Табула раса ці год без дому і радзімы. Той год калі я пачаў сур’ёзна мысліць Вялікі Палескі Калайдэр.

З Пятром з Польшы мы знаёмы з 2015 года. Ён прыйшоў у Фаланстэр, супольнасць сацыяльных гікаў, літаральна спусціўся ў наш падвальчык. Мы пасябравалі. Але я не мог ўявіць, што праз 8 год, выгнаны з радзімы, буду жыць у доме яго сябра-поляка амаль 9 месяцаў. Па парадку.

Сёння, 17 лістапада 2023. Пайшоў снег. Адзін год, як пакінуў Беларусь. Трымаюся. Без радзімы і дому.

У чым вымяраецца жыццё акрамя часу? Вядома - ва ўчынках. Якія я раблю не толькі для сябе, але і для наваколля - супольнасці, грамадства, у якім жыву.

Радзіму не выбіраюць. Але часта і радзіма не выбірае цябе. Выштурхоўвае. Кшталту “ты не падыходзіш, бо мысліш і марыш іначай”. А магчыма і наогул таму, што я мару і мыслю. Бывае час, калі радзіме непатрэбны дзейсныя мысляры.

Зараз не буду апісваць усё жыццё, але гэты год - трэба. Ён важны.

Спачатку я лічыў, што гэта выгнанне з радзімы - магчымасць даследваць тое, як жыве свет. Выдатна. Чаму ж не? Я яшчэ не стары чалавек і новы досвед спатрэбіцца. Толькі каму? Мне. Дакладна. Іншым? Гэта пытанне.

Не буду казаць вяртацца, бо ў адну і тую ж радзіму наўрад ці атрымаецца вярнуцца. А можа мяне прыме іншая радзіма. Гэта таксама пытанне адкрытае. Зараз я адназначна разумею, што любому чалавеку яна, радзіма, патрэбна. Як і дом. Таго, чаго пакуль у мяне няма.

Год у Польшы пачаўся з выпрабавання. Я хварэў. Атрымалася каля 3-х месяцаў. Мяркую, накоплены стрэс у турме, ды стрэс ад пераезду - мяне завалілі. Ляжаў, хадзіў кашляў і думаў, што жыццё, калі не спыніцца, дык будзе вельмі бязрадасным.

Кепскі фізічны стан быў у супрацьлегласць інтэлектуальнаму пад’ёму. Чытаў кнігі. Пачаў пісаць больш актыўна. Зімой атрымаліся цікавыя зацемкі пра сваё двухгадовае (2021-2022) жыццё ў палескай вёсцы. Канешне не ўсё. Але першая частка гатова. Хачу іх дапісаць пакуль у памяці ёсць. Там шмат засталося мяне у садзе, драўлянай хаце дзеда і людзях, якія былі навокал.

Наогул я добра ўзяўся за свой блог: напісаў за зіму больш, чым за апошнія тры гады. Час не лінейны.

У канцы зімы ачуняў і вярнуўся да пісання кнігі па стварэнню супольнасцяў. Пачаў бегаць.

Таксама ў лютым я правёў свой аўтарскі курс па пчалярству. Меў 3 студэнты. Па выніку напісаў 150+ старонак лекцый для пачынаючых пчаляроў, на аснове 4х гадовага досведу. І нават думаў кнігу з іх зрабіць, але пакуль на паўзе. Не хапіла рэсурса.
 
У сярэдзіне вясны стварыў сайт і падрыхтаваў курс па сацыятэхніцы на восень. Гэты курс сугучны з тэмай кнігі пра супольнасці, якую пішу.

Каб трымацца на плаву выкладаў англійскую мову. Працягваю выкладаць Да мяне прыходзяць студэнты. Вясной была інтэнсіўная праца. Наогул, у Беларусі нагрузка можа быць менш, каб жыць. Тут прыйшлося павялічыць колькасць заняткаў. Не скажу, што я баюся працы, аднак адна праца перакрывае іншую. Час ляціць. І тут пытанне “што ёсць жыццё?” зноў становіцца важным.

Так, мне падабаецца даследваць англійскую мову. Яна сее больш глыбокае разуменне прыроды чалавека-свету і шырату, якая не дае патануць у акіяне чалавечых сусветаў і падзей. Я дапамагаю сваім студэнтам даследваць свет праз мову, яны мне. Падарожнічаць разам - весялей.

Вясной і летам я трохі практыкаваў пчалярства ў знаёмай з суседняга гарадка. Было цікава. Вельмі хачу ў наступным годзе нешта падобнае працягнуць. Мару сваю пасеку. Але ж без “дзялкі” - мець сваю пасеку вельмі малаверагодна. Разважаю пра шукаць стажыроўку ці курсы ў пчалярскім асяродку, каб трымаць узровень.

Яшчэ з добрага. Напачатку лета, 12 чэрвеня 2023, з сябрамі мы вывелі ў людзі анлайн слоўнік сучаснай беларускай гаворкі і слэнга Нішо. Нішо - гэта паляшуцкае “нешта”. Цікава, што гэта задума з’явілася яшчэ, калі я быў у Беларусі, на тым самым Заходнім Палессі. А запусцілі слоўнік толькі тады, калі ўсе пачынальнікі, раскіданыя па розных краінах, змаглі утрымаць творчыя сувязі. Адкрыццё было натхняючым. Зараз у слоўніку больш за 700 словаў, даданых рознымі людзьмі. Нішо - гэта пра развіццё слабыў сувязяў. З радзімай.
 
Летам я таксама кансультаваў невялікія суполкі, якія ці нараджаліся, ці знікалі, але хацелі пра сябе ведаць больш. Кансультацыі мяне разагрэлі. Яшчэ больш актывізаваў пісанне кнігі.
 
Хадзіў часта па лесу з сабакам. Назіраў прыроду, еў ягады і заставаўся сам насам. Адзінота -  моцнае глыбокае перажыванне. Калі трэба знайсці нейкую ўнутраную сілу ці адказ на складаныя пытанні.

Часам, прырода наогул “здзмувала” ўсе думкі, і харошыя, і кепскія - заставалася tabula rasa.

Прыемна бегчы па летняму лесу.

Лета праляцела хутка. І ў канцы жніўня мы пераехалі на новае месца: з гміннага мястэчка ў вёску-вёску, дакладней хутар, яшчэ больш пагружаны ў лес. З намі пёс Сакрат і кот Шродынгер. Зараз ад ветра над нашым малым трохкутным домікам гайдаюцца сосны і цемра з цішынёй. Падае снег.

У верасні пачаў курс па сацыятэхніцы (як будаваць супольнасці), да якога рыхтаваўся з вясны, а магчыма ўсё папярэдняе жыццё. Да курса далучыліся 4 беларускія студэнты. Таксама вельмі натхніла. І натхняе. Працягваю працаваць з імі.  

Увесь гэты год вакол нас у асноўным польскі асяродак. Камунікацый не шмат, часта бытавыя.

Калі жыў у Беларусі, я адчуваў нейкую цэласнасць майго ўласнага наратыва для самога сябе перш за ўсё. Тут я – чысты лісток. Вядома полякі знаёмыя цябе выслухаюць. І хутка забудуць з большага. Сябры канешне інакш, але я пра агульны такі стан тут. Урэшце і ў Беларусі мой лёс цікавіў толькі самых блізкіх людзей, і людзей, якія вераць у нейкі твой талент ці адзінадумцы. Тут жа ўсё – “табула раса”.

Таксама з восені ўрэшце пачаў вучыць польскую мову. І пайтан - мову праграмавання. Магчыма польская мова - гэта сродак камунікацыі і магчымасць чытаць кнігі і грамаства. Пайтан - таксама сродак камунікацыі і развівае мысленне ў свеце лічбавым. Даўняя мара - пачаць і такую камунікацыю ў інтэрнеце рэчаў.

Падыходзіць канец восені. Па напісанню кнігі перакрочыў праз экватар. 200 старнак гатова. Аднак наперадзе яшчэ доўгая гісторыя.  

Працягваю свае рэгулярныя падарожжы па лесу. Людзей мінімум. Хіба нейкі грыбнікі і мясцовыя жыхары сустракаюцца. Грыбабранне працягвалася ўвесь кастрычнік і палову лістапада. Полякі любяць лясны гэмблінг.
 
Гэты год насамрэч падштурхнуў даследваць. Перш за ўсё свой унутраны свет.

У гэтым гадавым “даследванні” мне сустрэліся цікавыя і добрыя людзі сярод палякаў і беларусаў. З’явілася некалькі добрых знаёмых. Я рады, гэтаму павароту.

Працягваю адпраўляць паштоўкі на радзіму. Працягваю чапляцца за Беларусь, за кожнага знаёмага, за кожную неразарваную пакуль сувязь. Але я не ведаю наколькі хопіць мне сіл вось так барахтацца, чапляцца, з надзеяй, што пасля нешта ці нешта застанецца моцным. Бо час цячэ, і жыццё плыве ў гэтым часе.

Пачатак верасня, 2022. Сядзім ля вогнішча ў нашым садзе ля дома ў вёсцы Застружжа і размаўляем з сям’ёй майго сябра-поляка Яраслава. Размаўляем і пра тое, што адбываецца ў нашай краіне, і пра вайну Расііі супраць Украіны.

-Чаму вы яшчэ тут? - пытае мяне Яраслаў.

Мы пазнаёміліся з Яраславам яшчэ у 2013 годзе, на Копікэмпе ў Варшаве. Ён арганізатар. Гэта мерапрыемтва збірала прыхільнікаў рэформы аўтарскага права з усяго света, дзе кожны мог заявіць сваю тэму, выказацца, знайсці знаёмых.   

Летам і восенню 2022 Яраслаў Ліпшыц прыязджаў адпачыць “па бязвізу” і падтрымаць нас. Пасля ён нават загарэўся знайсці суполку габрэяў у Пінску і набыць сабе домік у бязлюднай вёсцы Палесся, дзе можа жыць нейкі час.

- Таму што я веру, што пакуль я тут, я магу прыносіць больш карысці Беларусі. Я адчуваю сябе беларусам. Таму буду трымацца тут да апошняга, Тут маё месца сілы, - адпавёў яму.

Праз тры месяцы пасля вызвалення з турмы я з адным заплечнікам выязджаю ў Варшаву, неведаючы, калі павярнуся. Але я павярнуся толькі, каб пабудаваць нешта новае.