Чарга - спосаб дайсці да мэты. Паслядоўна. Нехта павінен быць наперадзе і атрымаць сваё перад табой. Пасля і вы атрымліваеце сваё. Такім чынам, вызваляецеся ад ношы - быць у чарзе.
У чарзе вы вучыцеся сачыць за іншымі. У чарзе з'яўляецца час падумаць, паслухаць адзін аднаго. Чарга вучыць слухаць, глядзець, назіраць.
Чарга - настаўнік, прыклад. Нехта павінен зрабіць дзеянне перад вамі. Атрымаць бутэль вады, паставіць подпіс, або набыць прыемны сувенір ці вопратку, ці дастаяцца да чаканай дапамогі ў паліклініцы. Бывае чарга за кватэрай.
Хаця вы не першы, вы верыце, што атрымаеце жаданае, нешта зменіце ў сваім жыцці. Палепшыце. Таму чарга можа паляпшаць і даваць надзею.
Чагра - этас. Яна мае свае паводзіны. Структуру. Трэба запытаць, хто апошні, калі далучаешся, і адказаць, наступнаму, што вы апошні. Трэба прыняць да ўвагі, калі нехта адлучаецца ад чаргі.
Калі нехта адлучаецца перад вамі вам важна ўхапіцца за наступнае звяно, каб не згубіць ніць, якая вядзе да мэты. Калі нехта пасля вас адлучаецца на час, важна сказаць, што вы прызналі чалавека, калі ён зноў вернецца. Таму чарга трэніруе памяць і прызнанне сярод свайго пакалення.
Беларусы cпазнаюцца ў чарзе.
Прызнанне сябе апошнім у чарзе выпрабоўвае псіхіку людзей, якія хочуць быць першымі. Таму ў чарзе няма лідэра, які вядзе. Ён знішчаецца прызнаннем чакання свайго за іншым. У чарзе ёсць звязнасць і ўраўніванне. Чарга можа быць салідарная, але чарга пасіўна. Чарга мае памяць, але фальклор.
Памяць чаргі заканчваецца разам з чаргой.
Хаця вы нахіляеце галаву над сваім гаджэтам, ці пагружаецеся ў думкі, паказваючы што вы "не тут", або тут часова... ўрэшце рэшт вы прымаеце правілы гульні.
У чарзе атрымліваеце адчуванне бяспекі.
Калі спрабуеце пераскокнуць чаргу, вас будуць ганьбіць ці як мінімум адгукнуцца негатыўна. Калі нехта просіць прапусціць у чарзе, вы негадуеце. Рэдка згаджаецеся, але тады іншыя абавязкова негадуюць. Часта моўчкі.
Чарга - гэта выпрабаванне. Яна гартуе павагу і цярпенне. Чарга раскрывае слабасць і нахабства. А нахабства не паважаюць беларусы. Калі змог адстаяць у чарзе, значыць свой, значыць умееш трываць і боль, і трымаць свае жаданні, значыць не выдзяляешся, - такі, як усе. Супольнасць прымае праз чаргу.
Так, беларусы пазнаюцца ў чарзе.
Чагра бывае хвалямі або прамая. Сціснутая або расцягнутая як ланцуг. Кароткая або доўгая, ледзь не бясконцая. Але чарга заўсёды мае пачатак і канец.
Чарга ставіць кожнага ў этычны выбар: быць ці мець. Спалучае жаданне быць супольнасцю і атрымасць сваё. Нават калі гэта не прагаворана, чарга робіць справу. Яднае ў патрэбе. Мець. Але як толькі трапляеш у чаргу, “быць” становіцца галоўным. Бо ў чарзе кожнаму патрэбна прызнанне.
Чарга мае мэту. Мэта чаргі - задаволіць усіх, але паслядоўна.
Нават жаданне свабоды беларусы рэалізуюць праз чаргу.
Чарга вельмі павольная, яна не спяшаецца, яна расцягваецца і ў чаканні можна пракруціць сотні думак, перажыць сотні эмоцый і роляў.
Чарга забірае час, жыццё. Вы проста стаіце. Адзін глядзіць у спіну другому, бачыць толькі тых, хто наперадзе. Канешне часам можна азірнуцца і паглядзець ці не апошні вы ў чарзе. Гэта жаданая палёгка, ведаць, што нехта за табой, значыць, вы - не апошні і, значыць, больш надзеі, што спраўдзіцца мара дастаяць, выстаяць, атрымаць свой кавалак. Бо тыя, хто за табой маюць не менш імпэту атрымаць заветнае, але правіла чаргі трымаюць. На гэтым трымаецца вера, што магчыма атрымаць кавалачак шчасця. Толькі трэба пачакаць. У чарзе. З іншымі, за іншымі.
Чым бліжэй вы да пачатку чаргі, да мэты, тым бліжэй чарга да завяршэння свайго жыцця, памяці і гісторыі. Таму чарга мусіць быць доўгай, каб прадляваць сваё жыццё і выконваць свае функцыі.
У часы сацыяльных патрасенняў чарга дае шанец той самай камунікацыі пра набалелае. Выпусціць пар. Камунікацыя, якая раней абдывалася на кухні, зараз выйшла на вуліцу. Таму чарга ў беларускім сэнсе - з'ява палітычная. Яна стварае камуніцыю і еднасць. Паказвае - "нас шмат".
Чарга - гэта палітычнае. Яна канцэнтруе пастаўленыя пытанні ў масах. Чарга як фаланга.
Чарга - гэта антытэза партызанскаму мысленню. Яна агаляе, робіць ледзь не бездапаможным кожнага паасобку, але разам - чарга ўстойлівая з’ява. Чарга можа аб’ядноўваць у жаданні роўнасці. Але чарга таксама можа паказваць безнадзейнасць і нейкую наканаванасць, прадвызначанасць. Няма інакш, ёсць толькі так.
Прыбраць чаргу ў сучаснага беларуса - згубіць калектыўны розум. Павялічыць дыстанцыю. Зменшыць сацыяльную інтэграцыю і спыніць ход часу. Бо ў чарзе людзі, як бы падганяюць адзін аднага прымушаюць рухацца наперад. Не даюць магчымасці спыніцца, адыйсці у бок, проста таму, што згубіцца ланцуг, згубіцца сувязь. Настане хаос. А людзі баяцца хаоса. Таму трэба трымацца сваёй чаргі. Усім. Тады будзе і грамадства і супольнасць, будзе згода.
Беларусы спазнаюцца ў чарзе.