Тыдзень таму ўдзельнічаў у мерапрыемстве, якое называецца "Хакатон Social Weekend", куды мяне запрасілі ў якасці ментара. Асноўнай задачай была кансультацыя пачынаючых ініцыятыў на прадмет іх патрэбаў. Пасля кожны ментар вызначаў, якому праекту даваць шанец рухацца далей, якому - не. На хакатон арганізатары прапусцілі больш за 40 праектаў, тамy ім патрэбны быў адпаведны фільтр, каб вызначыць пераможцаў.
Дык вось, з 21 арганізацыі* (тлумачэнне ў дадатку), якія прайшлі праз мяне, толькі 8 я прапусціў далей. Ну, вядома, можна спаслацца на маю прыродную строгасць, але тут справа больш складаная. Паспрабуем разабрацца разам.
Што ж гэта былі за праекты? Чаму каля дзвюх трацін на мой погляд не трапляе ў катэгорыю "сацыяльных"?
Грамадскае і сацыяльнае
Хакатон ладзіўся ў межах рэгулярнага конкурса "Social Weekend", пакліканага падтрымліваць пачынаючыя сацыяльныя (грамадскія) ініцыятывы. Але, як паказаў мой ужо двухразовы досвед ментарства падчас гэтага мерапрыемства, пад словам “сацыяльнае” можна разумець усё што заўгодна.
Таму самы час вярнуцца да разумення “сацыяльнага”. Безумоўна, гэты тэрмін мае вельмі шырокае значэнне. Але найбольш мяне цікавіць фармулёўка з гэтага артыкула Вікіпедыі, што “сацыяльнае” (грамадскае) звычайна супрацьпастаўляецца “прыватнаму”, як грамадская ўласнасць супрацьпастаўляецца прыватызаванай (прыватнай) уласнасці.
Таму “сацыяльнае” (грамадскае), згодна агульнапрынятаму вызначэнню, я буду прымяняць да ініцыятыў і арганізацый у выпадку, калі дзейнасць такіх арганізацый накіраваная на дасягненне сацыяльнага эфекту (напрыклад, чыстага навакольнага асяроддзя) ў супрацьлегласць прыватнаму эфекту (напрыклад, максімізацыі прыбытку).
Варта трохі прыпыніцца на навязваемай цяпер катэгорыі “сацыяльны бізнэс” або “сацыяльнае прадпрымальніцтва”. Нягледзячы на тое, што (чыста тэарэтычна) гэткае гіпатэтычнае прадпрыемства накіравана разам з атрыманнем прыбытку і на максімальны грамадскі эфект, а таксама паляпшэнне навакольнага асяроддзя, рэгуляванне дзейнасці такой арганізацыі адбываецца па законах рынку. А значыць, пры адсутнасці грашовага эфекту сацыяльная кампанента перастае быць важнай для такога прадпрыемства. Тым больш варта ўлічваць, што на сёння большасць рынкаў манапалізавана карпарацыямі, якія дыктуюць і грашовую, і каштоўнасную палітыку. І наогул, ніхто не адмяняў цыклы спажывання, якія важныя для любой эканомікі.
Вернемся да хакатона. Астатнія 13 праектаў былі не грамадскія - камерцыйныя. Насамрэч, былі добрыя ідэі, якія могуць спрацаваць на рынку, і я магу пажадаць толькі поспеху маладым прадпрымальнікам.
Але ў мяне выклікае заклапочанасць, што пад шыльдай “сацыяльнага” прасоўваюцца чыстыя бізнэс-праекты (глядзіце прыклады ў дадатку: “Экасістэма турызму”, “Дыстанцыйная рэабілітацыя” ці праект “Маманга”). У якіх сацыяльнага не больш, чым у гандляроў пральнымі машынамі і клінінгавых кампаній.
Больш за тое, гэта не выпадкова "прайшоўшыя" праекты на сацыяльным хакатоне. Арганізатары сацыяльнага хакатона настойваюць, каб удзельнікі ўключалі пункты манетызацыі ў іх задумы.
Стартапы
Што кажуць тэндэнцыі… Апошнім часам у Беларусь прыйшла хваля неаліберальных трэндаў, навязваемых грамадскім арганізацыям на Захадзе - гэта ідэалогія стартапаў. Калі на простай мове, стартап - гэта камерцыйны праект, які мае вялікія рызыкі прагарэць, але, калі ён атрымаецца, тады інвестар атрымае вялікі прыбытак. Большасць стартапаў гіне ў хвалі канкурэнцыі, недахопу ведаў, сродкаў, ці, напрыклад, знікнення цікавасці інвестара.
Важна разглядзець прыроду стартапа. Перш за ўсё яна будуецца на канкурэнцыі і закрытасці. Бо для пачынальнікаў важна, каб ніхто з канкурэнтаў ініцыятыву не перахапіў. У канчатковым выніку абмен інфармацыяй і рэсурсамі запавольваецца, прыняццё рашэнняў канцэнтруецца ў невялікай камандзе, закрытай ад усіх навакольных.
Калі перанесці такую ідэалогію ў сацыяльныя праекты, грамадскі сектар у выніку ператвараецца ў поле для канкурэнцыі, у якім дамінуюць каштоўнасці рынку венчурнага капіталу - іншымі словамі, прымяняецца падыход “зверху ўніз”. Некалькі бізнэс-анёлаў (мяхоў з грашыма) прымаюць рашэнні, якім быць грамадству.
Вядома, вельмі падобная сітуацыя ў пытанні доступу да грантаў мае месца сярод грамадскіх арганізацый. Стартапы даводзяць гэту канкурэнтнасць і атмасферу бізнэсу да найвышэйшай ступені. Таму сярод прайшоўшых праз мяне праектаў было шмат такіх, якія адразу думалі пра манетызацыю. Цікава, што шмат хто з іх заснавальнікаў меў вельмі малы досвед валанцёрства ці дзейнасці ў грамадскіх арганізацыях - ці наогул такога не меў.
Альтэрнатывы
Досвед маёй грамадскай дзейнасці паказвае, што не толькі грошы і хуткі старт маюць значэнне, асабліва для пачынаючых ініцыятыў. Ёсць іншыя каштоўнасці. Перш за усё гэта магчымасць сумеснага выкарыстання рэсурсаў больш прасунутых грамадскіх арганізацый - узаемадапамога. Напрыклад, памяшканнем, праектарам, нейкім абсталяваннем, якое маюць адныя, але не маюць іншыя, пачынаючыя. Па-другое, гэта інфармацыйны абмен карыснымі кантактамі, сацыяльнымі ці лічбавымі тэхналогіямі. Апошнія тады становяцца набыткам усіх арганізацый і тым самым павышаюць устойлівасць развіцця усіх грамадскіх ініцыятыў.
Дык вось, атмасферы ўзаемадапамогі і супольнасці на "Хакатоне Social Weekend" не адчувалася. Рэй вялі эксперты з вузкай спецыялізацыяй, а таксама тыя, хто можа ўмела прадаць ідэю інвестару. Гэта значыць быць адказным не перад грамадствам, а перад інвестарам. Па-першае, за выкарыстанне патрэбаў грамадзян для атрымання прыбытку. Па-другое, інвестар, як мінімум, павінен бачыць, як гэтая дзейнасць можа павысіць рэпутацыю (манетызуемасць) яго імя ці бізнэсу. Вось такая логіка неалібералізму ў грамадскіх арганізацыях.
Але самі адэпты неаліберальнага падыходу ў сацыяльнай сферы пішуць, што шмат якія праекты перасталі працаваць (трапілі ў “даліну смерці”) і іх трэба вяртаць да жыцця. Праекты, якія нібыта прапаноўваліся як найбольш жыццяздольныя і ацэньваліся экспертамі пазітыўна, загнуліся. Такіх шмат. Гэта натуральна і для стартапаў, і для грамадскіх ініцыятыў - прыпыняць дзейнасць. Але што тут не так?
Вядома, што ініцыятывы паказалі "шоў" напачатку, паказалі, як гэта "модна". Але пасля хутка сышлі. Цікавы прыклад вытхлага праекта “Дыванга”, які быў пераасэнсаваны пачынальнікамі і прапанаваны з падобнай назвай, але іншым зместам - “Маманга”. Значыць, важная не сама ідэя і рэалізацыя, а збольшага граматны бізнэс-план і яго прэзентацыя.
Калі вы раптам трапіце на сайт "Social Weekend", вы заўважыце, што там падтрыманыя і піярацца як гісторыі поспехаў неманетызуемыя ініцыятывы, а менавіта - “коцікі і сабачкі”, якія не цікавыя бізнэсу. Атрымліваецца шызафрэнія капіталізму. З аднаго боку, патрабуюцца эфектыўнасць і манетызуемасць, але з другога боку, грамадства не зразумее, калі "сацыяльным" пачнуць называць турыстычны або кантэнт-бізнэс.
Высновы
Па-першае, сучасны неалібералізм (капіталізм) прыватызуе не толькі дзяржаву - сферу публічнага, але ён скарачае і грамадскую прастору і выпустошвае паняцце “сацыяльнае”, запісваючы пад яго ўсё. Што ў сваю чаргу разбурае давер да сацыяльнай сферы як супольнай справы на карысць грамадства. У сацыяльным, як правіла, удзельнічаць могуць усе, і галоўнае не “эфектыўнае” вырашэнне, а вырашэнне праз удзел многіх. Каб, як вынік, тэхналогія вырашэння стала належаць грамадству (commons), а не засталася інтелектуальнай уласнасцю нейкай фірмы на дзесяцігоддзі.
Другая выснова. Такая прыватызацыя - гэта не проста падмена паняцця. Гэта мэтанакіраваны інструмент для пераразмеркавання рэсурсаў - чалавечага, інтэлектуальнага - у сферу бізнэсу. Чалавечага - таму што людзі захопліваюцца магчымасцю зарабіць грошы, а ў крызісныя часы гэта вельмі спакусліва - называць менавіта так, каб прадавалася.
Трэцяя выснова. Бізнэс мае магчымасць змяншаць выдаткі, прыкрываючыся шыльдай “сацыяльны”. Гэта таксама схаванае пераразмеркаванне рэсурсаў, чытай улады, на карысць “мяхоў грошай”. Чаму гандляры на Камароўцы не называюць сябе сацыяльным бізнэсам, хаця робяць вельмі карысную справу: прадаюць ежу?
Чацвёртая выснова. Нашмат лепш акумуляваць сродкі праграмы развіцца ААН, напрыклад, прыкрываючыся "сацыяльнымі" праектамі. А называцца "сацыяльным бізнэсам" - для атрымання грошай USAID. Таксама паказальна, што асноўным арганізатарам конкурса лічыцца кампанія, якая першая пачала манетызаваць сацыяльныя каштоўнасці і зарабляць на гэтым немалы адсотак - MaeSens. Ну, такім чынам мы выходзім на вельмі практычную плашчыню. Разам з масіраваным прасоўваннем сваіх інтарэсаў у ворганах улады, бізнэс таксама захоплівае і бярэ пад свой кантроль сферу сацыяльнага.
*Дадатак
Тут змяшчаюцца кароткія апісанні праектаў, якія прайшлі праз маю кансультацыю на апошнім "Хакатоне Social Weekend". У кожнага праекта было 4 хвіліны для таго, каб распавесці пра сябе.
- "Васільковая лінія". Нешта накшталт гарадскога арыентавання, дзе розныя слупы размаляваныя васількамі. Больш накіравана на забаўляльны фармат. Манетызацыя - не вельмі вызначана. Пахне сацыяльшчынай.
- "Міля дабрыні" (waystohelp). Дадатковыя кошты на авіябілеты, якія пойдуць на лекаванне дзяцей. Наіўнае чаканне, што вялікія карпарацыі раптам вырашаць дапамагаць хворым і дзяліцца сваім прыбыткам з нейкай некамерцыйнай арганізацыяй. Белавія не падтрымала. Канечне, дзёрзка.
- "Дзяржслужбовец". Стваральнікі прапануюць бота, які, выкарыстоўваючы эўрыстычныя алгарытмы (АІ), спросціць узаемадзеянне грамадзян з дзяржворганамі праз частковую аўтаматызацыю 900+ дзяржпрацэдур. Гучыць эпічна і трохі ўтапічна. Сацыяльна. Таму падтрымаў.
- "Кіламетр дабра". Мецэнаты аплочваюць паездкі сем’яў з дзецьмі-інвалідамі. Ну, манетызацыя - атрыманне працэнту з грошай для падтрымання праекта - таксама з мецэнатаў. Праект прапусціў.
- "Нецяплічны". Школа прадпрымальнікаў. Актывісты грамадскай арганізацыі БАСС пайшлі па незразумелай сцяжынцы. Мне падаецца нелагічным, калі грамадскія арганізацыі вучаць прадпрымальніцтву. Выключыў.
- "Lostify". Пірынгавы пошук згубленых рэчаў. Таксама, калі пракоціць, будзе эпічна. Што спадабалася - гэта геалакацыйныя апавяшчэнні і навучаемы бот. Таму падтрымаў, з чаканнем, што гэта не ператворыцца ў закрыты клуб для хіпстараў з айфонамі і таксамі для ўдзельнікаў.
- "Дыстанцыйная рэабілітацыя". Платныя паслугі праз інэт. Харошы стартап у нішы. Але сацыяльшчынай не пахне, таму што адразу закладваецца бізнэс-мадэль з зарабленнем грошай як асноўнай дзейнасцю. Выкрэсліваем.
- "MyPerfectGallery". Такі рамантычны праект забяспечыць пачынаючых мастакоў асабістымі віртуальнымі галерэямі. Не ведаю, ці ёсць аналагі, але даволі цікава можа быць… Толькі вось супольнасць мастакоў трэба знайсці. Ну і поўны фрыпрайс (значыць даступна ўсім) на саму галерэю.
- "ProWork". Прафесійная арыентацыя. Але не зразумеў, як у іх каманда выбудоўваецца і чаму нейкая дзіўная эксплуатацыя двух прафесійных удзельнікаў, якія працуюць і займаюцца такой прафарыентацыяй і без праекта? Выключаю.
- "Погода в доме". Вырашае вечную праблему сямейных канфліктаў за грошы. Хоць і не вялікі, але бізнэс. Таму выключыў.
- "Любіць і бачыць". Бізнэс па зарабленні грошай на інтэрвію бабуль і дзядуль за кошт унукаў.
- "ToMeToYou" …. Моцны накірунак на B2B, па сутнасці бартэрны маркет… Ну, не сацыяльны.
- "Экасістэма турызму". Адпаведна, турызм для багатых замежнікаў у Бярэзінскі запаведнік. Ваабчэ не зразумеў, да чаго тут сацыяльны хакатон.
- "Падзяляй і ўладар". Адукацыйны праект пра гейміфікацыю раздзялення смецця для дзяцей і юнакоў. Эфектыўнасць пад пытаннем... але сацыяльшчына. Падтрымаў.
- "Helpness". Змяніць свядомасць. Мецэнаты праплочваюць час таго, хто дапамагае, ну, і, адпаведна, бабкі ідуць на падтрымку праекта.
- "Бяспечная вада". Гэта праект Міністэрства па надзвычайных сітуацыях без задзейнічання грамадзян у прыняцці рашэнняў. Не грамадскі праект.
- "Усміхніся, мянчук". Нейкая ініцыятыва з паштоўкамі, каб людзі сталі шчаслівей. Нагадала нейкую хіпі-ініцыятыву посткросінгу з думкамі пра манетызацыю. Вааабсчэ не ўлавіў магію праекта. Але падалося шчырым. Падтрымаў.
- "Хатні тэатр віртуальнай рэальнасці". Ну, шчыра кажучы, адчуў у глыбіні душы, што пацаны хочуць выехаць на інвалідах і пасля развіць бізнэс з тэатрам для усіх, хто хоча відэа з пашыранай рэальнасцю. Таму выкрасліў гэты праект.
- "Электронны дапаможнік па працаўладкаванні". Актуальна. Бот аналізуе падобныя спецыяльнасці, стварае профілі скілоў і пасля супастаўляе іх з профілямі шукальнікаў. Даволі крутая ідэя ў падтрымку цэнтраў занятасці. Канешне, пытанне, ці патрэбна нашым самадастатковым цэнтрам занятасці такая дапамога. Праект падтрымаў, таму што сацыяльны і карысны. Можа быць.
- "Маманга". Дэвайс з персаніфікаванымі парадамі для маладых маці і бацькоў. Канечне, шчыра рады, што ўдзельнік гэтак жа жарсна распавядаў пра чарговы праект, як і пра папярэдні “Дывангу”. Але не падтрымліваю, 1. Таму, што дэвайсы платныя, а значыць, чысты бізнэс (нават не сацыяльны). 2. Таму, што першы праект “Дыванга” вельмі хутка здзьмуўся (усяго 4 месяцы на яго патрацілі заснавальнікі). Нагадаў гэты выпадак патэнтных троляў… Ну, гэты - праектны.
- "Дом-казка". Апошні праект, які прайшоў праз мяне, хаця і сацыяльны - інклюзіўны цэнтр, - але вельмі закрыты: толькі для пацыентаў Навінак. І, па-другое, усё прадастаўляе рэлігійная ўстанова (ёсць зямля пад будоўлю, грошы); грамадскія арганізацыі і валанцёры не задзейнічаныя.