У мінулым месяцы ў дзяржаўных медыя была анансавана імпліментацыя адкрытых ліцэнзій (у тым ліку Creative Commons) у беларускае аўтарскае права (капірайт).
Калі больш уважліва паглядзець на версію закона, якую маюць прыняць бягучай восенню, ўзнікае шмат пытанняў.
У гэтым допісе разбярэмся, чаго ж не хапае ў гэтых зменах і наогул самім заканадаўчым працэсе.
Што такое СС?
Калі вельмі лаканічна, Creative Commons - гэта сусветны рух, у аснове якога ляжаць прынцыпы прыватнага (“дамоўнага”) грамадскага набытку. Гэта значыць, што шэсць разнавіднасцяў ліцэнзій, якія прапануюцца СС, даюць магчымасць праваўладальнікам самім вырашаць, па якіх правілах будзе распаўсюджвацца іхні кантэнт. Сённяшня заканадаўства ніяк не давала адназначнага адказу на магчымасць заяўляць свае правілы распаўсюду на кантэнт у сеціве інтэрнэт.
Дэтальна пра магчымасці СС чытайце ў вікі Фаланстэра.
Што змяняецца ў заканадаўстве
Ніжэй прывяду ўласны аналіз, які рабіў у эссэ, на папярэдняй універсітэтскай сесіі, факусуючыся менавіта на новым артыкуле 44.1 "Адкрытая ліцэнзія".
“Адкрытай ліцэнзіяй паводле прапаноўваемых зменаў з’яўляецца дамова далучэння. Грамадзянскі кодэкс у артыкуле 398 дае вызначэнне дамовы далучэння як дамовы, умовы якой вызначаны адным з бакоў у адпаведных фармулярах або іншых формах і могуць быць прыняты іншым бокам не інакш як шляхам далучэння да прапанаванай дамовы ў цэлым.
З іншых навэлаў [капірайта], якія могуць выкарыстаны для пашырэння [грамадскага набытка]: "нявызанчанае кола асобаў" у дачыненні да патэнцыйных карыстальнікаў адкрытай ліцэнзіі, і "бязвыплатнасць" па змоўчанні адкрытай ліцэнзіі. Гэтыя два забеспячэнні добра кладуцца на прынцыпы грамадскага набытка, таксама ў выпадку, калі ў сваёй адкрытай ліцэнзіі ліцэнзіяр будзе адмаўляцца ад ўсіх маёмасных правоў.
Гэта форма дазволу аб’ектаў [інтэлектуальнай уласнасці] адносіцца да [грамадскага набытка] ў шырокім сэнсе і рэалізуе дактрыну дамоўнага грамадскага набытку. У якой прыватнае выключнае права застаецца ў праваўладальніка, які дазваляе яго шырокаму колу асобаў. Але ці беззваротна дзейнічаюць гэтыя ліцэнзіі нічога ў прапановах не адзначана.
Таксама у гэтых прапановах ёсць сур’ёзны недахоп датычна часу дзеяння адкрытых ліцэнзій. Напрыклад, абмежаванне часу дзеяння ліцэнзіі па змоўчанні 5 гадамі (за выключэннем [камп’ютарных] праграм і баз дадзеных - яны дзейнічаюць на ўсёй працягласці дзеяння выключных правоў). Уявім, што падобная дамова будзе дзейнічаць у дачыненні да электронных твораў (напрыклад, кінастужкі). Пасля 5 год праваўладальнік захоча прыпыніць дзейнасць дамовы і вярнуць гэты твор пад поўную ахову капірайта. Як павінен дзейнічаць карыстальнік інтэрнэта, які не ведае пра гэта рашэнне, але спакойна распаўсюджвае твор згодна тэкста першаснай адкрытай ліцэнзіі. Ці іншая сітуацыя, як будуць рэгулявацца вытворныя творы (фота, тэксты), калі праваўладальнік вырашыць прыпыніць дзейнасць ліцэнзіі, а вытворныя творы ўжо запушчаныя ў гаспадарчы зварот?”
Як бачым ёсць праблемы, не вырашыўшы якія, нельга будзе назваць, што наша заканадаўства стане больш сяброўскім да грамадскага набытку, і адкрытасць ліцэнзій застанецца частковай.
Улічваючы, што лоббі закона сыходзіць з Савета Рэспублікі, можна ўявіць, што ён можа прасоўвацца аўтарскімі таварыствамі, якія хочуць працягваць цалкам кантраляваць і відыё і аўдыё кантэнт. Таму прапануецца вось такая няпоўная імплементацыя.
Але ў гэтым працэсе ёсць таксама галасы, якія не былі пачуты. Гэта грамадства.
Што прапануе супольнасць
У працэссе з задавальеннем прынялі б удзел шэраг супольнасцяў грамадскіх актывістаў, якія развіваюць рух за адкрытыя дадзеныя, вікі супольнасць, грамадскія адукацыяныя праекты. Таксама ў прапанаваных зменах ніяк не вырашаецца праблеме сіроцкіх твораў, колькасць якіх расце вельмі хутка ў тым ліку ў Беларусі.
Калі праглядзець розныя меркаванні супольнасці, іх існуе вялікая колькасць. Гэта рознагалоссе натуральна для грамадства, але зараз час мець узгодненую пазіцыю па зменам у заканадаўства ад грамадства.
Чаго не хапае
На сёння існуе толькі мне вядомы адзіны дакумент, які быў складзены яшчэ ў канцы 2014 года, і ў працэссе перапіскі з ворганамі ўлады і адкрытага складання ўдзельнічала шырокае кола актывістаў.
Але на сёння гэтай пазіцыі яўна недастаткова. Па-першае мы ўжо падраслі і экспертна і атрымалі больш ведаў, як варта мяняць закон. Па-другое, знешнія ўмовы змяніліся і патрабуюць больш шырокага ўдзелу.
Сярод асноўных патрабаванняў на мой погляд варта:
- Выразна прапісаць выняткі і абмежаванні для адукацыйных, асветніцкіх некамерцыйных праектаў.
- Зняць адмежаванні на тыпы кантэнта і перыяд дзеяння адкрытых ліцэнзій, а таксама зрабіць іх неадклікаемымі.
- Вызначыць “сіроцкія творы” ў заканадаўстве і правілы пераходу сіроцкіх твораў у грамадскі набытак.
- Выразна прапісаць “свабоду панарамы” для адукацыйных і некамерцыйных праектаў (Найбольш вядомы прыклад, закачка фота ў Вікіпедыю).
- У тым ліку вызначыць механізм добраахватнага пераводу ў грамадскі набытак (так званы Creative Common Zero), асабліва гэта тычыцца датасэтаў.
- У тым ліку зняць абмежаванні для вытворчасці і распаўсюду адаптаваных твораў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі (зрок).
- Вызначыць рэжым грамадскага набытку для кантэнта створанага з кошт падаткаплацельшчыкаў.
Вядома гэта толькі самыя набалелыя тэмы, якія мы падымалі мінулыя гады ў розных супольнасцях. Яны могуць дапоўніцца і змяніцца. Але варта, каб быў такі набор.
Вельмі верагодна, што змены будуць прыймацца гэтай восеньскай сесіяй, таму ў грамаства ёсць час заявіць свае змены.