Аналіз мачы або чаму паліклініка - гэта палітычнае

Прыйшлося выправіцца ў гэта месца, каб сабраць спраўкі для правоў на аўто. Так аўто мне патрэбна для пчалярскага хобі. Напішу пра яго пазней. Зараз важна раскрыць, што я вынес з гісторыі, якая здарылася са мной ў паліклініцы мінулым тыднем. 

Празрыста, зразумела, хутка

Я люблю здаваць аналіз мачы. Гэты аналіз хаця і вымагае з раніцы схадзіць не як звычайна, а ў адмыслова падрыхтаваную баначку. Тут усё зразумела. Баначку вы абіраеце па густу, або з таго, што маецца ў хаце. Часам гэта маленькія слоікі з-пад йогурта, а часам паўлітровікі з-пад кетчупа або любімага лечо Крычаўскага кансервага камбінату. 

Не здзіраць налепку ад мінулага прадукта - нават прыносіць трохі эстэтыкі ў гэта немудрагелістае дзеянне. Вы плотна закручваеце крышку. Правяраеце ці не выліваецца. Канешне перагортваючы. Пасля кладзеце ў пакет, каб раптам не вылілася ў сумцы, пасля ў другі, калі раптам першы можа быць дзіравы. Слава, пакецікаў у кожнай шчырабеларускай сям’і ўдоваль. Ставіце пакунак вертыкальна ў заплечнік. У дарогу.

Я люблю здаваць аналіз мачы. Вы прыязджаеце ў паліклініку па месцы жыхарства. І адразу ідзеце здаваць гэты аналіз. Першым. Хутка праходзіце паўз доўгую чаргу ў стол даведак і за талончыкамі, такую ж чаргу за карткамі, чаргу ў рэнтген кабінет, падымаецеся на трэці паверх. Паварочваеце налева. Праходзіце нейкую незразумелую чаргу, пасля чаргу на аналіз крыві і нарэшце. 

Так, вы, нарэшце, насупраць доўгачаканага століка. Тут звычайна не шмат людзей. Людзей адпужвае пах. Гідлівасць. Наведвальінкі гэтага месца хутка адчыняюць баначку, кладуць ліст з накіраваннем, ставяць сасуд і яшчэ хутчэй сыходзяць. 

Так, тут прасторна, і навад лепей дыхаецца, чым у бясконцых чэргах, якімі поўніцца паліклініка. Вы яшчэ раз аглядваецеся, правяраеце: слоік з мачой на месцы. Справа зроблена. Рушыце прэч. 

Празрыста, зразумела, хутка.

Выпіска

Спрабую як мага радзей наведваць паліклінкі. Але тут прыйшлося. Нават платнай не абыйдзешся. Яшчэ ў глыбіні душы таілася надзея, што, раптам, за дзясяткі год атрыманне выпіскі на правы кіроўцы стала звычайнай і хуткай справай, пастаўлена на працэс. Але не так.

Мне трэба было здаваць, як вышэй узгадваў аналіз мачы, а таксама крыві, ЭКГ і флюраграфію. І самае галоўнае - зрабіць выпіску, якую могуць рабіць толькі ў даўрачэбцы і толькі ў дзяржаўнай клініцы па месцы жыхарства.

Вакол выпіскі і круціцца далейшая гісторыя. 

Калькуляцыя

Толькі для атрымання накіраванняў - 4х паперак, на аналізы першы дзень я прастаяў у чарзе 2 гадзіны. Таму на другі дзень ужо ішоў з думкай: як аптымізаваць гэты працэс.

Зараз па паліцах. Чарга на аналіз мачы - 0 чалавек. Чарга на аналіз крыві і глюкозы - 64 чалавекі. Чарга на флюраграфію - каля 50 чалавек. Чарга на ЭКГ - 42 чалавекі. Чарга ў даўрачэбку - 43 чалавекі. Чарга за карткай - 25 чалавек. Калі канешне распаралеліць працэсы - можна хутчэй, але расцягваць задніцу не заўсёды працуе і насамрэч стэс не змяншае. 

Атрымліваецца, мінімум больш за 150 чалавек вам трэба перачакаць, каб прайсці ўсе аналізы. Калі гэта рабіць паслядоўна, і доктар будзе, як на канвееры, штампаваць (што яны імкнуцца рабіць) спраўкі, выпісваць рэцэпты, выслухоўваць пацыентаў максімум па 2 хвіліны. Тады на чэргі сыйдзе каля 5 гадзін. Калі па 5 хвілін, сыйдзе каля 12 гадзін. Укінем сюды час на дарогу - 2 гадзіны. Бо за адзін раз не атрымаецца такое прайсці. 7-14 гадзін - чаканне і дарога. Эфектыўны час на здачу ўсіх аналізаў каля 20-25 хвілін. Вось так пабудавана сістэма. 

Квэст за Кнігай перамен

Я канешне чалавек няўрымслівы і пачынаю думаць, што рабіць, каб дарма час не губляць. Вырашаю запісаць думкі ў Кнігу водгукаў і прапаноў, як можна аптымізаваць чэргі ў гэтай паліклініцы.

“Кнігі” ў начальства няма. Адпраўляюць у стол даведак. Там чарга 20 чалавек. Адчыняю дзверы кабінета даведак. Кажуць, што нехта ўзяў і піша. Я падыходжу праз 20 хвілін і пытаю, які стан. Кажуць, што выклікалі начальства, яно зараз падыйдзе і разбярэцца.

Праз 15 хвілін прыходзіць начальства і пытае: ці хачу напісаць нейкі пазітыўны водгук, або крытыку. Гэта канешне была самаіронія з боку супрацоўніцы паліклінікі, бо за яе спіной стаяла дзве чаргі, і ў кожнай па 50 чалавек. Людзі сварыліся. Паветра сціснута, наэлектрызавана.

Кажу ёй, што маю думкі, як уладкаваць хаос і ўлагодзіць жудасную атмасферу, якая пануе тут. Самаіронія супрацоўніцы адміністрацыі хутка ўлятучваецца. Яна кажа, што няма сэнсу гэта рабіць - пісаць мае думкі. Я настойваю. 

Пасля непрацяглай, але напружанай сесіі пытанне-адказ яна пытае, што ў мяне прывяло сюды. Я кажу, што стаю па здачу аналізаў на правы, і ў мяне ёсць грошы здаць аналізы ў платнай, але выпіску робяць толькі ў дзяржклініцы. Яна ўпэўнена адказвае: “Арганізуем” і прапануе прайсці за ёй.

Пры прадзіраемся скрозь натоўпы людзей, непрыемныя пахі і "чаканні". Праз хвіліну мы побач з кабінетам адміністрацыі. Мне робяць выпіску. Так, там робяць зацемкі пра нейкія на іх погляд важныя моманты ў маім здароўі і канешне вынік аналіза мачы.

Яшчэ 10 хвілін я стаўлю ўсе подпісы пячаткі. Гэта таксама неаднахадоўка. Яны ганяюць то ў адзін, то ў другі кабінет. Але ўрэшце праз 2 гадзіны, столькі я правёў з пачатку другога дня, я выходжу з патрэбным докам. 

Радасць? Не. Дзве гадзіны заняло, пры маёй актыўнай пазіцыі і камунікацыі з людзьмі навокал.

Плыня думак мроіцца ў галаве. Супярэчлівых. Але дзве з іх вельмі моцныя, каб не падзяліцца.

Свае правы або агульная справа

Насамрэч, людзі не ведаюць свае правы. Магчыма тыя, хто ведае, баяцца публічна  выказваць сваю пазіцыю. Людзі забываюць права карыстацца Кнігай водгукаў і прапаноў. Гэта насамрэч інструмент, які працуе. Мае прыклады паказваюць, што калі аргументуеш па справе, яны бачаць і не могуць не пагадзіцца. Робяць сваю справу, як трэба.

У мяне ўжо другі выпадак, калі кніга водгукаў уздзейнічае на змену арганізацыі працы ў грамадскіх установах. Першы быў на пошце, калі трэба было аптымізаваць працу з кліентамі. 

Я карыстаўся “катэгарычным імператывам”: рабі што маеш рабіць па-максімуму і сёння. Але змена паводзінаў і правілаў інстутуцый патрабуе працу супольнасці - агульную справу.

Паліклініка - гэта палітычнае

Я пакідаў гэту ўстанову з думкай: палітычнае не знікла. Яно дэградавала, але яно існуе. Палітычнае - не на кухнях. Яно - ў паліклініках, ва ўсіх месцах: дзе мы чакаем у чэргах, дзе мы церпім. Падумайце хвіліну, і вы хутка вызначыце гэтыя месцы. На мой погляд там кропка для дыскусіі і пачатку пераменаў.

У паліклініках зараз сканцэнтраваны натоўпы беларусаў. Наэлектрызованых. Злых. Гнеўных. Церпячых. Гэта месца на сёння самае палітычнае. Тут ідуць гаворкі пра усё. Тут выліваецца нянавісць на дактароў, чуваць развагі пра палітычную сістэму, аналіз паводзінаў суседзяў па чарзе, наогул ідуць дыялогі розныя - ў асноўным пра балячкі. Часам маўчанне такой чаргі кажа яшчэ больш.

Калі ўлічыць - што пажылых людзей усё больш і больш у нашай краіне - ідэі і канцэпцыі там выказаныя - узрастаючы трэнд, магчыма ўжо дамінуючы.

Плошча, майдан, агора, форум - у шматлікіх паліклініках. Менавіта тут варта збірацца, абмяркоўваць палітычна і дзейнічаць калектыўна.

Другая думка. Людзі не карыстаюцца сваім правам і нават тым, што ім даюць сённяшнія законы. Яны, хаця незадаволена, але сціснуўшы зубы, смірна чакаюць. Чакаюць гадзінамі, гледзячы ў свае мабільнікі, або ў сцяну насупраць. Магчыма думаючы пра нешта сваё, а магчыма поста гледзячы, стаміўшыся ад пастаянных дум і чаканняў, церпяць.

"Яшчэ трошкі, вось-вось, і мая чагра. Ператрываю. Пачакаю", - думае беларус. Сотні і тысячы такіх.

Здача аналіза мачы, гэта пакуль найлепшае, што атрымалася ў нашы паліклініках. Празрыста, зразумела, хутка.