ёй.

Але брыгадзірка ўжо не слухае, яна здымае слухаўку і пачынае, крычучы, весці іншую размову па тэлефоне.


Ліпка, пасаджаная у мінулым годзе (2021), прыжылася на Стадыёне. Гэтай вясной (2022) мы паспрабавалі працягнуць поспех. Да засаджвання далучыўся яшчэ адзін мясцовы жыхар. Мы садзілі акацыі, а ён - вербы.


- Дык у 2014 годзе тут школьнікі ўсёй школай садзілі дрэвы. Але яшчэ быў ранейшы старшыня калгасу - Мельнік. Ён загадаў ці то ўзараць, ці то пакасіць поле, - кажа былы настаўнік Цімафей Іваныч і працягвае. - Пасля ў дзяцей выпрацаваўся нейкі эмунітэт на саджанне дрэваў. Трохі паразважаўшы дадае:
- Хаця, тыя ж вучні даўно выпусцілся.


На стадыёне, дзе-недзе тырчаць асобныя маладыя бярозкі. Бачна, што гэта месца ўтварае ледзь заўважны выступ. У сезоны вятроў тут няма чаму прыпыніць гэты магутны подых сухавея.

- Ды там гіблая зямля. Там саджалі дрэвы некалькі разоў. Нічога не расце, - кажа баба Марыя. - Мой брат Іван тут таксама у мінулым годзе нешта садзіў, не прыжылася. Гібла тут.
- Там неўрадлівая зямля. Усё высушвае, - кажа мясцовы жыхар.


З аднаго боку, гэтае меркаванне - блізкае да стану рэчаў на Стадыёне. Там насамрэч бедная зямля і высушвае. У гэтым годзе мы працягнулі эксперымент з пасадкай дрэваў, як ужо узгадваў - акацый. Хапіла дзесяці дзён спёкі падчас нашай адсутнасці ў Застружжы - на прыканцы чэрвеня большасць маладых дрэваў засохла. Некалькі мы яшчэ спрабуем ратаваць. Вясна ў наступным годзе пакажа тых, хто выжыве.

Але з другога боку, дрэва - гэта жывы арганізм і мясцовыя жыхары лепш за мяне ведаюць, што каб нешта выгадаваць трэба прыкладаць высілкі пастаянна. Тое самае з дрэвамі, якія растуць на агульнай тэрыторыі (commons). Але гэта нешта забываецца мясцовымі.

Дадам, дрэва - гэта як дэмакратыя, не разавае дзеянне, як схадзіць на выбары і прагаласаваць, але як працэс, які патрабуе невялікай, але пастаяннай увагі. Як нашы маладыя дрэўцы, якія напачатку трэба паліваць, мацаваць кійкамі ад ветру, угнойваць, падразаць непатрэбныя галіны. Жыць з імі. Проста пасадзіць і адзін раз паліць - гэтага не дастаткова. Вельмі мала шанцаў выжыць і пусціць глыбокія карані.


2.9. Хуліганы і культ дзяцей

-Усе ведаюць, што вы саджаеце дрэвы! - крычыць праз дарогу Верэніч-бацька.


Вярэніч - фармальны бацька 7 дзяцей. Прыехаў у Застружжа дзесьці са Століншчыны. Раней любіў выпіваць. Пасля закадзіраваўся. Пачаў працаваць у кароўніку. Жонка на дэкрэце. Ад дзяржавы сям’я Вярэнічаў атрымала новы дом, адмыслова пабудаваны для іх ля Лаўкі.

Старэйшых дзяцей Вярэнічаў не любіць шмат хто ў вёсцы: хто за іх паводзіны ў школе, ці то з нечага агароду ўцягнуць нешта, ці то хуліганяць. Але мы гэтага не ведалі, пакуль самі не паспыталі распушчаныя паводзіны малалетак. Нейкі час дагэтуль мы разглядалі гэтых дзяцей як свежыя галовы, якім мы можам шмат чаго перадаць з нашага жыццёвага досведу і ведаў пра навукі і свет.

Знаёмства з малалетнім злом здарылася восенню (2021). У нашай прысутнасці былі выбіты дзверы ў нашу хату. Гэта зрабілі падлеткі. Атрымалася на месцы заўважыць хуліганаў за гэтай справай. Пасля размовы прыбеглі бацькі і самі віноўнікі. Нам падалося, што прызнанне і выбачэнне на камеру, а таксама  бацькоўскі кантроль неяк выраўняюць сітуацыю і не дадуць ёй разгарэцца далей.

Таксама мы праінфармавалі супольнасць.

Як мы ўпэўніліся, калі малому злу даеш магчымасць расці, яно як пустазелле можа запаланіць усё добрае. Дадам, што гэта верна не толькі для мясцовай супольнасці, але і для ўсяго грамадства. Чарговы раз упэўніваюся ва ўніверсальнасці сацыяльнага досведу, атрыманага ў малых супольнасцях. Гэты досвед дае магчымасць прагназаваць змены супольнасцяў вялікіх - цэлых грамадстваў з мільёнамі ўдзельнікаў.


- Пакажыце мне доказы! Дзе доказы?! Як толькі я ўбачу, яны пасадзяць (указвае пальцам на сваіх дзяцей) хоць 500 дрэваў! - працягвае свой крык бацька малалетніх хуліганаў.
Побач стаялі самі падлеткі, Сяргей і Лена, і глядзелі на тое, што будзе далей. Цікава, што падлеткі былі менавіта тыя, якіх мы падазравалі ў хуліганстве.
- Але калі няма доказаў, то не трэба тут нагаворваць, - працягвае без зупынку крычаць Вярэніч-бацька.
- Вы ведаеце, для чаго мы дрэвы садзім? Для таго, каб гэтыя дрэвы ахоўвалі ад пылавых завірух Застружжа. А вашы дзеці іх ламаюць. Калі вашы дзеці пасадзяць новыя дрэвы замест зламаных, мы забудзем на гэту сітуацыю.
Крык працягнуўся. Насамрэч, гэты крык - такая “нармальная” форма камунікацыі для тых, хто працуе ў кароўніку. Гэтакі крык мы чулі шмат разоў, таму не здзівіліся. Дарэчы, мы як грамадзяне чуем падобны крык і на вышэйшым узроўні ад кіраўніцтва нашай краінай.  


За месяц да гэтай размовы мы заўважылі зламаныя галіны маладых дрэваў побач з крамай. Там было пасаджана тры ліпы.

Я пад’ехаў і замазаў садовым варам. Але праз некалькі тыдняў два дрэвы былі зламаны пад корань, а трэцяе стаяла з амаль цалкам пашкоджанымі галінамі.  
Вядома мы не назіралі за дрэвамі ў рэальным часе пастаянна, але ведалі, што такую шкоду можа ўчыніць толькі падлетак, які сам неяк тусіў побач і нават дапамог зрабіць лункі вакол некалькіх дрэваў. Наша здагадка пацвердзілася, калі пачалі ламацца дрэвы на Стадыёне, пра якія пісаў у папярэднім допісе.


У той размове Вярэнічу доказаў не паказалі. Але праз дзень прыйшло чарговае пацверджанне. Мы заўважылі, нехта неахайна ўкапаў нейкі абломак бэзу побач з паламанымі ліпамі. Так, гэта было прызнанне віны. Бэз хутка засох. Падумалася, “хто ламае дрэвы, той ламае свой лёс”.
Так, з дасягненнямі і няроўнасцямі, дрэвы працягвалі развіваць нашу камунікацыю з супольнасцю.


У Малых населеных вёсках існуе культ дзяцей. Чаму? Дзеці - дэфіцыт. Гэта не 50-60-ыя гады, калі вёскі патаналі ў колькасці маладзёнаў. І нават не 80-90-ыя, калі ўлетку ўнукі прыязджалі з гарадоў і запаланялі хаты дзядуль і бабуль. Зараз гэта 1-2-3, у лепшым выпадку, 5-6 немаўлят на год у вялікай вёсцы. Таму ўсе дарослы дзьмуюць на дзяцей. Тыя дзеці, што пасталей, заўважаюць гэткі стан рэчаў і такім прывіліяваным становішчам карыстаюцца.
Дзеці - рэсурс дэфіцытны. А чаму гэта рэсурс? Таму што, найперш, дзеці даюць працу школам, а школа пасля дзяржаўных аргакарпарацый - гэта асноўнае месца сталага працаўладкавання для сельскай інтэлегенцыі. Будуць дзеці - будзе праца.
-У школе ў гэтым годзе не будзе 10 класа, - кажа мясцовая працаўніца Алена. А калі не будзе наступнага 10 класа, то школу з сярэдняй могуць перафарміраваць у базавую. З-за гэта знікае шмат даплатаў, ставак і штата… канешне звальненні.
Таму дзеці ў малых мястэчках - гэта золата, нават важней.
Другая прычына - псіхалагічная. Старым людзям патрэбен нейкі двіж. Гэты двіж ставарюць дзеці. І не важна, добры гэта дзвіж, ці кепскі, галоўнае, што нешта адбываецца. Маладая кроў дзейнічае. Таму шмат хто са старых спісвае хуліганку і нават дробную крыміналку на ўзрост. А мясцовыя жыхары баяцца маладых мясцовых крымінальнікаў. Раптам будзе расплата. Таму часцей за ўсё не хочуць канфліктаваць, як кажуць "выносіць смецце з хаты" - з сяла.


- Ён, гэты Вярэніч-падлетак, пачаў біць шлянку пры мне. Потым другую, прама на асфальце. На дарозе, - кажа дзед Іван пры сустрэчы.
- Вы неяк запярэчылі? - пытаю.
- А што яму, я стары, запярэчу? - бездапаможна падсумоўвае.


Цікава атрымліваецца. Негатыўную селекцыю праводзіць не толькі дзяржава, надаючы не самым лепшым людзям кіраўнічыя і ўплывовыя пасады, але і сама мясцовая  супольнасць. Яна падтрымлівае нормы, якія даюць магчымасць кепскім звычкам расці і ўкараняцца. І гэта не толькі са звычкамі дзяцей так адбываецца, але тэмай алкагалізма, напрыклад, які, калі не культывуецца, то нейтральна ўспрымаецца.


2.10. Дзядзько Коля.

Па мацінай лініі, Коля - сваяк, які жыве ў Застружжы ўсё сваё жыццё. Хаця дзядзько (так казаў яго называць) Коля, 60, ён выглядае даволі молада. Умее зацята рубаць дровы, таму шмат кім у сяле мае прызнаны ў гэтай працы талент. Адсутнасць дрэнных звычак і пунктуальнасць - гэта рэдкія і выключна добрыя бакі паляшука. Канешне ёсць і цёмныя бакі, пра іх іншым разам.

Красавік, 2021

- Можам пасадзіць ліпку у вашам агародзе, - прапаноўваем дзядзько выбраць самае лепшае дрэўца з тых, што нядаўна набылі ў Юзафінаўскім лясніцтве.
- Куды мне там яе саджаць?! - аднекваецца.
- У вас у агародзе амаль няма дрэваў. Вось апошняя яблыня старая засталася.
- Хаця, я ведаю месца.

Праз 20 хвілін мы разам садзім маладую ліпку ў цэнтры сямейнага надзела Мікалая Рамашкі.

 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

A post shared by БЖ-БЖ (@smartpaseka)

Сакавік, 2022

-...Дзе раздаюць? - пытае нас дзядзько на летняй верандзе, апранаючы шапку і хутка ўступаючы ў свае рабочыя чобаты без матузкоў.
- Хадземце, пакажам, - загадкава адпавядаю.
Мы ў траіх выходзім на вуліцу. Гэта вуліца сярод жыхароў называецца Другая, з афіцыйнай назвай Камсамольская. Праз 3 хвіліны мы ля Кароўніка, дзе енчыць цуцык.
- Гэта ён ці яна? - пытаю працаўніцу кароўніка, трымаючы шчанюка на руках.
- Яна.

Праз некалькі імгненняў сабачы малеча ў руках дзядзько Колі.
- Гэта ён? - пытае сваяк.
- Трэба глядзець. - разваліжліва адпавядаю.
- Але якая розніца?! - з захапленнем ад моманту, кажа Святлана, мая жонка.  


Праз месяц мы вязем Жанну, гэта імя псінкі, на ветстанцыю рабіць увесь набор прышчэпак.

 

Пачатак лета, 2022

- Як вашыя справы?
- Езджу ў Тышкавічы. Збіраю галубіку. Хачу назбіраць на дзверы.
- Як там можна зарабіць?
- Некаторыя да 70 рублёў за дзень падымаюць, але я так сабе, 30 рублёў маю.
- То шмат едзіць шчэ трэба, працаваць, - працягваю.
- Яшчэ два тыдні засталося, каб хапіла.

Верасень, 2022

- Як маецеся, дзядзя Коля?
- Ну як. Як звычайна.
- Як вашыя дзверы?
- Павінны прыехаць ў панядзелак, адмераць.

Кастрычнік, 2021

Дзверы нарэшце паставілі. Я проста пабачыў іх, калі праходзіў недалёка  Але ад дзядзько Колі цішыня.

- Як вашыя справы?
- Якія справы - “дзелішкі”. Гэта ў вас справы, - ужо вывучана адпавядае Коля.


Цішыня ў нашай паляшуцкай вёсцы - гэта падман. Калі нешта важнае адбываецца - цішыня працягваецца. Цішыня напаўняецца шумам трактароў і машын, але ўнутры душы тутэйшага цішыня застаецца. Цішыня падчас размовы з палешуком - гэта падрыхтоўка да новага этапу размовы. Маўчанне ў размове - гэта самы галоўны этап. Развітанне - гэта пачатак размовы, адкрыццё ключыка да душы палешука, але не апошняга. Развітанне - гэта пачатак сур’ёзнай размовы па справах. Усё, што было перад, - гэта ўзважванне, праверка суразмоўцы: “ці магчыма табе давяраць?”. Цішыня кажа золатам і малюе намер больш дакладна, чым тысячы словаў. Цішыні давяраюць, разумеюць, і кіруюцца ёй. Палешукі мудрасць цішыні прынялі. І дзядзько Коля.  


- Ведаеш, я не знайшоў вуллі твае пад Пясчанкай (назва вёскі). Хадзіў, глядзеў, не знайшоў. Скралі іх, - упэўнена кажа Коля.
- Мо вы памыліліся ў лесе, заблукалі, - супакойваю дзядзько па тэлефоне.
- Не, дакладна, скраў нехта вулікі.

Гэта размова адбылася у канцы вясны 2021. Праз два тыдні мы прыехалі ў Застружжа. Я наведаў лес пад Пясчанкай і знайшоў там свае вулікі, поўныя свежага травеньскага мёду.


Насамрэч у вёсцы супольнасць часта фантазіруе ці перабольшвае, не таму, што так вось адмыслова хочацца схлусіць, а таму, што хлусня робіць жыццё больш каляровым і разнастайным. Фантазіі ствараюць міф, пэўны ключ, якія могуць адчыніць толькі свае.  

Як разбурыць сцяну сэнсарнай дэпрывацыі - цішыні? “Сэнсарная дэпрывацыя” - менавіта так называю эмацыйнае галаданне. Мяркую, ў глыбіні душы мясцовым жыхарам хочацца, каб нешта значнае адбылося тут у іх “in the middle of nowhere”. Таму, калі нечая жонка гуляе з іншым, то гэта мусіць “адбывацца ў маёй хаце” - кажа аднавясковец.

Тое самае, калі людзі жадаюць нешта накруціць, яны запускаюць плёткі. Таму ў плётак і фантазіях мясцовых заключаецца вельмі рацыянальнае - насыціць жыццё яскравымі і вострымі наратывамі, якія дададуць колеру і смаку ў размеранае і прадказальнае жыццё сельскага палешука. Дзядзько Коля таксама хоча колераў жыцця, але маўчыць і хавае ў сабе гэта памкненне зведаць, адкрыць новы свет.

Працяг будзе...