Можна сто разоў разважаць: у Беларусі зараз аўтакратыя ці таталітарны рэжым, але людзям з большага без розніцы. Нядаўна чытаў кнігу 1984 ў арыгінале, ад англічаніна Джорджа Оруэла. Гэта кніжка ўжо можна сказаць не проста класіка, але малая падарожная/настольная кніжыца кожнага беларуса. Там ёсць цікавыя падабенствы і адрозненні з рэаліямі. Але дух кнігі проста завіс над ледзьве кожным беларусам: і пролам, і членам “Партыі”. Нават калі гэта складана адразу прызнаць.
Што ж я вынес з гэтай кнігі. Кожны з пунктаў навеяны ўласным вопытам, горкім вопытам, і назіраннямі:
- Вайна - гэта мір. Цікавае параўнанне. Вельмі пафаснае. Яно добра пасуе беларускай сітуацыі. Трохі ніжэй раскрыю логіку гэтага сцверджання. Але ўжо дастакова гэтага кароткага выразу. Каб злавіць дзеянні беларускай прапаганды, якая вайну называла нейкай “аперацыяй”, іншымі словамі ў нас та мір… хаця танчыкі едуць і самалёты лятуць з Беларусі. Гэта толькі пачатак тлумачэння.
- Адно паведамленне прапаганды ўтрымліве два супярэчлівых сцверджання. Мы вось можам гадаць наконт логікі. І яна тут ёсць. Дзве супярэчлівыя опцыі даюць магчымасць весці наратыў у кірунку, які будзе зручны ўладатрымальніку. Дарэчы, ўявіце, калі такіх паведамленняў дзясяткі за тыдзень, колькі патэнцыйных гісторый можна развіць. Гэта бачна і з рыторыкі самі ведаеце каго.
- Кантралючы мінулае, вы кантралюеце будучыню. А кантралюючы цяперашнае, вы кантралюеце мінулае. Падаецца, логіка жалезная. Як яна выглядае на практыцы? Мы ўжо бачылі: розныя паседжанні афіцыйных гісторыкаў і прапагандыстаў, вырашаючых, дзе гістарычная праўда, а дзе “апраўданне фашызму”, ці як перапісваюцца падручнікі. Гэта ўсё з разраду кантроля “над сёння”.
- Разбурыць запісы пра мінулае. Можна падумаць: “калі яны выцерлі гэтыя запісы з падручнікаў гісторыі, у мяне ў галаве ж засталося разуменне, якая гісторыя была”. Усё не так проста. Свядомасць таксама можна ператрэсці. Напрыклад, пункт 2 адзін з такіх інструментаў.
- Так, Newspeak (новаямова) - гэта задумка ідэолагаў Партыі. Задача “новаймовы” не толькі зменшыць колькасць словаў, але і прывесці кожнае слова, якое засталося, да адзінага (!) значэння. Падобная працэдура спрашчае, ці наогул разбурае мысленне. У ідэале можна абыйсціся 33 словамі. Але пра гэта нам пісаў іншы класік=) Дадам, што спрашчэнне мовы выключае разуменне папярэдніх з’яваў. І памятаем: мова нарадзіла час.
- Захоўваць пастаянна страх людзей. Перад… так, вайной. Таму недалёка ад Лондана, чытайце, Зябраўкі, Мазыра, Гомеля, ці нават Мінска, - а таксама часам і ў самім горадзе ў 1984, рвуцца бомбы. Канешне людзі (пролы) звыкаюцца з такім станам рэчаў і магчыма рацыяналізуюць гэта, як могуць. Але страх перад згубай жыцця нікуды не знікае. Вось гэты пункт трэба склеіць з пунктам 1.
- Здрада - гэта зупыненне любві да іншага чалавека. Дакладней, так, гэта зупыненне любві наогул да чалавека і перанакіраванне яе на сімулякр - Вялікага Брата. Дарэчы заспойлю. У гэтым аўтарская задума кнігі 1984: паказаць, як адбываецца дэмантаж чалавека. Мая задача ў гэтым пасце - папярэдзіць. Папярэджаны, значыць, узброены.
- Партыя будуе алігархічны калектывізм. Не перагортваеце старонку. Адрозненне… што гэта алігархія - не спадкаемная. Карацей яны, алігархія, Партыя - не матэрыяльныя. А так бывае? Як жа яе распазнасць? Так, па вераванням, звычкам, светапогляду, спосабу жыцця. Хто члены гэтай партыі? Дзяржслужбоўцыі: ад чыноўнікаў райвыканкамаў і міністраў да ваякаў і палітычнай паліцыі. Бачыце, нават, калі прыняць за ідэал гэтыя набор “нематэрыяльнага” намячаюцца нейкія сацыяльныя ліфты. Але па факту, чалавек перастае быць чалавекам. Чаму?
- Партыі няважна, што думае прол, але мараль члена партыі мусіць быць “досконала”. Яна павінна адпавядаць эталонаму “светапогляду”. А дзе ж той эталон, калі кожны дзень могуць мяняцца мэсыджы? Эталон апісаны ў пункце 20. Тут яшчэ пытанне, якой часткі партыі. Бо яна дзеліцца ж на ўнутраную і знешнюю. Заглядаючы ў навіны, лёгка зразумець, што будзе з сябрамі знешняй партыі ў Беларусі. Яшчэ заўважу, што беларуская партыя вырашыла ўзяцца за ўсіх, і за пролаў таксама.. Гэта чыстка ёй шмат каштавала і будзе каштаваць больш.
- Пастаянная прысутнасць дэфіцыта чагосці дае магчымасць павялічваць значнасць малых прывілей. Іншымі словамі, дэфіцыт, дае магчымасць ставараць абслугу местачковай алігархіі. Гэта як там “шэры імпарт” ці “шэры экспарт” у абыход санкцыяў. Чаму б і не? Ёсць попыт, знойдзецца прапанова.
- Пастаянства вайны прыбірае страх. Хаця я пункце 6 пісаў пра рацыяналізацыю страха. Страх нікуды не знікае, ён проста хаваецца. Таму зараз удакладню. Адбываецца прытупленне адчування небяспекі. Вельмі відавочны прыклад, магчыма вы яго на сабе таксама адчулі. Ну вось прыйшоў 2020. Было шмат рэпрэсій. Кожны дзень з 2020 года яны не спыняюцца. Відавочна, што людзі менш і менш цікавяцца гэтымі рэпрэсіямі. У той жа час ніхто сёння не застрахаваны ад рэпрэсій. Псіхалагічна лягчэй не звяртаць шмат увагі на гэта, хаця ж блін рэпрэсіі нікуды не зніклі. І небяспека насамрэч ёсць.
- Вайна - гэта ўнутраныя справы. Вось тут мы падыйшлі да разуменя чаму мір - гэта вайна. Далучыце да гэтага пункты 1,6,11. Таму, што вайна дазваляе захаваць сацыяльны парадак такім, які ён ёсць. Людзі не думаюць пра змену парадку - улады. Яны думаюць пра самазахаванне - гэта першая і другая прыступкі піраміды Маслоў. Канешне большасць. Дык, вось гэта “абы не было вайны” вельмі добра раскрывае сутнасць пары “вайна=мір”. Так, “мірок” проста застанецца такім жа некранутым. Усё будзе як было: “не рушылі б старыны…”
- Няма стандартаў, да якіх можна імкнуцца. А зараз трохі, чаму дзяржава не пераймаецца магчымымі паўстаннямі “пролаў” (скрытыя ці яўныя “ябацькі”), таму, што, першае, самі пролы ніколі не паўстаюць. Бачыце, іх гасла “маяхатаскраю”, ці наогул на аўтобусе трэба весці на мітынг ці нейкі пікет. Вельмі паказальныя тут праўладныя пікеты: вяла і несамастойна. Другое, для паўстання, неабходна параўнанне, прычым максімальна эмпірычнае, калі ўбачыш першае і другое? можаш параўнаць. Калі бачыш толькі першае, з чым?
- Пролы могуць мець інтэлектуальную свабоду. Гэта пра вышэйшую адукацыю ў Беларусі. Чаму яны могуць мець гэту свабоду? Таму, што ў іх няма інтэлекта. Членам Партыі, вядома забаронена інтэлектуальная свабода. Мы гэта і бачым па топ-мэнэджэмэнту Беларусі. Смелае сцверджанне, аўтара 1984 пра адсутнасць інтэлекту, насамрэч не мае мэтай кагосці пакрыўдзіць. Я так зразумеў, задураныя прапагандай людзі, проста перастаюць рацыянальна мысліць. Таму ім можна дазволіць мысліць рацыянальна. Калі ў вас засталіся зачаткі інтэлекта і вы чыноўнік, то яго трэба хаваць, інакш будзе evaporation.
- У партыі не існуе законаў. Канешне, “недазаконаў” гэта існаванне палітычнага рэжыму ў Беларусі. Тут цікава паназіраць. Калі вы прол, тады вы пераймаецеся законамі: ну там падатак на кватэру ўвялі, ці машыну, яго трэба плаціць. Ці, напрыклад, нейкія там правілы дарожнага руху змяніліся, ці каляндар святаў на год апублікавалі. Гэта ўсё выглядае законамі, і стварае ўраджанне, што законы ёсць. Вось калі вы ў коле Партыі, будзьце гатовы да рэкетных наездаў, ці проста пасадкі ў турму, ці таго славутага "evaporation". Хаця медыя паспяваюць размясціць вестачкі пра чысткі ў тым ліку і ў блізкім коле, такія пасадачкі і знікненні становяцца больш і больш патаемнымі, як у 1984. Паназіраем за прагрэсам...
- Змяняльнасць (mutability) мінулага - гэта асноўная фішка, можна сказаць фундамент Партыі. Тут перапляліся пункты 2,3,4. Чым часцей карыстацца гэтай функцыяй тым прасцей можна ўплываць на пункты 13, 14. Уявіце, што: сёння вам кажуць, Украіна - кепская, заўтра - яна ўжо нічаво, а паслязаўтра зноў напружаннасць на мяжы, а пасля - яшчэ які рэверанс у бок Украіны. І вось гэта усё напрацягу 1 месяца. Не кожны дзень, але праўда складна ўцяміць, дзе Інь, а дзе Янь. Так іж наратыў пра вайну Акеаніі з Астазіяй, а пасля, падаецца, з Еўразіяй. Назаўтра можа быць інакш, і так было заўсёды!
- Doublethink. Неразрыўна звязаны з пунктам 2. Не ведаю, як гэта слова перакладаецца на нашу мову, але паспрабую растлумачыць, што гэта значыць у 1984. Калі чалавек адначасова можа верыць у дзве супрацлеглыя думкі ці два сцверджання. Напрыклад, нашы людзі дапамагаюць бежанцам з Данбаса, але на Данбасе не ідзе вайны. Ці мы гандлюем з Літвой, але Літва варожая краіна. Ці Расія не нападала на Украіну, яна абараняецца, але трэба разбамбіць Кіеў, бо там фашысты. Здаровы, чэл скажа, што гэта сюр. Але “балота” (залатая сярэдзіна) прамаўчыць. А маўчанне “знак згоды” і пацверджанне Doublethink.
- Няма адрознення паміж думкай і дзеяннем. Гэта пра мыслезлачынства (thoughtcrime). Пакуль гэта не ўсё насельніства так акучылі (памятаем, пролаў не чапаюць), але контрэліты вымываюць праскрыпцыямі. Дарэчы гэтыя відэа, дзе людзей ГУБАЗІК (Thought Police) прымушае прызнавацца ў тым, што гэтыя людзі “думаюць” - тыповы кейс thoughtcrime.
- Партыя не цікавіць, што чалавек робіць, яе цікавіць, што чалавек думае і аб чым турбуецца ў галаве. Таму зачынены незалежныя медыя, таму паласканне мазгоў па афіцыйным каналам, саміх жа ўдзельнікаў як унутранай так і знешняй Партыі. Дарэчы пролаў непатрэбна "паласкаць". Чаму? Таму што глядзіце пункт 14. Навошта?
- Зрабіць індывіда пустым. Гэта задача Партыі. Магчыма мне трэба было гэту пустату абазначыць раней у тэксце, бо яна вынікае ці ўплывае на пункты 3,4,5,6 і 13 гэтых рэфлексій. Напрыклад, як можна зрабіць чалавека пустым маральна? Так, выматаць яго фізічна, ці задурыць галаву прапагандай, ці проста можна яго запужваць перыядычна. Тады чалавек думае пра страх, а не пра навуковыя адкрыцці, развіццё і важнасць гісторыі.
- Партыя імкнецца да ўлады цалкам дзеля ўлады самой.
- Улада - гэта не спосаб, гэта - мэта. Па-англійску гэта так гучала: “Power is not a means, it is an end.”
На гэтым рэфлексіі малой спадарожнай кніжыцы 1984 завяршаю. Хіба хачу яшчэ адзін момант падкрэсліць. У "Сіле Бяссільных" Вацлаў Гавэл пісаў, што ў неататалітарная сістэме барацьба адбываецца ўнутры свядомасці кожнага чалавека. Гэта не вайна з дубальтоўкамі і джавелінамі. Гэта вайна супраць пустэчы і адчужджэння чалавека ад чалавека. У антыўтопіі 1984 галоўны герой Вільсан Сміт супраціўляецца да канца. Вільсан нават прытрымлівае на канцовачку джокера ў гэтай гульне з О’Брэйнам - сваю любоў да Джуліі. Але нават гэты бастыён разбураецца Партыяй, якая прымушае чалавека адмовіцца ад любві да чалавека і палюбіць Вялікага Брата.
Для таго, каб спазнаць свет, яго трэба вывучыць. На прыкладзе 1984 мы бачым дыспазіцыю таталітарнага света. Малая спадарожная кніжыца ад Джорджа Оруэла дае нам такія тэарэтычныя веды. Хіба зараз справа за практыкай.