Гэты пост назрэў пасля заявы беларускіх “зялёных” актывістаў з нагоды крымінальных справаў на ўдзельнікаў красавіцкай Крытычнай Массы. Гэты допіс з'яўляецца працягам трылогіі пастоў (частка 1, частка 2) пра роварны рух і яго праблемы.
Тут выкладаю пірацкую рэфлексію на такія тэндэнцыі як глабалізацыя і дэцэнтралізацыя ў прыняцці рашэнняў і, што гэта можа значыць у кантэксце крызісу даверу да ўлады для нашай краіны. Больш затое, я упэўнены, што грамадскі кантроль і палітычныя апазіцыя сёння не могуць існаваць адзін без аднаго для далейшага развіцця грамадства. Што яшчэ? Пастаянны аналіз і абмеркаванне нашага (сама)кіравання, дае нам магчымасць сапраўднай рэформы палітычнай сферы. Яна ўжо адбываецца.
Дэжавю
У Беларусі даўно склалася сітуацыя: калі або журналісты нападаюць на міліцыю, або філосафы пераходзяць дарогу людзей у пагонах, або раварысты накідваюцца і рвуюць форму супрацоўнікам ДАІ і гэтак далей. За апошнія гады такіх прыкладаў накапілася вельмі шмат. Але гэта сітуацыя не новая пад сонцам.
Акцый з "эколага-сацыяльным" падтэкстам адбываецца шмат. Напрыклад, у Бярозаўцы некалькі тыдняў назад актывіст выйшаў з плакатам "Шклавата - гэта смерць Бярозаўкі". Так, асбест - смяротная небяспека для лёгкіх - жыцця. Актывіст мае рацыю з медыцынскага боку. Атрымаў штраф на 200 даляраў.
Красавіцкі разгон "Крытычнай массы" са збіццём удзельнікаў не першы, а толькі адзін са шматлікіх выпадкаў такога гвалту. Такое ўжо здаралася. У 2010 мне ледзь атрымалася вырвацца з мясарубкі, калі АМАП збіваў раварыстаў і тады запакаваў не меньш за 10 у аўтобус.
Ахова парадку
Настаў час, калі можна праводзіць абагульненне. Сістэма праваахоўных органаў дыскрэдытавала сябе. Па-першае, няма грамадскага даверу да гэтага інстытута. Па-другое, міліцыя нас не ахоўвае, яна ахоўвае парадак. Разумееце, у чым тут розніца? Тады далей пытанне. Чый парадак яна ахоўвае? Яна ахоўвае дзяржаўны парадак, закладзены гэтай палітычнай сістэмай.
Мы ўсімі сваімі экалагічнымі, роварнымі і іншымі акцыямі будзем пастаянна ўпірацца ў палітычны парадак. Менавіта палітычная ўлада падтрымлівае зараз такія падыходы ў паводзінах сілавікоў.
Глабалізацыя і дэцэнтралізацыя
Больш за тое, любая сацыяльная, экалагічная, грамадсткая або палітычная (прыдумайце яшчэ) акцыя - гэта выклік сённяшняму палітычнаму парадку ў Беларусі, у сэнсе яго існавання, а, значыць, пытанне жыцця і смерці для яго. Таму такая бурная і часта неадэкватная рэакцыя.
Чаму "існавання"? Вельмі проста, прыняцце рашэнняў перамяшчецца з "цэнтра" (традыцыйных дзяржаўных інстытутаў) на "перыферыю" (нефармалізаваным грамадскім і палітычным рухам, мясцовым няўрадавым арганізацыям, сеткавым супольнасцям) ці на глабальны ўзровень (міжнародныя арганізацыі, фінансавыя інстытуты, транснацыянальныя карпапарацыі). А "перыферыя" па меркаванню тых, хто трымае ўладу ў Беларусі, павінна быць апалітычная, выконваць толькі вызначаны набор функцый (напрыклад, эканамічную - плаціць падаткі, мабілізацыйную - пры правядзенні выбараў).
У працэсе дэцэнтралізацыі і глабалізацыі кіравання выбудаваная ў Беларусі вертыкаль пачынае даваць збой і спрабуе прымяняць метады, якія павінны вярнуць мінулую “стабільнасць”. Паліцэйскія метады.
Пытанне дэцэнтралізацыі даволі складанае, калі сказаць лаканічна, сёння навакольны свет перарос аўтарытарную дзяржаву, яна не спраўляецца. Нервуецца. Трашчыць па швах. Калі з глабальнымі арганізацыямі заігрывае, то сваіх б'е накарню. Так, лічыць, меней праблемаў.
Дадам некалькі словаў пра глабалізацыю. Уздзейнічаць на ўладу праз замежныя інстытуты можна, як гэта прапануюць праабаронцы ў выпадку з актывістамі Крытычнай Масы, але кожнае звяртанне да замежных інстытутаў змяншае суверынітэт нашых наступных рашэнняў. Гэта адбываецца праз легітымізацыю наднацыянальных ворганаў кіравання і дэвальвацыю нацыянальных. Толькі не падумайце, што на глабальным узроўні нам вернуць гэту ўладу.
Перабудава 2.0
Тут мы сутыкнуліся з праблемай перабудовы дзяржаўнага кіравання. Менавіта яно з'яўляецца прычынай сістэматычнай непавагі да чалавека і грамадзяніна. Але ўзнікае іншае пытанне... Раз улада вінавата, значыць, "хай папраўляецца, бо іншай няма ж... мы ж яе выбіралі". Так, гэта ўзаемавыключаючае сцверджанне вельмі тыповае ў свядомасці грамадзян і вядзе да паўтарэння памылак, адчаю, песімізму, няверы.
Так, некаторыя сапраўды абіралі такую ўладу. Не ўсе. Што рабіць тым, хто не абіраў яе? Так, станавіцца грамадскім кантролем або палітычнай апазіцыяй.
"Зялёныя" актывісты зрабілі грамадскую заяву, амаль сазрэлі да палітычнай заявы, але спыніліся. Часова. Чаму? Прычым можа быць шмат. Але адна з іх не жаданне называцца “палітычнай апазіцыяй”.
Хаця ў нас слова “апазіцыя” вельмі паізнасілася і ўжо даўно ўспрымаецца як лаянка, але на мой погляд грамадскі кантроль і апазіцыя, як грамадскія з’явы не могуць існаваць адна без другой. Якасны грамадскі кантроль не можа існаваць без існавання палітычнай апазіцыі - без альтэрнатыўнага бачання развіцця краіны. А калі грамадскі кантроль прапануе сваё бачанне (сама)кіравання, значыць ён прэтэндуе на ўладу і становіцца па факту “палітычнай апазіцыяй”. Што ў нас і атрымліваецца, калі прачытаць заяву “зялёных”.
Абмяркоўваць кіраванне
Як правіла, ўлада адлюстроўвае сённяшнія настроі грамадства - большасці. У большасці беларусы не думаюць (не абмяркоўваюць) сваё кіраванне, яго ўладкаванне. Большасць спыняецца на тым, што дастаткова "абраць" і на гэтым ўсе. Мудрыя там самі разбяруцца. Гэта памылка.
Толькі не спрабуйце ўпісаць сябе ў меншасць. Скажу болей, гэта ўлада адлюстроўвае настроі меньшасці таксама (праз няздольнасць самаарганізавацца).
Канешне жорсткі палітычны рэжым могуць падпітваць фінансамі з-за мяжы. Але асноўнае, сёння ўлада ў Беларусі - гэта кампрамісны варыянт грамадства. Гэта значыць, што кожны з нас вінен у тым, што адбылося, адбываецца штодзень. Мы, нашы бацькі, суседзі, знаёмыя, родныя, мы.
Дык вось, вярнуся да эколагаў, якія заступаюцца за раварыста. Я падтрымліваю шчырыя жаданні вызваліць хлопцаў ад крымінальнай адказнасці. І, я веру, гэта нават можа атрымацца. Але сёння неабходна змена не толькі правілаў дарожнага руху на больш дэмакратычныя для экалагічнага транспарту - ровараў, сёння патрэбна змена палітычнай сістэмы - прынцыпаў кіравання, нашага супольнага самакіравання, будучага.
Грамадскае, значыць, палітычнае
Першым крокам важна вызначыць аснову, на якой будзе будавацца будучая Беларусь, што будзе азначаць "бяспека", што "міліцыя", якое месца займаюць каштоўнасці "здаровае асяродзе", або "экалагічны транспарт", даць новыя вызначэнні шмат якім з’явам.
Вышэй пералічаныя з’явы - гэта палітычныя пытанні. Таму я упэўнены, што любая грамадсткая актыўнасць у сучаснай Беларусі - гэта палітычная актыўнасць. Чаму? Грамадская актыўнасць выконвае сёння і кантрольную, і палітычную функцыі. Чаму? Яна пераразмяркоўвае адказнасць і правы - на карысць грамадзян, значыць, уладу. Ад гэтай сітуацыі не трэба бегчы, проста прызнаць яе і будаваць новую Беларусь.