Дзень 1. Аўторак. Упіска
Кабінет 130 аб’яднаў усіх, каго гаспіталізавалі ў гэты дзень. Чарга ішла марудна, я паспяваў назіраць за чакаючымі і чытаць кнігу “Team Geek”.
...
-- Вам могуць усё што хочаш зрабіць, а вы не пытаецеся пра гэта, - кажа ўрач, якая бярэ кантрольны аналіз крыві на рэзус-фактар і групу перад аперацыяй. Я выходжу ў калідор, дзе сварачыся на кава-апарат, стаіць маладая жанчына, з разачараваннем шукаючы, хто б ёй мог дапамагчы.
...
Далей. Корпус лор аддзялення. Так поўную назву наўрад ці зможаце вымавіць - “атарыналарынгалагічнае...”
Здаем верхнюю адзежу. Забіраю для абутку ледзь не апошні пакецік з запасаў гардыробшчыц. Урэшце падымаемся на ліфце. Там чакаем упіскі ў палаты.
Міма праходзяць медсёстры (санітаркі) з выпраўленай паставай і ўніформай. Эратычна.
У маім разуменні ўніформа амаль заўсёды падкрэслівае эратычнасць, бо хавае розных людзей за аднолькавым выглядам. Строгасць формы медсёстраў разбаўляецца рознымі колерамі.
…
Адзін з прыбыўшых пацыентаў атрымлівае прапіску ў палаце “ветэранаў войнаў”, што здаецца і для любых жадачых за 12 рублёў за суткі. Гэта дэфіцыт. Усяго два месцы на 15 палат па 4 ложкі кожная.
Дарэчы, шкадаваць не прыходзіцца, бо наступныя дні даюць шмат ведаў і цікавыя знаёмствы, які не так проста атрымаць у “элітным” месцы на 2 пастаяльцы.
…
Дзень 2. Серада. Аперацыя
Асістэнткі ўрача ўкладваюць мяне на аперацыйны стол і падбадзёрваюць рознымі пытаннямі. Чым займаюся? Як спалася? Трохі выпадаюць, чуючы маю беларускую мову. Я паспяваю падпісацца на паперы, дзе на ўсё згодзен. Затым пачынаецца імклівы набор маніпуляцый, якія ўжо слаба адсочваецца розумам.
-- Як вы адносіцеся да наркотыкаў, -- пытае анастазіёлаг, падносячы маску з наркозам да твару. - Зараз трохі пашчыпле.
Праз некалькі ўдыхаў адрубаюся…
Прачынаюся праз 30 хвілін пасля сканчэння аперацыі з павязкай на носе. Раблю сэлфі. Адпраўляю па сваяках і сябрах. Жывы.
Праз гадзіну прыходзіць знаёмая. Так, што, трымаючыся ў ложку, абедаю і размаўляю.
У палату падсяляюцца новыя людзі. Кірыл. 26 год. Зваршчык з вышэйшай адукацыяй. У суседняй палаце з’яўляецца хлопец баксёр, які трапляе ў гэты шпіталь па насавой перагародцы ўжо другі раз.
Дзень 3. Чацвер. Кошты па-старому
Вакно ў мужчынскай прыбіральні не зачыняецца. Яна адна на аддзяленне. Халоднае паветра тут надае асаблівую свежую, суворую атмасферу, з якой хочацца вельмі хутка выйсці, вырвацца. На дзвярах вісіць шыльда “Свабодна”, якую трэба мяняць перад уваходам на другі бок - “Занята”. Некаторыя забываюць. Тут адбываюцца камунікацыі супольнасці пацыентаў.
Ведаеце, што самае складанае ў шпіталі? Не, не аперацыя? Самае складанае перажыць храп аднапакаёўцаў. У лор-аддзяленні, ён прысутнічае ў кожным пакоі і ноччу і днём. Калі вы праходзіце па калідору, гэтыя гукі ідуць адусюль. Схавацца можна толькі ў сваім сне, калі канешне вам пашэнціць заснуць.
Баксёр. Сёння яму зрабілі аперацыю. Кірылу-зваршчыку таксама. Кірылу прыйшлося дапамагаць піць саломінкай. Овашч. А вось баксёр праз гадзіну пасля аперацыі заскоквае да нас у палату і бадзёра пытае ледзь рухаючагася Кірыла: як той.
Сярод ажыўшых пацыентаў пачынаюцца размовы пра жыццё. Так, мужыкі звычайна любяць лічбы. Вялікія. Таму нягледзячы на больш, чым год мінуўшую дынамінацыю вымяраюць свае зарплаты і кошты па-старому - у мільёнах. Так адэкватней лічаць.
Дзень 4. Пятніца. Сталоўка
Насамрэч дні праходзяць хутка. Ранішныя ўколы, абмеркі. Сняданак. Спробы праспацца. Наведвальнікі. Перавязачная. Абед. Спроба паспаць. Наведнікі зноў. Вячэра. Вячэрнія ўколы. Тэмпература. Ноч. І чарговая спроба выспацца. Так час праляцеў да пятніцы.
-- Добрай раніцы, - захаджу ў працэдурную да медсястры прымаць уколы. Яна вытрымлімае невялікую паўзу. Часта ў маім досведзе, гэта паўза значыць, што суразмоўнік, па-першае, спрабуе ўзгадаць, што за мова перад ім пракруцілася. Па-другое, перакласці на больш знаёмую. Па-трэцяе, сфармуляваць адказ і выдаць яго свайму контр-агенту.
-- Ведаеце дзесьці я чула… што “утро добрым не бывает”, - адказвае медсястра, запраўляючы капсулу з лекамі ў шпрыц, страхвае яго і праз імгненне ўводзіць лекі ў вену.
Халодная вадкасць разбягаецца па руцэ і нават дасягае іншых частак цела. Шпрыц хутка дастаецца з вены, на месца якой трапляе наспіртаваная вата. Гэту працэдуру мабыць тысячы і тысячы разоў рабіла гэта медсястра, але вось нешта раніца нядобрая для яе. Неяк гэта фраза перадала дух месца. Так, тут бывае лепш, але не добра.
...
-- Ку-у-у-шаць, ідзем, ку-у-у-шаць, - гучна прагалошвае адказная з снеданне супрацоўніца аддзялення, заглядваючы ў кожную палату. Гэты рытуал абываецца тройчы на дзень. Хіба ён тут самы энергічны. З ложкаў падымаюцца ўсе, хто можа, і накіроўваюцца ў сталоўку.
Сталоўка выглядае вельмі сціпла. 5-6 сталоў побач з кожным па 4-5 стулы. За сталамі сядзяць самыя галодныя, з панурымі тварамі, замкнёнымі ў сабе позіркамі і сагнутымі спінамі пацыенты. Вядома, такое відовішча не радуе, і ніяк не садзейнічае апетыту.
Сёння я тут, бо мая цікаўнасць і прага адчуць атмасферу прымушаюць пачаць наведваць гэта месца. Бяру кампот, кашу і вяртаюся ў палату. Хаця даволі шмат ежы прыносяць сваякі і сябры, я вырашаю пачаць хадзіць у сталоўку.
Сталоўка - гэта не месца абмена думкамі. Тут хутчэй абменьваюцца энергіяй.
Вечар
-- Як можна закруціць гэтыя нажніцы? - паказвае мне медсястра, калі праходжу ў калідоры аддзялення побач з рэгістрацыйным столікам, дзе сабраліся дзяўчыны-пацыенткі. Яны пачынаюць адмяраць марлю і рабіць шматкі з ваты. Я бяру іншыя нажніцы, скручваю вялікім балтом две часткіх паламаных нажніц і аддаю рукадзельніцам. Яны робяць павязкі на насы. У народзе гэтыя павязкі называюцца “носікамі”, “пятачкамі”. Калі давядзецца трапіць ў лор-аддзяленне, вы ўсё зразумееце. Зараз проста ўявіце.
…
Дзень 5. Субота. Бінты і атракцыён
Яна пачынае цягнуць бінты. Я не магу стрымаць свае стогны і вадаспад слёзаў, што вырываецца з вачэй. Бінты цягне дзяжурная ўрач. Цягне з ноздраў. Тым часам унутры пераварочваецца сусвет. Вы разумееце, што гэта не ваша, гэта інародная рэч павінна пакінуць ваша цела. Але боль, які працінае галаву зубы, прымушае адчуць нейкую бязважнасць космасу. Магчыма так засасвае ў чорную дзірку планеты і цывілізацыі.
Яшчэ 10-9-8…. секунд і справа зроблена.
-- Вас правесці да палаты? - пытае ўрач. Я вядома адмаўляюся, магчыма гэта мела б сэнс калі прапанавала медсястра з загадкавымі вачыма і павязкай на твары. Так, у буднія дні яны напаўняюць перавязачную сваімі рухамі і мітуснёй. У выходныя працуюць у асноўным бывалыя вопытныя дзяжурныя медсёстры і ўрачы.
Я трохі ўсхваляваны. Выходжу з кабінета і праз некалькі імгненняў трапляю ў палату. Спачатку кідае ў жар, а потым у холад. Бездапаможнасць праходзіць праз гадзіну. Мой стан супакойваецца. Зубы перастаюць балець. Тэмпература стабілізуецца.
Не мераў, але дактары кажуць, што памер у бінтоў у кожнай наздры можа быць да 1-1.5 метры.
Вечар
-- Што гэта за антыбіётык такі? - пытаю ў той жа медсястры, толькі ўжо на вячэрнім сеансе.
-- Спытайце ў лечачага ўрача, - адразае ўсе астатнія пытанні і зноў уводзіць укол у вену. Праз палову хвіліны я выходжу з працэдурнай з поўным разуменнем неабходнасці аддацца гэтаму канвееру. Так, выбар ужо быў зроблены. Вы ў сіптапластыцы - у народзе проста - выраўніванні насавой перагародкі.
Палата. Апошняя аперацыя была ў чацвер. Сужыцелі па палаце ўсё больш актыўней вядуць размовы. Адзін з удзельнікаў распавядае пра тое, як трапіў у фанацкую двіжуху ў свае 14 год. 24 сакавіка. Тады малы еў бяляш і назіраў, як бывалыя футбольныя актывісты збіваюць морды з “фірмы” футбольных фанатаў-ворагаў. Не збег. Падумаў. Дзеці за бацькоў. Так і прывязаўся да двіжухі.
Дзень 6. Нядзеля. Бруснічка або Dying to get well
Гэтым халодным лістападаўскім ранкам дзядуля наведаў свайго ўнука - Артём, 22 гады. Ужо збіраючыся сыходзіць, пераключыўся на іншых сужыцеляў палаты, а ў асноўным - гэта моладзь. І вырашыў падзяліцца сваім жыццёвым досведам.
-- Калі чаго жадаеце іншаму, не жадайце здароўя і багацця, бо і тое, і тое было на Тытаніку, але ён пайшоў на дно. Жадайце ўдачы, - калі яна будзе, здароўе будзе таксама, - цытуючы на свой лад Чэрчыля казаў Міхаіл Федаравіч, 80 год, акадэмік, ранні праграміст. Ведае, што такое перфа-карты. Трымаў іх не толькі ў руках, але і праграміраваў на іх.
Перад заканчэнне "лекцыі" ён паглядзеў на мяне і сказаў: “Ты больш паходзіш на аптыміста”. Павярнуўся да Паўла: “А ў табе больш песімістычнага. Вось як я разбіраюся ў людзях ужо”. Так гэта было сказана з вышыні ўзросту паму пафасна не выглядала, а хутчэй прымусіла нас задумацца.
-- І яшчэ, - дадаў ён на развітанне, - асцярагацеся ныцікаў, людзей, якія ўвесь час жаляцца на ўсё, збалаваныя і занежаныя, бяжыце ад іх, - скончыў Міхаіл Федаравіч і падзяліўся назвай сваёй любімай кнігі “Dying to get well”.
Кірыл-сваршчык. 26 год. Атрымаў вышэйшую адкукацыю ў БНТУ. Але з-за нешанцавання з працай пакуль займаецца зваркай прычэпаў на лагістычным прадпрыемтве. З энергіяй, але і болем распавядаў пра свае будні. Дзе калегі, як станавіліся начальнікамі, псаваліся.
Вечар
-- Ведаеце чаму з’явілася Бруснічка? - распачаў Арцём чарговы цыкл размоваў. - Таму што ў Еўраопта назбіраліся вялікія пазыкі, ён вырашыў саскачыць з праблемы.
Я з цікавасцю слухаў развагі супалатнікаў. Дзе яшчэ, як не тут раскрывалася беларуская душа. Бруснічка, як бы сабрала ў адну ахапку ўсе болі, якія прыносілі з сабой наведвальнікі. Болі персанальныя і болі калектыўныя.
Падсумую. Просты люд зараз у роспачы і няведанні. Галава запоўнена кашай з тэлебачання і плётак. Людзі не вераць адзін аднаму. Магчыма яны заўсёды ў роспачы. Але нявызначанасць, няведанне, як уладкоўваць сваё жыццё іх штурхае на пошук вінаватых і пошук ратавальшчакаў звонку. Набліжаецца час пераменаў.
Дзень 7. Панядзелак. Выпіска
Насамрэч Дэвід, армянін, 26 год, прыбыў яшчэ ўчора вечарам. Іпэшнік, прамоўтэр нейкага элюзіянаста (у народзе, фокусніка) і рыхтаваўся да двайной аперацыі. Горла і нос. Маральна рыхтаваўся.
...
-- Калі ласка, як прыедзеце дамоў смаркайцеся і закапвайце нос алеем. Я вам усё напішу, - кажа па-беларуску лечачы урач. Засоўваючы невялікі кавалачкі бінтоў з лекамі ў ноздры. - Праз 15 хвілін іх выньце.
Мае думкі ўжо перапоўнены тым, як хутка я буду пакідаць гэта месца.
Зіма прыбліжаецца, яна ўжо на парозе. Толькі нетараплівая. Восень 2017 года паспела мне падарыць неацэнны досвед болю і людзей.
Зачыняю дзверы шпіталя.