Кніга “Гэта мяняе ўсё”, або што прывяло мяне на экалагічны форум

На мінулым тыдні наведаў экалагічны форум. Што мяне прывяло туды? Паспрабую растлумачыць, магчыма, найбольш сам сабе, але, як звычайна, буду ўдзячны пытлівым чытачам.

Паліўныя выкапні

Палова гады назад скончыў чытаць кнігу канадскай публіцысткі Наомі Кляйн “Гэта мяняе ўсё” (2014). У кнізе распавядаецца, як сучасныя эканамічныя адносіны ўздзейнічаюць на клімат, і што могуць рабіць людзі для таго, каб зупыніць набліжэнне сусветнай экалагічнай катастрофы. 

На думку Кляйн найбольшай праблемай з’яўляецца здабыча паліўных выкапняў (fossil fuels): газу, нафты, вугаля. Шэльфавая здабыча газу, якая распаўсюджваецца ледзь ні па ўсёй планеце, выклікае не толькі пацяпленне атмасферы, але і забруджванне глебаў і вады. Палярная здабыча нафты паскарае і так хуткі працэс таяння леднікоў Арктыкі. Здабыча гаручых сланцаў (tar sands), не толькі забруджвае басейны рэкаў, але і парушае экасістэмы шматлікіх тэрыторый, па якім транспартуецца нафта. Адкрытая здабыча (open pits) вугалю і розных рудаў разам з засмечваннем глебаў, робяць прыродныя ландшафты непрыдатнымі для жыцця.

Кляйн падкрэслівае, што сённяшняя энергетыка вычарпальных рэсурсаў не толькі пры спальванні змяняе клімат планеты. Як пры здабычы так і  перамяшчэнні паліўных рэсурсаў паміж кантынентамі адбываюцца значныя забруджванні акіянаў, тэрыторыі мясцовых супольнасцяў, прыродных запаведнікаў.

(не)Зацікаўленыя бакі

Мяне зачапіў таксама іншы момант. Гэта ўздзеянне вялікіх карпарацый у сваёй здабываючай дзейнасці на агульныя даброты - прыроду. А таксама тое, што ні урадам, ні тым больш самі карпарыцыі не цікавяць праблемы прыроды, калі, у першым выпадку, яны не прыносяць падаткаў, або інвестыцы, а у другім - не маюць рынкавага кошту або прыбытку. 

Такім чынам, самі людзі раскіданыя па шматлікіх месцах планеты, маюць патрэбу хутка вучыцца і аб’ядноўваць высілкі для супраціву знішчэння прыдатнага  для жыцця асяродку.

Тактыкі

У кнізе прапаноўваецца шэраг падыходаў і практык, якія выкарыстоўваюць актывісты (мясцовыя жыхары) па ўсяму свету. Прывяду некалькі.

Мараль і этыка

Першы метад заключаецца ў фарміраванні культуры, якая б супярэчыла логіцы вялікіх карпарацый у засваенні паліўных рэсурсаў. Задача гэтага метада (divestment movement) зрабіць выкарыстанне сродкаў атрыманых за кошт разбурэння прыроды сацыяльна і маральная непрымальным. Напрыклад, распачынанне судовых позваў, байкоту тавараў, адмова прыняцца інвестыцый школамі, універсітэтамі, гарадамі, царквой тых, кампаній якія здабываюць шэльфавы газ, або садзейнічаюць глабальнаму пацяпленню. 

Вуліца як адказ на выклікі

Другі метад можна выразіць наступнай фразай: “Твой урад прайграе, калі бабулі пачынаюць паўставаць”. Вясеннія падзеі (2017) ў нашай краіне паказалі менавіта такі падыход спрацоўвае і ў Беларусі. 

Іншымі словамі, экалагічнаму руху варта выйсці за свае межы і ствараць кааліцыі з іншымі грамадскімі арганізацыямі, супольнасцямі, у тым ліку не толькі ў сваім рэгіёне. Глабальна. Экалагічныя праблемы вельмі падобныя. Наомі піша, што новы рух ужо не верыць, што вузкія сходкі актывістаў, або іх удзел у самітах ААН могуць змяніць сітуацыю. Аўтарка ўпэўнена, што рэальныя перамогі ўзнікаюць толькі на вуліцы (спыненне бурэння, блакіроўка шляху трубапровадаў). 

Уласнасць супольнасці

Трэці падыход, з аднога боку, раскрывае, што на кожны супраціў негатыўным з’явам актывістам варта прапаноўваць альтэрнатывы і рэалізоўваць іх. З іншага боку, нават калі, напрыклад, узнікаюць праекты зялёнай энергетыкі, новаствораная інфраструктура (праекты, інвестыцыі) павінны заставацца ў супольнасці, значыць. Як вынік, павінна адбывацца дэцэнтралізацыя кіравання рэсурсамі і ўзмацненне супольнай уласнасці мясцовых жыхароў на ўзнікшыя аб’екты (community-based ownership). 

Іншымі словамі, самі па сабе “зялёныя” тэхналогіі нічога не значаць, а важны прынцыпы, па якіх яны кіруюцца, а гэта значыць, за кожнай экалагічнай праблемай стаіць этычнае = палітычнае пытанне.

Рэлакацыя і міжнародны гандаль

У сваёй кнізе Наомі таксама кранаецца прававога рэжыму, які ствараюць шматлікія міжнародныя пагадненні аб свадобным гандлі і інвестыцыях, стымулюючы перамяшчэнні (рэлакацыю, relocation) вытворчасцяў, а тым самым і рэсурсаў. Аўтарка падкрэслівае, што сучасныя эканамічныя адносіны, базуючыся на прынцыпах нэалібералізма, падштурхоўваюць усё большае спажыванне, а гэтым разбуральнае ўздзеянне чалавека на прыроду.

Дабрабыт лічбавага свету і прыроды.

Але вернемся да катэгорыі “агульныя даброты”, якая ў шэрагу выпадках выкарыстоўвалася ў кнізе. З англійскай мовы гэта паняцце часта перакладаецца як the commons. Яшчэ можна выкарыстаць сіноміны - “супольнае”, “агульнае”. Пад, команз (агульнымі дабротамі) аўтарка разумее “прыроду” (чыстыя зямля, вада, паветра).

Зараз адарвемся ад працы Наомі. У лічбавым свеце кантэнта таксама існуе катэгорыя the commons, значыць, “грамадскі набытак”. Гэта катэгорыя азначае сумму ўсіх ведаў (кніг, выяваў, даследванняў, кіно, мультымедыя), якія адкрытыя, даступныя для выкарыстання кожным удзельнікам сеціва. Грамадскі набытак вызначае чатыры катэгорыі свабоды: карыстацца, распаўсюджваць, даследваць і змяняць, распаўсюджваць змены. 

Адсутнасць грамадскага набытку можа крыміналізаваць любую творчасць або вывучэнне. Іншымі словамі, зрабіць развіццё толькі правам тых, хто валодае або прыватызаваў рэсурсы (кантэнтам, праграмамі).

Такім чынам, прырода як агульнае і лічбавы грамадскі набытак - гэта неабходныя перадумовы развіцця чалавека і значная каштоўнасць. Першая катогорыя дае магчымасць фізічнага існавання, другая катэгорыя - персанальнага росту і творчага развіцця індывіда. Вось гэта агульнае у двух суветах “прыроды” і “лічбавага” было штуршком, які прывеў мяне на форум экалагічных арганізацый. 

Прыватызацыя

Едучы на гэта мерыпрыемства, давялося праязджаць пасёлак Раўбічы застаўлены шыкоўнымі віламі, катэджамі і часам нават замкамі. Тэрыторыя, якая на карце яшчэ пазначана як публічная у некаторых месцах ужо перагароджаная і належыць новым гаспадарам. 

Апошняе дзесяцігоддзе у нашай краіне вельмі радыкальна скарачаюцца грамадскія прасторы. Прыватызуюцца (захопліваюцца) прасторы (пляжы, ляcныя дзялянкі, стадыёны, паркі) раней даступныя і адкрытыя для грамадзян - скарачаюцца агульныя даброты. 

Тое самае адбываецца з грамадскім набыткам у лічбавым свеце. Дзе капірайт (аўтарскае права) у руках вялікіх карпарацый служыць інструментам захопу (прыватызацыі) лічбавых дабротаў, а таксама магчымасці іх свадобнага публічнага пераасэнсавання і крытыкі.

Кніга “Гэта мяне ўсё” дала падставу разумець моцныя сувязі, якія існуюць паміж экалогіяй і лічбавым светам. Аўтарка пашырыла маё разуменне права супольнасцяў на “агульны дабратыт” як у экалогіі так і ў лічбавым свеце. Зараз для мяне агульны дабрабыт у экалогі і лічбавы грамадскі набытак сталі даволі блізкімі паняццямі.

Так у чытачоў ужо пачало змяняцца ўспрыманне, але ці зменіцца свет паверта, зямлі і вады?