Каля нуля

Першае начытванне аўдыё

Каля нуля - 
        Звыклая ўнутры тэмпература,
Каля нуля - 
        Сацыяльная зімы структура,
Каля нуля -
        Ты чакаеш у навінах мары-сны,
Каля нуля - 
        Нам патрэбны знакі - колеры вясны.

Ты выходзіш на двор,
Вецер дзьме на шырокім полі
Кожнаму складана засвоіць 
Свае ролі ў караблі,
Які хутка патоне.
Вясны ручаі змыюць нашу рахманасць 
і дадуць моц,
Але пакуль - каля нуля.

Каля нуля -
        Ты сядзіш у цёплым доме,
Каля нуля - 
        А грамадства схаванае ляжыць нібыта ў коме.
Каля нуля -
        Смелыя сёння спяць на падлозе,
Каля нуля - 
        Тут няварта быць прарокам, разумець,
Што мы жывем у аблозе.   
Што ты жывеш ў аблозе.

Нібыта ходзіш на працу,
Зарабляеш cлізкую капейку,
Не складана нават прыдумаць за мяжу лазейку,
Быт, руціна забіраюць час руху,
Эстэтычнае.
Але холад думак і позіркаў
Прымусяць цябе да выбару,
Да этычнага.

Каля нуля - 
        Вось - сякера, вось - палена.
Каля нуля - 
        Хата ўтульная,
            Котка прыгае мне на калена.
Каля нуля - 
        Полымя грэе ў пячы,
Каля нуля - 
        Адзіноту, страх і роспач,
Я  
    хачу  
        перамагчы.

(8 лютага, 2022)