Суб'ект і аб'ект: або што было першым арганізацыя ці супольнасць

Зараз пішу кнігу пра супольнасці. Гутару з рознымі людзьмі, якія зараз развіваюць ці ў свой час развівалі розныя суполкі, клубы, ці любыя іншыя формы нефармальных калектываў. Высветлілася з размоваў: шмат якія суполкі напачатку нават не мыслілі ствараць сабе зарэгістраваныя арганізацыі, і што галоўнае дзейнічалі даволі прадуктыўна на працягу шэрагу гадоў.

Напрыклад, супольнасць Палітычная сфера зарэгістравалася больш чым праз 6 год пасля пачатку дзейнасці. Супольнасць нефармальнага кіно СРМ, зрабіла рэгістрацыю сабе толькі праз 8 год пасля пачатку дзейнасці. Калектыў Адукацыі інфа наогул фармалізацыю не рабілі, як і Лятучы Універсітэт, а таксама супольнасць за Свабоднае праграмнае забеспячэнне ці актывісты беларускамоўнай Вікіпедыі. Ці хакерспэйс прымяніў нейкую гібрыдную схему і далучыўся да ўжо зарэгістраванай арганізацыі праз каля 6 год пасля пачатку сваёй дзейнасці. З майго спіса разглядаемых арганізацый хіба выключэнне - Мінскае роварнае таварыства (2012).  Але і апошні выпадак кажа, што перад гэтай рэгістрацыяй існавалі Паехалі і Велабай, якія таксама не імкнуліся і не імкнуцца артымліваць легальны статус.

І мой уласны досвед таксама добра кладзецца ў гэту тэндэнцыю. Напрыклад, мы зарэгістравалі Фаланстэр як грамадскае аб’яднанне толькі ў канцы 2010 года. А да гэтага часу з 2005 года, а то і раней (6 год), атрымлівалася рабіць важныя, адказныя і маштабныя рэчы сіламі арганічнага калектыва.

Пра што кажа такая тэндэнцыя? Супольнасць, не маючы рэгістрацыі, можа рабіць не менш значнае, а часам і болей значнае, чым арганізацыі з афіцыйным статусам.

Мой чытач, можа запярэчыць: ствараць зарэгістраваныя арганізацыі ў Беларусі было дужа складана. Таму такая нерэгістраваная форма - гэта вымушанае выйсці. І так і не. Так у 2000х - складана, ці пасля 2020х - стала яшчэ больш складаным. Але ў 2010х гэта было магчыма, канешне не ўсяго спектра (палітычныя партыі ці нейкія праваабарончыя супольнасці так і не далі зарэгістраваць), але большасці гэта было магчыма у нейкіх формах.

У гэтым артыкуле я прааналізую, чаму так адбываецца. І чаму для таго, каб пачаць дзейнічаць не трэба перагружаць сябе “афіцыйнай” (легальнай, зарэгістраванай) арганізацыяй.  

Мы часта выкарыстоўваем словы і “супольнасць”, і “арганізацыя”. І справа не толькі ў тым, што ёсць арганізацыя, ці што ёсць супольнасць, а ў тым што ж першасна арганізацыя ці супольнасць? Як гэты з’явы судакранаюцца ў грамадскай дзейнасці? І як дзейнічаць, калі жадаеш выпраўляць гэты недасканалы свет.  

Што ляжыць ў аснове "супольнасці" і "арганізацыі"

Для таго, каб наша размова была ясней задам рамкі: вызначэнні “супольнасць”  і “арганізацыя”. Пачнем з "супольнасці".

Супольнасць - гэта сукупнасць людзей, якія пражываюць на адной тэрыторыі з падобным побытам альбо перажываюць агульны лёс, дзейнічаюць і імкнуцца да агульнай мэты ці рэалізацыі агульнай візіі.

Атрымалася такое навуковае вызначэнне. У ім важна засяродзіць сваю ўвагу на: (1) сукупнасці людзей + (2) агульнасці лёсу ці побыта + (3) дзейнасных адносінаў згодна сваёй візіяй ідэальнага света. Паняцце “Ідэальны свет” можа змяняцца ў залежнасці ад супольнасці і яе накіраванасці: вонкі ці ўнутр.

У гэтым допісе “супольнасць” будзе сінанімічна “суполка”, “нефармальны калектыў”, “група”, “ініцыятыва”. Бо я разглядаю самы базавы (мікра) ўзровень грамадства.

Зараз вызначым, што ёсць "арганізацыя":

Арганізацыя - гэта фармальнае ўтварэнне, якое рэгіструецца ў дзяржаўных інстытуцыях, рэгулюецца пэўным заканадаўствам і адпавядае пэўным крытэрам і сама абязуецца прытрымлівацца гэтых крытэраў. Напрыклад, мае статут, галоўны кіраўнічы ворган і апарат, рахунак у банку, нейкую рэгіструемую дзейнасць (гандаль, вытворчасць, паслугі, фанансавыя аперыцыі, сацыяльная дзейнасць) і г.д.

У гэтым вызначэнні я падкрэсліў “фармальнае ўтварэнне”. Чаму? Таму што аснову функцыявання такога ўтварэння задае закон, стваральнікі арганізацый напаўняюць дзейнасцю рамкі абазначаныя законам.

Варта пазначыць, што ёсць і незарэгістраваныя арганізацыі. Гэта таксама дарэчы юрыдычны слоўнік. Што агульнага яны маюць? Падобныя атрыбуты. Напрыклад, важнай характарыстыкай незарэгістраванай арганізацыі з’яўляецца статут і пры спрыяльных умовах удзельнікі гэтага ўтварэння імкнуцца зарэгістравацца. І атрымаць афіцыйны статус.

Хто ж дзенічае?

Людзі частка кажуць: “наша арганізацыя зрабіла, тое ці іншае”. Такое выслоўе можна пачуць, калі гутарыш з актывістам нейкай некамерцыйнай арганізацыі, партыі, ці камерцыйнага прадпрыемства.

Але яшчэ часцей можна пачуць: “сёння мы дваром адзначаем свята вясны”, ці “вікіпедысты добра сочаць за якасцю артыкула”, “наша каманда ставіць вялікія адукацыйныя мэты”.

У першым выпадку прысутнічае слова “арганізацыя”, у другім - цэлы набор розных роляў “мы дваром”, “вікіпедысты”, “наша каманда”.  

Таму і арганізацыя, і супольнасць нібыта дзейнічаюць і нешта зрабілі. І трэба разабрацца, хто дзейнічае, а хто не.

У інтэрнэце вы можаце адкапаць параўнанні фармальных і нефармальных калектываў. У гэтым тэксце мне цікава прааналізаваць не функцыянальную розніцу, але таксама каштоўнасную і быцёвую, адрозненне ў суб’ектнасці.

Плюсы супольнасці і арганізацыі

Першае “фармальнасць” (зарэгістраванасць). У арганізацыі важна “афіцыйная назва”, адпавядаць заканадаўству, фіксаваць усё на паперы, весці фінансы ў банку, паводзіць сябе згодна фармальна прынятаму статуту. Як правіла, арганізацыя можа прадугледжваць санкцыі і пернікі для наёмных работнікаў, ці сваіх чальцоў, арганізацыя мае афіцыйнага прадстаўніка (дырэктара, старшыню праўлення).


Іншымі словамі, паводзіны арганізацыі ў шмат чым рэгулюцца прадпісанымі працэдурамі і маюць падтрымку ў выглядзе нейкага знешняга ці ўнутранага заканадаўства.

Культывацыя падобнай фармальнасці мае свае плюсы. Сярод іх:

  1. Знешні давер. Як вынік прызнанне большай значнасці ў адрозненне ад нефармальных калектываў.
  2. Празрыстасць, бо самыя асноўныя працэдуры апісаны, і рашэнні дакументаваны.
  3. Лепшы кантроль. Праз апісанне дакументамі. Таксама наяўнасць спецыяльнага заканадаўства.


Супольнасці ж характэрна нефармальнасць (арганічнасць), нават калі прысутнічае нейкая прыкмета “зарэгістраванасці”: пісаныя ўнутраныя правілы, ролі ці працэдуры.

Міжрэчы

Першасны знешні давер да арганізацыі фарміруецца не самім чалавекам, але занадаўствам. Таму большасць людзей, стэрэатыпна мыслячы “праз заканадаўства”, звязваюць зарэгіставанасць з легальнасцю. Калі зарэгістравана, значыць, легальна. Я хачу пайсці далей. Легальнасць для шмат каго - гэта тое, што адпавядае закону. Але калі грамадства не прызнае закон, ці дзяржава не выконвае закон, што адбываецца з прыродай такой “легальнай” арганізацыі? Паразважайце.

Сярод моцных бакоў арганічнасці выдзяляю:

  1.  Унутраны давер. Унутраны давер стаіць на першым месцы, бо дзякуючы яму адбылася сплаўка людзей ў супольнасці і пачатак дзейнасці па выпраўленні гэтага света.
  2.  Лепшая рэфлексіўнасць, як знешняя, так і ўнутраная. Бо ўнутраны давер дазваляе падтрымліваць высокую матывацыю і адкрытасць удзельнікаў.
  3.  Цэласнасць. Урэшце супольнасць адпавядае свайму фактычнаму стану.

На апошнім пункце хачу зупыніцца больш. З аднаго боку, структура, прыняццё рашэнняў, велічыня супольнасці адпавядаюць бягучаму жыццёваму этапу, што відавочна, і знешняму назіральніку, і ўдзельніку. Іншымі словамі, супольнасць “не хаваецца” за статутам і такім чынам не “аддзяляецца” ад рэчаіснасці: існага стану рэчаў. З другога боку, зарэгістраваныя арганізацыі часта ўспрымаюцца праз статут. Не ўсімі канешне, але большасцю. Такую псіхалагічную рамку трэба ўлічваць пры пазіцыянаванні супольнасці.

Вернемся да выразу “наша арганізацыя зрабіла, тое ці іншае”. Тут важна разумець, што сама арганізацыя нічога не робіць. Гэта робяць людзі, а дакладней калектыў. Таму нашмат дакладней “наш калетыў зрабіў гэта”.

Падаецца дробязі. Але - не. Калі вы актуалізуеце калектыў. Значыць вы разумеце, што ляжыць у падмурку дзейнасці (агенцыі) грамадства. У падмурку да агенцыі ляжаць:

  1. Індывіды.
  2. Калектывы.

І індывід ці калектыў нешта зрабіў.

Арганізацыя - гэта абстракцыя (юрыдычная ці разумовая фікцыя), якая без людзей нічога не можа зрабіць. Іншымі словамі, арганізацыя, заўсёды другасная, інструментальная.

Штучны і арганічны калектыў

Тут яшчэ важны адзін момант. У аснове арганізацыі можа ляжаць штучны калектыў ці арганічны. Але ў аснове супольнасці будуць заўсёды ляжаць калектывы арганічныя.

Пад штучным калектывам разумею, набор людзей, якія наняты на працу, ці сабраны некім для выканання пэўных задач, ці дасягнення вызначанай кімсьці мэты. Штучны калектыў - гэта аб’ект, інструмент, які дазваляе яго праектыроўшчыку вырашаць свае мэты і задачы.  

Пад арганічным калектывам варта разумець калектыў створаны самавызначанымі людзьмі, якія сабраліся добраахвотна і на аснове агульнай мэты(мэты), каштоўнасцяў, культуры (ці ладу жыцця). Арганічны калектыў - гэта суб’ект.

Я не сумняюся ў важнасці ролі нефармальных калектаваў для любога грамадства. У грамадства, якое жыве ў неспакойный час, калі адносіны паміж дзяржаўнымі інстытутамі і грамадствам разбураюцца, ці дзяржаўныя інстытуты разбураюць само грамадства, роля супольнасцяў становіцца больш значнай.

Слабасць арганізацый ў час пераменаў

У папярэднім блоку свайго расповяду я пачаў раскрываць фармальную прыроду арганізацыі. Гэта фармальнасць цягне шмат недахопаў, асабліва калі людзі бачаць сваю дзейнасць толькі ў рамках чагосці “зарэгістраванага”. Такіх людзей шмат.

Уявіце, што ў краіне, у якой арганізацыя зарэгістравана, пачынаюцца рэпрэсіі. Гэткі від арганізацый забараняюць.

Міжрэчы

Мы ведаем, што кіраваць законамі, - не тое, што кіраваць правам. У нашай сённяшняй размове важна гэта адрозніваць. Бо кіраваць законамі могуць і дэспаты і таталітарныя рэжымі. А вось кіраваць правам, толькі грамадствы падубаваныя на двунакіраваным узаемадзеянні грамадства з дзяржаўнымі інстытутамі (між рэчы “інстытутамі” створанымі самім грамадствам).

Калі, напрыклад, светапогляд і веды ўдзельнікаў такой “арганізацыі” факусаваны на тым, што іх калектыў і ёсць арганізацыя, ці гэта значыць, што такі калектыў мусіць разыйсціся згодна закону? Але чаму? Здрадзіць сваім марам, каштоўнасцям, звычкам? Для чаго?

Вось гэты яўны мінус “арганізацыя-цэнтрычнага” мыслення, пераадольваецца супольнасця-цэнтрычным мысленнем.

Прага эмансіпаванасці

Супольнасць - гэта калектыў людзей, якія самавызначыліся і  добраахвотна вырашылі ісці да мэты. Вядома і гэтым людзям важна заканадаўства, але перад заканадаўствам у іх мэта, унутраны імператыў, рэальныя людзі. І гэта для супольнасці нашмат больш моцная сувязь чымсці навязаныя “законы”. Вось гэтую сувязь трэба культываваць і не аддаваць на плаху “законаў”.

Дарэчы, тут таксма варта ўзгадаць. Што шмат супольнасцяў, ствараюцца для таго, каб змяніць на іх погляд “несправядлівыя”, ці “недастканалыя” законы і сацыяльныя нормы, напрыклад, феміністычныя супольнасці, LGBTQ+, зялёныя суполкі, нацыянальна-вызвольныя рухі і інш.

Гэты пункт паказвае, што арганічнасць раскрывае нават большую эмансіпаванасць супольнасці і з’яўляецца вельмі важнай перавагай над “зарэгістраванай арганізацыяй”. У арганізацыі нашмат больш абмежаванняў. Арганізацыя народжана законам, а супольнасць разумам, воляй, доўгам грамадзян.

Гнуткасць і ліючаяся форма

Наступная перавага супольнасці - гэта магчымасць быць больш гнуткай.

Як я пісаў, у супольнасці няма вельмі дэталёвых правілаў, скурпулёзна апісаных працэдур - іншымі словамі, бюракратызмаў. Правілы і працэдуры (працэсы) узнікаюць, але яны даволі гнуткія і залежаць ад гатоўнасці супольнасці іх арганічна падтрымліваць. Наогул я ўжо пісаў, што супольнасць - гэта ліючаяся форма, якая пастаянна змяняецца, як ў цэлым калектыў, так і кожны яе ўдзельнік.  

Гэта “ліючасць” вызваляе ўдзельнікам больш факусавацца на дасягненні мэты, ці здаровым клімаце у калектыве, ці самазахаванні і ўзнаўленні сваёй культуры, пастаянна эксперыментаваць з формамі самаарганізацыі, самакіравання, дзеяння.

Напрыклад, у большасці гарызантальных суполак добра развіты дзеякратычны падыход да справы. Той, хто дзейнічае, той пачынае найбольш уплываць. Ці, напрыклад, прымяніць глыбінную кансультацыі і нашмат хутчэй пераадольваць унутраныя канфлікты і змяняцца ўнутры калектыва. Урэшце з супольнасці можа выдзеліцца новая, без “афіцынага запыту” ці “рашэння праўлення”, а таму што назрэлі ўмовы ўнутраныя і знешнія.

Сінхранізаванасць удзельнікаў

І нарэшце трэцяя асаблівасць. Узгадаем прыроду калектыва і супольнасці. Яна пабудавана арганічна, значыць, калектыў з’яўляецца тады, калі ўдзельнікі адчуваюць еднасць у вырашэнні нейкага выкліку. Яны аднолькава разумеюць “недасканаласць свету” і пачынаюць дзейнічаць. Працэс першаснага групавога самавызначэння я называю сплаўкай. Гэта сплаўка, дае магчымасць існаваць супольнасці нейкі час і прадуктыўна ісці да сваёй мэтай. На гэтым узроўні удзельнікі сінхранізаваны .яны адчуваюць еднасць і датычна мэты, і формы дзейнасці, а часта культуры і каштоўнасцяў.

Можна працягваць плюсы супольнасці: дазваляе паспрабаваць сябе ў большай колькасці роляў, больш гнутка працаваць з рэсурсамі, насамрэч удзельнікі супольнасці адчуваюць больш свабодна і ведаюць, што яны маюць права на памылку.

Навошта і калі супольнасці можа спатрэбіцца арганізацыя

Як і ўзгадваў вышэй, супольнасці могуць існаваць без фармальных арганізацый, але можа ўзнікаць сітуацыя, калі фармальная арганізацыя дапамагае. Вышэй я абазначыў некалькі плюсаў фармальных арганізацый, гэта: (1) знешні давер, (2) празрыстасть, (3) лепшы кантроль.

Што яшчэ магу дадаць? (4) Стасункі з інстытуцыямі. (5) Фармальная ўлада (аўтарытэт?), (6) Акумуляцыя рэсурсаў.

Удзельнікі супольнасці разумеюць, як гэты інструмент будзе выкарыстоўвацца. Калі такое разуменне ёсць, тады суполка стварае зарэгістраваную арганізацыю. Ці будуць перавагі ў наяўнасці такой арганізацыі нейкі плён?

Звяртаючыся да этапаў жыцця супольнасці, за якімі назіраў,і прыходзілі да арганізацый у перыяд зрэласці, ці “залатога веку”. Напрыклад, наша супольнасць Фаланстэр стварыла арганізацыю для наймання памяшкання і больш свадобнага развіцца там клубаў. Супольнасць кінаактывістаў CPM стварыла сабе арганізацыю, плануючы больш сістэмна працаваць са спонсарамі. Наколькі ведаю сур’ёзна да гэтай справы суполка так і не дайшла. Супольнасць часопіса Палітычная Сфера зарэгістравалася для узаемадзеяння з рознымі фармальнымі установамі, як функцыі, універсітэты і г.д., Мінскае роварнае таварыства фармальнае, наогул стваралася менавіта пад узаемадзеянне з ДАІ і іншымі мясцовымі ўстановамі кіравання.

Спынуюся больш дэталёвей на Фаланстэры і паспрабую пералічыць, калі ж нам дапамагаў афіцыйны статус:

  1. Наняць памяшканне для рэалізацыя асветніцкіх клубаў.
  2. Перамаўляцца з афіцыйнымі ўстановамі: калі мы займаліся прасоўваннем адкрытых ліцэнзіяў у заканадаўства (2013-2015).
  3. Калі рабілі запрашэнне замежным актывістам, для ўдзелу ў нашы мерапрыемствах: Вікілетнік (2017), злёт Творчых Суполак (2016), запрашэнне валанцёра Еўрапейскай валанцёрскай службы (2019).
  4. Рэалізаццыя модуля прыёма ахвяраванняў “Дойка” (бо патрэбны быў рахунак у банку ад юр асобы) - (2018-2019).
  5. У перамовах з замежнымі партнёрамі (перыядычна).

Магчыма ўзгадаўшы, яшчэ прапанаваны спіс можна павялічыць нейкімі пунктамі. Але за 10 год існавання Фаланстэра - гэта хіба не поўны спіс.

Чаму яшчэ не варта спяшацца з фармалізацыяй

Ужо ўзгадваў, што рэпрэсіўнае заканадаўства можа забараняць арганізацыі. Аднак нават у не рэпрэсіўным заканадаўстве мы бачым, што шмат арганізацый рэгуляюцца заканадаўствам, і такім чынам дзяржава рэгулюе іх дзейнасць.

Міжрэчы

Пагаджуся з меркаваннем У.Мацкевіча, што грамадзянская супольнасць гэта не толькі некамерцыйныя, і часта некамерцыйныя арганізацыі не з’яўляюцца грамадзянскай супольнасцю. Напрыклад, у краінах з устойлівай дэмакратыяй, гэта тычыцца фінансавання праз дзяржаўныя агенцыі, праграмы. Ці бізнэс-групы лабіравання, наогул бізнес саюзы. У рэпрэсіўных, ствараюцца арганізацыі пра ўрадавыя, якія кантралююцца ўрадам, ці дапускаюцца існаваць, бо яны прытрымліваюцца ўрадавай палітыкі, ці выконваюць нейкую прапагандыскую функцыю.

Звычайна ў патрабаваннях да фармальнай арганізацыі заканадаўства рэгламентуе наяўнасць даволі складанай сістэмы кіравання, а менавіта, наяўнасць: рады, агульнага схода, старшыні, праўлення, рэвізора, а таксама розных працэдур: ўступлення/выключэння, сплачвання унёскаў, праверкі дзейнасці, справаздачнасці і г.д.

Насамрэч гэтыя працэдуры маюць сэнс, але, першае, не на пачатковых этапах жыцця супольнасці і, другое, не для ўсіх супольнасцяў падыходзяць. У выпадку Фаланстэра нам прыходзілася штогод адсылаць справаздачы па дзейнасці ў рэгіструючы ворган, і бухгалтарскі баланс у падаткавую. Карацей мы сваю невялікую валанцёрскую суполку нагрузілі у дадатак да дзейнасці. Мы былі ужо больш менш вопытнімі актывістамі. Таму падобныя працэдуры нас крытычна не абцяжарвалі, але ж.

Дадам, што вышэй пералічаны спіс патрабаванняў да арганізацыі патрабуе свайго пастаяннага перагляду. Бо калектыў равіваецца. А з улікам таго, што змену статута можна рабіць, як правіла, Агульным сходам (Асамблеяй) раз на год ці нават радзей, такое рэгуляванне заўсёды будзе спазняцца і не адпавядаць рэальнаму стану гэтай грамадскай ініцыятывы ці суполкі.

Падсумую

  • Для пабудовы адкрытага і данымічнага грамаства на базавым узроўні першасна супольнасць.
  • Зарэгістраваная арганізацыя ў супольнасці - гэта інструмент, які дае дадатковыя магчымасці.
  • Супольнасці могуць жыць і паспяхова дасягаць сваіх мэтаў без рэгістрацыяў.
  • Вырашаючы ствараць нешта зарэгістраваная супольнасць мусіць узважыць плюсы і мінусы. Баланс плюсаў і мінусаў залежыць ад грамадства, у якім супольнасць дзейнічае.
  • Фармалізацыя дзейнасці калектыва на пачатковых кроках шкодзіць яму.
  • Наяўнасць супольнасцяў на базавым узроўні грамадства абараняе ўдзельнікаў ад свавольства дзяржавы.