Зацемка пра супольнасць агульнага лёсу, якая самавызначаецца на маіх вачах.

Каардынацыйная рада – гэта не рыал палітыка. Яна незразумелая большасці нават у эміграцыі і татальна ірацыянальная для “здаровага сэнсу”. Таму яна мае сэнс.

Нейкі час назад я пісаў, што не разумею гэты праект, і тым больш, выбары ў яе. Але, думаю, зараз я магу патлумачыць сабе гэты феномен.

Насамрэч рацыянальнасці гэтай з’явы не прыбавілася ў плане траты: і сродкаў, і часу, і наогул для, як некаторыя кажуць, “вызвалення Беларусі”. Асабліва, калі паглядзець на гэты з’яву вачыма звычайнага чалавека, якому трэба прыстасоўвацца і выжываць ва ўмовах нявызначанасці і эміграцыі.

Каардынацыйная рада – гэта не праект для бежанцаў з Беларусі, ці дыяспары, хто сябе яшчэ атаясамлівае з размытай ідэнтычнасцю - беларусы. Гэта праект, які будуе новую ідэнтычнасць. Яна па-за тэрыторыяй і па-за мовай. Новыя беларусы? А можна нават нешта несамавіта іншае.

Ні мова, ні тэрыторыя не ёсць неабходнай умовай быць беларусам. Бо беларусы на рускай мове лічаць сябе беларусамі, і беларусы, якія зараз не ў Беларусі, таксама лічаць сябе беларусамі і, больш за тое, ствараюць дзіўны дзвіж.

Кожная супольнасць, якая нараджаецца, хоча самавызначыцца, і вось гэта Каардынацыйная рада – гэта жаданне беларусаў не ў Беларусі самавызначыцца = сцвердзіць сваю аўтаномію па-за адзінай тэрыторыяй і мовай. Поўнае самавызначэнне ў супольнасці наступае, калі яно вызначае (1) дзеля чаго жыць, (2) вызначае свае межы – як жыць і (3) пачынае нейкім чынам дзейнічаць.

Так КР – гэта праект з ілюзорнымі мэтамі. “Патэнцыйны інстытут”, які называецца “пратапарламент” мае толькі выбарчую частку. Пытанні: што ён будзе далей рабіць, для каго, хто яго рашэнні будзе выконваць, што трэніраваць там сабе, а наогул, хто яго будзе выбіраць?

Насамрэч няважна, хто яго будзе выбіраць. І колькі людзей на тэрыторыі Беларусі ці дыяспары будуць разумець, што адбываецца. 100 тысяч, як запланавалі стваральнікі КР, ці гэта будуць толькі самі 200+ чалавек са спісаў. Няважна.

Важна іншае. Гэтыя 200+ чалавек пачалі варушыцца дзеля ілюзорнай мэты. Ствараць нейкую каштоўнасць, у якую яны вераць - вучыцца выбіраць. І робяць, што могуць рабіць: практыкаваць яе. Гэта трэніроўка можа камусьці падасца дзіцячай гульнёй і тратай сіл. Так гэта гульня і гэта трата сіл. І вось такія “растраты сіл” і “гульні” – гэта тое, як існуюць шматлікія супольнасці і нават цывілізацыі. Яны задаюць сваю гульню, каб змяніць навакольны свет на больш дасканалы на іх (!) думку. Заўважце, ім няважна іншая думка. Ім важна сваё бачанне будучыні. Бо важна пісаць сваю гісторыі і змяніць свет.

Я не сачу за прапагандай, але дапускаю, што 200+ чалавек, якія з’явіліся ў спісах на ”выбары” у КР і займаюцца нейкім двіжам за мяжой, кепска зразумелы гэтай прапагандзе. Калі пісаць пра іх кепска, значыць рэкламаваць. Калі пашырыць рэпрэсіі на сваякоў удзельнікаў КР, таксама ацаніць каштоўнасць дзвіжа і зрабіць піяр. Калі пра іх не пісаць наогул, значыць, згубіць інфармацыйныя нагоды, якія генеруюць гэтыя 200+ чалавек. Па-свойму, але генеруюць. Інтэнсіўна дарэчы.

Кагосьці ў спісы дадалі. Кагосьці аднялі, Хтосьці лагатып прыдумаў. Хтосьці першы раз прымярае на сябе кашулю “кандыдата”. Хтосьці хацеў улучыцца, але не далі, як ваярам ПКК. Вось гэта “мітусня”, стварае рух. Нават, калі ён зараз большасці незразумелы, ён -- творчы рух. Не разбуральны як рэпрэсіі ці вайна.

Гэты варушняк адкрывае магчымасці для прайду – гонару для яе ўдзельнікаў. Як ЛГБТ+ супольнасць перыядычна робіць прайды, так і ўразлівыя беларусы, якіх выпхнулі з грамадства, таксама хочуць гонару і годнасці. І робяць сабе прайд у выглядзець КР.

Насамрэч я не згодзен і з тым, як будуць адбывацца гэтыя выбары ў плане прапрыетарнай сістэмы для галасавання, якая належыць аднаму чалавеку. І так як выбіралася гэта сістэма для галасавання. Наогул, не было нейкая празрыстай схемы пашырэння ўдзелу, каб зрабіць КР шырокім дзвіжам. Пра функцыянал ужо напісаў. Падсумоўваю: дорага, доўга…

Я магу працягваць недахопы, але прызнаю. У гэтым незразумелым катле і руху, нараджаецца супольнасць. Беларусы, звяртаюся да вас, калі вы па той бок мяжы, дзе забараняюць нават думаць інакш, вучыцеся такой "мітусні". Яна настане і ў Беларусі калісьці. І мы будзем будаваць супольнасць разам, маючы досвед. Калі не будзем, значыць у вас застанецца прыклад, як гэта можна рабіць інакш. Бо інакш жыць, чым у Беларусі зараз, магчыма.